17 июня 2016, 16:28

Лявон Вольскі распавёў пра свой новы альбом, які мае выйсці ўвосень. Ён атрымаўся больш паэтычны, чым змагарскае «Грамадазнаўства». Для плыткі напісана 16 песень. З большага, праца над імі была завершаная яшчэ да таго, як у сям'і музыкі здарылася гора: ад анкалагічнай хваробы памерла Ганна Вольская, жонка і прадзюсар Лявона.

«Песні, у большасці, былі напісаныя да гэтага... І я змяніў толькі пару радкоў у некалькіх песнях, — распавядае Лявон Вольскі ў вялікім інтэрв'ю 'Еўрарадыё'. — Атрымалася, што спакойныя, напалову акустычныя песні там чамусьці досыць дэпрэсіўныя, а цяжкія і хуткія — наадварот не дэпрэсіўныя. Не ведаю, чаму так атрымалася... Хаця, на той момант у мяне не было ніякіх сумных прадчуванняў, усё быццам бы ішло нармальна. Таму я не ведаю, чаму я накрэмзаў такі дэпрэсняк. Можа, нешта такое было ўнутры... Бо яшчэ ўзімку нічога не ўказвала на тое, што штосьці здарыцца».

Назвы ў новага альбому дагэтуль няма. Па словах Лявона, з крэатывам пакуль што бяда: «Назву 'Грамадазнаўства' прыдумала Анечка. Думалі-думалі, пакуль на вочы падручнік дачкі не трапіўся. І цяпер з назвай цэлая праблема... Магчыма, бліжэй да рэлізу прыйдзе азарэнне».

Альбом будзе запісвацца ў Вільні камандай на чале з нарвежскім прадзюсарам Снорэ Бергерудам. Кожны ахвочы можа паспрыяць хутчэйшаму заканчэнню гэтай працы, зрабіўшы дабрачынны ўнёсак на адмысловым сайце. На гэты момант сабрана 86% ад неабходнай сумы.

Фота: «Будзьма беларусамі!».

Заметили ошибку в тексте – выделите её и нажмите Ctrl+Enter
По теме