Вершы ў аўтобусе, якi вязе на працу

Литература • Хрысціна Чарнушэвіч
Дзмітрый Дзмітрыеў – адзін з нямногiх беларускiх паэтаў, якiя займаюцца візуальнай паэзіяй, складаным i чароўным сінтэзам літаратуры і графікі. Часопісу КУ ён расказаў, як прыдумляць і чытаць такі верш, які нагадвае рэбус з адразу некалькімi правільнымi адказамi.

Ёсць людзі, якія наогул адмаўляюцца прызнаць візуальную паэзію літаратурай i  адносяць гэты жанр непасрэдна да выяўленчага мастацтва.

Мы прызвычаіліся лічыць паэзіяй пэўныя спалучэнні слоў, радкі вершаў. Але амаль кожны аднойчы назіраў дзівосны захад сонца і казаў: «Вось гэта сапраўдная паэзія!» Так, візуальная літаратура задзейнічае менавіта выяўленчыя сродкі: прыгажосць і арганізаванасць тэксту. Але гэта ўсё – адзіная паэзія.

У той жа час сувязь з жывапісам нельга аспрэчваць.

Насамрэч існуе меркаванне, нібыта на Захадзе візуальнай паэзіяй займаюцца мастакі, а ў Беларусі і Расеі – менавіта паэты. Я сутыкнуўся з гэтым стэрэатыпам, калі атрымаў стыпендыю ў Швейцарыі і жыў там пэўны час. Калі я паказваў свае працы супрацоўнікам Мюлерхаусу, літаратурнага цэнтру, яны казалі: «О, глядзі, у нас мастак жыве!» І для мяне гэта было вельмі дзіўна, бо я не мастак, бо я працую, у першую чаргу, са словам.

кошт

'Мода - што? Кошт грош'

То бок, галоўную ролю грае тэкст, а не яго графічнае афармленне?

Толькі тэкст! Мае першыя эксперыменты, якія былі надрукаваныя ў ARCHE, увогуле не маюць ніякага дачынення да выяўленчага мастацтва: яны занадта нязграбныя. З цягам часу становіцца зразумела, што трэба імкнуцца да дасканалага графічнага выканання амбіграмаў, але для мяне галоўнае – тэкст.

Вы ўзгадалі амбіграмы...

Амбіграма – гэта і ёсць фраза, запісаная з дапамогай адмысловага ўзору. Такая фраза мае некалькі варыянтаў прачытання – трэба толькі паглядзець на яе з розных ракурсаў.

god

'Магутны божа - уладар сусвету'                                

Што ж падштурхнула вас да працы ў такім нетрывіяльным жанры?

Шчыра кажучы, я нават не ведаю, як увогуле прыйшоў да працы са словам, бо ў школе ніколі не выказваў ахвоты да літаратуры. Для мяне гэта быў вельмі складаны і незнаёмы прадмет. Але магу падзякаваць сваім бацькам за тое, што яны прыдумалі мне такое надзвычай канцэнтраванае імя, з якім было б дзіўна займацца чымсьці іншым. Таму зараз мая ўвага засяроджана на амбіграмах і графічных эксперыментах у тэксце.

Як вы адшукваеце ўсе гэтыя моўна-графічныя парадоксы? Як высвятляеце, што калі вось гэтае слова перакуліць, то атрымаецца нейкае іншае?

Ёсць такая з’ява – натхненне. І ніякага падрыхтаванага алгарытму дзеянняў няма. Натуральна, чалавек, які рыфмуе словы, мае пэўны запас, напрацаваны часам. «Любоў – кроў»... Ён ведае, што скарыстае гэта, калі будзе патрэба, – альбо іранічна, альбо сур’ёзна. Ёсць даволі працяглы час, калі я наогул нічога не пішу і, дарэчы, вельмі добра сябе адчуваю. А вось амбіграму «Магутны Божа, Уладар Сусвету» я стварыў за пяць хвілін. Гэта адбылося пасля канцэрту арганнай музыкі Баха. Я загадзя ведаў, што я гэта зраблю, і ўсё атрымалася.

Малюнак адразу фарміруецца ў галаве? Ці трэба рабіць дадатковыя эскізы на паперы?

Звычайна ўяўляю ўсё ў галаве. Сучасны лад жыцця не дазваляе мне сядзець за сталом і штосьці прыдумваць. Таму я раблю гэта ў аўтобусе № 1, які вязе мяне з хаты на працу.

поэт

фото: Зміцер Шамяткоў                                            

Вы прэзентавалі свае творы ў Швейцарыі. Як гэта атрымалася?

Гэта быў сумесны беларуска-швейцарскі праект Worttandem. Я працаваў у культурным тандэме з вядомым швейцарскім паэтам-візуалістам Бэатам Глоарам. Выставы нашых твораў ладзіліся спачатку ў Бадэне, а потым – ў Мінску. Гэта было вельмі цікава. Мы з Бэатам трохі разыходзіліся ў падыходах да візуальнай паэзіі. Ён лічыць сябе хутчэй навукоўцам, даследчыкам, я ж прытрымліваюся больш рамантычнага погляду. Мяне цікавяць тэмы адзіноты, кахання, Бога, часа, прасторы. Але я лічу, што прэзентаваць такую неперакладальную літаратуру на Захадзе магчыма толькі ў тандэмах. Каб замежны чытач, які не валодае беларускай мовай, мог зразумець, што я раблю, патрэбны адпаведнік з яго краіны.

