«Усё Ўлічана. All Inclusive». Фрагмент кнігі пра мінскія гатэлі

Культура • Сяргей Календа
Трыццацігадовая Сьвета з СНІДам, якая разбіла галаву на мармуры, Хасан з турэцкае вёскі, якога ненавідзяць усе чатырыста супрацоўнікаў пяцізоркавага гатэлю, хакеіст Уэйн, які жыў тыдзень у Менску з коткаю, аформленай як прастытутка. Сяргей Календа апублікаваў першы зборнік гісторый, якія здарыліся ў мінскіх гатэлях.

Парэнчы

Дванаццаць ночы, апошні вячэрні самалёт прызям-ліўся каля адзінаццатай, амаль усе пасажыры, расейскія бізнэсоўцы, на таксоўках дабраліся да гатэлю, і амаль усе яны, пятнаццаць мужчын, былі разьмешчаныя на трэцім паверсе… Цішыня ў калідорах, начны мэнэджар Хасан сноўдае, трымаючыся сьценак, яго сумныя вочы амаль нічога не перадаюць, ніякай інфармацыі з глыбіні, проста сумныя стомленыя вочы чалавека, які ўжо пяць год запар працуе кожную ноч у гатэлі. На трэцім паверсе заселены пажыцьцёва прэзыдэнт гатэлю й групы кампаній міжнароднай сеткі гатэляў Ніндзя. Цяпер ён часта наведвае Менск, разводзіцца з жонкай-беларускай, зь якой у яго два сыны й дваццаць год шчасьлівага жыцьця. Ён пасьпеў ужо намыліць начнога мэнэджара, і той нагадваў брынзу, белую й разламаную на кавалкі.
Менавіта на трэці паверх, пераблытаўшы ліфты, падняліся тры асобы, дзьверы адчыніліся, і яны апынуліся ў напаўцёмным калідоры, у якім не было нічога, акрамя паху парфумы начнога мэнэджара.

Тры асобы – гэта Сьвета (трыццаць год), яе сяброўка Валя (трыццаць год) і Вальчын мужык Саша (трыццаць пяць год). Яны прыехалі ў начны клюб, які месьціцца на трэцім паверсе па-над казыно, што знаходзіцца ў гатэлі ў левым крыле. Начны клюб мае свой асобны ліфт. Каб патрапіць у клюб, ня трэба мець спэцыяльных ведаў, навыкаў альбо валодаць нейкім сакрэтам. Дастаткова проста націснуць на кнопку, каб прыехаў патрэбны ліфт, знутры ўвесь у чырвоным шоўку, сесьці ў яго й націснуць на трэці паверх… Але госьці патрапілі ў суседні, сіні ліфт, які даставіў іх да гатэльных нумароў… Трэба адзначыць, Сьвета й Валя былі п'янымі й вясёлымі, Сьветцы хацелася мужыка, бо яна нядаўна разышлася са сваім старым, а Вальцы хацелася яшчэ выпіць, а Сашку хацелася сцаць і спаць.

– Бля*зь, дзе гэта мы? – Валька пазірала няўцямна ў змрочную прастору.
Яны ўтрох, ледзь перасоўваючы ногі, бадзяліся па калідоры з нумарамі, пакуль не знайшлі лесьвіцу, якая завівалася ўверх і ўніз (а трэба дадаць, што гатэльная частка, дзе разьмяшчаліся нумары, была скразной, то-бок з кожнага паверху была магчымасьць бачыць першы паверх і рэцэпцыю, карацей – італійскі дворык). Валька прапанавала спусьціцца і на рэцэпцыі запытацца пра клюб, бо яны адназначна ня там, дзе мусяць быць, і яшчэ Валька прапанавала зьехаць на парэнчах уніз, так будзе весялей і хутчэй.

Камэры зафіксавалі, як нейкая п'яная баба на неверагоднай хуткасьці зьяжджае ўніз да другога паверху. Потым наступныя камэры фіксуюць, як тая ж баба, узрадаваная ўдаламу спуску, ізноў ускараскалася на парэнчы, каб ехаць на першы паверх. Сьвета задзірае да грудзей спадніцу, закідвае нагу на парэнчы і, перавесіўшыся празь іх п'яным целам, звальваецца ў скразную адтуліну, што вядзе да нулявога паверху, дзе месьціцца пэрсанал гатэлю… Камэра далей фіксуе, як на другім паверсе Сьвета б'ецца аб парэнчы галавою й каменем падае на мармур нулявога паверху.

