Хлусяць усе. Як я працую у парыкмахерскім бізнэсе

Культура • Сяргей Календа
Пісьменнік Сяргей Календа зарабляе грошы парыкмахерскім мастацтвам - ён фарбуе мадэлей на паказах і майстар-клясах, робіць валасы жанчын прыгожымі кожны дзень . Спецыяльна для KYKY Сяргей распавеў пра тое, з чым сутыкаецца стыліст. Спойлер: сутыкаецца ён часцей за ўсе з ідыятызмам і цемрай - уласна кажучы, як і мы ўсе.

У парыкмахерскім бізнэсе я з шаснаццаці год.

Атрымаў процьму іншых прафэсый, ня скончыў асьпірантуру і нават кінуў працу ў банку, але тое, што мяне з дзяцінства захапляла і дазваляла зарабляць грошы, застаецца і па гэты час са мною. Праз мяне за месяц праходзіць некалькі соцень людзей, большасьць зь якіх сталі для мяне адной вялікай сям'ёй, але зьяўляюцца і новыя кліенты, і мадэлі падчас выступаў, працы на паказах і майстар-клясах… І я вырашыў напісаць коратка пра тое, з чым сутыкаюся ці ня кожны дзень.

Памятаеце магістральную цытату ў сэрыяле «Хаус»? Там доктар звычайна выводзіць аксіёму, што хлусяць усе, і часта гэта паводле таго, каб схаваць праўду, якая можа закрануць таямніцы, якія ня варта было б нікому ведаць, а часта могуць і запамятаваць… дык вось, у маёй працы… у працы стыліста, тэхноляга, ёсьць такая ж цытата, што ўсе хлусяць.

Але тут справа ў тым, што людзі хлусяць альбо праз сваё абсалютнае няведаньне нюансаў дадзенай прафэсыі, альбо проста праз ідыятызм.

Звычайна, калі адбіраем мадэляў на нейкія майстар-клясы для паказаў калярыстыкі, крэатыўных фрызур, галоўнае – дакладна ведаць, што раней рабілі з валасамі, бо ёсьць шмат нюансаў, на якія трэба зьвярнуць увагу… таму першае пытаньне да мадэлі:

- Калі-небудзь валасы фарбавалі?
- Не.
- Я бачу што ў вас ўжо на пяць сантымэтраў адрос корань. Значыцца фарбавалі раней валасы?
- Не.
- Як не, калі фарбавалі.
- Дакладна не фарбавала.
- Добра, куплялі што-небудзь у выглядзе баначкі з каляровай вадкасьцю, якая можа пэніцца і наносілі гэтую вадкасьць на галаву ў ванным пакоі, папярэдне апрануўшы цалафанавыя пальчаткі?
- Ой, слухайце, а дакладна ж тонік быў!
- Ужо лепей!
- Ну дык гэта ж тонік быў! Ён жа змываецца!
- Ведаеце, паводле правілаў, тонікі спрацоўваюць на паверхні воласа, у куцікуле, і не пранікаюць у кортэкс, але праз тое, што малекулы тоніка склеіваюцца, іх часта бывае немагчыма перафарбаваць, давядзецца рабіць адзін з відаў блонд мыцьця…
- Ой, дык там было напісана, што ён цалкам змываецца праз пару тыдняў.
- Але ж вы бачыце, што прайшло, паводле падлікаў – два з паловай месяцы, і нічога ня змылася. Спачатку, да таго, як штосьці купляць з фарбаў і тонікаў, з так званых лінеек масмаркета, трэба пракансультавацца ў майстра.
- Я думала, што ўсё нашмат прасьцей.
- Вы так думалі альбо праз непавагу да дадзенай прафэсыі, альбо праз ляноту зьвярнуцца сьпярша да прафэсыянала.
- Але ж прадаецца столькі фарбы для таго, каб у хатніх умовах усё рабіць!
- Але вы нават ня можаце сабе ўявіць, як шмат людзей псуюць сябе ў хатніх умовах і потым прыходзяць у салёны і пачынаюць вяртаць сабе чалавечае аблічча, пераплочваючы кошт набытай каробачцы з фарбай альбо тонікам ў сто разоў, бо ўжо трэба змываць колер, потым рабіць прэпігментацыю, таніраваць…
- Ой, неяк у вас усё так складана…

