14 фактаў пра Уладзiмiра Караткевіча, якiх вы ніколі не чулі

Культ • Александр Мелеховец
Уладзімір Сямёнавіч Караткевіч, як кажуць, запісаны залатымі літарамі ў пантэон беларускіх пісьменнікаў. Караткевіч мае ні на каго не падобны стыль і аўтэнтыку. Адметнымі можна назваць не толькі ягоныя творы, але і факты біяграфіі. Сёння, 25 ліпеня, трыццаць чатыры гады, як Уладзімір Сямёнавіч памёр у даволі прадуктыўным для пісьменніка ўзросце – яму было толькi 53 гады. KYKY друкуе 14 фактаў, пра якія вы наўрад ці чулі.

Мог загінуць студэнтам, калі б не выпадковасць

Аднойчы ў Кіеве, дзе Караткевіч пэўны час вучыўся, ён вырашыў пад’ехаць на трамваі пару прыпынкаў без квітка. Але жанчына-кантралёр з ганьбай выставіла Караткевіча, зсадзіла з трамвая. Ці то ён спяшаўся, ці проста ад крыўды, але букет непрыемных пачуццяў проста перепаўняў Валодзю ў той момант – ён кляў кантралёршу на чым свет, ідучы пешшу.

А трамвай даехаў да скрыжавання, павярнуў налева і схаваўся за дамамі. Якраз у той момант адбылася аварыя. Трамвай сыйшоў з рэек – было шмат параненых і загінуўшых. Чыясці нябачная рука «зняла» Караткевіча з гэтага трамвая, каб ён напісаў для нас з вамі шмат добрых і значных твораў.      

Нявеста Караткевіча загінула напярэдадні вяселля

Яны ведалі адно аднаго з дзяцінства, потым доўга ня бачыліся, а сустрэўшыся, закахаліся і вырашілі ажаніцца. Такі сумны і кінематаграфічны эпізод ёсць у адной паэме Караткевіча і рамане «Леаніды не вернуцца да зямлі» («Нельга забыць»). Але, як шмат што іншае ў творах, гэты момант для Караткевіча аўтабіяграфічны. Пра гэта ён прызнаецца ў сваіх лістах.

Ажаніўся только ў 41 год

Халасцяцкае жыццё пісьменніка доўжылася даволі працяглы час, хаця, жанчын побач было шмат: у сэнсе кахання, а не ў ложку – хаця хто ведае, ды гэта і не асабліва значна. Як мінімум двойчы да шлюбу Караткевіч збіраўся жаніцца. Адзін выпадак з аўтакатастрофай апісаны вышэй, а другі – з дзяўчынай, з якой яны былі закаханыя, але нечакана з’явілася навіна пра тое, што яна распісалася з іншым.

У нейкім сэнсе гэта поздняя жаніцьба Караткевіча з усімі перашкодамі мае пэўны таемны сэнс. Большасць даследчыкаў сыходзяцца на тым, што самы моцны творчы перыяд у пісьменніка якраз да шлюбу.

Быў безнадзейна закаханы ў рускую, якая нават не чытала яго раман

На літаратурных курсах у Маскве Караткевіч закахаўся ў сваю выкладчыцу. Ёй было 30, яму 28. Што ж ім перашкаджала? Па-першае, яе муж. Увогуле незразумела, ці кахала яна Караткевіча – хутчэй, не. Зараз ёй за 80 гадоў, яна яшчэ нешта піша ў Маскве, але прачытаўшы яе адказы на пытанні пра Караткевіча, хочацца, не зважаючы на ўзрост, трошкі «пнуць» яе ў гэтым тэксце. Чаму так?

Яна кажа, что яны з Караткевічам ніколі не абмяркоўвалі свае зносіны і не гаварылі пра такое. Але ж зараз у новай кнізе 25-томнага збору твораў Караткевіча апублікуюць яго лісты да яе – прычытаеце толькі некалькі ўрыўкаў, і ўсе пытанні знікнуць.

Па-другое, яна кажа, што Караткевіч быў вельмі несфарміраваны, але пад яе ўплывам «рабіўся глыбай». Яна нават лічыла, што «ён любіў Сталіна і вельмі спяшаўся, каб развітацца на пахаванні з ім». Насамрэч Караткевіч тлумачыў, чаму ён так хацеў пабачыць на свае вочы пахаванне той адыёзнай фігуры. Ніякага жалю па ім не было, гэта проста значны гістарычны момант, пачатак новага часу. Караткевіч з сябрамі нават дапамагалі насіць трупы пасля жудаснай ціскатні на пахаванні.