Мужчына, які спазьніўся на цягнік, толькі зайшоў у гатэль і накіраваўся да рэцэпцыі, аказаўся ліванскім доктарам Саідам, што прыехаў на сэмінар з Горадні, дзе месяц гасьцяваў у каханкі… Усе зьбегліся на лямант начной пакаёўкі, якая ішла за горкімі чакалядкамі, каб раскласьці ў пустых нумарох на ложкі.

Helmut Newton

Кроў была паўсюль. Яна распляскалася па сьценах ды столі, чырвоны колер патрапіў на лямпачкі, дзьверы й шыльды “Staff only'. Сьвета наскрозь прабіла чэрап, зламала ключыцу, нагу й сківіцу, паламала пальцы на руках, якія на вачах апухлі й ператварыліся ў перавараныя сардэлькі… Ліванскі доктар пасьпеў дастаць ёй язык, прыліплы да нёба, дзяўчына харкала крывёю, з вушэй, носа й вачэй цякла кроў. П'яныя сябрукі Валя з Сашам, апынуўшыся на першым паверсе, спачатку знайшлі перапужанага ахоўніка ў фае, які ня мог пакінуць сваё працоўнае месца і, трымаючы дрыготкаю рукою рацыю, перамаўляўся з ахоўнікам на другім паверсе, пытаўся ў яго, ці бачыў той што, ловячы вухам навіны ад ахоўніка, які ўжо бег на нулявы паверх… Узрадаваныя Валька з Сашкам удакладнілі, дзе той ліфт, што вядзе да клюба на трэцім паверсе, а потым выправіліся шукаць Сьвятлану, якая іх так расьсьмяшыла, перакульнуўшыся праз парэнчы… Але тую ўжо пакавалі ў машыну хуткай дапамогі, таму ім больш нічога не заставалася, як ісьці жлукціць далей.

Сьвета апынулася ў рэанімацыі. Стабільна цяжкае становішча. Да яе за ўвесь час ніхто не прыяжджаў, акрамя галоўнага мэнэджара гатэлю Міхаліны, якая, адчуўшы спагаду да гэтай самотнай жанчыны, ня ведаючы, што рабіць, вазіла ёй мандарыны, але тыя даходзілі толькі да мэдсясьцёр, бо няшчаснай ахвяры яшчэ доўга не давядзецца есьці ўласным ротам – усё праз трубачкі, праз тэатральныя лялечныя нітачкі, ад якіх цяпер залежала жыцьцё.

Празь некалькі дзён аналізы выявілі ў дзяўчыны СНІД... Доктар Саід, які раптоўна, па-галівудзку выратоўваў Сьвятлану голымі рукамі, засоўваючы пальцы ў горла, трымаючы язык і адначасова сьціскаючы ёй расплюшчаную галаву, каб тая, як пабіты гарбуз, не развалілася на кавалкі, з ног да галавы быў у крыві. Цяпер ён мусіць чакаць шэсьць месяцаў. Шэсьць доўгіх месяцаў, калі па ягоных аналізах магчыма будзе ўпэўнена сказаць, захварэў ён на СНІД ці не.

І трэба дадаць, што праблема СНІДу ў гэтым апавяданьні распаўсюджваецца не толькі на аднаго доктара, бо хто яго ведае, зь якімі пастаяльцамі прывабная Сьвета пасьпела пераспаць. Але гэта ўжо іншая гісторыя, якую гатэль пасьпее схаваць у сваіх шматлікіх пакоях.

Начны мэнэджар

Сёньня Хасан, начны мэнэджар, захварэў! І гэта сьвята, так-так, менавіта, гэта цуд, якога чакаў увесь пэрсанал гатэлю!

Сам Хасан ня быў Хасанам, сапраўднае яго імя ведалі толькі дырэктар гатэлю Амар Алі Айамар і прэзыдэнт групы гатэляў Ніндзя… Ён быў туркам і патрапіў у Менск шэсьць году таму з глухой і занядбанай жабрацкай вёскі, разьмешчанай дзесьці на захадзе Турцыі, і сапраўднае імя ён насіў – Бурак, але праз тое, што ён апынуўся ў Менску, вырашылі яму зьмяніць імя, каб выпадкова ня зьменшыць ролю начнога мэнэджара праз сьмешную гародніну.

