Людзі, якія крадуць адзенне ў крамах. Пераклад забароненага артыкула

Боль • Юрий Азаренок
учора KYKY атрымаў ліст ад Раскамнагляду з патрабаваннем выдаліць артыкул пра экстрэмалаў-шопліфцераў, інакш сайт будзе заблакаваны на тэрыторыі Расійскай федэраціі. Паколькі законы Рэспублікі Беларусь тэкст Юрыя Азаронка не парушае, Мы пераклалі яго на мову – цяпер расейцы не зразумеюць, а вы зможаце яго спакойна чытаць.

Шопліфцінг – гэта новая пацеха, якая прадугледжвае сабой ціхі вынас тавара з крамы. Тэрмін нарадзіўся ў сярэдзіне 40-х у ЗША разам з з'яўленнем першых крам самаабслугоўвання. Амерыканцы падлічылі, што ў свеце кожныя пяць секунд здзяйсняецца адзін крадзеж у рознічным гандлі. Не так даўно няхітрая забаўка дабралася да Беларусі. Нягледзячы на крымінальнае адценне сваёй дзейнасці, шопліфцеры асвятляюць сваю дзейнасць у адкрытых пабліках у сацыяльных сетках.

Ідэйны злодзей Іван, 22 гады, менеджар сярэдняга звяна, студэнт старэйшых курсаў універсітэта

Тут няма прадмета для гонару, але ёсць талент. І ёсць краіна, якая крадзе. Ёй супрацьстаяць не войскі, а шопліфцеры. Яны выступаюць у ролі вызвольнікаў. Матывацыя шопліфцера майго кшталту вельмі простая. Усё, што трэба, – гэта ламаць сістэму звыклай куплі/продажы. Мы выдатна ведаем, колькі шмоткі каштуюць у закупе. Не кажучы ўжо пра буйную сеткавую краму ці франшызу. Напрыклад, набыў ты футболку за 15 беларускіх рублёў, пяць разоў папраў і можаш выкінуць у сметнік, таму што яна ўжо як ануча. Выкінуў? Ідзі ў краму за новай. Бачыце сувязь?

Калі б такія рэчы прадавалі з сумленнай мінімальнай нацэнкай, шопліфцінга не было б. Навошта мне купляць дарагую і неякасную рэч і аддаваць за гэта мае заробленыя працай грошы? Тое, што мы робім, не крадзеж. Маё разуменне крадзяжу – гэта калі ты ўкраў штосьці сумленна заробленае ў іншага чалавека. Вызваленне рэчы ў безаблічнай кампаніі, якая толькі нажываецца з-за адсутнасці альтэрнатывы – несумленны заробак, тым больш у нашай краіне.

Апішу сітуацыю ў Расіі сярод маіх ідэйных калег. Напрыклад, ёсць сетка Zara. Там крадзяжы усё разрастаюцца. А сетка OGGI – і там крадзяжоў амаль няма. Чаму? Адна крама вядзе нармальную коштавую палітыку, а другая пхае шмоткі па завышаных цэнах. Ну не могуць кітайскія шорты каштаваць па 40 даляраў.

І асноўнае: як можна назваць шопліфцінг крадзяжом, калі нашыя ўлады крадуць мільярдамі ў звычайных грамадзянаў?

Мы пазычаем адзенне толькі ў дарагіх брэндаў. З іншага боку, мне як студэнту дзяржава не плаціць нармальнай стыпендыі. І як мне выжываць і заставацца чалавекам? Фізікі робяць прылады, якія блакуюць сігналы ад турнікетаў на выхадах, – хоць цюкамі ўсё адтуль вынось.

Але паўтаруся: калі б улада была чалавечная, а капіталізм не такім шалёным, шопліфцінга не было б. Увогуле ў шопліфцера, я б сказаў, ёсць тры стадыі: выжыванне, забаўка і хобі. Помніцца, у лепшыя часы гільдыя шопліфцераў выносіла тавары дарагіх брэндаў на тысячы тры даляраў. Што датычыцца затрыманняў, яны таксама бываюць. Але інтэрвал – недзе адзін раз у чатыры гады. З аховай даводзіцца або дамаўляцца, або атрымліваць адміністрацыйны арышт, бо сума крадзяжу невялікая і краджез здзейснены па патрэбе, а не са злачыннага намеру. Максімум, што нехта з нас атрымаў, – некалькі сутак арышту. Выдатная забаўка, калі ты правакуеш і робіш выгляд, што ўкраў. Цябе незаконна затрымліваюць, а потым ты патрабуеш кампенсацыю за парушэнне тваіх праў.

Злодзей-аматар Людміла, 19 гадоў, студэнтка

Для мяне шопліфцінг – забаўка і спосаб эканоміць на нейкай дробязі. То бок дробяззю яе можна назваць, калі палічыць па асобнасці. А ўсё разам – кругленькая сума. Лак для пазногцяў, вадкасць для здымання лаку, дэзадарант, запалкі, нарэшце, – усё гэта моцна б'е па кішэні, а лішніх грошай у мяне няма. Пачалося ўсё з таго, што мой малады чалавек, стоячы на касе ў гіпермаркеце, абсалютна спакойна ўзяў з прылаўка жуйку і паклаў мне ў кішэню. Сказаў – гэта падарунак.

