Наваколле. Самае ветранае месца Беларусi

Проекты • редакция KYKY
«Наваколле» — новы праект KYKY.ORG, зладжаны пры падтрымцы буйнейшага мабiльнага аператара МТС ды Volkswagen. Мы ездзім па Беларусі ў пошуках самага-самага: 10 вандровак — 10 незвычайных месцаў і сто выпадковых цікавостак, што трапіліся нам па дарозе. Нашае пакаленне адкрывае сваё наваколле! Гарады і вёскі, рэчы і краявіды, гісторыя, славутасці, людзі.

Не паверыце, але ў Беларусі да халеры ветраных млыноў. Ад веку нашы продкі вырошчвалі збожжа і малолі яго на муку — з дапамогай ветру і вады. Ветракі ўзвышаюцца над палямі велічнымі помнікамі мінулым стагоддзям. Помнікамі чалавечай знаходлівасці, увішнай працы, помнікамі старадаўняга ладу жыцця.

Фота: Сяргей Швайко, Вятрак / в. Солтаны, Маладзечанскі раён, Мінская вобласць

Карацей, у Беларусі да халеры ветраных млыноў. Было. Драўляныя ветракі без дагляду хутка разбураюцца. У інтэрнэтах пішуць, што млын ёсць, выкладаюць фота. А ад яго ўжо засталіся толькі сцены. У лепшым выпадку.

Што ж, мы не ў Нідэрландах і не ў Іспаніі, дзе ветракі — нацыянальны здабытак. Мы ў Беларусі, дзе людзі часцяком не разумеюць сапраўднай каштоўнасці той спадчыны, якая дасталася “ад прадзедаў спакон вякоў'. Я не Дон Кіхот, а Антон Матолька — не Санча Панса, але аднойчы раніцай мы сядаем у Volkswagen Tiguan і выпраўляемся ў свет шукаць ветру. Наша сённяшняя мэта — ветраныя млыны.

Добры знак: на трасе Е30 нам сустракаецца вялізны ветрагенератар. Выглядае не менш, як на сучасны працяг старадаўніх традыцый. Натхнёныя поспехам, робім кадр для гісторыі і працягваем падарожжа.

Наш першы прыпынак — вёска Русіно за Баранавічамі. Папятляўшы па горадзе, трапляем на вуліцу Фралянкова, выязджаем па ёй на Н291, перасякаем чыгунку і трымаемся правей. Удача! Вятрак цэлы, стаіць за акуратным плотам і сапраўды ахоўваецца дзяржавай. Яго перавезлі сюды аднекуль з-пад Ляхавічаў, дакладна “месца нараджэння' невядомае.



Канструкцыя ветрака простая і геніяльная адначасова. Вецер круціць крылы, да якіх прыладжанае вялікае кола з зубцамі. Яно перадае кручэнне на вертыкальны слуп, які варочае жарон. І ўсё! Ад ветру да мукі — чатыры дэталі: крылы, кола, слуп з “шасцярэнькай' і жорны. Млын стаіць на “казлоўцы' — тоўстым бервяне, якое ўмее паварочвацца, падстаўляючы крылы ветру…

Ветраку ў Русіно крылы крыху падрэзалі, каб па іх не лазілі дзеці. Млын стаіць побач з Раённым цэнтрам рамёстваў, дзе працуе шмат гурткоў. Частку будынку займае музей, у якім ёсць і купоны з нашага нядаўняга мінулага, і даваенны патэфон з трафейнымі пласцінкамі, і нават сапраўдны човен.

Супрацоўніца музея Наталля Бурак распавядае нам гісторыі пра казачных зданяў, выявы якіх дзеці вырабілі з гліны. Добры Бялун выводзіў на дарогу тых, хто блукаў у гушчары. Часам ён прасіў у вандроўнікаў дапамогі, і хто дапамагаў яму, атрымліваў мяшэчак з золатам. Нязграбны Балі-бошка таксама прасіў дапамогі, а калі людзі пагаджаліся, ускокваў ім на шыі і сцягваў галаву пятлёй. Злы Зюзя біў па дрэвах галінкай, і тады ў лесе трашчалі маразы…

1492 год застаўся ў гісторыі, дзякуючы дзвюм значным падзеям: адкрыццю Амерыкі і першай згадцы горада Ляхавічы ў пісьмовых крыніцах. У мясцовым рэстаране “Ластаўка' мы паспяхова працягваем наш эксперымент “Паабедай ад пуза за 50 тысяч'. А пасля па вуліцы Міхаіла Пташука выязджаем на Р103, каб праз 10 хвілінаў быць у Патапавічах, дзе чакаецца сустрэча з наступным млынам.