Хасан насамрэч рэдкасны казёл зь вельмі сумнымі, сьлязьлівымі вачыма. Пяць год, пяць доўгіх год запар Хасан кожны вечар прыяжджае на працу а шостай вечара й зья-жджае а восьмай раніцы, без выходных, безь перапынкаў, без адпачынку… Пяць год запар ён, як наладжаны карны мэханізм, прыяжджае на працу адно дзеля таго, каб калупаць пэрсанал, звальняць, сварыцца, лаяць за хібы, ненавідзець супрацоўнікаў гатэлю зялёнай нянавісьцю самотнага, неўладкаванага, незадаволенага чалавека, нянавісьцю мужчыны, які не разумее смаку алькаголю й ня ведае асалоды ад шчырага сэксу.

Tony Kelly

Ён усё жыцьцё марыў пра штосьці выключнае ў сваім жыцьці, і, як вынік, ён гэта атрымаў, праца начнога мэнэджара ва Ўсходняй Эўропе зрабіла яго амаль ня самым вядомым жыхаром ягонай вёскі, усе яго там паважаюць, цэняць, на рукох носяць, але тут, тут яго ненавідзяць усе чатырыста супрацоўнікаў пяцізоркавага гатэлю, тут, у Менску, ён жыве ў сваім пакоі, як старая шафа, – зьбірае на сябе пыл і выглядае нязграбна, замінае прасторы. Тут, на працы, нават калі ён выпраўляецца на рэдкі для сябе адпачынак дадому, на радзіму, ён нікому ня кажа, куды едзе, бо тлумачыць беларусам пра разьмяшчэньне сваёй малой вёскі – тое самае, што спрабаваць растлумачыць вартасьць існаваньня ў ісламе абразаньня для жанчын.

Хасана ніхто ня любіць, ён – тая самая адзінка ў гатэлі, да якой ставяцца з агідай, але дазваляюць існаваць, як пухліне, якая не перашкаджае здароўю і якую лепей не чапаць, каб не нашкодзіць самому сабе. Гэты чалавек пасьпеў жорстка пакараць аднаго з кухараў. Аднойчы ўвечары, адсачыўшы па камэрах, што той скраў колькі палак сакавітага сьвежага карбанату, Хасан вырашыў пасадзіць чалавека замест звальненьня, не разумеючы, што ў таго кухара Валеры, дакладней – другога кухара-асыстэнта шэф-кухара, заробак памерам з чатыры палкі карбанату. Начны мэнэджар затрымаў няшчаснага мужчыну, які ўжо марыў пра тое, як жонка будзе пляскаць у ладкі, пабачыўшы, чым ён разжыўся на працы. Была тэрмінова выклікана міліцыя, якая па прыбыцьці не давала веры сваім вачам – хударлявы кухар Валера, зьбялелы, з дрыготкімі рукамі і вялікімі вачыма, сядзіць на зэдліку ў кабінэце начнога мэнэджара, на стале тры палкі карбанату, а сам Хасан узвышаецца ў фатэлі… Нават міліцыя не разумела, што такога зрабіў кухар, каб прасіць аформіць крымінальную справу… Але факт злачынства быў запратакаліраваны, і наложаны адміністратыўны штраф.
Начны мэнэджар да гэтага часу ня вывучыў ані расейскую, ані ангельскую, ані беларускую мовы, размаўляе асобнымі словамі й гукамі… Ён можа набраць на мабілцы пакаёўку й раўсьці ёй у вуха, што патрэбна тэрмінова батарэйка! Якая батарэйка? Куды? Для чаго?.. Што за батарэйка?! І толькі праз паўвечара высьветліцца, што адзін з пастаяльцаў тэлефанаваў на рэцэпцыю й прасіў дадатковы абагравальнік у нумар, бо зьмерз… Альбо Хасан часта перад пачаткам працоўнага вечара-ночы абыходзіць усе кропкі – кабінэт аховы, камэра-мэны, бар, рэцэпцыя, спа-цэнтар, цырульня, басэйн, фітнэс, рэстарацыя, нумарны фонд, кухня… абыходзіць ён… усе яму пасьміхаюцца, усе працуюць, бегаюць, варушацца… А ён потым зойдзе ў кабінэт да галоўнага мэнэджара Міхаліны й давай распавядаць, які вэрхал паўсюль адбываецца, якія ўсе лайдакі й ніхто не працуе, куды гэта яна як адказная па гатэлі глядзіць, трэба тэрмінова ўсіх звальняць, а потым накіроўваецца ў кабінэт да дырэктара… І амаль за гадзіну з працоўных месцаў зьнікае два-тры супрацоўнікі. Хтосьці яму не спадабаўся сваёй усьмешкай, хтосьці ішоў міма яго й не пасьпеў першым павітацца… Але з гэтым чалавекам сапраўды немагчыма вітацца, зьнікае ўсялякае жаданьне, ён рукаецца, падаючы сваю далонь млява, яна звычайна потная й сьлізкая, нагадвае вільготную анучу, і гэтая млявасьць кажа пра пагарду да вас, гэтая спатнеласьць далоні сьведчыць пра пэўную няшчырасьць, нейкі злосны пачатак.

