Як апазіцыя ратуе нас ад ператварэння ў «змагароў». Стась Карпаў крытыкуе «кукушачку»

Стась Карпаў
Публіцыст, паэт і вядоўца інтэрнэт-тэлебачання Стась Карпаў прачытаў размову з бізнэсоўцам Міхаілам Сэндэрам на KYKY і напісаў эмацыйнае эссэ, дзе трохI пераходзiць на асобы, як гэта і робяць звычайна паэты. Пачытайце. Тут пра тое, што апазiцыя – «не адстой», а вельмі смелыя хлопцы, і калі б іх не было, нам усім стала б жыць вельмi жахлiва. Згодны цi не?

Пачытаў я на KYKY, як заяўлена, «разумную крытыку ад бізнесмена Міхаіла Сэндэра». Там сказана, што, уявіце сябе, гэты тэкст паставіць кропку у пытанні пратэста вясны 2017. Кропку. У пытанні.

Пра сам тэкст крыху ніжэй, а спачатку прэмбула. Даўным-даўно браў я інтэрв'ю ў Сашы Раманавай, і яна мне сказала, што, калі каротка, апазіцыя – адстой, і што ў KYKY – свой шлях і свой спосаб уплываць на ўладу. Свой какой-та-такой.

З тых часоў я ўсё сачу і спрабую зразумець, як гэты шлях выглядае і куды вядзе. Да нядаўняга моманту я пасмейваўся і казаў, што дарога кукушачкі – так сабе «свая». «Каханне і секс» і рэспект змагарам – недзе я гэта ўжо бачыў. Але вось сёння я зразумеў. Калі крыху паднажаць, то нішу можна заняць – проста афігіцельную.

Расказваю. На першы погляд сітуацыя наша выглядае як? Ёсць улада і ёсць – апазіцыя. Апазіцыя – гэта супраць улады, а значыць, апазіцыя апазіцыі – зноў улада. Але не. Улада асобна, апазіцыя – асобна і апазіцыя апазіцыі – асобна.

Калі прыводзіць грубую паралель, то бываюць, ведаеце, акупанты, бываюць партызаны супраць акупантаў, а бываюць людзі, якія кажуць, што калі б не партызаны, то акупанты даўно бы зрабілі усім харашо.

А раз яны робяць нам кепска, то трэба нешта рабіць з партызанамі. Вось апошнія, якія супраць партызанаў, – гэта цяперашняя апазіцыя апазіцыі. Таму, чытаючы артыкул Міхаіла Сэндэра, я нарэшце ўбачыў спосаб намацаць трэці шлях. Каб уплываць на акупантаў – трэба зазіраць ім у вочы і казаць: гэта ж партызаны з вас зрабілі такіх звярэй? Natürlich!

Прыклад, паўтаруся, грубы, бо і ўлада – не зусім акупанты і апазіцыя – не партызаны. Але на ўзроўні прынцыпа – пацуе.

Пра сцуля ў люстэрку

Механізм памяшчэння дулі ў кішэню ў дачыненні да апазіцыі вельмі просты: немагчымасць іншай сублімацыі свайго страха перад здаровым касманаўтам з дубінкай. Касманаўт выглядае непераможным, і таму трэба надзяліць яго пазіцыяй і «сваёй праўдай». Так можна пераканаць сябе ў тым, што прычына агрэсіі агрэсіўнага хаваецца ў паводзінах слабога. Зжыўшыся з гэтым прасцей глядзець у люстэрка, бо там не хочацца бачыць сцуля.

Арт: Misha Gordin

Замацоўваюцца гэтыя спінамазгавыя высновы ў паблажлівых размовах, дзе «апазіцыя нічога не прапануе», «ім бы толькі сцягамі памахаць» і яны «разгойдваюць човен». Ну да, дубасяць іх, канешне, дарма. Але з іншага боку – «яны ведаюць на што ідуць» і «самі вінаватыя».

Думаць пра тое, што апазіцыя – гэта не нейкія там партыі, а людзі, «якія патрабуюць» – шкодна. Думаць пра тое, што кожны раз хваля збітых і пасаджаных на самой справе усё ж вымушае ўладу ісці на некаторыя саступкі і рэформы, – шкодна.

Думаць пра тое, што калі б не было апазіцыі, то «апазіцыі да апазіцыі» наогул не было б чаго абмяркоўваць – шкодна. І шкодна думаць, што без гэтых самых смешных «змагароў» людзі з дулямі ў кішэні павінны былі б ці заткнуцца, ці тарахцець пра кепскую ўладу, паступова ператвараючыся ў «змагароў» з усімі наступствамі. А так – ёсць унікальны шанец бескампрамісна выказвацца, тыкаць пальцам у бяскрыўднае «зло» і не баяцца ад зла капітальна адгрэсці па шчах.

