Нядзельная маці: як я пакінула сваіх дзяцей на выхаванне мужу

Герои • Елизавета Мороз

Каб зразумець, чаму пакідаць дзяцей з бацькам – нармальна, KYKY паразмаўляў з жанчынамі, якія сталі нядзельнымі мамамі па ўласнай волі. Цяпер яны бачаць сваіх дзяцей раз на некалькі месяцаў, будуюць кар’еру, заводзяць новых партнераў і на аб чым не шкадуюць. Упершыню гэты тэкст з'явіўся на KYKY на расійскай мове ў 2020-м, а цяпер мы публікуем яго па беларуску.

Калі вы хочаце бачыць больш матэрыялаў розных аспектаў жыцця беларусаў, падпішыцеся на наш Patreon за мерч і іншыя бенефіты. А калі вам падабаюцца вострыя жыццёвыя тэмы — зрабіце хуткі данат на нашым сайце (акно для данатаў — наўпрост пад гэтым тэкстам).

«Былы хацеў поўную апеку, таму што лічыў мяне так сабе маці». Хель, жыве з дачкой у розных краінах

У Хель ёсць блог у telegram – «Незабудочка 18+». Не так даўно яна зрабіла там камінг-аўт – распавяла, што ў яе ёсць дачка, якой сем гадоў, і яна жыве з татам. Пасля гэтага допісу Хель напісалі больш за тысячу жанчын, дзеці каторых таксама больш часу праводзяць з татамі. Не таму што маці дрэнная, асацыяльная, а тата хоча ўратаваць дзіця ад яе. А таму што абодва бацькі так дамовіліся пры разводзе.

«Мы з будучым мужам пазнаёміліся ў маім падарожжы па Еўропе і закахаліся. Потым ажаніліся, і я пераехала да яго ў іншую краіну. Калі нашаму шлюбу было без аднаго дня сем гадоў, мы вырашылі разыйсціся. Ён – добры хлопец, цудоўны муж і выдатны бацька. Але я яму здрадзіла – і гэта стала нагодай для разводу. Я не закахалася ў іншага чалавека, мне захацелася стаць «дрэннай» і змяніць жыццё. Таму што ў эміграцыі было самотна, а я не хацела прыкладаць высілкі, каб звыкнуцца да новага жыцця. Я хацела дадому і ўсе.

Калі мы пачыналі працэс разводу, дачцэ было пяць гадоў – яна цяжка перажывала гэты час. З-за судоў і разборак дачка хутка пасталела, у яе пачаліся праблемы з паводзінамі – канфлікты з выхавацелямі, настаўнікамі. З-за чаго псіхолагі ў саду і ў школе называлі яе негатыўным лідарам. Гэта быў сігнал для мяне і экс-мужа, што нам патрэбна супакоіцца і звярнуць увагу на дзіця, а не цыкліцца на ўласных пакутах. Бо наша дачка – вясёлы і добры маленькі чалавек. Яна выступае за справядлівасць і сумленнасць, але іншы раз ператварае гэта ў жорсткасць.

Фота: Clément Chapillon

Зараз дачцэ сем гадоў. Мне здаецца, яна вельмі сталая для свайго ўзросту. Памятаю, наша размова аб маім новым мужчыне (я сустрэла яго праз паўгады пасля разводу і стала часта ездзіць да яго ў Расію).

— Мама, ты кагосці яшчэ кахаеш, апроч таты?
— Канешне: бабулю, сяброў, родзічаў.
— Ты ж ведаеш, што я маю на ўвазе.
— Так, у мяне ёсць сябра.
— А вы разам жывеце?
— Не. Ён у Расіі, я – тут.
— Трэба разам жыць, інакш не сям’я.