Аднойчы начны мэнэджар вырашыў кінуць курыць, таму ўсе сталі заўважаць яго з электроннай цыгарэтай у зубах… Быў позьні вечар, з афіцыянтаў засталіся толькі дзяжурныя. Сядзелі яны ціхенька ў сваёй каморцы з падагрэвам, самаварам і папяльніцамі, палілі, пілі турэцкую каву. Раптам заходзіць Хасан і моўчкі пачынае смактаць электронную цыгарэту… Усе таксама маўчаць, размова была зрэзаная ягоным вільготна-рэзкім позіркам і традыцыйным пахам адэкалёну пасьля галеньня “Олд Спайз', які ён пакідае па паверхах лёгкім адценьнем паху, нагадваючы, што ён ужо прыступіў да працы, што ён тут валадарыць, пазначыўшы свой арэал. Так і сядзяць усе, намагаючыся хутчэй дакурыць і зьбегчы з кола прысутнасьці начнога мэнэджара, зьбегчы з гэтага невыноснага атачэньня, як раптам той, пазіраючы на штучны дым ад цыгарэты, прамаўляе: “Скоро все тут умрут' – складна прамаўляе, без памылак і амаль без акцэнту… Усе аслупянелі, нават ня выдыхнуўшы дым.

Helmut Newton

У той жа вечар Хасан не знайшоў на сваім месцы рознарабочага Ваню, пайшоў у кабінэт да камэра-мэнаў і адсачыў па маніторах перамяшчэньне рознарабочага – вось той аднёс ручнікі ў басэйн, вось вярнуўся ў камэру захоўваньня, набраў скрыню асьвяжальнікаў паветра, абышоў прыбіральні на нулявым паверсе, пакінуў там асьвяжальнікі, запісаў, дзе няма туалетнай паперы… І вось Ваня зьнікае ў пакоі для прыбіральшчыц… Хасан бегам туды, урываецца, як навальніца, у памяшканьне, расчыняе насьцеж дзьверы, пасоўвае ўбок аслупянелую Валянціну Андрэеўну, якая толькі й пасьпела, як пікнуць вітаньне й схаваць у кішэньку распакаваны чакалядны сырок… “А-а-а! Спит!!!' – начны мэнэджар, расчырванеўшыся, усхваляваны, быў на сёмым небе ад радасьці… Ён ужо тыдзень нікога не звальняў. Рознарабочы Ваня куляй вылецеў з працы яшчэ да раніцы, яшчэ да канца сваёй зьмены, а Валянціна Андрэеўна пашкадавала, што запхнула свой чакалядны сырок у кішэньку фартуха, цяпер яна была вымушаная адмываць чакаляд і салодкі тварог у рукамыйніцы.

Хасан – страшны чалавек, дзікун, вар'ят, злы, але не падобны да драпежніка, хутчэй нагадвае старога быка, якому вельмі брыдка жыць сярод людзей, такім старым і кастрыраваным. Таму менавіта сёньня ў гатэлі сьвята! Хасан сапраўды захварэў, напэўна, яго ня будзе некалькі тыдняў. Увесь пэрсанал дыхае вольна, працуе шпарка, весела й лёгка. Ніхто ня думае пра тое, што робіць штосьці ня так, ніхто не хвалюецца быць раптоўна схопленым падчас спажываньня чакаляднага сырка альбо падчас трыццаціхвіліннага адпачынку, няхай нават і ў пакоі прыбіральшчыц на брудных ручніках і анучах.