Карацей кажучы, настаўніца увагай да Караткевіча пахваліцца не магла. А вы пачытайце, як ён піша пра яе ў рамане «Леаніды не вернуцца да Зямлі». Гэта проста песня, сапраўднае каханне як яно ёсць, чыстае і моцнае. Але яна не чытала раман «пра сябе», хаця кожны другі суразмоўца казаў ёй, што Караткевіч там фактычна прызнаецца ёй ў каханні.

«Я не знаю беларуского, поэтому не читала этот роман». Пераклад на рускую шукаць яна не стала. Ці ўсе вартыя, каб іх кахалі? Не ведаю. Але ад неўзаемнага кахання нараджаюцца хоць і ня дзеці, але ж выдатныя творы.       

Невядомыя скралі другую частку рамана «Каласы пад сярпом тваім»

У пачатку 80-х кватэру Караткевічаў абрабавалі. Ёсць версія, што акрамя розных цацак і грошай (а на той час пісьменнік быў даволі забяспечаны –прэміі, ганарары і г.д.) з кватэры знік рукапіс другой часткі «Каласоў», аднаго з найбольш значных твораў пісьменніка – вельмі, як бы сказалі гэбісты, нацыянальна арыентаваны. Пра раман Караткевіч наўпрост не казаў, толькі ўскосна, але ж такія звесткі ёсць. Дарэчы, гэта магла быць і справа спецслужбаў, ўзяўшых астатняе барахло дзеля адводу вачэй.

Амаль усё жыццё за ім сачыла КДБ

Ну як жа без гэтай структуры! За ўсімі пісьменнікамі сачылі. Але нехта быў «благанадзейны» – што за ім пільнаваць, толькі вычытаць рукапіс перад друкам, з гэтым рэдактура добра спраўлялася. А вось такія кадры, як Васіль Быкаў ці Караткевіч выклікалі пільную цікавасць у спецслужбы. Адно, што пісалі па-беларуску, што ўжо была так сабе рэкамендацыя. 

Дарэчы, Быкаў, які адкрываў непрыемную праўду пра вайну, пры ўсёй павазе (гэта мой любімы пісьменнік), быў куды меней небяспечны для ідэалогіі і рэжыму, чым Караткевіч, які выкопваў малавядомыя рэчы накшталт ВКЛ, беларускай магутнасці і дзяржаўнасці. А тут ужо недалёка было да нацыяналізму і сепаратызму – так разважалі людзі з пагонамі. Дарэчы, Быкава акрамя ўсяго іншага тэрору, спрабавалі забіць. І ёсць меркаванне, што ў 2003-м таксама дапамаглі (але пра гэта – у наступным тэксце).

Калі думка пра ліквідацыю і не ўзнікала наконт Караткевіча (а не факт), то камітэтчыкі намагаліся максімальна напаскудзіць яму у творчым жыцці: не выдаць, адкарэктаваць так, што будзе нешта непадобнае на першакрыніцу і г.д.
Упершыню на вока каміцетчыкам Караткевіч трапіў у далёкіх 50-х, калі напісаў водгук на нейкую забароненую кніжку – пісаў, што яна добрая і няшкодная. Водгук, канешне, пайшоў не ў друк, а «куды трэба». І там адразу зрабілі высновы.

Быў вялікі фантазёр не толькі ў кнігах, але і ў жыцці

Сустракае неяк Караткевіча Быкаў, а ў таго рука зламаная. На пытанне «што здарылася?» ідзе вялікі і смачны аповяд, як Караткевіч ішоў і ўбачыў пяць хуліганаў, якія чапляліся да дзяўчыны. Надаваў ім усім «па самае не хачу», а дзяўчыну выратаваў. Вось толькі руку, халера, зламалі. Ну ды што! А дзяўчына вельмі прыгожая, дарэчы. 

На наступны дзень Быкаў даведаўся, што Караткевіч проста пьяны зваліўся з лесвіцы і зламаў руку. Каму б іншаму не даравалі, а ў Караткевіча так складна выходзіла, што нават цікава было паслухаць. Гэта сам Быкаў так казаў. 

