На Каляды мастак і пісьменнік Андрэй Пакроўскі здзейсніў шчыры coming out і публічна прызнаўся, што больш не верыць у Дзеда Мароза. «Не ведаю, ці будзе Дзед Мароз яму за гэта помсціць і ці не папоўніць яго і без таго багатую калекцыю антрапаморфных ровараў, але несумненна адно: страта гэтай веры мела для беларускай літаратуры незваротныя вынікі», — сцвярджае рэдактарка кнігі Ганна Янкута.
Кніга складаецца з 50 невялічкіх апавяданняў. Ілюстрацыі да іх у стылі Джона Ленана рабіў сам аўтар. «Гісторыі Пакроўскага — гэта гісторыі пазбаўлення ад ілюзіяў, сярод якіх вера ў Дзеда Мароза — адна з самых дробных і бяскрыўдных. Дзіўнаватых персанажаў кнігі чакаюць непрыемнасці рознага маштабу. Напрыклад, па радыё перастаюць круціць Баярскага альбо ўздоўж Свіслачы пачынае лютаваць птушыны грып», — працягвае Ганна Янкута. Але непрыемнасці ніколі не ператвараюцца ў нешта трагічнае. Яны так і застаюцца непрыемнасцямі, часам ператвараючыся ў звычкі, і то прыводзяць персанажаў да нечага незвычайнага, а то і ўвогуле ні да чаго не прыводзяць.
Хаця не, адзін раз трагедыя ўсё ж адбываецца.
Прачытаць кнігу Андрэя Пакроўскага «Як я перастаў верыць у Дзеда Мароза» можна тут.