Ноч. Хасан у майтках і аднаразовых белых тапачках зь лягатыпам свайго гатэлю сядзіць у кватэры, ва ўласным фатэлі каля тэлевізара, сьпіна ўся зарослая, згорбленая, на падбародзьдзі неахайная шчэць, на макаўцы лысіна, аточаная з бакоў раскудлачанымі валасамі. Ён ня можа заснуць – па-першае, праз кашаль і боль у грудзёх, па-другое, за пяць год ён настолькі абвык па начох працаваць, што проста ня ведае, як гэта магчыма заснуць у цемры, ноччу. Па тэлевізары паказваюць эратычны фільм “Элена ў каробцы', ён ня сочыць за сюжэтам, ён сядзіць на ложку, сумны, незадаволены жыцьцём, і яму так моцна хочацца заплакаць, зараўці, закрычаць, застагнаць, хоць нейкім чынам праявіць свае пачуцьці, выплакаць усё тое, што назапашвалася столькі год, выплюхнуць усю крыўду й незадаволенасьць жыцьцём, але ён ня здольны гэта зрабіць. Вочы сухія, як пустэльня, цела гарыць, і толькі знутры штосьці клякоча, нібыта кашаль, нібыта душа. Ён ня здольны тут і цяпер заплакаць альбо паказаць свой боль, свой адчай, бо бачыць, што ягоная ціхая дзяўчына, зь якой ён сустракаецца месяц, ляжыць у ложку і яшчэ ня сьпіць. Яна глядзіць фільм.

Котка

У гатэль прыехала канадзкая каманда па хакеі. На тыдзень. У канадцаў наперадзе як мінімум тры матчы. На рэцэпцыі ўсіх хуценька разьмеркавалі па нумарох, акрамя аднаго яўнага рэтрасэксуала, форварда, які быў жудасна нязграбна апрануты, з празрыстай усьмешкаю й поглядам татальнай абыякавасьці да ўсяго, што адбывалася навокал. Затрымка зь ім здарылася праз тое, што гатэль паводле сваіх унутраных законаў забараняе пастаяльцам утрымліваць у нумарах жывёл.

Забарона была строгаю й кантралявалася дырэкцыяй. Але Ўэйн, так звалі спартсмэна, адказаў, што адмаўляецца тут спыняцца, пакуль не “прапішуць' яго котку – амаль міжнародны скандал: канадцы адмаўляюцца гуляць, котку адмаўляюцца прапісаць, жах…

Ды колькі той коткі было, але яна была ангельскаю, пароднаю і каштавала пяцьдзясят тысяч фунтаў, мела сваю ўласную клетку і валізу на колах зь ежаю, пігулкамі, вітамі-намі, цацкамі, штучнымі мышамі-забаўлялкамі, адфільтраванай вадой для пітва, мела сваю касмэтыку й колькі вопраткі, а таксама экалягічна чысты пясок для туалета.
Уэйн ледзьве ня плакаў, скардзіўся, што ў яго толькі яна і ёсьць, адзіная яго падтрымка, і яму не патрэбныя ані прастытуткі, ані іншы біяматэрыял, які толькі стварае атмасфэру прысутнасьці. Уэйн казаў, што якія б грудзі ні прасьвечваліся праз выразы ў кофтах і саколках жанчын, яны не заменяць яму ягоную котку, якая аддае ласкі ўтрая болей і нічога за гэта не патрабуе. Сябры й таварышы па хакейным клюбе яго добра разумелі, яны падарожнічалі толькі з фотакарткамі любімых, альбо на скрайні выпадак здымалі напружаньне ў цягліцах праз набыты сэкс альбо рукою з крэмам.

На рэцэпцыі дзяўчыны перапужана лыбіліся, ня ведалі, куды падзець свае рукі й свае целы падалей ад зьнерваванага хакеіста, пакуль не зьявіўся дзённы мэнэджар Карнэй Эдуардавіч і, раззлаваны, што безь яго ня могуць рашыць такія простыя справы, з ходу падкінуў адну карункавую ідэю.

