KYKY: Ігар, тэма вашай выставы — гісторыя Заходняй Беларусі ў міжваенны час. Чаму вырашылі звярнуцца да гэтага перыяду?
Ігар Мельнікаў: Гэта досыць цікавы і не просты час у нашай нацыянальнай гісторыі. Я заўсёды цікавіўся гісторыяй Другой сусветнай вайны. І вось калі пра ўдзел беларусаў у барацьбе з нацызмам на савецкім баку ёсць шмат інфармацыі, то пра беларускіх жаўнераў Войска Польскага, якія з верасня 1939 года першымі, разам з палякамі сказалі Гітлеру «не» ў Беларусі, доўгі час не ўзгадвалі. А між тым гутарка ідзе пра 70 тысяч беларускіх жаўнераў польскай арміі, якія ўдзельнічалі ў Вераснёўскай кампаніі 1939 года. Разам з тым, «Заходнебеларуская Атлантыда» распавядае і пра мірнае жыццё жыхароў Віленскага, Навагрудскага і Палескага ваяводстваў у 1920—1930 гг.
KYKY: Выстава толькі распачала працу — і ўжо нарабіла шмат шуму як сярод прыхільнікаў гісторыі, так і ідэолагаў. Чаму так?
І. М.: Я не хацеў бы зашмат спыняцца на гэтым пытанні. Галоўным мэсаджам маёй выставы з'яўляецца спроба звярнуць увагу грамадскасці на подзвіг беларусаў, якія з першага дня Другой сусветнай змагаліся з нацысцкай Нямеччынай.
У верасні 1939 года яны першымі зрабілі крок да вялікай Перамогі ў траўні 1945 года. Аднак, на жаль, некаторыя беларускія ідэолагі не жадаюць бачыць гэты аспект. Але пры гэтым кажуць пра нейкае «прыніжэнне ролі СССР».
Выстава выклікала вялікую цікавасць у беларускага грамадства, і гэта самае галоўнае. Спадзяюся, што ўсе праблемы будуць вырашаны і мы будзем працаваць у нармальным рэжыме.
KYKY: Давайце падрабязней пагаворым пра сам змест выставы. Агульнавядома, што ў сакавіку 1921 года Беларусь была падзелена паміж савецкай Расіяй і Другой Рэччу Паспалітай. Заходняя частка нашай краіны жыла «пад палякамі», мела свой быт, свае парадкі. Наколькі савецкі лад жыцця адрозніваўся ад польскага?
І. М.: Адрозніваўся, і значна. Аднак варта пазначыць, што выстава «Заходнебеларуская Атлантыда» не распавядае пра нейкае «шчаслівае» жыццё беларусаў пад палякамі. Заходняя Беларусь у міжваенны час была не багатай аграрнай ускраінай Другой Рэчы Паспалітай. Тут было беспрацоўе і «зямельны голад», аднак, не было голаду хлебнага, які накрыў савецкую Беларусь і Украіну ў пачатку 1930-х гадоў. Часткова сітуацыю ратавала польская дзяржава, часткова паны-землеўласнікі. У БССР пра гэта не любілі ўзгадваць, але працавітыя гаспадары «за панскім часам» жылі не кепска. Пры гэтым паўтаруся — на «крэсах» не было раю. Тут была паланізацыя, і калі б не падзеі верасня 1939 года, польскім уладам удалося б перарабіць «тутэйшых» палешукоў у «палякаў». Разам з гэтым не трэба забываць, што ў той жа самы час у БССР была русіфікацыя, а беларуская нацыянальная інтэлігенцыя падверглася жорсткім рэпрэсіям.
KYKY: Вернемся да выставы. У адным са сваіх артыкулаў вы пісалі, што ў заходніх беларусаў была нават свая мода. Распавядзіце пра гэта…
І. М.: Ну, гэта не зусім «свая». Справа ў тым, што на Заходняй Беларусі распаўсюджваліся модныя трэнды, якія ў той час панавалі ў Еўропе. У газетных шапіках прадаваліся польскія і замежныя часопісы моды, у дадатках да перыядычных выданняў публікаваліся ўзоры прычосак, якія былі моднымі, напрыклад, у Галівудзе. У крамах можна было набыць адзенне польскіх і замежных брэндаў. Аднак каб зарабіць на гэта грошы, беларусы ў тым ліку, былі вымушаны ездзіць на працу за мяжу.
KYKY: Вы гаворыце пра гэта на выставе?
І. М.: Так, асобны блок «Заходнебеларускай Атлантыды» прысвечаны менавіта гісторыі працоўнай міграцыі жыхароў Заходняй Беларусі ў Лацінскую Амерыку і ў Прыбалтыку. На выставе можна ўбачыць арыгінальныя тагачасныя польскія замежныя пашпарты, дамовы аб працы, грошы розных краін. Ёсць там нават арыгінальныя папяровыя долары ЗША 1930-х гадоў.