Чаканні застаюцца марнымі: ветрака на “дамоўленым' месцы няма. “Прадалі! —каротка апавядаюць пра лёс млына мінакі. — У Віцебск прадалі. Яшчэ ў тым годзе!' Мы вымушаныя задаволіцца іншай славутасцю Патапавічаў — камянямі, усталяванымі пры ўездзе ў вёску ў 1683 годзе. Дакладна іх прызначэнне невядомае. Гісторыкі звязваюць іх з'яўленне з удзелам тутэйшых сялян у войску Яна ІІІ Сабескага. Якраз на 1683 год прыпала яго паспяховая кампанія супраць Асманскай імперыі.

У роспачы вяртаемся ў Ляхавічы, каб выехаць з горада па іншай трасе — Н791. Нам дакладна вядома, што млыноў там няма. Затое ў вёсцы Грушаўка знаходзім драўляную сядзібу Рэйтанаў, якая нейкім цудам перастаяла ўсе войны ХХ стагоддзя. А ў лесе, побач з вёскай, наведваем велічную каплічку, у якой пахаваны апошні з гэтага шляхетнага роду — Юзэф Рэйтан.

Наша наступная мэта — млын у вёсцы Калядзічы. Гэта ў Пружанскім раёне. Каб даехаць да яго, кіруемся па Р43 ў бок Івацэвічаў. Далей робім невялічкае кола, каб перадаць прывітанні палацам у Косава і ў Ружанах, пра якія распавядалі ў мінулай справаздачы. На шляху з Ружанаў у Пружаны (галоўнае не заблытацца!) сустракаем бусла-самалёт, неўзабаве ўязджаем у Калядзічы і паварочваем з трасы Р85 направа.

Млын стаіць у полі за вёскай. Мы заспяваем яго ў вельмі сумным стане. Дах абваліўся, пацягнуўшы за сабой і рэшткі механізму. Усё каштоўнае начынне ветрака мокне і гніе на зямлі. Сэрца баліць, калі бачыш такое. Наўрад ці млын падлягае ўзнаўленню. Не ўсачылі за ім. Згубілі.

Але плакаць няма калі, трэба сядаць у машыну і рухацца далей. Фінальны пункт нашай вандроўкі — вёска Гірск пад Кобрынам. У кіламетры за ёй, на аграсядзібе “Студзінка' стаіць бадай што адзіны ў Беларусі млын, добра бачны з космасу. Уся справа ў цені на мапах Google. Па ёй лёгка зразумець, што вятрак высокі, накрыты дахам, што ў яго захаваліся крылы. Да таго ж, раз ёсць цень — значыць, гэта не прывід, а “жывая' славутасць. Бо прывіды цені не адкідаюць.


Гаспадыня аграсядзібы Алена Леанідаўна сустракае нас гарбатай з сырам уласнай вытворчасці. І адразу вядзе на экскурсію.

Раней вятрак стаяў у суседніх Балатах. У 1931 годзе яго пабудаваў на грошы, заробленыя падчас вандроўкі ў Амерыку, тутэйшы селянін Рыгор Дрозд. “Гэта быў бізнэсовец, які хацеў добра жыць. Ён уклаў грошы, дапамагаў людзям і дапамагаў сабе', — распавядаюць нам у школьным музеі ў Балатах. Іншага млына ў ваколіцах не было, таму сюды пацягнуліся колы з суседніх вёсачак. Праз нейкі час вятрак забралі ў калгас, але вярнулі Драздам пасля таго, як у гаспадарцы з'явіўся электрамлын.

У Рыгора было два сыны: Сцяпан (памёр у 1968 годзе) і Мікалай, які атрымаў млын у спадчыну ад бацькі і гаспадарыў на ім да 2005 года. А ў 2008-м яго дачка Алена Курышка прадала вятрак Васілю Новіку — дырэктару фермерскай гаспадаркі “Вілія-агра'.

