Калi манумент з арлом у Баранавiчах змянiлi на Сталiна. Забытыя помнікі панскага часу

Места • Ігар Мельнікаў
Падаецца, што кожны беларус, які хоць раз быў у Варшаве, ведае, дзе ў польскай сталіцы знаходзіцца Магіла невядомага жаўнера. Нашыя суайчыннікі любяць рабіць здымкі падчас змены ганаровай варты на Плошчы Пілсудскага. Аднак мала хто з жыхароў сённяшняй Беларусі здагадваецца, што самы першы помнік такога кшталту ў міжваеннай Польшчы з’явіўся менавіта ў Заходняй Беларусі.

Ушанаваць жаўнерскую мужнасць

Кровапралітная польска-бальшавіцкая вайна 1919-1920 гадоў стала цяжкім выпрабаваннем для Другой Рэчы Паспалітай, незалежнасць якой удалося адстаяць толькі коштам значных людскіх і матэрыяльных страт. У лістападзе 1925 года польскае кіраўніцтва вырашыла ўшанаваць памяць жаўнераў Войска Польскага і стварыць мемарыял «Магіла невядомага жаўнера». Месца для яго было выбрана ў каланадзе Саксонскага палацу. У магіле былі пахаваныя экзгумаваныя парэшткі невядомага жаўнера (14-ці гадовага добраахвотніка), які загінуў падчас баёў за Львоў. Пахаванне накрывала пліта, зробленая з граніту. Аўтарам мемарыялу стаў скульптар Станіслаў Казімеж Астроўскі.

Помнік у Варшаве

Цікавым фактам з'яўляецца тое, што ў шэрагу выбраных вайсковых могілак, з якіх планавалася эксгумаваць цела невядомага жаўнера, фігуравалі, між іншым, Ліда, Кобрын і Абухава ля Горадні. Аднак, у рэшце рэшт выбар паў на сталіцу Галіцыі.

Баранавічы былі першымі

Аднак за чатыры месяцы да стварэння помніку ў Варшаве, на тэрыторыі Заходняй Беларусі, якая па выніках Рыжскай мірнай дамовы 1921 года апынулася ў межах польскай дзяржавы, пачаліся працы па стварэнню «сваёй» Магілы невядомага жаўнера. У ліпені 1925 года на могілках 9-га дывізіёну коннай артылерыі ў Баранавічах былі эксгумаваны, а пазней на новым месцы перапахаваны парэшткі байца Войска Польскага, які загінуў падчас баявых дзеянняў супраць бальшавікоў.

Пахаванне невядомага жаўнера ў Баранавічах

На адкрыцці мемарыялу прысутнічалі чыноўнікі Міністэрства абароны Другой Рэчы Паспалітай (генерал Рыбак і генерал Табачынскі), ваявода Наваградскі генерал Янушайціс, камандуючы мясцовым гарнізонам Войска Польскага палкоўнік Вараксевіч, баранавіцкі стараста Квяцінскі і іншыя вайсковыя і цывільныя чыноўнікі. Падчас урачыстай цырымоніі выступілі ксёндз Яжмоўскі, бургамістр Тараевіч, а таксама прадстаўнікі беларускага насельніцтва горада. Урачыстае мерапрыемства скончылася ўскладаннем вянкоў да помніку.

Манумент знаходзіўся на перакрыжаванні вуліц Міцкевіча, Шаптыцкага і Нарутовіча (зараз Плошчы Леніна і вуліцы Савецкай). Яго аўтарам быў член гарадскога савету Яроцкі. Што з сябе ўяўляў помнік? На прамавугольным пастаменце знаходзілася фігура арла, які прыгатаваўся ўзляцець. На пярэднім баку пастаменту былі словы: «Слава польскаму жаўнеру, абаронцы свабоды; Дабраславёныя тыя, хто ў часы ліхалецця не страцілі раўнавагі духу». Ніжэй былі памешчаны словы з верша Яна Каспровіча «Дабраславёныя».

Магіла невядомага жаўнера ў Баранавічах

У міжваеннае дваццацігоддзе побач з Магілай невядомага жаўнера ў Баранавічах адбываліся розныя дзяржаўныя ўрачыстасці. Нажаль, да нашых дзён гэты помнік не захаваўся. Пасля далучэння Заходняй Беларусі да СССР новыя ўлады без шкадавання знішчалі ўсё, што нагадвала пра «панскае» мінулае гэтага рэгіёну. Не пашкадавалі бальшавікі і манумент з арлом.

Пасля Другой Сусветнай вайны непрацяглы час на месцы, дзе ў 1925 годзе быў пахаваны невядомы жаўнер Войска Польскага, стаяў помнік «правадыру народаў» Сталіну, але пазней і ён загадаў доўга жыць.

Свая Магіла невядомага жаўнера Войска Польскага была і ў Пінску. Помнік з'явіўся ў цэнтры Плошчы Юзафа Панятоўскага, на перакрыжаванні вуліц Тадэвуша Касцюшкі і Бернардзінскай у 1925 годзе. Манумент уяўляў з сябе пліту памерам 140 см – на 70 см – на 15 см, зробленую з пяшчанніку. На ёй быў кароткі надпіс: «Невядомаму жаўнеру». Помнік у горадзе на Піне з'явіўся па ініцыятыве Саюзу вайсковых асаднікаў, а галоўным ініцыятарам яго стварэння быў старшыня гэтай арганізацыі спадар Шток.