Самым цяжкім у нашым разводзе было вызначыць характар апекі. Я ад самага пачатку хацела сумесную. У мяне была адказная раз’яздная праца, а былы – выдатны бацька, для чаго мудрыць? Лепш жыць з родным татам, чым з няняй. Часам дачка казала, што хоча быць са мной, але заўжды ў кантэксце «я хачу, каб бацькі былі разам». А яшчэ таму, што я яе пешчу. Абіраць мы яе не прымушалі – яна засталася з татам.

Былы хацеў поўную апеку, таму што лічыў мяне так сабе маці. У мяне была праца, на якой я знікала ў камандзіроўках кожны месяц па два-тры тыдні. Калі дачка нарадзілася, пачалася пасляродавая дэпрэсія, на якую ані я, ані экс-муж не звярнулі належнай увагі. Я памірала ад сядзення дома – мне падавалася, што я ператварылася ў нудную функцыю па абслуге. З дачкой стала цікава, калі яна пайшла і пачала размаўляць. А з мужам яны з першай секунды яе жыцця «ўліплі» адзін у аднаго, як шэрачка з машэрачкай. І яму было крыўдна, што ў мяне не так, што я хачу яшчэ нейкіх падзей у жыцці – акрамя мацярынства. Яму падвалася гэта няправільным. Ён хацеў, каб дачка засталася з ім, таму што шчыра лічыў, што з ім ёй будзе лепш.

У нас былі суды, скандалы і адвакаты. Але мая пазіцыя была слабейшай, таму давялося старацца для сумеснай апекі паболей за яго. Калі ўсё ўлеглася і я дабілася сумеснай апекі, мы з экс-мужам сталі рабіць крокі насустрач адзін аднаму. Адносіны станавіліся ўсё цяплей – нядаўна, пасля смерці маёй маці, мы канчаткова памірыліся.

Зараз я тэлефаную дачцэ і прыязджаю да іх з былым, яны таксама наведваюць мяне. У 2018-м пражылі ў Расіі практычна цэлы год – праца экс-мужа дазваляе кіраваць усім дыстанцыйна, а ён моцна хацеў патрапіць на чэмпіянат па футболе. Так што мая дачка скончыла расійскі дзіцячы садок. У 2019-м мы з ёй бачыліся два разы. Я прыязджала да іх з былым, але заставалася ў гатэлі паблізу. Потым памерла мая маці, з-за чаго мая чарговая сустрэча з дачкой не адбылася. Хутка я ізноў паеду да яе і былога мужа, але цяпер буду жыць не ў гатэлі, а ў іх дома.

Часам я думаю, што трэба жыць інакш, «як усе людзі», але разумею, што гэта ілюзія. Наша блізасць з дачкой не патрабуе пастаяннага кантакту. Мы можам знаходзіцца на значнай адлегласці і мала камунікаваць, але пры гэтым быць шчырымі і казаць адзін аднаму праўду. Мне падаецца, што гэта значна больш за знаходжанне побач 24/7, але кожны сам сабе. Мне не было сорамна, калі мы вырашылі, што дачка застаецца з татам: у краіне, дзе я жыла, — гэта норма. А вось на радзіме з’явіліся пытанні: «Як так: дзяўчынка і жыве з татам? Няўжо ты не хочаш быць спраўднай маці?» Я доўга не магла вырашыцца напісаць пра гэта ў блоге. Адчувала бяссілле адтаго, што не магу даказаць, што са мной ўсе нармальна. Часам у маёй галаве ўключаюцца ўсе стэрэатыпы адразу: твая дачка будзе табе чужой, яна не даруе табе за тое, што ты была далёка – вы з ёй ніколі не зразумееце адзін аднаго. Так што ніхто не асуджаў мяне мацней за мяне. 