І котку запісалі як прастытутку, то-бок як “лэдзі ў нумар', і гэта вырашыла ўсе праблемы. Уэйн адразу праплаціў тыдзень пражываньня сваёй коткі, па сорак эўра за дваццаць чатыры гадзіны, і зьнік у ліфце разам з коткаю, клеткай і кацінай валізаю.
І ўсё было б файна, але аднойчы пакаёўка Наста, прыбіраючы ў нумары хакеіста, раптам не знайшла коткі. Гэта мусіў быць трэці міжнародны скандал у хакеі за два дні. “Лепей бы я цябе не знайшла, курва! – раўла на яе Міхаліна, галоўны мэнэджар. – Ды як ты знойдзеш мне пяцьдзясят тысяч фунтаў за котку!? Га? Прыбярэш усе нумары ў Беларусі?!'

Наста кінулася шукаць па гатэлі котку, пухнатую жывёлку колеру пляжнага пяску, уся дзённая зьмена, шкадуючы дзяўчо, кіскала па паверхах, зазірала ў самыя незвычайныя месцы, усе сьпяшаліся, пакуль канадская каманда ня вернецца ў гатэль. Безвынікова… Пакаёўка Наста, заплаканая, счырванелая, з апухлым тварам, пайшла ўвечары дадому, гатовая чакаць начнога званку, калі Ўэйн вернецца, вырашыць пакарміць котку, а там…

Так яна, бедная, і заснула, знэрваваная, забыўшыся пераапрануцца, скруціўшыся эмбрыёнам пад ваўняным пледам, выпіўшы бутэльку валяр'янкі.

За ноч Насту ніхто не пабудзіў тэлефанаваньнем. Котка сама выпаўзла з-пад ложка, пад якім амаль суткі хавалася, напалоханая ранішнім пыласосам.

Vera Chytilová

Акрамя коткі, Уэйн любіў толькі прадукцыю Applе. Ён быў шалёным прадстаўніком новага руху – мак-нацы, і спачатку ўвесь тыдзень фатаграфаваў котку на свой iPhone, а потым, апошняй ранціцою, перад ад'ездам, калупаючы яечню з кантынэнтальнага сьняданку, у макбуку посьціў усё гэтае сантымэнтальнае лайно зь любімай коткай у Фэйсбук, дзе пісаў у статусе, што жыў тыдзень у Менску з коткаю, якую аформілі як прастытутку. Уэйн так і не даведаўся пра тое, як шукалі ягоную пухнатую жывёлку колеру сонечнага пяску і як Наста піла ноччу валяр'янку.

Дзяўчына

У гатэлі пэрыядычна зьяўляюцца новыя працаўнікі. Незаплянаваныя працаўнікі. Напрыклад, у адным сэгмэнце гатэля кагосьці скарачаюць, бо невыгодна трымаць некалькі чалавек, а ў іншым дадаюць працаўнікоў, якія нікому не патрэбныя… Зараз патлумачу: у сяброў Ніндзі, як і ў самога Ніндзі, пэрыядычна зьяўляюцца бабы, якіх трэба ўладкоўваць на працу з розных чыньнікаў: калі самі бабы просяць, калі дзеля зручнасьці, каб вольная похва заўсёды была дасяжнаю ў гатэлі. Вядома, гатэль не гумовы, таму, скажам, звальняюць аднаго працаўніка з хостэсу і наймаюць бабу ў офіс, каб насіць раздрукоўкі й факсы з аднаго кабінэта ў другі… Гэта таксама далёка не эўрапэйскі стандарт працы! Але ў дадзеным апавяданьні мы зьвернемся да канкрэтнага выпадку, які значна паварушыў працоўныя масы – ад самых аддаленых курылак і да галоўнай залі з рэцэпцыяй і чакальняй для кліентаў.

На месца барыста паставілі нейкую дзяўчыну. Барыстаў хапае, іх нават зашмат, таму адну зь іх зрабілі афіцыянткай, праз што тая вельмі моцна злавалася й мацюкалася, седзячы на абадранай канапе на курылцы пад навесам. Новую дзяўчыну звалі Оля, і яна – фантан. Самы сапраўдны антрапаморфны фантан словаў, сказаў і плётак. Яна як прыйшла ў першы ж дзень на курылку, дастала свой пяты Айфон, зацягнулася тонкай сігарылкай – і давай дзьмуць у вушы двум афіцыянтам і інжынэру пра тое, хто яна такая і адкуль яе дасталі, то-бок дзе яе знайшлі і навошта яна ўвогуле тут знаходзіцца.

