«Нас з таго памяшкання, шчыра кажучы, выціскалі». Вяртанне кнігарнi «Галіяфы»

Места • Ася Поплавская
Кнігарня «Галіяфы», заснаваная аднайменным выдавецтвам, бы тая птушка Фенікс: яе зачынілі на «Маскоўскай», а яна аднаўляецца на «Нямізе». У самым сэрцы Траецкага прадмесця. Урачыстае адкрыццё не проста кнігарні, а творчай прасторы адбудзецца ўжо заўтра, 3 снежня. Напярэдадні мы наведаліся ў яшчэ не абсталяванае памяшканне ды пагутарылі з кіраўніком выдавецтва пісьменнікам і мастаком Змітром Вішнёвым.

Прадгісторыя

У маі 2008 года ў Беларусі стала на адно кніжнае выдавецтва болей. Пісьменнікі Зміцер Вішнёў і Міхась Башура заснавалі «Галіяфы», дзе па сёння выдаюцца кнігі актуальных і дзёрзкіх сучасных беларускіх літаратараў, сярод якіх – «Сечка» Андрэя Федарэнкі, «П'яўка» Юры Станкевіча, «Шабаны. Гісторыя аднаго знікнення» Альгерда Бахарэвіча». 14 сакавіка 2014 года ў Мінску па адрасе: Валгаградская, 6 пачала працаваць кнігарня «Галіяфы», якая хутка стала не проста кропкай для продажу беларускамоўнай літаратуры, але сапраўднай творчай пляцоўкай. Нават літаратурная кавярня з'явілася.

Але свята сучаснага белліту цягнулася нядоўга. 22 ліпеня пачала дзенічаць новая рэдакцыя закону «Аб гандлі», паводле якой будынкі, дзе вядзецца гандаль, павінны быць зарэгістраваныя як гандлёвыя аб'екты. Уласнік памяшкання, у якого кнігарня «Галіяфы» арэндавала пакой, не перавёў будынак у належны статус, таму і гандаль забаранілі весці.

Продаж кніг спыніўся, памяшканне выкарыстоўвалася толькі для правядзення літаратурных мерапрыемстваў. Калі стала зразумела, што ўладальнік будынка не збіраецца пераафармляць яго, каб гандаль можна было ўзнавіць, кнігарня вымушана была выехаць з памяшкання, бо арэндная плата была надта высокай.

З былога памяшкання кнігарню актыўна выціскалі

Мы ўжо было падумалі, што кнігарні ды творчай прасторы «Галіяфы» больш не будзе, аднак сітуацыя змянілася ў лепшы бок. Распавядае Зміцер Вішнёў.

Зміцер Вішнёў

– Уся гісторыя з нашым высяленнем вельмі цьмяная. Нас з таго памяшкання, шчыра кажучы, актыўна выціскалі. Гэта мы зразумелі пасля таго, як прыпынілі гандаль ва ўсім будынку, дзе мы знаходзіліся (акрамя «Галіяфаў» у будынку на Валгаградскай былі некаторыя іншыя крамы – KYKY). Прыходзілі людзі, абмяралі пакоі быццам для таго, каб пачаць працэдуру па вывядзенні будынка ў новы статус, але гэтага не адбылося. Уладальнікі ўсё рабілі дзеля таго, каб аб'ект не атрымаў статус гандлёвага.
Нам павысілі арэндную плату. Калі мы зразумелі, што памяшканне не будзе пераведзена ў гандлёвы статус, вымушаныя былі з'ехаць, бо заставацца там было невыгодна. Адбылося гэта ў лютым бягучага года.