Фота: Ahn Yeonhoo

З незнаёмымі ці проста знаёмымі людзьмі я гэтую сітуацыю не абмяркоўваю, а блізкія мяне не дакаралі. Маці была засмучаная тым, што дачка не са мной, але не сварылася са мной. А мой цяперашні партнёр мяне падтрымлівае і кажа, што я добрая маці. Сярод сяброў ёсць тыя, хто лічыць, што дзіця павінна быць з маці – яны адкрыта казалі мне пра гэта, але без навязвання. Канешне, хацелася апраўдвацца – адчувала збянтэжанасць і віну, што для кагосці я няправільная. Здавалася, што калі патлумачу пару нюансаў, мяне адразу зразумеюць і ухваляць – гэта не столькі жаданне спадабацца людзям, колькі невызначанасць.

Нашае з экс-мужам рашэнне аб сумеснай апецы камфортнае і найменш траўматычнае для ўсіх. А ці правільнае яно – пакажа час. Наша задача зараз – зрабіць так, каб дачка, мой былы муж і я былі шчаслівымі, спакойнымі і ўпэўненымі».

«Нашы стасункі зараз нават лепш, чым калі мы жылі разам». Дзіяна, бачыцца з сынам і дачкамі раз на тры месяцы

«Мы з мужам пазнаёміліся ў інтэрнэце, пачалі сустракацца і вельмі хутка ажаніліся – нясцерпна хацелася замуж. Тады мне падавалася, што штамп у пашпарце – найвялікае дасягненне дзяўчыны. Мы пражалі ў шлюбе больш за 15 гадоў, а потым разыйшліся па маёй ініцыятыве. Мне стала цесна ў ролі жонкі і нявесткі – хацелася жыць, як хочацца мне самой, а не сям’е мужа. Мае жаданні заўжды ішлі насуперак з уяўленнямі яго бацькоў аб ідэальнай жонцы. Развод быў вельмі цяжкім. У мяне пачалося парушэнне харчовых паводзін, дадалася 12 кілаграмаў вагі.

У нас трое дзяцей. Старэйшая дачка ўсе разумела, казала мне: «Жывіце асобна і будзьце шчаслівыя. Гэта лепш за тое, каб жыць разам у цяжкай атмасферы». Але пасля разводу яна моцна замкнулася – пачала закрывацца ў сваім пакоі, ні з кім не размаўляла. Зараз усе нашмат лепш. Сярэдні сын таксама цяжка перажываў наш разыход, але ён вінаваціў мяне, казаў: «Мне ўсё адно, што вы сварыцеся. Калі ласка, жывіце разам, нават калі вам будзе дрэнна. Галоўнае, каб мне было добра». Сын камплексаваў, баяўся, што яго аднакласнікі даведаюцца пра наш развод. Малодшая дачка перастала размаўляць са мной, хоць я ведаю, што менавіта яна мае патрэбу ўва мяне больш за астатніх. Кожны раз, калі прыязджаю да дзяцей, малодшая цяжка хварэе – ангіна, высокая тэмпература, ліхаманка. Мне здаецца, гэта чыстая псіхасаматыка, быццам бы такім чынам яна спрабуе ўтрымаць мяне. Як дзеці перажылі наш развод – ня ведаю. Яны жылі не са мной.

Фота: Diaz & Young

Варыянт, дзе дзеці застануцца са мной, мы не разглядалі. Па-першае, у іх бацькі больш фінансавых магчымасцяў забяспечыць той узровень жыцця, да якога яны звыклі. Па-другое, я пераехала ў Еўропу, дзе мне трэба было вызначыцца з новай прафесіяй і нанова атрымаць адукацыю. Атрымліваецца, у дзяцей на адной чары вагаў была маці, якая дзеліць кватэру з іншымі людзьмі ў чужой краіне, і ў якой ёсць час толькі на паспаць і паесці. А на другой – школа, сябры, гурткі, свой пакой, тата і ўся астатняя сям’я.

Цяпер я езджу да дзяцей на тыдзень кожныя тры месяцы – не больш, з-за новых абавязкаў. Да таго ж, я не хачу, каб яны моцна прызвычайваліся да мяне. Чым даўжэй разам, тым цяжэй развітанне. 