Думаць – проста шкодна, бо тады прыходзіцца прызнаваць, што яны, каторыя «ведаюць, на што ідуць» – ідуць за ўсіх. І тады становіцца сорамна і тады з люстэрка на цябе пазірае сцуль з зацкаванымі вачамі.

Цяпер вернемся да расстаўляльніка кропак у пытанні «пратэстаў вясны 2017» Міхаіла Сэндэра

Дарагі Міхаіл. Вы ўвесь час называеце сябе дэмакратам. Дэмакратыя, дэмакратыя, дэмакратычныя каштоўнасці, дэмакратыя, дэмакратыя, дэмакрат. Будучы дэмакратам, вы лічыце, што «дэмакратычныя ідэалы не карыстаюцца вельмі шырокай падтрымкай насельніцтва». Будучы дэмакратам, вы кажаце, што «Я б вельмі хацеў, каб грамадзянская супольнасць пайшла на кампраміс (не скажу, што са сваім сумленьнем, але, па меншай меры, са сваімі эмоцыямі) і спрабавала думаць не на крок, а на два-тры крокi наперад».

Ну што ж. Для пачатку аўтару, які сябе увесь час называе дэмакратам, я бы хацеў сказаць, што Дэмакрат – гэта горная вяршыня ў хрыбце Маскіта, штат Каларада. Вось усё, што я дакладна ведаю пра гэтае слова. У астатнім, ім можна называць усё на свеце, але падазраю, што хаця вы, напэўна, у адрозненне ад мяне – за ўсегульнае выбарчае права, вы ўсё ж не зможаце растлумачыць, якія канкрэтна дэмакратычныя ідэалы не карыстаюцца шырокай падтрымкай у насельніцтве.

Фото: informdetox.com

А яшчэ мне незразумела, чаму вы, будучы дэмакратам, прапануеце дэмасу пайсці на кампраміс з эмоцыямі. Як яно выглядае? Кампраміс – гэта ўзаемныя саступкі, а ўнутры здаровага чалавека не можа быць узаемных саступак. Тое, што вы называеце прыгожым лацінскім словам «кампраміс» па-беларуску называецца «заткнуцца». То бок вы такі дэмакрат, які адзіны ў краіне хоча дэмакратыі, але ўсім у цэлым прапануе заткнуцца і пайсці на кампраміс. У імя чаго?

А яшчэ вы не верыце «ў мірны пратэст за мірныя рэформы» і кажаце: «Навошта тады дэманстрацыю збіраць, калі за мірныя? Чаго вы жадаеце дамагчыся? Што ўлада сама сыдзе?» У мяне наогул узнікае такое пачуццё, Міхаіл, што вы не прыглядаецеся да словаў, якімі карыстаецеся. Разумееце, «Дэманстрацыю збіраюць» – каб прадэманстраваць. Вось для чаго. І гэта вельмі дэмакратычна.

Уладу перавыбіраюць раз на 4, 5, 6 гадоў, асабліва там, дзе яе перавыбіраюць у прынцыпе. І калі дэмас хоча, каб урад скарэктаваў сваю палітыку, чакаць выбараў – западло, асабліва ў наш час 140 сімвалаў. Таму народ збіраецца і дэманструе. Трасе плакатамі. Выказваецца. А ўлада шкрабе здзіўлены твар і рэфлексуе.

Я разумею. Вы, канешне, скажаце: які сэнс дэманстраваць, калі наша дзяржава на гэта рэагуе гвалтам і арыштамі? А я вам адкажу.

Калі дзяржава рэагуе гвалтам, то, прабачце, мы мусім што? Старэць і жэрці вітаміны, спадзеючыся іх усіх перажыць?

Вось вы, калі пісалі свой тэкст, напэўна, адчувалі сябе страшэнна разумным і прагматычным чалавекам, які слухае ўласныя парады і пралічвае сітуацыю «на два і тры крокі наперад». Тады скажыце мне. Што уладзе ад нас патрэбна?

Уладзе патрэбна, каб вы заткнуліся. А яшчэ – каб вы працавалі. А яшчэ каб вы плацілі, колькі скажуць. А яшчэ – каб вы любілі што загадаюць і дзякавалі за тое, што даюць. Калі вы не хочаце затыкацца, плаціць, любіць і дзякваць – вас б'юць і штрафуюць. Верна? Верна. Значыць з майго пункту гледжання я павінен выходзіць і дэманстраваць. Крычаць, стаяць і, уявіце сабе, нават парушаць правілы дарожнага руху.