Меў праблемы з алкаголем

Прычым, не ўсё было так бязкрыўдна для самога пісьменніка. Аднойчы, выходзячы з Быкавым у хол гатэлю, Караткевіч раптоўна аслупянеў, потым стаў хавацца за калону. Быкаў, трохі шакаваны такімі паводзінамі, натуральна запытаў, што за флэшмоб. На што Караткевіч спужана казаў: «Бачыш, вунь там, за калонай, бачыш, вунь ён?». Быкаў паўглядаўся, але там нікога не было. «Ды хто ж ён?». – «Вунь, цмок! Ён пільнуе мяне, сочыць!». Гэта не было жартам з боку Караткевіча, як вы разумееце. «Валодзя, ідзі паспі, адпачні, няма там ніякага цмока. Ідзі, Валодзя,» – праводзіў сябру Быкаў.

Шмат хто з таленавітых людзей пье ці неяк яшчэ сабе стымулюе. У выпадку Караткевіча гэты сыход у бутэльку быў такім жа сыходам ад рэчаіснасці, як і яго «несучасныя» раманы. Калі б Караткевіч пісаў больш проста, зразумела – пра сучасных герояў і абставіны, яго б дакладна не друкавалі, бо хлусіць ён бы не стаў. А ў гістарычнай тэматыцы можна шмат што прыхаваць, выказаць «эзопавай мовай», захінуцца патэтыкай камуністаў пра працоўных, сялян і просты люд.

Шчыра кажучы, калі чытаешь успаміны пісьменнікаў таго часу (ды, пэўна і не толькі таго), бачыш: пілі там усе добра, за невялікім выключэннем. Гэта была абавязковая частка такога пьсменніцка-інтэллегентскага флёру, як, напрыклад, і размовы на кухні.

Не хацеў быць рамантыкам

Неаднойчы ў інтэрвью і размовах Караткевіч натуральна шалеў, калі яго называлі «рамантыкам». Папярэджваў, што «калі хочаце каб я з вамі размаўляў», не карыстаецеся гэтым словам. У адказ прыводзіў доказы – як ён пастаянна ездзіць па краінах, падарожнічае, мае стасункі з вельмі рознымі людзьмі прыгодніцкіх прафесій і сам адкрыты да прыгодаў і выпрабаванняў. Яго здымаюць пагранічнікі з крымскіх уцёсаў! А рамантык, па яго меркаванні, сядзіць сабе, гледзячы ў вакно, і мроіць пра нешта. Па-сутнасці, ён меў рацыю: Караткевіч – чалавек справы, дзеяння. Але ж, пад рамантызмам маюць на ўвазе ягоную душу, яго погляд на рэчы, прызму, праз якую ён бачыць свет. І тут ён рамантык на 200%. Ну вось, далей бы Караткевіч асабіста са мной не размаўляў. А мо, і выспятка даў бы за такое. 

Не любіў размаўляць пра палітыку 

Зараз вельмі папулярныя інтэрнэт-спрэчкі пра палітыку і каля яе, суцэльны хайп з нагоды і без. Дык вось, Караткевіч гэта не тое, што не ўхваляў, а наўпрост абсякаў у сваёй прысутнасці.

Аднойчы знаёмыя прывялі на застолле нейкага матэматыка, і той нападпітку ўжо напрыканцы гулянкі стаў несці небяспечную палітычную лухту, якую і так усе ведаюць, але за якую можна атрымаць праблемы. У завяршэнне кажучы пра амаль што «дзяржаўны пераварот», таварышч атрымаў ад Караткевіча кароткую лекцыю на тэму, што трэба не языком варушыць, а справу рабіць: патроху, без пантоў, а прафесыйна і па ўсіх франтах. Тады будзе плён.

Мужык гэты мог быць проста балбатуном, а мо, і правакатарам. Ён нагадвае, як зараз некаторыя зазываюць людзей на «апошнюю бойку з рэжымам», а самі акрамя шкоднай балбатні нічога не вартыя. Караткевіч быў не такі. 

Дапамагаў ратаваць архітэктуру старога Менску

На Караткевіча выйшаў Зянон Пазняк і папрасіў звязацца з ЦК кампартыi, каб пагутарыць з ініцыятыўнай групай пра рэканструкцыю старога цэнтра Менска, якая прадугледжвала магчымасць зносу гістарычна каштоўнай часткі забудовы. 