Потым выявілася, што ён прыхапіў яшчэ два лімона. Матываваў гэта тым, што нацэнка на ўсю гародніну і садавіну – парадку 300 адсоткаў, і што ўсё гэта павінна каштаваць значна танней. Ужо потым ад яго я пазнала, што існуе мноства груп у сацыяльных сетках, куды людзі выкладваюць фота таго, што атрымалася скрасці. Шопліфцінг для мяне – гэта нейкая доля рызыкі. Вы спрабавалі што-небудзь узяць загадзя, падрыхтаваўшыся да гэтага? Адчувалі, як казытае ў грудзі і кроў прылівае да галавы? Мне сорамна пра гэта казаць, але з-за дзікага хвалявання спачатку мяне гэта нават узбуджала.

Вельмі незвычайнае пачуццё і шторазовы страх, калі праходзіш турнікеты. Нават калі дакладна ведаеш, што яны не спрацуюць. Калі цябе злавілі, галоўнае – не ўцякаць. Стой на месцы, строй з сябе дурніцу, плач. Будзь дзяўчынай, таму што амаль усе ахоўнікі – мужчыны. Адносна закона: мы выбіраем тавар на невялікія сумы, а таму максімум, што свеціць, – гэта штрафы. Але найчасцей ты проста плаціш ахоўніку ў два разы больш, чым узяў, і сыходзіш. За два гады маёй дзейнасці ў гэтай сферы мяне схапілі толькі адзін раз. Але нейкая асцярога турнікетаў захоўваецца. Глядзіш на іх заўсёды падазрона, нават калі нічога з сабой няма.

Я, мабыць, скончу гэтым займацца, калі знайду нармальную працу, на якой змагу атрымліваць нармальныя грошы, а не капейкі. Пакуль што – толькі так.

Прафесійны злодзей Кіслы, узрост: паміж 25 і 30 гадамі

Пра рух я пазнаў на пачатку нулявых. Мае старэйшыя знаёмыя, якім было 18-21, пачалі ездзіць па розных краінах Еўропы і бамбіць крамы. Тады мне было прыкладна 10-12, я асабліва не цікавіўся, але з часам пачаў: як гэта так, што нехта на новай машыне, у новай кватэры, ды яшчэ як з голкі апрануты? Раней тэрміна шопліфцер не было. Гэта сёння феномен стаў модным, і яго так абазвалі.

Як правіла, усё бярэцца аб'ёмамі. Не тое, каб гэта буйныя ці дарагія рэчы. Ну, і калі ёсць магчымасць, не магу яе не скарыстаць. Няма – лішні раз не буду паліцца і выйду пустым з буціка. Спосабаў працы вельмі шмат. Методыка ў кожнага свая асабістая. Я працую адзін, каб было менш паліва. Заходжу ў буцік з заплечнікам. З прыстасаванняў маю толькі звычайныя кусачкі з аптэкі для стрыжкі пазногцяў. З іх дапамогай я магу пашкодзіць званок, які будзе вісець на адзенні. Існуе шмат усялякіх магнітаў і гаплікаў для здымання званка, але я прывык дзейнічаць такім дзедаўскім спосабам.

Дык вось, я хаджу па краме, выбіраю адзенне, падыходзіць прадаўнік для кансультацыі. Я кажу яму, што кансультаваць не трэба: я сам выберу, і, калі што, звярнуся. Далей іду ў распранальню, адключаю званкі. Натуральна, там таксама трэба сябе паводзіць вельмі акуратна і рабіць выгляд, што ты прымяраеш. Выходзіш – красуешся. Пасля пашкоджаннія званкоў усё адзенне закідваю ў заплечнік і спакойна іду на выхад з крамы. На самым выйсці трошкі падбівае, таму што дакладна не ведаеш, можа, недзе прапусціў штосьці – і сістэма раптам спрацуе і зазвініць.

Зразумела, адрэналін тут прысутнічае, як ні круці. Але я гэта раблю, таму што не бачу іншых спосабаў зарабіць капейку. Усё роўна цана ўсім гэтым шмоткам у некалькі разоў ніжэй, чым тая, за якую іх прадаюць. Усё, што я бяру ў буціках, перапрадаю. Прытым, найчасцей не ў той краіне, у якой бяру. Усё набранае ляціць дадому поштай. Нашыя людзі любяць адзенне, якое не знойдзеш на рынку. Я працую за мяжой не таму, што баюся тут. Проста не хачу на сваёй роднай зямлі пэцкацца. Дарэчы, там за мяжой існуе такое паняцце, як дэтэктывы. Людзі адмыслова навучаны і працуюць на паліцыю. Яны выглядаюць, як звычайныя пакупнікі, але ходзяць і шукаюць шопліфцераў. Калі ловяць, усё залежыць ад таго, на якую суму ты выносіш з крамы. Могуць даць штраф, а могуць уляпіць месяц-іншы арышту. Раней было прасцей: можна было скалаціць нармальнага бабла, цяпер ўсё гэта немагчыма з-за сістэм відэаназірання і дэтэктываў.

