Што рабіць, калі ты супраць расійскай авіябазы ў Беларусі

Боль • Николай Янкойть
Ідэю стварэння расійскай ваеннай авіябазы пад Бабруйскам падтрымліваюць далёка не ўсе беларусы. KYKY разбіраецца, як нязгодныя могуць выказаць сваю незадаволенасць дзяржаве і беларускаму грамадству ў межах заканадаўства.

Па апошніх паведамленнях расійскіх СМІ, расійская авіябаза можа з'явіцца ў Беларусі ўжо ў студзені 2016 года. Беларускія ўлады не арганізавалі ніякага грамадскага абмеркавання па гэтым пытанні – але грамадства пачало абмеркаванні само. Нягледзячы на тое, што ваенныя аналітыкі не лічаць магчымае адкрыццё расійскай авіябазы нейкім пераломным момантам для Беларусі, беларусы ўсхваляваныя. У мінулыя выхадныя пратэстны хэштэг #noRussianBaseinBelarus стаў трэндам #1 беларускага твітара – твіты з такім хэштэгам размясцілі сотні ці нават тысячы беларусаў. Актыўнасць карыстальнікаў, сярод іншых, адзначылі пасол Вялікабрытаніі ў Беларусі Брус Бакнэл і павераны ў справах ЗША ў Беларусі Скот Роланд.

Зразумела ж, можна быць супраць базы, а можна быць за. Аднак пратэставаць супраць рашэння ўлады – справа куды больш тонкая і складаная, чым падтрымка гэтага рашэння. Мы вырашылі разабрацца, як гэта можна зрабіць, не парушаючы беларускае заканадаўства.

Ці можна правесці рэферэндум?

Найбольш частая (і, як нам падаецца, найбольш лагічная) прапанова інтэрнэт-карыстальнікаў – вынесці пытанне аб стварэнні базы на рэферэндум. Наколькі такі сцэнар магчымы, мы вырашылі запытаць удзельніцу руху «Народны рэферэндум» Таццяну Караткевіч.

«Саму працэдуру рэферэндуму можа ініцыяваць парламент, прэзідэнт альбо зарэгістраваная ініцыятыўная група, якая збярэ 450 тысяч подпісаў на працягу двух месяцаў. Зарэгістраваць групу, хутчэй за ўсё, не атрымаецца, паколькі гэта не адпавядае інтарэсам улады – ЦВК проста адмовіць у рэгістрацыі. Можна звяртацца непасрэдна да парламентарыяў і прэзідэнта. А можна збіраць подпісы, а потым накіроўваць іх парламентарыям – яны павінны даць афіцыйны адказ.

Калі мы ініцыявалі «Народны рэферэндум», то сфармулявалі сярод іншых і гэта пытанне: «Ці згодныя вы, каб на тэрыторыі Беларусі размяшчаліся любыя замежныя ваенныя аб'екты?». І пад гэта пытанне сабралі ўжо 120 тысяч подпісаў. Але і парламент, і прэзідэнт сказалі, што ў правядзенні такога рэферэндума пакуль няма неабходнасці. Я лічу, што трэба падтрымліваць усе дыскусіі на гэту тэму як мага актыўней, выказвацца публічна, удзельнічаць у акцыях, петыцыях, падаваць заявы на правядзенне пікетаў і мітынгаў. Трэба, каб як мага больш людзей даведалася і задумалася пра гэта пытанне.

Увогуле нават дзіўна, што пытанне пра базу паўстала так: згодна з 18 артыкулам нашай Канстытуцыі Беларусь імкнецца да нейтральнага ваеннага статуса.

Таму будоўля на нашай тэрыторыі замежнай ваеннай базы – па сутнасці, парушэнне Канстытуцыі. Ёсць яшчэ варыянт, як выказацца супраць таго, каб у нас размяшчаліся замежныя аб'екты – галасаваць за Таццяну Караткевіч, у праграме якой ёсць адпаведны пункт! Мы ўжо праводзілі ў межах перадвыбарнай агітацыі пікет супраць расійскай базы, і абавязкова правядзем яшчэ адзін у Бабруйску – далучайцеся».

Як можна выказаць пратэст?