А з вашага пункту гледжання я павінен сядзець дома і пралічваць крокі. То бок прыдумваць сабе страхі ці карыстацца вашымі тыпу «знешняга уплыву» у выпадку разрастання пратэстаў. Размаўляючы пра Расію, я вас адначасова і засмучу і заспакою. Калі нехта хоча і можа штосці ў вас адабраць – ён гэта адбярэ, незалежна ад таго, чысціце вы зубы ці не чысціце. Мітынгуеце вы ці не мітынгуеце. Калі Расія захоча ўвесці сюды танкі, то тут выпадкова знойдзецца пара дзясяткаў прыгнечаных рускіх, пара распятых хлопчыкаў, якіх трэба будзе выратаваць. А калі не захоча – вы можаце хоць, прасці госпадзі, «іхняе-усё-пушкіна» забараніць. Так што давайце пакінем страхі пад ложкам дапубертатным дзеткам і вернемся да «дэманстрацыяў».

Фото: ABC News

Да, сапрыўды, мітынгоўцаў паб'юць. Раз, другі, пяты, дваццаты. Але вынік, акрамя непрыемнага, будзе вось які: улада будзе ведаць, што ёсць умоўныя мы, якіх дафіга. І што «нас» трэба улічваць і улагоджваць, каб мы сядзелі дома. Таму праз нейкі час пасля разгона улады вырашаць спыніць будоўлю на Курапатах, пачнуць адкрываць беларускія школы, дадуць белмове роўную колькасць гадзін з рускай, спрасцяць умовы для вядзення бізнеса, адкроюць нашу краіну для турыстаў, аблепяць усё вакол беларускімі арнаментамі і скажуць, што «Пагоня» – «наша обшчая», а беларусы – гэта вам не рускі мір. Нешта такое прыпамінаецца?

Разумееце, для таго, каб дамаўляцца з уладай, трэба мець перамоўную пазіцыю. Калі ўлада патрабуе, каб мы нечага не рабілі – значыць спачатку трэба гэта зрабіць.

Пра «каналы уплыву маленькага чалавека» на ўладу

Рабіць, канешне, непрыемна і страшна. Але прынамсі гэта не настолькі страшна, наколькі блявотна – заклікаць «не разгойдваць човен» і прыводзіць у якасці заслуг дзяржавушкі нашы прыўкрасныя і наяўныя «каналы ўплыву маленькага чалавека на ўладу». Ну канешне. Мясучка, тваражок, зямлянкі на шляху НАТАўскіх танкаў. Паміранне на шматку зямлі – роўна гэта вам, «маленькім чалавекам», і абяцалі з целека сіплым голасам. Людзі – тараканы, людзі – хамячкі, людзі – пітомцы. Вось – ваш канал уплыву і камунікацыі. Права шкрэбсці дзверы, каб вас выпусцілі пасцаць і права перагортваць міску з галадухі.

А інакш на што вы спадзеяцеся, пішучы пра карысць сядзення і пралічвання хадоў? Што ўлада прышле вам апытанку для канспектавання вашых незадаволенасцяў? Да яна на вас пляваць хацела, Міхаіл. Ёй жа не патрэбныя бясконцыя БРСМаўцы з рэхам унутры галавешак. Не. Ёй патрэбныя ціхія «апазіцянеры да апазіцыі» з дуляй у кішэні. Вы для ўлады не вораг, бо чым больш вас, тым менш нас, а не іх.

І, нарэшце, я скажу, што пераацаніў свае сілы. Я думаў, што змагу адказаць падрабязна па пунктах, але – не. Па пунктах гэта будзе манаграфія, а я і так наваліў недаравальных памераў прасціну. Таму спынюся яшчэ толькі на адным пункце.

Вось вы пішаце «Уявім, вы возьмеце ўладу, хоць на дзень. Як вы яе ўтрымаеце ў краіне, дзе грамадства працятае расейскай прапагандай? У краіне, дзе ёсць сілавікі, якіх вельмі шмат. Якіх 25 гадоў трэніравалі і навучалі, што трэба мачыць БНФаўцаў».
А давайце уявім, што «мы» не жадаем гэтую ўладу браць, Міхаіл! Вось вы хочаце, каб умоўныя «мы» пайшлі з сабой на кампраміс. Думалі на тры крокі наперад. Змірыліся з садыстамі. Заткнуліся. Не вякалі ні супраць расійскай прапаганды, ні супраць «сілавікоў», каб мы цанілі «каналы уплыву маленькага чалавека» і «права бізнеса на прапановы». Ну добра. Уявіце, што мы аб 12-й ночы ператварыліся ў гарбузы.

Ну і? Самі-та вы што збіраецеся рабіць, Міхаіл. Давайце сабе уявім, што гэтых, як вы пішаце, «свядомых патрыётаў» – няма. Няма, Міхаіл. Што грамадства цяпер дзеліцца на «сілавікоў», «застабілаў» і «вас». Бачыце, нас няма, а значыць цяпер вы ў авангардзе: наперадзе «гражданін, прайдзёмце», а ззаду «чо ты вякаеш на ўласць». Што скажаце?

Не маўчыце. Не крыўдна, Міхаіл? Не страшна, Міхаіл?