Кошт млына Васіль Васілевіч не раскрывае: “Не памятаю!' — але кажа, што сума не была сімвалічнай, хаця Алена хацела аддаць млын задарма. “Ён стаяў ужо практычна без даху, рашотка ўся пагніла, бакі і крылы... А нам хацелася б, каб памяць захавалася. У Сельсавета не было грошай, каб яго адрэстаўраваць. Паўстала пытанне: аддаць ці нам, ці лясніцтву, ці суседняму калгасу. Ім ён не вельмі патрэбны быў, а нам было якраз у тэму. Мы набылі млын на законных падставах. А пасля яшчэ два гады рыхтавалі паперы, каб яго перавезці. Бо гэта ж культурная каштоўнасць! Было шмат пытанняў: “Чым вы будзеце перавозіць? Дайце нумар машыны. Па якім праекце вы будзеце яго рэстаўраваць?' А я адкуль ведаю? Але ўсе дакументы сабралі'. У 2010 годзе млын па частках перавезлі ва ўрочышча Студзінка.

Вятрак захоўваецца ў працоўным стане. На жорнах “лэйба' варшаўскай фабрыкі “Ленгевский, Гартвигъ и Ко' — механізмы для рознага кшталту млыноў яна выпускала паўстагоддзі, з 1901 года да пачатка 1950-х.

Васіль Новік нарадзіўся ў Янаўскім раёне, адсюль — сто кіламетраў. Адчуваецца, што ён — руплівы гаспадар, а значыць, млын трапіў у добрыя рукі і ў “Студзінцы' дакладна не прападзе. З аграсядзібы мы едзем глядзець фермерскую гаспадарку, якой Васіль Васілевіч кіруе разам з сынам: “Ён скончыў ветэрынарную акадэмію, пасля вучыўся ў Лондане. А пасля вярнуўся сюды і кажа: “Папа, я хачу працаваць з табой'. Ён малады яшчэ, 28 гадоў. З пачуццём гумару, можа псіхалагічна пралічыць сітуацыю. Ну а што тут… У вёсках пазаставаліся розныя людзі. Лепшыя з'ехалі, а вырашаць пытанні трэба. Ён можа пагутарыць з імі, дасць-дасць, а пасля: “Ну ты ж разумееш, Пятровіч, што вінаваты сам'.

У гаспадарцы працуе 54 чалавекі. Яны гадуюць больш за 430 жывёлаў, сярод якіх і які, і лані з казулямі, і нават вярблюды, якіх нядаўна прывезлі з Казахстану. Яны зусім не баяцца людзей адразу ідуць да агароджы, каб выпрасіць у нас ласункі, і з задавальненнем фатаграфуюцца. Частуем вярблюдаў сушкамі.

“Калі мы выкупілі гэтую гаспадарку, тут слупочка не было. Усё, што можна было вынесці, вынеслі. Ні дзвярэй, ні вокнаў. Кароўнік адна брэсцкая фірма забрала за пазыкі. І пагадзілася мне прадаць яго ў растэрміноўку, — распавядае Васіль Васілевіч. — Мы набылі першых восем пакрытых цёлак, нам вылучылі 150 гектараў зямлі. З гэтага ўсё дзесяць гадоў таму пачалося. Тры гады таму мы вырашылі пабудаваць непадалёк аграсядзібу. Хацелі і раней, бо заўжды прымалі шмат сяброў і гасцей, а дзе іх карміць, дзе пакінуць пераначаваць? А тут дзяржава падштурхнула — былі створаныя ўмовы, мы атрымалі 76 мільёнаў крэдыту і падатковую палёгку'.

Спалучэнне фермерскай гаспадаркі з аграсядзібай атрымалася надзвычай удалым. Пастаяльцы “Студзінкі' харчуюцца экалагічна чыстай прадукцыяй, вырабленай тут жа, у наваколлі. А млын стаў візітоўкай аграсядзібы.

На ноч спыняемся ў Кобрыне, адсюль і пачнецца нашае наступнае падарожжа.

Рэдакцыя KYKY.ORG выказвае падзяку мабiльнаму аператару МТС i афiцыйнаму iмпарцёру Volkswagen у Беларусi «Атлант-М Фарцойгхандель» за дапамогу ў стварэннi праекту «Наваколле».

Заметили ошибку в тексте – выделите её и нажмите Ctrl+Enter

Наваколле. Самае незвычайнае месца Беларусі

Проекты • редакция KYKY

«Наваколле» — новы праект KYKY.ORG, зладжаны пры падтрымцы буйнейшага мабiльнага аператара МТС ды Volkswagen. Мы ездзім па Беларусі ў пошуках самага-самага: 10 вандровак — 10 незвычайных месцаў і сто выпадковых цікавостак, што трапіліся нам па дарозе. Нашае пакаленне адкрывае сваё наваколле! Гарады і вёскі, рэчы і краявіды, гісторыя, славутасці, людзі.