Наваколле: Самыя-самыя месцы Беларусі

Проекты • редакция KYKY
Каманда праекта "Наваколле" вырашыла падзяліцца з вамі думкамі пра самыя-самыя месцы Беларусі.

У Беларусі ўжо сапраўдная восень. Давядзецца доўга сядзець дома. А я па жыцці вандроўнік, валацуга. Буду да вясны сумаваць па “Наваколлю' і ўзгадваць гісторыі з нашых вандровак. Амаль усе яны ўжо трапілі ў тэксты праекта. Але некалькі, вясёлых і не вельмі, усё ж засталося.

У Зэльве едзем па Google-картах. З цэнтра гораду на ўсход, акурат да трасы на Дзятлава, вядзе прамая дарога. Едзем да яе, і раптам высвятляецца, што гэта чыгунка! Даводзіцца рабіць кола і вяртацца на дарогу, якая падавалася менш зручнай. Наступным разам будзем больш пільнымі!

У Росі побач з пяціпавярховым млынам п'юць мясцовыя гопнікі. Іх шмат, мо дзесяць ці дванаццаць. Я іду да ракі, паглядзець на месца, дзе стаяла турбіна. Яны заўважаюць мяне і клічуць да сябе, абмінуць іх нельга. Пачынаюць нешта распавядаць пра сад і сядзібу Патоцкіх, што побач. Наліваюць, я адмаўляюся, і тут у мяне з кішэні пачынае званіць тэлефон. Я на аўтамаце дастаю яго і адразу разумею, што гэта можа быць апошні раз, калі я бачу свой новенькі Nexus 5. Тэлефануе бацька. Я моўчкі скідаю і хаваю тэлефон у кішэню. Завісае напружаная паўза. Раптам бздрынькае з кішэні аднаго з хлопцаў, усе аглядаюцца на яго. Я хуценька развітваюся…

На кар'еры ў Краснасельскім мы трапляем у самы спякотны дзень лета. Побач з адной са старых лінзаў заўважаем дзяўчыну, якая самотна сядзела на беразе. Наш гід Раман Ваўчок пытаецца, што яна тут робіць. І адыходзіць ад яе толькі тады, калі бачыць усмешку на твары. Пасля мы едзем паглядзець на новыя кар'еры. Толькі выходзім з машыны, бачу — едзе белы красовер, а ў ім побач з кіроўцам сядзіць мой сябра Дзіма Шаўчук. Мы тады пагутарылі крыху і развіталіся, бо астатнія разам з Раманам ужо сышлі далёка наперад. Праз месяц Дзіма вырашыў пайсці з жыцця…

Ночым на аграсядзібе пад Моталем. Дом вялікі, чалавек на дваццаць. Пабудаваны так: у цэнтры печка і лазня, а навокал — зала, кухня і пакоі з ложкамі. У пэўны момант мы пачынаем хадзіць па коле насустрач адно аднаму, сустракаемся, вітаемся, развітваемся і ідзем далей… Не ведаю, колькі гэта працягвалася, але была ў гэтым нейкая сапраўдная аграсядзібная магія.

У музеі Напалеона Орды ў Варацэвічах натрапляем на незгаворлівага дырэктара па прозвішчы Казак. Ён не хоча з намі размаўляць і ўпотайкі фатаграфуе нашае аўто. Цікава, каму спатрэбіліся гэтыя здымкі? Так ці інакш, калі мы ўжо ў Варацэвічах, дык усё роўна ідзем у музей на экскурсію. Між іншага, нам распавядаюць, што зусім недалёка адсюль, у Янаве, казакі замучылі “апостала Палесся', Святога Андрэя Баболю. Пераглядаемся і думаем пра тое, што нічога ў гэтым свеце не бывае проста так.


Самая цікавая паездка — у Белавежскую пушчу. Нам трэба на хутар Глыбокі кут, але ў запаведнік праехаць не дазваляюць. Ну, на тое мы і журналісты, каб трапіць туды, дзе знаходзіцца забаронена. Мы з Антонам Матолькам ідзем у напрамку хутара пешшу. Ісці недалёка, 6 км, але паўсюль таблічкі: забаронена! І авадні ядуць. Мінаем адзін плот, другі, трэці… Нарэшце, двухметровая бетонная агароджа, як на будоўлі метро ў Мінску. Калі я праз яе пералазіў, штаны на дупе разышліся. Шкада, добрыя былі штаны, 30 літаў за іх у “Озасе' аддаў… Але цьху на іх, бо вось жа ён, хутар! А ля брамы ўжо чакае УАЗік. Так крыўдна!