Проста падняцца з канапы і выйсці на плошчу з транспарантамі – у Беларусі не варыянт. Безумоўна, пра такі пратэст напішуць ліберальныя СМІ і сайты праваабарончых арганізацый, але ніякага іншага профіта ад гэтых дзеянняў, хутчэй за ўсё, не будзе. Затое будзе аўтазак і атрад АМАПа – як гэта было ў Баранавічах, дзе на пікет супраць базы выйшла каля 30 футбольных фанатаў. Забралі іх хвілін праз дзесяць. Незарэгістраваныя мітынгі і пікеты – парушэнне артыкула 23.34 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях, і за ўдзел у іх можна атрымаць адміністратыўны арышт або да 30 базавых велічынь штрафа (а за арганізацыю – да 40). Мы сабралі пяць легальных спосабаў пратэста – і выставілі ім рэйтынг.

На шчасце, сацсеткі ў Беларусі пакуль не забароненыя. Асноўны іх плюс, безумоўна, – шырыня аўдыторыі. Пэўна, сярэдні беларус пакуль глядзіць тэлевізар часцей, чым гартае стужку фэйсбука, але самыя актыўныя ў сацсетках ёсць – а менавіта яны і могуць разнесці пратэстную хвалю далей. Нават калі з вашай тысячы сяброў пост заўважыць толькі дзесяць, гэта можа быць карысным.

Плюсы:

- абсалютна бясплатна і не патрабуе шмат часу;

- кожны пост мае шанец пакаціцца па інтэрнэтах, набіраючы масу, як снежны ком.

Мінусы:

- трэба быць уважлівым з фармулёўкамі. Ніякіх заклікаў да экстрэмізму, ніякага шавінізму, ніякіх заклікаў да звяржэння ўлады – усё гэта парушэнне закона;

- хутчэй за ўсё, ваш пост заўважаць толькі тыя сябры, якія і самі ведаюць аб вашай праблеме, а гэта значыць – актыўная аўдыторыя дыскусіі не пашырыцца;

- улады не лічацца з заклікамі ў сацсеткі: лайкі – не подпісы, а прафайлы – яшчэ не жывыя людзі. А гэта значыць, аднымі сацсеткамі словы ў справы перавесці не атрымаецца: краіна, аб якой ты марыш, не пабудуецца сама, пакуль ты сядзіш на канапе і лайкаеш пасты ў VK.

Падабаецца вам улада ці не, ісці з ёй на прамыя кантакты трэба, іначай яе ігнараванне вашых пажаданняў можна будзе лічыць абсалютна справядлівым. Амаль ува ўсе ўладныя структуры можна пісаць лісты, у тым ліку электронныя. Напрыклад, вы можаце звярнуцца ў Адміністрацыю прэзідэнта; ваш ліст зарэгіструюць як афіцыйны зварот, і павінны будуць адказаць на яго на працягу 15 дзён (пры неабходнасці дадатковай праверкі – на працягу месяца).

Плюсы:

- бясплатна і не займае шмат часу;

- вы звяртаецеся непасрэдна да тых людзей, у чыіх руках сканцэнтраваная ўлада ў краіне, і абавязкова атрымаеце ад іх афіцыйны адказ.

Мінусы:

- механізм адказу на звароты грамадзян не вывучаны: магчыма, ў адказ на ўсе вашы лісты будзе прыходзіць аднолькавая безасабовая адпіска: «Мы тут разгледзелі.. Ну, карацей, не. Выбачайце»;

- наўрад ці ваш ліст стане падставай для сур'ёзных змен у палітычным курсе краіны. Магчыма, 100 тысяч лістоў сталі б падставай – але для гэтага вам трэба сабраць 99.999 паплечнікаў, а гэта вельмі нетрывіяльная задача. Некаторыя кандыдаты ў кандыдаты ў прэзідэнты з ёй, напрыклад, не справіліся;

- магчыма, для кагосьці будзе мінусам і тое, што звароты павінны быць неананімнымі: трэба пакінуць Адміністрацыі свае прозвішча, ініцыялы і адрас пражывання.

Правесці масавае мерапрыемства ў горадзе можна і без парушэння закону, але для гэтага трэба правесці папярэднюю бюракратычную падрыхтоўку. Звяртайцеся з заявамі ў гарадскія і раённыя выканкамы, узгадняйце даты, месца і ўсе дэталі – і смела выходзьце ў горад хоць утраіх, хоць вялікім натоўпам.

Плюсы:

- вас змогуць убачыць людзі любога ўзросту, любой прафесіі і любога сацыяльнага статусу, у тым ліку тыя, хто зусім не чуў аб праблеме;

- на вас не змогуць напасці праціўнікі вашага меркавання, бо вас будзе ахоўваць міліцыя.