Да таго ж, мы ўклалі ў тое памяшканне шалёныя грошы. Зрабілі поўны рамонт: прарэзалі праход, зрібілі столь, падлогу, сцены…

Сёння адкрыць кнігарню не праблема. Праблема – выжыць

Мы не шукалі новае памяшканне пад кнігарню, бо яшчэ доўга аддавалі пазыкі, працавалі фактычна на тое, каб пазакрываць фінансавыя дзіркі, што ўзніклі ў нашым бюджэце з-за сітуацыі з папярэдняй кнігарняй. На той момант, у пачатку мінулага года, знайсці новае памяшканне было катастрафічна цяжка. Іх проста не было.
Сёння ж памяшканняў – процьма. Многія абанкруціліся, шмат набудавалася. Выбірай – не хачу. Да таго ж, арэндныя стаўкі ў многіх будынках сталі ніжэйшымі, чым раней. Таму запусціць праект – не праблема, складаней потым выжываць. Перад намі зараз паўстае пытанне, ці зможам мы пасля адкрыцця выжываць. Час пакажа. Спадзяюся, у нас усё атрымаецца (смяецца).

За бягучы год, які для нас выдаўся вельмі цяжкім, кніг выйшла значна менш, чым летась, аднак мы не перасталі працаваць, па-ранейшаму выдаем якасную літаратуру. У нас з'явілася некалькі новых партнёраў – беларускія банкі. Прыйшло шмат новых аўтараў, развіваемся, на месцы не стаім.

Я б не сказаў, што чытачы сталі актыўней купляць нашы кнігі пасля закрыцця кнігарні. Зараз такія часы, што людзі думаюць, што б набыць з ежы ды вопраткі, пра нейкія элементарныя рэчы.

А кнігі, відавочна, адыходзяць на другі план. Я па сабе мяркую: калі прыходжу ў кнігарню, для сваго дзіця буду імкнуцца набыць кнігу, а для сябе – дзесяць разоў падумаю.

Захацелася быць візітоўкай Беларусі

Памяшканне па гэтым адрасе: Старавіленская, 6 знайшлося выпадкова і вельмі хутка. У нас было шмат розных цікавых прапаноў, таксама ў цэнтры Мінска, былі нават таннейшыя, але мы вырашылі рызыкнуць, бо гэтае месца – Траецкае прадмесце – вельмі сімвалічнае, гэта візітоўка Беларусі, і нам захацелася быць візітоўкай краіны (смяецца). Да таго ж, тут побач Музей Максіма Багдановіча і Музей гісторыі беларускай літаратуры, букіністычная кнігарня «Вянок»…

Год таму пра гэтае памяшканне мы і не марылі б, але цяпер арэндныя стаўкі значна знізіліся, таму нашыя фінансавыя магчымасці нам дазваляюць зрабіць тут кнігарню. Да таго ж, уладальнікі нам зрабілі палёгку ў аплаце. Калі па ранейшым адрасе ў нас было 36 квадратных метраў, то тут зала амаль у два разы больш – 70. Я думаю, што тут нам будзе выжываць прасцей, чым у іншых месцах.

У кнігарні будзе цалкам дызайнерская мэбля ад Дзяніса Трапашкі. Ён заявіў, што гэта будзе найлепшая кнігарня ў свеце (смяецца), я спадзяюся, што ён за свае словы адказвае, таму ў дзень адкрыцця тут будуць не пустыя сцены.

«Людзі хочуць працаваць у нашай камандзе. Хай і за невялікія грошы»

Калі мы кінулі абвескі ў сацыяльных сетках аб тым, што нам патрэбныя людзі ў каманду, нас проста завалілі лістамі з рэзюмэ. Мы шукалі арт-дырэктара, дырэктара, бухгалтара да гандляроў. Прашу прабачэння ў тых, каму мы не здолелі адказаць. У першую чаргу разглядалі заўякі тых, хто раней даслаў. Больш за палову жадаючых працаваць з намі былі беларускамоўныя людзі.

