Наваколле. Самыя светлыя месцы Беларусi

Проекты • редакция KYKY
«Наваколле» — новы праект KYKY.ORG, зладжаны пры падтрымцы буйнейшага мабiльнага аператара МТС ды Volkswagen. Мы ездзім па Беларусі ў пошуках самага-самага: 10 вандровак — 10 незвычайных месцаў і сто выпадковых цікавостак, што трапіліся нам па дарозе. Нашае пакаленне адкрывае сваё наваколле! Гарады і вёскі, рэчы і краявіды, гісторыя, славутасці, людзі.

Папа Рымскі Францішак у нашых жывапісных наваколлях яшчэ не бываў, але паспеў напісаць беларускай верніцы ліст “з удзячнасцю за тое, што яна зрабіла і робіць для Касцёла'. Але хто яна, гэта самаадданая жанчына, якая, як пішуць у газетах, у дзяцінстве праходзіла 18 кіламетраў, каб проста ўкленчыць перад алтаром, вучыла тутэйшых дзетак верыць у Бога і не думала пра пераслед з боку савецкіх уладаў? Каб бліжэй пазнаёміцца з ёю, мы выпраўляемся ў Муляры, вёску на паўночным захадзе Вілейшчыны.

Дарога Р28 – шлях для тых рамантыкаў, хто не ўяўляе свайго жыцця без гістарычных вандровак. Ты толькі выязджаеш са сталіцы, і праз 20 хвілінаў цябе вітае Заслаўе, пасля сустракаюць Радашковічы, дзе ў касцёле хрысцілі Янку Купалу, дзе нарадзіўся Юліян Гарайн, пісьменнік, сябра Генрыка Сянкевіча і Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча. У прысутнасці Купалы ў 1913 годзе тут адбылася першая пастаноўка “Паўлінкі', і менавіта тут працавала студыя мастака Язэпа Драздовіча, які першым распавёў беларусам пра жыццё на Марсе.

Вёсачка Плябань, што стаіць далей на шашы, таксама мае цікавае мінулае. Ну, найперш, адкуль такая назва? Паданне кажа, што ў даўнейшыя часы праз гэтыя мясціны праязджаў Вялікі князь Аляксандр Ягелончык. Нечакана для яго і світы пад карэту выскачылі ваўкі, і коні панеслі. Князь да таго расхваляваўся, што ў сваіх маленнях паабяцаў пабудаваць у гэтай мясцовасці храм. Святыня тут і сапраўды з'явілася, а каля жытла ксяндза (плябаніі) пачаў сяліцца тамтэйшы народ. Касцёл, дарэчы, дзейнічае тут з сярэдзіны XIX стагоддзя. Але пасля паўстання 1863 года ён быў перададзены праваслаўнай царкве.

Кажуць, што падчас антыцарскага супраціву мясцовы ксёндз дазваляў хаваць у храме зброю, за што і быў “узнагароджаны' высылкай у Сібір. Пры Саветах святыню ператварылі ў руіны, але цяпер ён мае вось такі выгляд.

Затое захаваўся каталіцкі храм у доўгай, бясконцай вёсцы Краснае. Касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі бачны за некалькі кіламетраў ад мястэчка і служыць для яго своеасаблівай візітоўкай.

Мы мінаем Маладзечна, Вілейку і на некалькі хвілін спыняем наш “Volkswagen Tiguan' у аграгарадку Любань каля мясцовай крамкі. Ля вітрыны з бутэлькамі дзве занепакоеныя жанчыны жвава абмяркоўваюць, што набыць на ўрачыстасць.

— Бярыце гарэлку! — падказвае пакупнікам прадпрымальная прадавачка.

— Можа сапраўды возьмем? — перашэптваюцца паміж сабой жанчыны.

— Безумоўна, бярыце. Яна ў нас добрая, не палёная! — нечаканы аргумент касіркі бярэ сваё і ставіць кропку ў гэтай гісторыі.

Замест гарэлкі мы бярэм квас і, нават не дапіўшы яго, прыязджаем у Муляры. Ядвіга Пастэрнак, гераіня нашага апавядання, жыве ў акуратным жоўтым дамку на самым ускрайку вёскі. Жыве яна не адна, а разам з катом па мянушцы Барсік.

Гісторыю Ядвігі Пастэрнак у ваколіцах чуў кожны. У вясковай акрузе яе ведалі як добрую краўчыху, аднак уся краіны даведалася аб ёй, дзякуючы яе нязломнай веры.