Калі прыязджаю, мы з дзецьмі жывем у маёй маці. Сядзім дома, глядзім фільмы, гуляем, спім усе разам. Я заўважыла, што мы сталі бліжэй – напэўна таму, што зараз стасункі з дзецьмі больш шануюцца. І мяне не турбуе, што я прапускаю важныя моманты – галоўнае, я прысутнічаю ў іх жыцці эмацыйна. Хоць раней было велізарнае пачуццё віны, яно і зараз ёсць, але ўжо менш. Дзеці супакоіліся, і нашыя стасункі зараз нават лепшыя, чым калі мы жылі разам.

Мая сям’я шкадуе, што дзеці не са мной, але родныя не асуджаюць мяне – вераць, што мы будзем разам у рэшце рэшт. Больш кранае рэакцыя выпадковых людзей, якім я распавядаю сваю гісторыю. Усе, як папугаі, паўтараюць адно і тое ж: «Напэўна, табе вельмі цяжка. Ты моцна па іх сумуеш? Вы часта бачыцеся, размаўляеце? Калі ты іх прывязеш да сябе?». Гэта не эмпатыя – гэта жаль, а я не хачу, каб мяне шкадавалі.

У сітуацыях, падобных на маю, трэба верыць, што ўсе, што ні робіцца – да лепшага. Усё павернецца на свае месцы, рана ці позна. Кожны атрымлівае тое, што зараз яму ці ёй больш за ўсё патрэбна, нават калі гэта ў дадзеным моманце не асэнсоўваецца. Яшчэ важна ведаць, што калі дзеці праходзяць праз гэты няпросты ўрок жыцця, значыць, гэта ім для чагосьці трэба».

«Быць адным з бацькоў – не азначае прысвяціць сваё жыццё дзецям». Дар’я, бачыцца з сынамі некалькі разоў на тыдзень

«З татам маіх дзяцей мы пазнаёміліся на вечарыне, а потым я дастаткова хутка пераехала да яго. Мы ніколі не былі афіцыйна жанатыя, хоць пражылі разам восем гадоў. Вырашылі разыйсціся, таму што так і не навучыліся вырашаць нашы праблемы. Я не стала разумнейшай і хітрэйшай, прама патрабавала яго выконваць свае абавязкі, ды і ад яго не атрымлівала належнай падтрымкі і дапамогі. Мы пастаянна сварыліся і крыўдзілі адзін аднаго. Дайшло да таго, што мы не маглі размаўляць адзін з адным больш за тры хвіліны – адразу пачыналася сварка.

Фота: Arianna Lago

У нас з былым партнерам два зусім розных, але вельмі дружных сына. Старэйшы ад нараджэння глухі. Але яму зрабілі аперацыю, уставілі кахлерныя імпланты – з імі ён чуе і размаўляе. Восенню пойдзе ў першы клас у звычайную школу. Ён актыўны, кемлівы і вельмі норавісты хлопчык. Малодшы больш мяккі і творчы, можа бясконца абдымаць, цалаваць і казаць, як моцна кахае.

Навіны пра тое, што маці і бацька больш не будуць жыць разам, яны прынялі на дзіва лёгка. Мне падалося, што сыны не вельмі зразумелі, што адбылося. Былы ў гэтай размове спрабаваў імі маніпуляваць, казаў: «Ну што, дзеці, гатовыя без таты жыць?». Я тады сказала сынам, што тата несур’езна, ен проста расстроены, і дадала: «Вы будзеце ночыць і ў таты часамі». На што сыны адказалі: «Не, мама, мы з табой». Пасля гэтага мы з экс-партнерам сыйшлі ў іншы пакой, дзе я яму сказала: «Мне ўжо не зробіш ні балюча, ні крыўдна. А вось яны – твае дзеці, паберажы іх. Давай сыходзіць з іх жаданняў».