Караткевіч званіў, прасіў – сказалі, што будзе сустрэча, але потым сказалі, што не атрымліваецца. Ашалеўшы Караткевіч крычаў у трубку і паабяцаў выпісаць суразмоўцу ў кнізе такой пачварай, што яго будуць саромецца ўласныя ўнукі. Праз 15 хвілін патэлефанавалі зноў з фразай: «Пётр Міронавіч Машэраў чакае вас сёння».

Дарэчы, тое, што праводзіліся нейкія сустрэчы, слухалі бакі, нешта выпраўлялі, сведчыць якраз аб адэкватнасці Машэрава, а не аб тым, што ён «бяздумна знішчаў» гістарычны цэнтр, як кажа той жа Пазняк. Ці зараз шмат сустракаюцца па архітэктурна-палітычных пытаннях? Але гэта так, «інфармацыя да разважанняў».

Не ўсе яго творы публікавалі

Публікацыя рамана «Леаніды не вернуцца да Зямлі (Нельга забыць)» адбылася толькі праз 22 гады пасля напісання. А аповесць «У снягах драмае вясна» надрукавалі толькi пасля смерці пісьменніка – праз 32 гады пасля напісання (але ж Караткевіч сам не хацеў яе публiкаваць).

Прадбачыў, што Беларусь будзе незалежнай, калі ніхто ў гэта не верыў  

Караткевіч верыў, что яго любімая, родная Беларусь, раней ці пазней, але ў недалёкай будучыні атрымае незалежнасць. Неяк у размове ў кампаніі нехта сказаў на такія прагнозы: «Ну, ты загнуў! Беларусь будзе незалежнай рэспублікай?!» А Караткевіч у адказ: «Усё ідзе да таго». У 70-я такое меркаванне было на мяжы са зместам фантастычных раманаў.

Вяртаў беларусам самаўсведамленне і гісторыю

Да Ўладзімера Караткевіча цікавыя дэтэктывы пісалі, па сутнасці, толькі замежныя аўтары. Праз гэты «лёгкі» жанр пісьменнік праводзіў вялікія думкі і ідэі беларускасці.   
У тыя гады Караткевіч рабіў немагчымае. Ён мяняў адносіны да гісторыі. Аказалася, у беларусаў яна ёсць, а да таго ж, гэта ня толькі «пра лапці». Многія маладыя (і ня вельмі маладыя) зацікавіліся гісторыяй, дзякуючы Караткевічу. 


Караткевіч быў не проста гісторыкам – іх ўплыў на грамадства (нават самых вядомых) даволі сціплы. Чытаючы творы Караткевіча, шмат хто пачынаў разумець, што Беларусь вартая гонару ды павагі. Сваёй творчасць ён актывізаваў працэс нацыянальнага самаўсьведамленьня – такіх людзей заўсёды мала. Па-сутнасці, толькі праз іх з сівых стагоддзяў ідзе гэтая повязь, нітачка беларускасці, якая звязвае нас з далёкімі продкамі.

Наўздагон. Спіс літаратуры

Пасля тэксту пра Купалу рэдактар папрасіла мяне пісаць спасылкі, адкуль я бяру гэтыя факты. Зразумела, гэты спіс не дзеля доказу, а для чытача: каб вы змаглі даведацца больш. Чатыры галоўныя крыніцы – гэта «Жыццё і ўзнясенне Ўладзімера Караткевіча» Адама Мальдіса, «Донжуанскі спіс Караткевіча» Дзяніса Марціновіча, «Доўгая дарога да дому» Васіля Быкава, «Леаніды ня вернуцца да Зямлі» ці «Нельга забыць» Уладзіміра Караткевіча. Чытайце з асалодай.

Заметили ошибку в тексте – выделите её и нажмите Ctrl+Enter

Это что, фильм про Путина? Шесть причин, почему «Дело Собчака» никто не поймёт

Культ • Настя Рогатко
Ксения Собчак с режиссером Верой Кричевской сняли фильм про мэра Питера Анатолия Собчака. Мы посмотрели ленту в SilverScreen и остались глубоко поражёнными. Оговорюсь сразу: при умелом неспешном монтаже это была бы хорошая ностальгическая телепередача. Но это плохой документальный фильм, потому что в него пытались заложить идеи либералов, но этого никто не заметит.
Популярное