— Як так здарылася, што я атрымала ліст ад Папы? — седзячы на канапе у вялікім пакоі, запытваецца сама ў сябе Ядвіга Пастэрнак. — Летась нашаму вілейскаму касцёлу споўнілася 100 гадоў. Ксёндз даручыў мне падрыхтаваць прамову. І я ў прысутнасці апостальскага нунцыя Клаўдыа Гуджароці зачытала яе перад усімі прысутнымі, распавяла пра касцёльнае жыццё, перадала прывітанне Папе. Нунцый адвёз гэты тэкст у Ватыкан. Папа ацаніў нашу веру і даслаў мне ліст. 22 снежня 2014 года Клаўдыа Гуджароці ўручыў мне яго ў Вілейцы. Вось, дачакалася радасці на старасці год.

Пакуль фатограф робіць некалькі пробных здымкаў, спадарыня Ядвіга паказвае нам копію ліста (арыгінал знаходзіцца ў вілейскім касцёле) з папскім гербам і аўтографам, а пасля павольна паглыбляецца ва ўспаміны.

Салодкім яе жыццё не назавеш. Да 25 гадоў яна была вымушана хадзіць на мыліцах. Верыла ў Бога, а таму проста не магла ўявіць сваё жыццё без касцёла. Бліжэйшая святыня знаходзіцца ў Вішневе, пешшу да яе даводзілася адмяраць 18 кіламетраў! Як кажа спадарыня Ядвіга, ісці было цяжка і балюча. Мыліцы часта “набівалі' мазалі.Начавала дзяўчына ў сясцёр-непакалянак (жаночая манаская кангрэгацыя — Аўт.), якія заўжды давалі месца пад начлег.

— Калі прыходзіла да алтара, прасіла Бога, каб нейкая перамена прыйшла ў маё жыццё, аб міласэрнасці, — прыгадвае Ядвіга Пастэрнак. — А потым адбыўся цуд! У Вілейку прыехаў хірург, зрабіў мне аперацыю, і я пачала хадзіць на сваіх нагах.

Ядвіга Пастэрнак вучыла дзетак верыць у Бога, ладзіла агульныя маленні, малілася і разам з праваслаўнымі, у царкве. А яшчэ, як і яе бацька, рабіла краўцом. Між іншага, ніколі не ўступала ў калгас. Прымала замовы і працавала дома, на сябе.

— Прыходзілі да мяне з усіх ваколіц. Шыла я ўсялякую вопратку. Дзяўчаты замаўлялі сукенкі, спадніцы, кофты, сарафанчыкі, — кажа наша суразмоўца і паказвае чорна-белыя фотаздымкі паненак, на якіх тыя пазіруюць у пашытых ёй строях. — Працавала і ўначы. А што было рабіць, калі паабяцала? Запальвала лучыну і шыла!

Вось дзе парадокс. Усё жыццё яна толькі стварала сукенкі для нявест, а сама апынулася ў гэтым абліччы толькі… у 58-гадовым узросце!

— Мы з Баляславам аднагодкі. Разам у школу хадзілі. Яго жонка памерла, прайшоў час і ён зрабіў мне прапанову. Ён быў добрым, веруючым чалавекам. Мы адно аднаго паважалі. Разам пражылі 9 гадоў…

Апошнія навіны спадарыня Ядвіга даведваецца з вечаровых эфіраў Ватыканскага радыё, а за інаўгурацыяй новага Папы Францішка сачыла па “талерцы' у суседкі. Пра свайго вядомага пісьменніка-аднафамільца таксама чула, але чытаць любіць Генрыка Сянкевіча і мае некалькі ягоных кніжак у сваёй бібліятэчцы.

Мы пакідаем Ядвігу Пастэрнак каля 12-й гадзіны. Дзень толькі пачынаецца, і вандроўка працягваецца.

За Мулярамі на пагорку, знаходзяцца могілкі нямецкіх жаўнераў, якія загінулі падчас Першай сусветнай вайны. У 2009-м пагост добраўпарадкоўвалі вайскоўцы-рэзервісты з Германіі.

