25 августа 2015, 11:12

Прэзентацыя альбома «Чырвоны штраль» адбудзецца 7 лістапада ў Вільні ў канцэртнай залі Compensa, разлічанай на 4 тысячы гледачоў. Па словах лідара «Крамбамбулі» Лявона Вольскага, дыск стане для гурта апошнім. «Пасля сыйдзем у лясы партызаніць. Іншых варыянтаў існавання ў сучасных умовах мы не бачым», – распавёў Лявон Артуравіч.

Назву «Чырвоны штраль» альбом атрымаў у гонар віленскай кавярні пачатку XX стагоддзя, куды наведвалася беларуская інтэлігенцыя, у тым ліку Янка Купала і браты Луцкевічы. Менавіта ў «Чырвоным штралі» ў 1916 годзе адбылася знакавая сустрэча Луцкевічаў з прадстаўнікамі польскіх і літоўскіх колаў, пасля якой браты вырашылі імкнуцца не да аднаўлення Рэчы паспалітай ці ВКЛ, а да стварэння незалежнай Беларусі. У 1918 годзе гэтым памкненні выліліся ў абвяшчэнне БНР.

Квіткі на канцэрт будуць каштаваць ад 620 да 1100 тысяч рублёў. Беларусы, якія набудуць квіткі, змогуць атрымаць бясплатны шэнген тэрмінам на тры дні – з 6 па 8 лістапада. Пры гэтым набор дакументаў на падачу ў амбасады будзе скарочаным: даведкі з месца працы ці навучання не спатрэбяцца, як і пацверджанні платаздольнасці. Рэгістрацыя дакументаў на візу ўжо адкрытая, а пакрокавая інструкцыя рэгістрацыі ёсць на сайце паб-клуба «Графіці». Іншыя падрабязнасці можна адшукаць на старонцы мерапрыемства ў FB і VK.

Гурт «Крамбамбуля» існуе з 2002 года, вядомасць яму прынеслі песні «Абсэнт», «Госці», «Турысты». За 13 год існавання гурт запісаў пяць альбомаў; «Чырвоны штраль» стане шостым. Беларусы ўжо прызвычаіліся, што на канцэрты «Крамбамбулі» трэба ехаць у Вільню: з 2004 «Крамбамбуля» трапіла пад хвалю неафіцыйных забаронаў, а з 2011 – у новы «чорны спіс» Мінкульта, і выступаў на вялікіх пляцоўках у Беларусі гурт амаль не даваў.

Ещё новостей на KYKY?

Заметили ошибку в тексте – выделите её и нажмите Ctrl+Enter