Вось падрабязнасьці яе аповеду.

Оля, менавіта толькі Оля, бо яна сама з Піцера, там нарадзілася, але бацька – ваенны і, на вялікі жаль і праз жыцьцёвыя пакуты, яна захрасла тут. Бацькоў яна ня любіць, яны яе дасталі, яшчэ калі ёй было трынаццаць, таму, пачынаючы з чатырнаццаці, Оля жыве як малое цыганё: з хаты ў хату, з кватэры ў кватэру… Знаходзіцца ў пошуках адзінага й каханага, але пакуль што беспасьпяхова. На працу яна трапіла, бо сказала Асамкаціну, сябру Ніндзі, што ёй патрэбная праца, пяты айфон і заробак 2000$. І што вы думаеце?! Яна ўсё гэта атрымала. І, вядома, атрымала не праз тое, што вельмі моцна хацела й папрасіла. У дадзеным выпадку абставіны склаліся на яе карысьць, дзяўчыне, так бы мовіць, пашчасьціла, з аднаго боку, а зь іншага – Оля тая яшчэ піцерская “штучка'.

Олі на дадзены момант шаснаццаць, па пашпарце, але яна выглядае дарослай жанчынай год дваццаці пяці, ня першай сьвежасьці. Яна курыць, мацюкаецца й злоўжывае алькаголем. Прыехала Оля аднойчы мэтанакіравана ў гатэль, села на бары – беспасьпяхова, перабралася ў рэстарацыю – з тым жа вынікам, пад вечар перасунулася на самы апошні паверх, у клюб, і вось яно – шчасьце.

Guy Bourdin

Олю прыкмеціў Асамкацін, запрасіў за стол на кактэйль і больш…

З нумару Асамкаціна Оля не высоўвалася вонкі тры дні, спала, нежылася, як котка, ела ўдосталь, плянавала… на чацьверы дзень ужо самому Асамкаціну абрыдла яе бачыць, ня тое каб піліць. Устаў ён з ложка і сказаў, каб зьбіралася й ішла полем і лесам адсюль, і няхай возьме сабе падарунак – жаночы гадзіньнік з карункавымі стрэлкамі і яшчэ 1000$, так, на кактэйлі й сукенку.

Оля, вядома, ня гэтага чакала. Яна моўчкі паднялася, усьміхнулася, палезла ў сваю дамскую сумачку, дастала адтуль пашпарт і падставіла разгорнутай старонкай пад тоўсты нос Асамкаціну. Дата нараджэньня: 3.03.1999.

– Ё* тваю маць!

– Ты маю маці не чапай, даражэнькі, я тут уся напампаваная тваёй спэрмаю, нават какаю ёю… так што альбо мае ўмовы – і ты да мяне ставісься культурна, альбо міліцыя і заява – і гатэлю пі*да! – прамовіла Оля спакойна, ведаючы, пра што кажа.

Кожны да сваіх мараў і жыцьцёвых плянаў рухаецца па-свойму, але ня ў кожнага ў шаснаццаць год хопіць мазгоў зьдзейсьніць такое.

Оля працавала тры месяцы, націўкала пра свой посьпех усім навокал, яе некаторыя супрацоўнікі нават паважаць пачалі.

Аднойчы, пасьля трэцяга заробку, Оля не прыйшла на працу. Усе падумалі, можа, загуляла… Але Оля ўвогуле больш не зьявілася ў гатэлі.

Кнігу Сяргея Календы «Усё Ўлічана. All Inclusive» можна набыць у кнігарне «Логвiнаў» у Галерэі «Ў»

Белорусы, которые едут в страну Кончиты Вурст

Культура • Елена Васильева
В этом году «Евровидение» обещает быть нервным: победитель получит кубок из рук бородатой женщины. Кто им будет? От Беларуси в Вену едут двое участников: Uzari и Maimuna. Белорусский шоу-биз, больше знакомый адептам телевизора, собрался в ресторане-караоке «Синатра» проводить артистов на «Евровидение».