У еўрапейцаў менталітэт зусім іншы. Яны нават і не падумаюць, што я магу такое зрабіць, бо таксама выглядаю, як звычайны еўрапеец. Але калі яны пачуюць рускую гаворку ў краме – лепш выходзь пустым.

Што датычыцца тых, хто выкладае пасты ў сацсетках, – я гэтым не займаюся. Часам заходжу і гляджу, што там моладзь выносіць. У мяне ёсць вузкае кола знаёмых, праз якіх працуе сетка, і ёй мы абмяжоўваемся. Што да таго, ці заходзіць некалькі разоў у адно і тое ж месца – бывалі выпадкі, што выйшаў, скінуўся дзе-небудзь у кустах і адразу ж яшчэ раз зайшоў. Але лепш перастрахоўвацца, няхай пройдзе пару дзянькоў. Потым – памяняць знешні выгляд, і адважна можна заходзіць яшчэ разок. Не факт, што нехта цябе заўважыць. Звычайна камеры стаяць для страху, і на іх ніхто не сядзіць. Але калі прадаўнікі пад канец месяца западозраць крадзеж і калі камера пішучая, яны павесяць маю фотку ў сваiм кабінеце.

Людзям здаецца, што гэта забаўка. Але гэта спосаб выжывання. Скажу абсалютна дакладна, што ў гэтай сферы можна цалкам сябе забяспечваць, не працуючы на будоўлі. Праўда, даводзіцца пабегаць. І часта – ў прамым сэнсе гэтага слова.

Сумленны злодзей Сяргей, 20 гадоў, студэнт

Асабіста я не краду, ў мяне свая методыка. За крадзеж мяне б замучыла сумленне. Працую я выключна па сэканд-хэндах і па той прычыне, што ў нашай краіне там шмат добрых манаткаў, а аддаюць іх па такіх цэнах, быццам бы яны новыя. Перад паходам у краму я апранаю на сябе некалькі кофтаў. Потым у краме бяру рэчы ў прымеркавую і тупа перастаўляю этыкеткі са сваіх старых маек на такія ж майкі і кофты з сэканд-хэнда. Гэта я заву абменам. Раней мы ўсе хадзілі ў адзін і той жа сэканд-хэнд, жылі ў адным інтэрнаце, і гэтай сістэмай карысталіся ўсе. І хлопцы, і дзяўчаты. Смешна было, калі ў сябе на паверсе я ўбачыў нейкага студэнта ў сваёй старой майцы. Ці ён яе купіў, ці памяняўся – я не ўдакладняў.

Увогуле, што крутога было ў тэме – сама сістэма абмену рэчамі. Яна натхніла нас на тое, што аднойчы мы кінулі кліч па ўсіх інтэрнатах, і кожны прынёс усе свае непатрэбныя рэчы для абмену. Заганны бізнес атрымаў легалізаванне. Зараз я раблю гэтак жа. Толькі вось з сэкандамі без турнікетаў у Мінску робіцца ўсё горш. Але мы не здаемся і гатовы ехаць хоць на Жданы, бо грошай на новае пакуль што няма, а старое неяк не шкада.

Што датычыцца зловаў – быў адзін мой таварыш, які павесіў зусім ужо старую і брудную майку, і ўжо на выйсці яго пагукала прадаўніца. Вядома, ён уцёк. Быў выпадак, калі ў гэтым жа сэкандзе з-за кашулі пачалі біцца два футбольных фаната, і мой сябар пад шумок нахабна выцягнуў кофту. Але гэта ўжо не шопліфцінг, а проста пацешны выпадак.

Артыкул 205. Крымінальнага кодэкса РБ. Крадзеж:

Частка 1: Таемнае выкраданне маёмасці (крадзеж) – караецца грамадскімі працамі, ці штрафам, ці выпраўленчымі працамі на тэрмін да двух гадоў, ці арыштам на тэрмін да шасці месяцаў, ці абмежаваннем волі на тэрмін да трох гадоў, ці пазбаўленнем волі на той жа тэрмін.

У кошт усіх тавараў ва ўсіх гандлёвых сетках уключана каля 3% нацэнкі, якія непасрэдна пакрываюць страты ад псуты ці крадзяжу.

Заметили ошибку в тексте – выделите её и нажмите Ctrl+Enter

«Либо профессиональный жалобщик на вас «накатал», либо конкурент». За что Роскомнадзор хочет блокировать KYKY

Боль • Алиса Петрова
В редакцию KYKY пришло письмо от Роскомнадзора. на основании решения суда Тюменской области (Заводоуковский районный суд) сайт KYKY, где обнаружилась страница со статьей «Люди, которые воруют одежду в магазинах», будет заблокирован. Если мы статью не удалим, конечно. Поскольку в байнете уже началась паника, мы поговорили с беларуским и российским правозащитниками о том, что вообще произошло.