У памяць паўстанцаў і жаўнераў

У неафіцыйнай сталіцы Заходняй Беларусі – Вільне «Магіла невядомага жаўнера Войска Польскага» з'явілася ў канцы лета 1925 года. Першапачаткова дзеячы польскіх маладзёвых арганізацый звярнуліся да гарадскога кіраўніцтва з прапановай стварэння такога помніку. Замкавая гара, дзе планавалася зрабіць мемарыял, была таксама звязана з Паўстаннем 1863 года. Менавіта там царскія ўлады хавалі шматлікіх, пакараных смерцю, паўстанцаў. Цікавым момантам з'яўляецца тое, што калі ў 1915 годзе кайзераўскія войскі занялі старажытную сталіцу Вялікага Княства Літоўскага, члены Грамадзянскай камісіі на чале з вядомым польскім публіцыстам і навукоўцам Уладзіславам Гізберт-Студніцкім правялі эксгумацыю і перапахаванне парэшткаў паўтанцаў. На месцы пахавання быў пастаўлены драўляны крыж, які то знішчалі (немцы), то аднаўлялі (мясцовыя актывісты).

У рэшце рэшт, 31 жніўня 1925 года на Замкавай гары, ля магілы Жыгімонта Серакоўскага польскія ўлады адчынілі помнік. На мармуровай пліце былі выбіты прозвішчы 21 паўстанца, забітага царскімі ўладамі ў 1863 годзе. На адкрыцці манументу прысутнікаў генерал Юзаф Галлер. Урачыстае набажэнства правёў ксёндз Уладзіслаў Бандурскі. Пад канец мерапрыемтва падраздзяленні Войска Польскага пад камандаваннем палкоўніка Валерыяна Чумы прайшлі ганаровым маршам. Цікавым момантам было тое, што ганаровую варту ля помніку складалі былыя «даўбурчыкі», жаўнеры Першага польскага корпусу, якія ў 1918 годзе змагаліся з бальшавікамі ў Бабруйску.

2 лістапала 1925 года жыхары Вільні ўрачыста ўсклалі кветкі да Магілы невядомага жаўнера Войска Польскага. Варта разумець, што менавіта ў гэты час адбывалася паступовая трансфармацыя Віленскай зямлі (так гэтая тэрыторыя называлася да 1926 года) у Віленскае ваяводства. Супраць гэтага працэсу выступаў маршал Юзаф Пілсудскі, які спрабаваў захаваць Віленшчыну, як узор федэрацыйнага будаўніцтва польскай дзяржавы. Аднак, у студзені 1926 года было абвешчана стварэнне Віленскага ваяводства, у склад якого, між іншым, увайшлі Маладзечна, Ракаў, Валожын, Ашмяны, Вілейка і іншыя беларускія гарады. Восенню 1939 года Сталін перадаў Вільню літоўцам. Новыя ўлады польскі помнік не чапалі, але пасля Другой Сусветнай вайны манумент у памяць невядомага жаўнера Войска Польскага быў знішчаны.

Радашковічы. Польскі крыж і савецкая зорка

Крыжы на польскіх магілах у Радашковічах

У іншых гарадах Заходняй Беларусі таксама ствараліся помнікі ў памяць жаўнераў Войска Польскага, якія загінулі падчас польска-бальшавіцкай вайны. Большасць з іх была знішчана савецкімі ўладамі ў розныя часы. Але невялікая частка іх дайшла да нашых дзён. Адзін з манументаў да сённяшняга дня захаваўся ў Радашковічах. 11 лістапада 1930 года, у чарговую гадавіну атрымання Польшчай незалежнасці, кіраўніцтва мястэчка адчыніла на могілках помнік у памяць жаўнераў 2-га палка легіёнаў польскага войска, якія ўдзельнічалі ў баявых дзеяннях супраць Чырвонай Арміі ля Маладзечна і Радашковічаў. Дарэчы, менавіта жаўнеры гэтага падраздзялення ў 1919 годзе аднымі з першых увашлі ў Менск…

17 верасня 1939 года, у першыя гадзіны «вызвольнага паходу Чырвонай Арміі ў Заходнюю Беларусь», савецкія войскі занялі памежныя Радашковічы. У чэрвені 1941 года бамбардзіроўшчыкі РСЧА паспрабавалі атакаваць тут нямецкія войскі, якія рваліся на Усход, аднак большасць самалётаў з чырвонымі зоркамі былі збіты. Зараз экіпаж савецкага пілота Аляксандра Маслава пахаваны недалёка ад месца, дзе ў 1920-1930-я гады знайшлі свой апошні прыстанак жаўнеры Войска Польскага.

Надпіс на польскім помніку ў Радашковічах

Польскія вайсковыя помнікі, якія ў міжваеннае дваццацігоддзе былі створаны на тэрыторыі Заходняй Беларусі, з'яўляюцца неад'емнай часткай беларускай гісторыі, і нам, сучасным беларусам, варта шанаваць гэтую частку нашай нацыянальнай мінуўшчыны.

Заметили ошибку в тексте – выделите её и нажмите Ctrl+Enter

Стрит-стайл Нью-Йорка: куртки, прически и обувь жительниц большого яблока

Места • Анна Вайнштейн
Жительница Нью-Йорка Анна Вайнштейн по просьбе KYKY наблюдает за модниками и модницами, которых сама называет термином «фашинисты», и делится с нами своими наблюдениями: тонкие курточки Uniqlo под пальто, балетки с пуховиком, шарфы, больше похожие на клетчатое одеяло, и прочие фишки уличной моды, которые носят в Нью-Йорке.​
Популярное