Налог на тунеядцев все же введут. Эта новость в Минске стала самой обсуждаемой на текущей неделе. Настолько, что читатель Кiрыла Хiлько (впоследствии признавшийся в том, что он журналист) прислал в редакцию KYKY огненный текст, где абсурдность нового законопроекта доведена до предела. «З дапамогай нябёсамі пасланага дару статыстыкі абгрунтуем, якія яшчэ пошліны і падаткі мусяць папоўнiць бюджэт краiны», — пiша Кiрыла.
Дзяржаве захацелася хуткага і лёгкага бабла. Менавіта так выглядаюць нядаўнія прапановы ўвесці падатак на дармаедства і абкласці пошлінай за «допуск да руху» аўтаўладальнікаў. І першы, і другі варыянт сумніўны і спрэчны. Хто такі «дармаед»? Ці будзе лічыцца за дармаеда чалавек, які штодня наведвае сумоўі ў пошуках працы, але не рэгістраваўся ў службе занятасці? А калі «дармаед» ужо некалькі гадоў па 12 гадзін удзень гатуе вегетарыянскія сэндвічы для маскоўскіх хіпстэраў, але пры гэтым у яго штамп аб рэгістрацыі ўпісана бабруйская хрушчоўка? І наколькі ўвогуле мэтазгодны падатак на беспрацоўных у краіне, дзе афіцыйнае беспрацоўе — палова працэнта? З аўтамабілістамі таксама не ўсё проста. Яны могуць заявіць, што плацяць паліўныя акцызы, збор за рэгістрацыю і тэхагляд, псіхануць і перакрыць цэнтральны праспект, гучна бібікаючы на разгубленых даішнікаў.
На жаль, супрацоўнікі міністэрстваў не захацелі падумаць і слушна растлумачыць неабходнасць новай кабалы ў імя будучыні. Мабыць, ёсць сэнс дапамагчы ўладзе і скласцi навукова абгрунтаваны спіс таго, што насамрэч варта абкласці падаткам? Пачаць трэба з мясаедаў. Жуеш сардэльку? Дэгустуеш стэйк у новым стэйк-хаўсе? Плаці дзяржаве грошы, бо спажываннем мяса ты падтрымліваеш страшэннае глабальнае пацяплене. Пакуль экаактывісты закідвалі яйкамі CEO нафтавых карпарацый, даследчыкі са Спажывецкай і сельскагаспадарчай арганізацыі ААН высветлілі, што жывёлагадоўля дае пятую частку выкідаў цяплічных газаў антрапагеннага паходжання. Кілаграм ялавічыны на тваім мангале — 36 кілаграмаў CO2 у небе тваёй радзімы. Труба любой ЦЭЦ падасца дзіцячай цацкай у параўнанні са страўнікам каровы. Кожная валавокая пачвара штодня выкідвае ў атмасферу да 300 літраў метану (CH4), чый каэфіцыент патэнцыялу глабальнага пацяплення (ПГП) у 23 разы большы за вуглякіслы газ. Каб эфектыўна змагацца з наступствамі глабальнага пацяплення, трэба мець дыхтоўную грашовую падушку. Няхай мясаеды аплочваюць краiне кожны смяротны кавалачак!
Таксама неабходна браць падатак за кожны клік мышкай камп’ютара. Але не карыстальніку — мары аб тысячы даляраў у месяц за клікі на рэкламныя спасылкі застануцца ў эратычных марах пубертатных школьнікаў. Плаціць мусяць карыстальнікі мышкі — і плаціць дзяржаве.
Не сакрэт, што офісны планктон адразу пасля праходу шэфа-наглядчыка згортвае свой крадзены Photoshop, AutoCAD ці MS Word і залазіць у сацсеткі, чым пазбаўляе мільёны дзяцей надзеі на светлую будучыню. Толькі Расія, паводле падлікаў аналітыкаў, страчвае 10 мільярдаў даляраў штогод праз выкарыстанне сацсетак на працоўным месцы. У 2011 годзе журналіст Алексіс Мэдрыгэл з ЗША падлічыў, што амерыканская эканоміка не далічылася 1,5 мільярда даляраў таму, што нехта несумленны гуляў у Angry Birds на працоўным месцы. Але з гэтай нагоды нельга, напрыклад, забараніць сацсеткі: цяжка ацаніць страты ад укантактнага бунту школьнікаў ці фэйсбучнага бунту інтэлегенцыі. Лепш увесці плату за кожны клік мышкай. Каб iнтэрфесы ўсяго, што можа быць выкарыстана для забавы, былi зроблены пад маніпулятар тыпу «мыш». Без мышкі не нацягнеш цеціву рагаткі, не пасадзіш на віртуальным гародзе моркву, не лайкнеш фотаздымак сяброўкі ў сукенцы з глыбокім дэкальтэ. Насамрэч, лайкнуць можна і без мышкі, але як зрабіць гэта хутка і без фатальных наступстваў для аперацыйнай сістэмы, ведаюць адзінкі. Карысная парада законатворцам: пошліну лепш уводзіць заднім чыслом, каб юзеры гарантавана наклікалі на добрую суму, і пакуль мэнэджэры не паспелі прыбіць да ілба кожнага супрацоўніка спіс «гарачых клавіш», неабходных для плённай працы.
Пошлінаю ці падаткам можна абкласці ўсё што заўгодна. Можна, напрыклад, зарэгістраваць усіх жыхароў Беларусi ў адмысловай алкагольнай базе, якая будзе ўлічваць колькасць набытай вогненнай вады ў чыстым этылавым спірце і аўтаматычна разлічваць памер пошліны спажыўцам алкаголю. Таму што краiна на іх натуральна разараецца. Колькі дзяржавы губляюць на ліквідацыі наступстваў ужывання алкаголю? Гутарка ідзе пра гіганцкія сумы. Сусветная арганізацыя аховы здароўя называла лічбу ад аднаго да шасці працэнтаў УВП. У Беларусі, паводле падлікаў РНПЦ псіхічнага здароўя, алкаголь два гады таму каштаваў 7% ад УВП, то бок 2,2 мільярды даляраў у цэлым, ці 238 даляраў на кожнага жыхара. Але нават спецыялісты пагаджаюцца, што гэтая лічба большая. А каб змагацца з бутлегерамі, якія абавязкова з’явяцца пасля ўвядзення пошліны, — увесці абавязковую праверку на алкатэстэры двойчы ў дзень. Паказанні ўтрымання алкаголю ў крыві разыходзяцца з запісамі аб закупах у базе — даставай кашалёк! Пакуль у падаткавым заканадаўстве застаецца кампанент імпульсіўнасці і маментальнага капрыза, падатак будуць аспрэчваць.
Найважнейшы аспект у гэтай справе — халодная галава. Калі падвесці пад неабходнасць новага выліку з кроўнага заробку салідную доказную базу, людзі зразумеюць яго значнасць для агульнай справы і самі прынясуць грошы.