Пост дня. З савецкага часу ў Беларусі не змяніліся тры рэчы: міліцыя, КДБ і турмы

Адар'я Гуштын
Журналістка Naviny.by Адар'я Гуштын напісала ў Facebook пост паводле інтэрвью міністра ўнутраных спраў тэлеканалу «Беларусь 1», якое той даў пасля аварыі пад Баранавічамі – п'яны начальнік мясцовай ДАІ збіў жанчыну. «Шуневічу спатрэбілася пяць дзён, каб знайсці смеласць хоць неяк пракаментаваць трагедыю публічна», – піша Адар'я.

На адной з лекцый я пачула, што з савецкага часу ў Беларусі не змяніліся тры рэчы: міліцыя, КДБ і турмы. З гэтым можна, канешне, спрачацца. Але няма сумневаў: ні тады, ні цяпер беларуская міліцыя не ў стане публічна прызнаць свае памылкі, публічна папрасіць прабачэння. Гэта ўспрымаецца як слабасць, якую афіцэр не можа сабе дазволіць. Вось прафесійную помсту ў межах закона – без праблем, прызнаць памылку – не дачакаецеся.

Пяць дзён таму пад Баранавічамі адбылася страшная трагедыя. Аварыі, дзе паміраюць людзі, на жаль, не рэдкасць. Але аварыя, дзе п'яны начальнік ДАІ збівае насмерць жанчыну, здольная падняць на дыбы любое грамадства, нават такое «талерантнае», як беларускае.

Чаго чакалі нармальныя людзі ад міністра ў гэтай сітуацыі? Ну, тыя, хто не ведае Шуневіча, чакалі гучных адставак. А рэалісты – хаця б публічнага прабачэння перад сям'ёй ахвяры. Але Шуневічу спатрэбілася пяць дзён, каб знайсці смеласць хоць неяк пракаментаваць трагедыю публічна.

Што замінала яму або начальніку Брэсцкай міліцыі, або галоўнаму даішніку краіны ў нядзелю раніцай, адразу пасля ДТЗ, пазваніць родным жанчыны, выказаць ім спачуванні і прабачэнні, дапамагчы, у рэшце рэшт, з пахаваннем?

І разам з тым выставіць на сайце прэс-рэліз, што кіраўніцтва міліцыі асуджае ўчынак калегі і не дапусціць, каб п'янтосы траплялі ў шэрагі праваахоўнікаў.

Але навіны і прабачэнняў на сайце міністэрства і яму падпарадкаваных няма па сённяшні дзень. Гэтай аварыі няма нават ў зводках! І гэта не можа быць супадзеннем ці збегам абставінаў. Таму што ДАІ заўсёды паведамляе пра смяротныя аварыі. А ў гэтым выпадку каментары пайшлі пост-фактум, калі маўчаць ужо было немагчыма. Пост-фактум значыць, што спадзяваліся «замяць».

Вось на гэта і разлічваюць усе перавываратні ў пагонах. Знойдуць – прыкрыюць

Не змогуць прыкрыць – зробяць закрытым суд. Каб толькі ніхто не даведаўся, што Андрэй Ваўкавыцкі, які заклікаў усіх выконваць правілы дарожнага руху, набухіваўся да трох праміле і сядаў за руль.

Шуневічу далі ўстаноўку: у любой незразумелай сітуацыі кажы пра «інфармацыйную вайну», а яшчэ лепш – пра каляровую рэвалюцыю. Праблема толькі ў тым, што супрацоўнікі міліцыі так перайшлі мяжу, што хутка ў гэтыя байкі перастануць верыць нават ветэраны.

Не ведаю, навошта міліцыя выпрабоўвае беларусаў на цярплівасць. Гісторыя паказвае: калі беларус маўчыць, гэта не значыць, што ён пагаджаецца. Нашыя людзі ўмеюць цярпець. Але ўмеюць яны і ўзрывацца. І не дай бог каб гэта адбылося.

Крыніца: Facebook Адар'i Гуштын

Заметили ошибку в тексте – выделите её и нажмите Ctrl+Enter