Зараз я праваджу з дзецьмі два-чатыры дні на тыдзень. Быў перыяд, калі мы бачыліся нашмат радзей – усяго раз на тыдзень. Прыкладна праз паўтары месяцы пасля нашага разводу я змяніла працу – гэта стала глытком свежага паветра. Магчыма, я пачала збягаць з рэчаіснасці, пагружаючыся ў нешта больш прыемнае. Усё наклалася адно на адно: праца, стомленасць, смутак па дзецях (і іх па мне), папрокі з боку родных былога «дзецям патрэбная маці, а ты знікаеш на працы». Я пачала заўважаць, што спрабую кампенсаваць дзецям страту ўвагі вялікай колькасцю падарункаў. Але я не адчувала сябе «нядзельным татам», якога любяць больш, чым таго з бацькоў, які прымушае рабіць урокі і чысціць зубы. Я разумела, што гэта не здаровая сітуацыя, таму зрабіла ўсё, каб надаваць дзецям больш часу.

Зараз я працую, а былы – не. Таму 50-60% часу дзеці бавяць з татам, а астатні – са мной. З-за працы я фізічна не магу, напрыклад, забіраць іх з сада кожны дзень, вадзіць на гурткі і па лекарах. Плюс, гэта такая самая адказнасць іх таты, як і мая. Зараз нам зручней, каб бацька займаўся непасрэдна дзецьмі, а я – іх забяспячэннем. Калі дзеці са мной – гэта звычайныя дні. Мы прыходзім дадому, ямо, займаемся, гуляем, чытаем і кладземся спаць. Выходныя стараемся праводзіць актыўна – хадзіць у кіно, у дзіцячыя цэнтры, на каток ці да сяброў.

У нашай схеме няма праблемаў, але ў мяне ўсё адно ўзнікае пачуццё віны, калі мае дзеці бавяць больш часу са сваім татам. Грамадства і яго асновы дыктуюць свае правілы. І нават калі ты разумееш, што гэта бязглуздзіца, часам іррацыянальныя пачуцці бяруць верх. У такія моманты я сама сабе кажу: «Усе навокал сцвярджаюць, што дрэнная маці тая, што не паклала сябе на алтар мацярынства, не прынесла сябе ў ахвяру. Але ж гэта не так! Быць маці не азначае прысвяціць сваё жыццё дзецям. У мяне ёсць праца, асабістае жыццё, час, які я прысвячаю дзецям, сябрам і блізкім. Мне няма за што сябе вінаваціць, так што меркаванне грамадства з яго ілжывай мараллю ідзе лесам. Я нясу адказнасць толькі перад дзецьмі, а не перад грамадствам».

Фота: Alexandra Von Fuerst

Увогуле словы незнаёмых людзей і меркаванні мяне асабліва не кранаюць. Часам пытаюся ў дзяцей, што яны адчуваюць – ці моцна сумуюць, можа, іх нешта турбуе. Псіхолаг, да якога я звярталася наконт іх стана ў перыяд нашага расставання, заўважыла, што дзеці сталі спакайнейшыя – у іх сыйшлі неўрозы і цікі. І я разумею, што гэта было правільным рашэннем, хто б што нi казаў. 

Калі вы – маці і шчыра робіце для вашых дзяцей усё, што ў вашых сілах, не дазваляйце навакольнаму свету неяк уплываць на гэта. І яшчэ вельмі важна захоўваць добрыя стасункі з татам дзяцей. Яны павінны бачыць гарманічныя адносіны бацькоў, нават калі тыя не жывуць разам». 

«Да таты заўсёды магу прыйсці па параду, а з маці проста добра стасуюся». Анастасія, з васьмі гадоў жыве з татам

«Мае бацькі ажаніліся з-за цяжарнасці маці. Адразу пасля вяселля тата сыйшоў у мора, таму нармальнай сям’і ў іх не атрымалася. Калі ён перастаў хадзіць у рэйсы, яны з маці жылі разам, але сябры і каханкі былі ў кожнага свае. У нейкі момант гэта надакучыла абодвум, і яны разыйшліся. Мне тады было восем гадоў.