Цi папулярная ў Швейцарыі візуальная паэзія? У нас, здаецца, мала хто знаёмы з такой з’явай.

Разумееце, візуальная паэзія – гэта не нейкая рэзервацыя, у якой бытуюць паэты. Гэта звычайная літаратура. Мне даволі складана меркаваць, як усё адбываецца ў Швейцарыі, бо, каб рабіць высновы, трэба быць не госцем, а жыхаром. Але там друкуецца шмат выданняў, шмат людзей наведвае музеі, дзе прысутнічаюць тэкставыя працы. Я ўласнымі вачыма бачыў кнігі Бэата Глоара на паліцах у крамах Жэневы і Берна.

я

'Я ад бога - яго я раб'             

Дарэчы, якая форма найбольш пасуе дэманстрацыі візуальных твораў? Кніга ці выстава ў галерэі? Некаторыя працы трэба ж, напрыклад, пераварочваць!

Мы сутыкнуліся з пэўнымі цяжкасцямі, калі рыхтавалі выставу ў Бадэне, бо павінны былі вырашыць, якім бокам вешаць нашыя амбіграмы. Але мы знайшлі выйсце! Частку амбіграмаў мы ўладкавалі на лесвіцы, каб чалавек, падымаючыся, бачыў адзін бок, а з іншым прачытаннем знаёміўся, ужо гледзячы зверху. І мы няспынна звярталі ўвагу людзей на тое, што гэты тэкст трэба чытаць двойчы. Даволі нязручна. Асабіста мне падабаецца кніга. Я вельмі хачу пабачыць сваю ўласную кнігу, тым больш што яна ўжо цалкам гатовая, але, праз пэўныя фінансавыя прычыны, яшчэ не надрукаваная. Думаю, што гэта калі не справа часу, то справа шчаслівага выпадку. Чакаю мецэнатаў.

Калі кніга нарэшце выйдзе, у яе будзе нейкая раскрутка? Ці як заўсёды – 200 асобнікаў, і ўсе ляжаць у галерэі «Ў»?

У такім вялікім горадзе як Мінск вакол адной кнігарні гуртуецца ўсё інтэлектуальнае жыццё. А можа, і ўся Беларусь. Цалкам верагодна, што там знаходзяцца і мае патэнцыяльныя чытачы. Наконт тыража – гэта адэкватная колькасць асобнікаў. У выдавецкай дзейнасці існуе менавіта камерцыйная зацікаўленасць – натуральна, кніга мусіць прадавацца. Не проста ляжаць, не проста цешыць амбіцыі аўтара, а менавіта прадавацца. Ну, я спадзяюся, што раблю тое, што можа выклікаць цікавасць. Але ж гэта ўсё роўна рызыка, хоць і не ўласнымі грашыма.

ямб

'Ямб'                    

Прыёмы візуальнай паэзіі шырока выкарыстоўваюцца ў рэкламе. Ці хацелі б вы заняцца, напрыклад, стварэннем лагатыпаў?

Я не адчуваю ў сябе такой патрэбы. Як ужо казаў, я рамантык, і рэклама мяне не вельмі цікавіць. Але што тычыцца лагатыпаў… Думаю, было б вельмі добра зрабіць амбіграмічны лагатып для нейкай арганізацыі, якая магла б прадстаўляць нашу Зямлю перад іншапланетнымі істотамі. То бок, яны глядзяць на нас зверху і чытаюць адно пасланне, а мы разумеем другое.

Вы верыце, што хтосьці глядзіць на нас?

Я ў гэтым перакананы.

На ваш погляд, ці можна лічыць якасную і арыгінальную рэкламу мастацтвам?

У 1910 годзе здарыўся даволі загадкавы выпадак. Асуджаны на смяротнае пакаранне злачынец, знаходзячыся на эшафоце, выкрыкнуў у натоўп: «Піце какаву Ван Гутэна!» Яго апошнія словы так уразілі людзей, што на наступны дзень уся какава гэтай маркі была разабраная.

2011

'2011 - ноч'                                 

Але ж цяжка назваць гэта мастацтвам. Хутчэй, эпатажам таго часу?

Не, гэта не эпатаж! «Піце какаву Ван Гутэна!» стала не толькі казусам у свеце рэкламы, але і моцным мастацкім вобразам. Яшчэ Маякоўскі ўзгадваў у сваім вершы гэтую падзею.

А калі зазірнуць у будучыню, якія перспектывы чакаюць візуальную паэзію?

Аднойчы мы з Бэатам нешта абмяркоўвалі, і ён сказаў: «Трэба друкаваць кнігі на паперы, пакуль ёсць час». У кожную эпоху людзі лічаць, што яны пражываюць апошнія дні цывілізацыі. Заўсёды лунае нейкі ўпадніцкі дух. Але я думаю, што ў паэзіі ёсць патэнцыял, бо заўжды існуюць людзі, якія падтрымліваюць цікавасць да літаратуры.

Заметили ошибку в тексте – выделите её и нажмите Ctrl+Enter

Улья слов

Литература • Андрей Диченко

Улья Нова – это писательница из Москвы, в своих книгах «Инка» и «Лазалки» занимается в основном тем, что легко трансформирует будничный мир в магический. Журналу КУ она рассказала, из какого мира она пришла в литературу, как справиться с депрессией и почему Минску идет туман.

Популярное