- Вядома, складана. А вы думаеце, я тут так лёгка і проста над вамі паскокаў і вы ўжо прыгожая. Але, калі я пачынаю распавядаць пра самыя простыя нюансы ў прынцыпах таніраваньня і афарбоўкі, вы заўважаеце, што ня ўсё так проста. Ну, добра, скажыце яшчэ мне, калі ласка, ці раптам не зялёненькая бутэлечка з тонікам была?
- А так, зялёная.
- Віншую. Вы набылі ці не самы горшы тонік, я яго не змагу хутка зьняць з валасоў, каб падрыхтаваць вас для афарбоўкі і стрыжкі на майстар-клясе, які пачнецца праз дзьве гадзіны.
- Як так? Я ж прыйшла! Мы дамовіліся, я вам у вайбер і фб скідвала свае фота…
- Выбачайце, я ж таксама прыйшоў, але паводле нашай кансультацыі ў сацсэтцы, вы мне казалі адзінае, і я падрыхтаваў для вас рэцэпт афарбоўкі, нават ня ведаючы, што вы мне схлусілі, і насамрэч таніравалі валасы вельмі кепскім тонікам, які прафэсыйныя прадукты здымаюць цяжка, і ўжо калі здымаюць, якасьць валасоў псуецца. Выбачайце.

І хто б ведаў, як я вар'яцею ад такіх дыялёгаў… з часам і вопытам, ствараецца такое ўражаньне, што ты альбо жывеш у паўторы, нейкім дурным штодзённым паўторы, альбо большасьць жанчын часам пакідае свой мозг дома на падушцы, і ідзе займацца шопінгам, альбо ў салён прыгажосьці… я магу распавесьці яшчэ самую распаўсюджаную гісторыю, пра тое, які колер ад мяне просяць кліенткі… і гэта ўжо пужае…

Кліентка прыйшла на афарбоўку і просіць, каб колер яе блёнду быў: ня цёплы і не халодны, ну каб ня бэжавы і ня шэры, хутчэй мядовы, але такі, ведаеце, быццам пасыпаны попелам, але попелам хутчэй белым, ніж шэрым, і, можа быць, каб крыху блікавала пэрсыкавым адценьнем на паверхні і, ня дай божа, каб блёнд быў залатым ці жамчужным, але можна, каб недзе зьявіліся пасмы такога, лёгкага фіялетавага і меднага...

Вось яна ўся такая сядзіць, і просіць ад мяне такога колеру, і яшчэ так міла пасьміхаецца, а-ля, я такая «загадачная» і са мною цяжка, але я такая непаўторна «загадачная»… О так…

І калі б вы толькі ведалі, як часта даводзіцца па драбніцах выцягваць з людзей патрэбную інфармацыю, бо большасьць сапраўды наіўна лічыць, што тут ніякіх праблем, што можна, напрыклад, фарбавацца басмай ці хной, і не сказаць, і потым прыйсьці на меліраваньне, і потым адабраныя штопкай для меліраваньня валасы паціху зелянеюць, замест таго, каб стаць сьветлымі… а ты папаярэджваў, што хна і басма – натуральныя, прыродныя сродкі афарбоўкі – яны ўтрымліваюць дубільныя рэчывы, і ахінаюць волас намёртва, як ламініраваньне, але натуральнае і якаснае, і ніводны бландаран сапраўдную хну, ці басму ня возьме.

Шмат хто з маіх сяброў і кліентаў прапануе напісаць кнігу пра кліентаў, але гэта ж як з клятвай… я не магу напісаць пра таямніцы, тым болей рэчы, якія мне сапраўды некаторыя давяраюць… адна справа пасьмяяцца з таго, як адна з кліентак забылася ў цябе ў ванным пакоі станік, бо пасьля афарбоўкі прымала душ, бо гарачую ваду ў яе адключылі…

ці ўзгадаць сябрам выпадак з адным бізнэсоўцам, якому падчас стрыжкі ў каву нападала валасоў з галавы і барады, а ён толькі працягваў піць каву і жаваць састрыжанае, і на пытаньне аб зьмене кавы, толькі адказаў, што ўсё добра, валасы свае, выйдуць потым.

А іншая справа, калі ў людзей здараюцца і сьлёзы, падчас працы, бо разышліся, альбо кагосьці ня стала, альбо самотна і хочацца выпіць, і ты зь ім пьеш, і далей працуеш… альбо… альбо… напэўна такая кніга ня мусіць зьяўляцца, альбо нават калі і зьявіцца, то толькі перад маёй сьмерцьцю.

Iлюстрацыi: Jordan Andrew Carter

Жыве Ірландыя! У кінатэатры «Масква» паказваюць «Таямнiцы Келза» на беларускай мове

Культура • редакция KYKY
У кінатэатры «Масква» стартаваў паказ анімацыйнай стужкі «Таямнiцы Келза». Гэта мульцік, агучаны на беларускую мову ўжо знакамітымі, але яшчэ маладымі і шпаркімі акцёрамі. Узгадваючы пра поспех «Паддынгтана» у «Перамозе», чакаем паказаў, якія працягнуцца з 17 па 19 сакавіка. Андрэй Кім, кіраўнік кампаніі «Кінаконг» і праекта «Беларускія Уікэнды» рассказаў KYKY, навошта глядзець стужку.