Для мяне “Наваколле' — знакавы праект. Гэта той выпадак, калі разумееш, што толькі такім спосабам зможаш трапіць у пэўныя месцы і пагутарыш з людзьмі, з якімі ў звычайным жыцці не сустрэнешся. Мы з імі жывем зусім па-рознаму, хаця і знаходзімся ў адной краіне. А дзякуючы такім праектам можам хаця б гадзінку-другую пабыць разам. І гэта натхняе. На долі секундаў нават здаецца, што ісціну за хвост злавіла.


Гадоў восем таму я ўпершыню паехала ў Італію. І тады была вельмі здзіўленая: як можа такое быць, што сярэднестатыстычны італьянец без спецыяльнай адукацыі можа гадзінамі распавядаць гісторыю не толькі свайго горада, ведаць так шмат фактаў пра архітэктуру і мастацтва! Я тады сябе адчула жудасна, таму што зразумела, што я і трошкі ад гэтага не змагу расказаць пра Беларусь. Здагадваюся, што такая адсутнасць ведаў ёсць не толькі ў мяне. Таму апошнія гады мне ўсё больш цікава і падабаецца адкрываць для сябе Беларусь.

У праекце “Наваколле' мы імкнуліся аб'яднаць гісторыі пра месцы і апавяданні людзей, так ці інакш звязаных з гэтымі месцамі. Мяне ўразіла бабуля Ядвіга з паэтычным ва ўсіх сэнсах прозвішчам Пастэрнак з вёскі Муляры, якая ад Папы Рымскага атрымала асабісты ліст як самая старая прыхаджанка касцёла. Прызнаюся, што з верай у мяне свае адносіны, і я са скепсісам ехала да яе. Але ўбачыўшы яе вочы, я да канца размовы была ў дзіўным стане. Настолькі яны былі светлымі, добрымі, шчырымі. У мяне ў галаву не ўкладаецца, як можа дзіця гадоў трынаццаці хадзіць 18 кіламетраў пешшу, маючы сур'ёзныя праблемы з нагамі, для малітвы ў касцёле.

Але асабліва мяне ўразіў Васіль Васілевіч Новік, які не даў разбурыцца млыну, купіў яго ў спадчыннікаў (хоць зразумела, што мог яго атрымаць і дарма), перавёз у аграсядзібу, адрэстаўраваў і даў яму новае жыццё. Уразіла яго гаспадарка, так бы мовіць, “поўнага цыклу', з каровамі, вярблюдамі, аленямі, поні і нават якам! Ёсць аграсядзіба. І гасцей аграсядзібы яны кормяць толькі ўласнымі прадуктамі. Такога смачнага хатняга сыру я даўно не ела. І на фоне дня, калі мы бачылі млыны, якія руйнуюцца ці ўжо зніклі, яго аграсядзіба з “жывым' млыном была сапраўднай аддушынай. Ці кожны дзень мы думаем пра млыны, якія руйнуюцца? Шчыра кажучы, пасля гэтай паездкі я пра іх думаю часцяком. І ў гэтыя моманты думаю пра тое, што ў гэтую секунду ў аднаго з беларускіх млыноў абвальваецца дах ці адвальваюцца крылы.

У гэтую ж паездку мы паспелі трапіць у Грушаўку, дзе ёсць зусім дэкадэнтнае месца — неагатычная капліца роду Рэйтанаў. Я ведаю, што ёсць актывісты, якія перыядычна ладзяць культурныя мерапрыемствы побач з сядзібай Рэйтанаў для прыцягнення ўвагі да гэтага помніка гісторыі і самой персоны Юзэфа Рэйтана, пра якую мала хто ведае. Сядзіба знаходзіцца ў закансерваваны выглядзе, і пакуль яе рэстаўрацыяй ніхто не займаецца.


З прыродных месцаў мне, вядома, спадабаліся Блакітныя азёры. Гэта быў такі дзіўны пешы трып па лесе, у якім увесь час, адно за адным, сустракаюцца неверагодна прыгожыя далоні азёраў. У такіх месцах адчуваеш асаблівыя энергетычныя прылівы. Калі працягваць казаць пра адчуванні, дык нечакана, але глядзець на тэрыконы пад Салігорскам вельмі медытатыўна. Як глядзець на карціны Марка Роткі. Цікава было паглядзець і на самую глыбокую дзірку Беларусі ў Мікашэвічах, чаго там! Але нірвана пры гэтым наўрад ці ў каго-небудзь здарыцца.

Толькі пра адно шкадую пасля заканчэння “Наваколля' — не атрымалася павіншаваць з юбілеем бабулю, якая жыве ў Белавежскай пушчы. Прапускная сістэма гэта вам не жарты!