Мінусы:

- выканкам можа адмовіць вам у правядзенні пікета/мітынга/мерапрыемства без асаблівага тлумачэння прычын (бо прычыны адмовіць знойдуцца заўсёды);

- міліцыі за ахову пікета трэба будзе заплаціць;

- узгадненне можа заняць шмат часу – магчыма, настолькі шмат, што базу ўжо паспеюць адкрыць;

- пра ваш пікет наўрад ці напішуць дзяржаўныя СМІ, таму аўдыторыя, якая пра яго даведаецца, будзе даволі абмежаванай.

А вось і варыянт ад «Народнага рэферэндуму». Рэгіструйце ініцыятыўную групу – і смела збірайце народныя подпісы па любым пытанні. Канешне, сабраць подпісы на цэлы рэферэндум будзе цяжка: 450 тысяч подпісаў за два месяцы – гэта амаль непасільная праца. Але згодна з законам «Аб зваротах грамадзян» Адміністрацыя прэзідэнта і Палата прадстаўнікоў павінны адказваць на ўсе калектыўныя звароты хаця б з 30 подпісамі.

Плюсы:

- шырокая аўдыторыя – уся Беларусь;

- калі ў вас атрымаецца сабраць шмат подпісаў, дзяржава наўрад ці зможа вас праігнараваць. А гэта значыць, розгалас вашых дзеянняў можа атрымацца вельмі шырокім. А гэта, у сваю чаргу, дае надзею на яшчэ больш паспяховы збор подпісаў з наступнай спробы;

- атрымаеце шмат новых знаёмстваў і навыкі працы ў групе – а гэта ніколі не перашкодзіць.

Мінусы:

- могуць узнікнуць бюракратычныя цяжкасці з рэгістрацыяй ініцыятыўнай групы;

- патрэбныя сродкі, час і сілы. Шмат сіл, шмат сродкаў і вельмі шмат часу – магчыма, больш, чым засталося на пастаноўку пытання;

- на жаль, нават паспяховы збор подпісаў зусім не гарантуе правядзенне рэферэндуму.

Марыце змяніць штосьці ў дзяржаве і не верыце палітыкам? Думаеце, што палітыка – брудная і няўдзячная справа? Пакуль вы будзеце так думаць, так яно і будзе. Хочаце нешта змяніць – набірайцеся вопыту і сіл, ідзіце і мяняйце. Самі. Наступныя выбары ў мясцовыя Саветы дэпутатаў ажно ў 2018 годзе, на прэзідэнцкія вы падацца ўжо не паспелі, затое выбары ў Парламент будуць прыблізна праз год, у 2016. Пачніце рыхтавацца да іх сёння.

Плюсы:

- пры паспяховым праходзе ва ўладныя структуры вы атрымаеце пэўны ўплыў на дзяржаўныя рашэнні, а таксама спрашчэнні ў бюракратычнай сістэме;

- сваёй асобай, сваімі добрымі справамі і мудрымі словамі вы зможаце змяніць адносіны беларусаў да палітыкі, паказаць людзям, што яна можа быць і не бруднай. А гэта значыць – прыцягнуць у палітыку разумных, адукаваных, вопытных людзей у якасці сваіх паплечнікаў, а магчыма – і стварыць новую фракцыю ўва ўладзе.

Мінусы:

- вас абавязкова запішуць у тую самую «апазіцыю» – не апазіцыю чамусьці канкрэтнаму, а проста-так-апазіцыю. Значны працэнт беларусаў будзе ставіцца да вас са знявагай, а тое і з пагардай;

- калі база і сапраўды з'явіцца ў Беларусі ў студзені 2016, то вы ўжо спазніліся. А гэта значыць, што нават у выпадку поспеху пытанне трэба будзе ставіць па-іншаму: не «навошта нам расійская база», а «як бы закрыць расійскую базу»;

- апошнія год 15 прабіцца ў рэальныя шэрагі ўлады не атрымлівалася ні ў каго, хто выказваў меркаванні, альтэрнатыўныя праўладным. Гэта не значыць, што не трэба спрабаваць – але гэта дакладна значыць, што будзе цяжка.

Заметили ошибку в тексте – выделите её и нажмите Ctrl+Enter

Десять типов очередей, в которых стоят белорусы

Боль • редакция KYKY

У белорусов есть тайная страсть – стоять в очереди. Не важно, куда: в банк, за едой, к врачу, в туалет или же с целью записать детей в бассейн. В белорусской очереди можно умереть и даже родиться (если занимала беременная), в очереди можно сойти с ума и прочитать полностью «Войну и мир». KYKY составил топ-10 очередей, в которых белорусы проводят свои часы, дни и, в конечном итоге, месяцы.