Цяжка сказаць, ці лёгка было вырашыць пакінуць мяне з татам – мяне аб гэтым не асабліва інфармавалі. Проста ў нейкі момант тата забраў мяне да бабулі і мы сталі жыць утраіх. Але ведаючы свайго тату, хутчэй за ўсе, ён проста сказаў, што я буду жыць з ім, а маці пагадзілася – абодва разумелі, што так будзе лепш. І гэта не азначае, што мой тата – дэспат, тыран і узурпатар. Бацькі былі зусім маладыя, калі я з’явілася. Не паспелі пабудаваць уласнае жыццё, як рэзка давялося клапаціцца пра мяне. Відаць, калі яны вырашылі разыйціся, яго жыццё было больш дарослым і сабраным за яе.

У мяне класны тата, з такім жыць ды жыць! Ён з самага дзяцінства размаўляў са мной на роўных, як з дарослым чалавекам. Даваў права выбару, тлумачыў, да чаго могуць прывесці нейкія неразумныя дзеянні і які шлях лепш абраць. А яшчэ ён геданіст. Прышчапіў мне любоў да падарожжаў, якаснаму алкаголю, адзенню і нармальным зносінам. З маіх 14 гадоў мы адкрыта размаўлялі пра сэкс.

Фота: Barry Stone

З маці бачыліся, калі атрымлівалася – не было спецыяльных дзён і гадзін. Часамі цэлы месяц не сустракаліся, толькі па тэлефоне размаўлялі. У іншыя разы я па некалькі тыдняў жыла ў яе. Часцей за ўсё мы хадзілі ў кавярню, парк, але маглі і дома пасядзець. Часамі ездзілі ў падарожжы разам. Я не памятаю, як мне было, калі мы сустракаліся ў маім дзяцінстве. Але ў падлеткавым узросце я ўспрымала яе больш за сяброўку, чым за маці.

Людзі здзіўляюцца, калі кажу, што жыла з татам – прынята ж наадварот. Я іх разумею, такое ў нас грамадства. Але заўжды тлумачу, што з маці ў мяне добрыя адносіны, а такога тату магу толькі пажадаць. Часта мяне пытаюць пра жыццё з мачахай – гэта асобная гісторыя. Калі тата стаў жыць з іншай жанчынай, я не адразу з гэтым прымірылася – часта псіхавала і скардзілася бабуле. Часам хацела сыйсці да маці, але хутка разумела, што з татам мне будзе лепш. Пасля разводу тата стаў маім бацьком №1. Да яго я заўжды магу прыйсці па параду і дапамогу, а з маці проста добра стасуюся. Часам хочацца самой узяць яе пад апеку.

У мяне была крыўда на маці, але мне ўсё адно хацелася з ёй бачыцца, яе жыццё падавалася мне цікавым. Часам думала, што з ёй было б прасцей і весялей, але гэтыя думкі хутка сыходзілі. З ранніх гадоў я разумела, што маці неабходна прывесці свой жыццёвы раздрай у парадак, перад тым як пускаць мяне туды. Крыўда на маці прайшла, няхай і не так даўно». 

Заметили ошибку в тексте – выделите её и нажмите Ctrl+Enter

«Их заставляли убивать». Интервью с женой Литвиненко — ФСБшника, которого отравили за правду и которого в кино сыграет Камбербэтч

Герои • Мария Матусевич

Наверняка вам хорошо знакомы попытки отравления Навального или Скрипалей. Но знаете ли вы историю экс-сотрудника ФСБ Александра Литвиненко, который в конце 90-х разоблачил свое руководство перед прессой, бежал в Британию, но в 2006-м был отравлен. KYKY удалось поговорить с его супругой и вдовой Мариной Литвиненко – она видела, как умирал муж, и знает, почему это произошло и даже кто это сделал. Почему мы пишем об этом? Да потому что Беларусь и Россия регулярно подсматривают друг у друга способы избавления от оппонентов.