Пост дня. Як АМАПавец за беларускую мову падпісаўся

Змитер Дашкевич
Лідар «Маладога фронту» Зміцер Дашкевіч ужо не першы раз збірае подпісы за родную мову. І калі звычайна АМАПаўцы складаюць на актывістаў пратаколы, па якім яны «лаяліся матам» і парушалі парадак, то на гэты раз Змітру папаўся беларускамоўны службовец, які нават пакінуў подпіс за мову. Дашкевіч свой пост назваў «Подпіс, які я не панясу».

Сёньня на неплануемым пікеце назьбіралі мы 550 подпісаў у падтрымку беларускай мовы. І хоць раней я разважаў, што моўнае пытаньне больш канфліктнае, напрыклад, за пытаньне сьцяга, але цяпер прызнаю сваю памылку – за мову падпісваюцца беларусы гэтак жа сама ахвотна, як і за бел-чыровна-белы сьцяг, а мо нават трошку і лепей. Аднак больш зьдзівіла мяне сёньня іншая акалічнасьць.

- Спадар Зьміцер, прывітаньне! – зьвярнуўся да мяне амапавец на чысьцюткай.
- Прывітаньне!
- Як вы думаеце, ці трэба дазвол тут стаяць з подпісамі?
- Думаю трэба.
- І вам дазволілі?
- Так.
- І хто?
- Мне дазволіў стаяць тут Ісус Хрыстос, – адказваю з усьмешкай, але сур'ёзна гледзячы ў вочы.
- Зноў вы за сваё, спадар Зьміцер! – сьмяецца амапавец.
- Канешне за сваё.

Фота: Уладзіслаў Рубанаў. Актывісты і Зміцер Дашкевіч у лагеры абароны Курапатаў.

- Але я буду вымушаны паведаміць начальству.
- Калі ласка, вы ўжо трэці, хто будзе паведамляць.
- А што, да вас ужо падыходзілі?
- Канешне.
- І што казалі?
- А што яны мне скажуць, мне ж паставіў тут стаяць Ісус Хрыстос.
Амапавец ужо не сьмяецца. Глядзіць на мяне вельмі сур'ёзна і кажа:
- За мову зьбіраеце?
- За мову.
- І навошта?

- Бычыце, якая сітуацыя, пяцьсот год таму, калі Скарына надрукаваў Біблію, гэта была чацьвёртая ў сьвеце кніга на мове свайго народа. А цяпер ЮНЭСКА ўнесла мову ў сьпіс вымірачых. Адно гэта – прысуд сучаснай беларускай уладзе.

- Ну давайце мо і я падпішу? – кіўнуў на аркуш амапавец.

- Ну канешне падпісвайце, – падсунуў я тэчку.
- І што мне за гэта будзе?
- А што можа быць у Беларусі за падтрымку беларускай мовы?
- Толькі нікому не кажыце, – папрасіў ён падпісваючы.
- Не скажу.

Адбылося неверагоднае – я першы раз у жыцьці загітаваў пад свае ідэі ворага пры нясеньні ворагам службы. У іншыя дні нашая камунікацыя адбываецца іншым чынам, але цяпер мы стаім прыязна размаўляем, амапавец падпісвае мой зварот, а навакольныя і тым больш маладафронтаўцы ня могуць зразумець, што гэта такое робіцца. І я падумаў, а ці праўдзіва гэта будзе, калі мы так і разьвітаемся.

- Паслухайце, Спадар Мікола, – кажу я яму, – а калі вам загадаюць мяне павязаць, вы ж павяжаце?
- Ну навошта вы так, спадар Зьміцер, – зьніякавеў амапавец, – вы ж тут добра стаіце, я ня бачу нічога забароненага.
- А калі вам загадаюць сфальсіфікаваць на мяне пратакол аб мацяршчыне, а потым ілжэсьведчыць на судзе?
- Спадар Зьміцер, ну навошта вы?
- А вось навошта. Служба ў сілавых структурах у нашай дзяржаве – гэта злачынства перад Богам, бо рана ці позна, але кожнаму дадуць загад фальсіфікаваць ці лжэсьведчыць. Таму, пакуль ня позна, ратуйце душу – бяжыце.

Фота: Уладзіслаў Рубанаў. Падчас разгону дэманстрацыі на Дзень Волі 25 сакавіка, 2017 года.

- І куды бегчы, на вашу фабрыку мэблевую?
- А што, на “фабрыку", вазьму ўсіх. Бо вам жа дзяцей трэба карміць?
- Трэба.
- Вось так усе і кажуць. Таму прымаўка і сьведчыць: клопатам пра ўласную сям'ю апраўдваецца любое злачынства. Дык лепш ідзіце мэблю зьбіраць, чым душу ў амапе прадаяцё.
- Нешта людзі радзей падыходзяць? Мо бачаць супрацоўніка ды баяцца?
- Гэта так, бачыце да чаго вы дайшлі – людзі баіцца.
- Добра, тады пайду я.
- Ідзіце, а я застануся, бо мяне тут паставілі, – падміргнуў я яму.

Ён пайшоў, а я застаўся думаць: што гэта было? І як бы паводзіў сябе спадар Мікола ў іншых варунках? Што б зрабіў, каб начальнік ягоны загадаў мяне павязаць? Як бы паводзіў сябе, каб яму загадалі сфальсіфікаваць на мяне пратакол і потым ілжэсьведчыць у судзе? Я вырашыў: не панясу ягоны подпіс сталіністу Карпенку, каб камунякі не палічылі прарыў амапаўскага сумленьня як змову з ідэйным ворагам. Не панясу. Бо так хочацца верыць, што калі амапаўцу Міколу загадаюць сфальсіфікаваць на мяне чарговую справу, ён адмовіцца. #Мова2018

P.S. Як некаторыя чытаюць тэксты праз два радкі трэці, дык датлумачваю: подпіс не панясу з павагі да шчырага ўчынка амапаўца, каб не нашкодзіць яму самому і ў спадзяваньні, што амапаўскае сумленьне калі-небудзь пераможа амапаўскія загады. Таму імя амапаўца і абставіны, натуральна, зьмененыя.

Крыніца: Facebook Змітра Дашкевіча

Заметили ошибку в тексте – выделите её и нажмите Ctrl+Enter