Мы рыхтуем да адкрыцця інтэрнэт-кнігарню, шукаем чалавека, які будзе мадэрыраваць сайт. Тое, што нам прыйшло так шмат лістоў, я лічу паказальнікам нашага аўтарытэта. У нас няма фінансавых магчымасцяў плаціць высокія заробкі, але гэта не палохала людзей, якія хацелі працаваць менавіта ў нашай камандзе.
Каб выжываць сёння, трэба мець моцную каманду, таму людзей мы выбіралі вельмі сур'ёзна. Спадзяюся, яна ўдала склалася. Калі лічыць толькі тых, хто працуе ў праекце (выдавецтва ды кнігарня), нас 14 чалавек, а калі браць яшчэ і тых, хто з намі супрацоўнічае па дамовах падраду, лічбу трэба павялічыць у разы.

Мастакі «з прэтэнзіяй» ды кава на вынас

«Галіяфы» – не проста кнігарня ў яе звычайным разуменні. Гэта гібрыдны праект. Мы, як і раней, спрабуем спалучыць розныя рэчы. Гэта найперш культурная пляцоўка, на якой будуць адбывацца імпрэзы, сустрэчы, круглыя сталы і фестывалі. Да таго ж, гэта выставачная пляцоўка: мы плануем ладзіць выставы беларускіх мастакоў, арыентуемся на несалонны жывапіс, на мастакоў «з прэтэнзіяй». Карціны можна будзе набыць, бо мы не сацыяльны праект, нам трэба зарабляць грошы. У планах выставы такіх мастакоў як Жана Капуснікава, Алесь Родзін, Андрэй Пяткевіч, Сяргей Саламацін, Уладзімір Акулаў.

Будзе кава на вынас – мы нават прыдбалі ўласны кававы апарат, раней мы яго арэндавалі. Таму ад гэтай ідзеі мы не адступім. І, натуральна, кнігі. Тут можна будзе набыць не толькі нашага выдавецтва з мінімальнай нацэнкай, але і кнігі іншых выдавецтваў. Канечне, мы арыентаваныя перадусім на беларускамоўную літаратуру «з прэтэнзіяй».

Хадановіч, Гапеева і розыгрыш абанемента на кнігі са зніжкай у 20%

Адкрыццё кнігарні адбудзецца а 19 гадзіне 3 снежня. Мы вырашылі зрабіць рэмэйк нашага папярэдняга адкрыцця. Мы як птушка Фенікс выходзім з попелу, таму тыя, хто казаў словы ў мінулы раз, выступяць і заўтра. Гэта пісьменнікі Альгерд Бахарэвіч, Вольга Гапеева, Адам Глобус, Андрэй Хадановіч, Барыс Пятровіч, Вера Бурлак. Музыку будуць граць гурт «Экзарцыстычны Gesamtkunstwerk», Уладзіслаў Бубен і Яўген Рагозін, а Ілля Сін пакажа перформанс.

Для тых, хто прыйдзе на адкрыццё кнігарні і набудзе кнігу, мы зладзім розыгрыш трох абанементаў са зніжкай у 20 адсоткаў на кнігі нашага выдавецтва на весь 2016 год.

Кнігарня будзе працаваць з 10:00 ранку да 22:00 вечара без выходных. Мы спадзяемся ажывіць прастору Траецкага прадмесця. Інфармацыю пра мерапрыемствы, што будуць у нас ладзіцца, можна знайсці ў нашай суполцы ў фэйсбуку.

Заметили ошибку в тексте – выделите её и нажмите Ctrl+Enter

Кирилл Волошин для афиши: «Масштаб личности определяется не умением сочетать капюшон, берцы и бородку»

Места • Ирина Михно

Наш герой в плане выбора одежды для ивентов – эдакий белорусский Стив Джобс: джинсов и водолазки ему бы хватило на всю неделю. Кирилл, соучредитель TUT.BY, Hoster.By и Cafe Netto, не видит смысла в хипстерстве. «Масштаб личности определяется мозгом и поступками, а не умением прекрасно сочетать капюшон, берцы и бородку», – говорит он.

Популярное