Roberto Cavalli Vodka Christmas
Раберта Каваллі — дызайнера адзення і аксэсуараў, які апранаў Мадонну, Шакіру, Стынга, Дэвіда Бэкхэма і дзясяткі іншых зорак розных парадкаў. Але сіньёр Каваллі ведае толк і ў добрым алкаголі: у фірмовых бутыках брэнда можна купіць лімітаваныя выпускі італьянскай гарэлкі JustCavalli. Чырвоная бутэлька свежай каляднай серыі формай нагадвае хутчэй вытанчаны парфюм, чым суворы алкаголь; змест, як кажуць дэгустатары, не менш вытанчаны.
Kauffman Soft Private Christmas Edition
Малдаўскі брэнд Kauffman разлівае гарэлку ў Маскве. Kauffman выпускае менш за 20 тысяч бутэлек на год, таму слова «Private» у назве серыі апраўданае. Скрыня Kauffman раскрываецца, нібы бутон, і эфектна раскладаецца на дзве часткі. Каштуе калядная прыгажуня не менш за 60 еўра.
The Mamont Limited Edition Gift Box
Зімовая гарэлка ад галандскай кампаніі Marussia Beverages прысвечана не навагодняму святу, а зімоваму настрою ўвогуле: лімітаваная серыя «Маманта» створаная ў гонар палярнай экспедыцыі ў пошуках маманта. У эфектнай скрыні месцяцца бутэлька прэміум-гарэлкі, два брэндавыя келіхі, брашурка з рэцэптамі кактэйляў дый чатыры металічныя кубікі для ахалоджвання напою.
Buche-de-Belvedere
Топавы польскі вытворца гарэлкі Belvedere выпусціў сваю калядную серыю ў 2011 годзе. Гарэлка ў пастаўцы была звычайнай, а вось пакунак — лімітаваным усяго да 25 асобнікаў. Зразумела ж, рэдкасць паўплывала і на кошт: адразу пасля выхаду на рынак такі падаруначак каштаваў 250 еўра.
Absolut
Absolut выпускае лімітаваныя калядныя серыі гарэлкі з года ў год. Absolut Cozy 2001 года прадавалася ў вязаным чахольчыку з аленямі, у 2005 годзе калядны Absolut хаваўся ў пластыкавым флаконе са сняжынкамі, а бутэлькі Bling-Bling 2006 года нагадвалі елачныя цацкі.
У гэтым годзе каляднай серыі шведы не выпусцілі — затое ваш навагодні стол можа ўпрыгожыць бутэлька Andy Warhol Edition.
Бульбашъ Снеговик
Мінская кампанія «Бульбашъ» выпускае лімітаваныя серыі амаль штогод: у 2011 годзе у гонар кітайскага гараскопа з’явіўся «Дракон», у 2012 — «Калядная зорка», у 2013 — Nano Reborn у імітаванай змяінай скуры. Новая святочная серыя завецца «Снеговик», прычым загалоўны герой месціцца на этыкетцы дагары нагамі — пэўна ж, ад лішку эмоцый. Каб паставіць снегавіка на ногі, гарэлку прыйдзецца разліць — зрэшты, чаму б і не? Свята ж, як-ніяк.