Першае, што мяне сапраўды ўразіла ў паездках, гэта маленькія мястэчкі. Спыняючыся ў іх, каб паабедаць, я міжволі лавіў сябе на думцы, што мог бы тут жыць. Утульныя маленькія домікі, вельмі танныя рэстараны (у Мінску я не часты хадок па такіх злачняках, але ў Ганцавічах або Ляхавічах адчуваў сябе сапраўдным каралём). Выходзячы з кавярні ў Драгічыне, пачуў, што нехта мяне паклікаў. Не чакаючы нічога добрага, паскорыў крок да машыны. Мае спадарожнікі таксама напружыліся і паспелі заблакаваць дзверы. Але лёс быў добразычлівым: хлопцам аказаўся мой універсітэцкі таварыш, які пасля размеркавання застаўся працаваць на малой радзіме. Сустрэць знаёмага ў Драгічыне — дарагога варта.

Знайсці самае высакагорнае месца не склала працы — памятны знак нікуды не падзеўся. Але за ім было відаць лес, які візуальна быў вышэй. А што, калі самае высокае месца яшчэ не знайшлі? Мы накіраваліся ў глыбіню, куды нас вёў навігатар. Вядома, што гара Дзяржынская сапраўды знаходзіцца ў лесе за знакам. І вось калі мы прыйшлі на кропку, я ўбачыў невялікі пагорак, які ўтварыўся падчас дажджоў і чалавечай дзейнасці.Скокнуў на яго і абвясціў пра новы самы высокі пункт нашай краіны — пік Буцера!

Дарога да самага старога жыхара была адной з самых цяжкіх. Чатыры кіламетры па лесе пасля дажджу. Справа сядзіць Павел Свярдлоў з картамі ў планшэце, ззаду — Антон Матолька з картамі ў тэлефоне. У кожнага сваё бачанне паваротаў і аб'ездаў. Бывалі і такія месцы, у якіх проста хацелася разгарнуць машыну і ехаць назад. Але лес быў настолькі густым, што для павароту проста не хапала шырыні дарогі (ды і дарогай гэта называецца толькі па наяўнасці на ёй нашага Volkswagen). Убачыўшы дуб, невымоўна ўзрадаваліся і пабеглі фатаграфавацца. Аднак ужо праз хвіліну хацелі зноў замкнуцца ў аўто — камароў у такой колькасці я назіраў толькі каля самага паўночнага дома Беларусі.

На мелавых кар'ерах ўпершыню ўбачыў гонкі БелАЗаў. Гонкі БелАЗаў! Па вузкай белай ад мелу дарозе яны імчаліся, абганяючы адзін аднаго і пакідаючы за сабой след пылу. праехаць праз які практычна немагчыма. Пару гадоў таму мы ўжо ездзілі фатаграфаваць кар'еры. Пакінуўшы машыну, прайшлі некалькі кіламетраў уздоўж асноўных месцаў. Вяртацца назад пешшу было ляніва, таму было вырашана выпрабаваць лёс: перайшоўшы дарогу, я выставіў палец уверх (вялікі, натуральна). І першы ж БелАЗ спыніўся. Мы ўчатырох імчымся на самым вялікім аўто, экстрым! Гэта вам не фуры тармазіць.

У кожнага, хто падарожнічаў па Беларусі, ёсць такія гісторыі. Незвычайныя гісторыі ў звычайнай краіне. Мы выбралі гэтыя. Вы можаце выбраць іншыя. Калі параўноўваць Беларусь з кнігай, то ў праекце “Самы-самы' цыклу “Наваколле' мы паказалі толькі вокладку. Наперадзе — займальныя старонкі новых праектаў, якія, як мы спадзяемся, адкрыюць для вас новыя месцы і дзіўных людзей. Давайце чытаць гэтую кнігу разам з намі, таму што забойца тут зусім не садоўнік!

Рэдакцыя KYKY.ORG выказвае падзяку мабiльнаму аператару МТС i афiцыйнаму iмпарцёру Volkswagen у Беларусi «Атлант-М Фарцойгхандель» за дапамогу ў стварэннi праекту «Наваколле».

Заметили ошибку в тексте – выделите её и нажмите Ctrl+Enter

Наваколле: Самае глыбокае месца Беларусі

Проекты • редакция KYKY

«Наваколле» — новы праект KYKY.ORG, зладжаны пры падтрымцы буйнейшага мабiльнага аператара МТС ды Volkswagen. Мы ездзім па Беларусі ў пошуках самага-самага: 10 вандровак — 10 незвычайных месцаў і сто выпадковых цікавостак, што трапіліся нам па дарозе. Нашае пакаленне адкрывае сваё наваколле! Гарады і вёскі, рэчы і краявіды, гісторыя, славутасці, людзі.

Популярное