Далей накіроўваемся пад Лепель, да музея аўто пад адкрытым небам. Прызнацца, калі мы спыталі пра знаходжанне музея ў жыхаркі вёскі Чарнаручча, яна зарагатала так, нібы пачула самы смешны жарт у сваім жыцці. Аднак, калі пад'ехалі да прыдарожнай кавярні, каля якой прыпаркаваліся дальнабойшчыкі, цалкам зразумелі смех жанчыны. Каля дзіўнай прыбудовы з надпісам “РЫБА' стаялі некалькі дабітых жыццём машынак.

Мы ад гэтай рэчаіснасці не засумавалі, а знайшлі каля стаянкі дальнабояў… сапраўдную страусовую ферму! Такі вось бонус для тых, каго не зачапіла любоў да рэтра-аўтамабіляў.

Ускрайкамі аб'язджаем Лепель, Докшыцы і едзем на мяжу Глыбоцкага і Полацкага раёнаў, да вёскі Сахновічы, каля якой знаходзіцца адзіная ў Беларусі пячора. Прайсці да яе без дапамогі мясцовага гіда ці хаця б навігатара вельмі цяжка.

Добра, што хоць сувязь працуе тут на неблагім узроўні, а таму пасля блуканняў па шыю ў крапіве на ўзбярэжжы Гінькава возера мы натрапілі на такую вось дзірку.

Сталактытаў тут пакуль няма, а вось эразійных утварэнняў хапае. Уся гэта прыгажосць знаходзіцца на стромых схілах жывапіснага возера, трэцяга па глыбіні ў краіне.

Вёска Мосар — яшчэ адна славутасць Глыбоччыны. На жаль, ксёндз Ёзас Булька, які актыўна прапагандаваў здаровы лад жыцця і ператварыў вёску ў турыстычны цэнтр, колькі гадоў таму памёр. Але справа яго і зараз жыве. Тут сапраўды ёсць на што паглядзець. Напрыклад, у касцёле святой Ганны з 1838 года знаходзяцца рэліквіі святога Юстына, а ля самой святыні усталяваны фігура Яна Паўла ІІ і копія вядомай скульптуры “Пьета' Мікеланджэла.

Ксёндз Булька добраўпарадкаваў не толькі Мосар, але і вёску Парыж, што на Пастаўшчыне. Так, менавіта тут у 2007-м годзе ўсталявалі маленькую копію Эйфелевай вежы. Дарэчы, жыхарам вёскі, якую, як многія лічаць, мясцовы шляхціч назваў праз уласныя бздуры, давялося адстойваць гістарычную назву. У 1970-я, мястэчка пераназвалі ў Новадруцк. І толькі 9 гадоў таму на картах зноў з'явілася старая-добрая назва Парыж.

Сонца коціцца залацістым шарам за гарызонт, а мы праязджаем праз Дунілавічы і Лучай.


Перад Паставамі паварочваем налева і праз хвілінаў 6 трапляем у Манькавічы, дзе за вёскай засталіся рэшткі плаціны вадзянога млына. Можна толькі ўявіць, што тут было раней, калі нават гэтыя аскепкі літаральна зачароўваюць!

На зваротным шляху заязджаем у Паставы. На гадзінніку амаль ужо 10 вечара, а жыццё ў горадзе віруе. З рэстаранаў чуваць музыку, а на лаўках гамоніць моладзь. Затое амаль нікога не чуваць на ўзбярэжжы ракі Мядзелка, каля неагатычнага касцёла святога Антонія Падуанскага. У святле штучных агеньчыкаў ён выглядае вытанчана, і па-сапраўднаму эстэтычна.

І на хвіліну здаецца, што дзеля вось такіх краявідаў неабходна вандраваць, адкрываць і спасцігаць беларускае наваколле.

Рэдакцыя KYKY.ORG выказвае падзяку мабiльнаму аператару МТС i афiцыйнаму iмпарцёру Volkswagen у Беларусi «Атлант-М Фарцойгхандель» за дапамогу ў стварэннi праекту «Наваколле».

Заметили ошибку в тексте – выделите её и нажмите Ctrl+Enter

Наваколле. Самае таямнічае месца Беларусi

Проекты • редакция KYKY

«Наваколле» — новы праект KYKY.ORG, зладжаны пры падтрымцы буйнейшага мабiльнага аператара МТС ды Volkswagen. Мы ездзім па Беларусі ў пошуках самага-самага: 10 вандровак — 10 незвычайных месцаў і сто выпадковых цікавостак, што трапіліся нам па дарозе. Нашае пакаленне адкрывае сваё наваколле! Гарады і вёскі, рэчы і краявіды, гісторыя, славутасці, людзі.