KYKY: Падаецца, што «Атлантыдай» вы называеце Заходнюю Беларусь, таму што яна дастаткова нязведаная, адрозная, іншая, так?
І. М.: Такая назва ў выставы таму, што гэты перыяд гісторыі Беларусі слаба вывучаны нават айчыннымі гісторыкамі. Што ўжо казаць пра грамадства, якое працяглы час не мела магчымасці даведацца пра розныя абставіны гісторыі заходнебеларускіх тэрыторый у міжваенны перыяд і пра ўдзел нашых суайчыннікаў у Вераснёўскай кампаніі 1939 года.
KYKY: А як гэты вайсковы аспект прадстаўлены на выставе?
І. М.: Гледачы змогуць убачыць унікальныя фотаздымкі беларускіх жаўнераў польскага войска, дакументы, асабістыя рэчы. Сапраўднай разынкай выставы з'яўляюцца ўзоры ўніформы пяхотніка 84-га палку з Пінску, марака Пінскай рачной флатыліі ВМФ Другой Рэчы Паспалітай і капітана 83-га пяхотнага палка з Кобрына. Людзі ў такіх мундзірах змагаліся з нацыстамі пад Млавай, Модлінам, Варшавай, Брэстам, Кобрынам і г.д
KYKY: Думаю, не кожны ведае, што і Брэсцкая крэпасць абаранялася двойчы, і першы раз у 1939 годзе менавіта пры актыўным удзеле нашых суайчыннікаў. Я не памыляюся?
І. М.: Дакладна. Першая абарона 13–17 верасня 1939 года была жорсткай і гераічнай. Польскі гарнізон цытадэлі на Бугу складаўся ў сваёй большасці з рэзервістаў-палешукоў, якія не проста мужна, але і эфектыўна змагаліся супраць танкаў Хайнца Гудэрыяна. Не буду падрабязна спыняцца на гэтых падзеях, тым больш, што пра іх можна пачытаць у маіх публікацыях. Толькі пазначу, што на выставе можна ўбачыць унікальныя, раней не друкаваныя здымкі жаўнераў брэсцкага гарнізона.
KYKY: 17 верасня 1939 года Заходняя Беларусь «уз'ядналася» з БССР? З аднаго боку, савецкіх салдат сустракалі хлебам з соллю, з другога, хутка пасля «вызвалення» пачаліся арышты, дэпартацыі і калектывізацыя. Вы пра гэта распавядаеце на выставе?
І. М.: У экспазіцыі, безумоўна, паказаны працэс далучэння Заходняй Беларусі да БССР. Тут ёсць і дакументы, і здымкі, і цікавыя матэрыялы перыядычнага друку. Я не насоўваю гледачам нейкія думкі і погляды, а даю ім факты, а людзі самі павінны фарміраваць сваё стаўленне да тых падзей. Асабіста лічу, што «ўз'яднанне» адыграла вельмі важную ролю ў працэсе фарміравання беларускай дзяржаўнасці і станаўлення самасвядомасці нашага народу. Разам з тым, не трэба забываць і пра адмоўныя бакі, звязаныя з падзеямі верасня 1939 года. Тут гутарка ідзе пра рэпрэсіі і дэпартацыі. Ні сучасная беларуская ўлада, ні грамадства не нясуць адказнасці за злачынствы сталінізму, але мы павінны ведаць гэтыя старонкі нашай гісторыі.
KYKY: Хто ўжо паспеў паглядзець экспанаты і якія былі водгукі?
І. М.: На адкрыццё выставы 12 верасня 2014 года прыйшло каля 50 чалавек. Людзі рознага ўзросту. Было і некалькі нашчадкаў беларусаў, якія у польскіх мундзірах біліся з фашыстамі ў пачатку Другой сусветнай вайны. На жаль, адкрыццё было не афіцыйным, але людзям спадабалася выстава. Больш таго, да сённяшняга дня ў інтэрнэце шмат маіх знаёмых і проста пастаронніх людзей звяртаюцца да мяне і выказваюць пажаданне ўбачыць «Заходнебеларускую Атлантыду» на ўласныя вочы.
KYKY: У чым, на вашу думку, каштоўнасць гэтай выставы?
І. М.: Думаю, што галоўным плюсам гэтага выставачнага праекту з'яўляецца яго навізна. У Беларусі ніколі не было падобных мерапрыемстваў. Гісторыю Заходняй Беларусі разглядалі толькі праз прызму падзей 17 верасня 1939 года. А пра беларускіх герояў Вераснёўскай кампаніі ўвогуле не згадвалі. Прыйшоў час зламаць стэрэатыпы і вярнуць гістарычную праўду беларусам. Спадзяюся, што «Заходнебеларускую Атлантыду» ўбачаць і ў іншых гарадах нашай краіны.
Тым часам, беларускае тэлебачанне нават зрабіла сюжэт пра выставу: