«Людзі запісваюцца да беларускамоўнага доктара i атрымліваюць зніжку ў 5%». Адзіная ў Мінску стаматалогія, якая працуе на мове

Герои • Мария Русинович
Пакуль сацсеткі працягваюць разрывацца ад моўных спрэчак, мы знайшлі ўладальніка адзінай у сталіцы стаматалогіі, якая працуе на мове і нават робіць зніжкі беларускамоўным кліентам. Акрамя медыцынскага бізнеса Францішах Жылка адбудоўвае млын ў родных мясцінах, з якой пайшоў яго амаль шляхецкі род.

На анлайн-пляцоўцы беларускамоўных сервісаў say.by мы знайшлі мінскую стаматалагічную лякарню «Глорыя», якая працуе на мове. За зносіны на беларускай тут кліентам сапраўды робяць зніжкі ў пять адсоткаў. Больш за тое, нават выдаюць чэкі з гістарычнай цытатай-паролем паўстанцкага руху Кастуся Каліноўскага: «Каго любішь? Люблю Беларусь. То ўзаемна». Падзівіўшыся з такога прасоўвання беларускай мовы ў прыватным медабслугоўванні, мы вырашылі пагаварыць з ўласнікам лякарні Францішакам Жылкай. Аказалася, што яго бізнэс мае моцныя нацыянальныя карані і глыбокія сямейныя традыцыі. 66-гадовы бізнэсоўца паходзіць з Заходняй Беларусі і з'яўляецца спадчынным прадпрымальнікам. Сціплы і ветлівы ў размове, ён ахвотна па-беларуску распавядае пра гісторыю сваёй прыватнай справы. Стаматалагічная лякарня на мове – гэта далёка не адзіны накірунак яго бізнэсу. Яшчэ ён робіць спартыўны абутак і адбудоўвае родныя Жодзішкі. У сям'і Жылкі па жаночай лініі жонкі – ужо цэлая дынастыя стаматолагаў: доктарам была яго цёшча, зараз жонка-лекар працуе загадчыцай лякарні, тут жа тэрапеўтам робіць і яго дачка. Гаворку пра сваю працу Францішак пачынае ажно з генеалагічнага дрэва 18 стагоддзя – ён реальна ведае продкаў да таго часу.

«У 16 год я быў і механікам, і матацыклістам, і бізнэсоўцам»

Я займаюся генеалагічным дрэвам сваім – ужо, можна лічыць, закончыў «дрэва Жылкаў». Дайшоў да 1745-га года, адкуль я паходжу. У другой палове 19 стагоддзя ў прапрадзеда было чатыры сыны, ён меў гаспадарку ў 20 гектараў і вырашыў, што гэта недастаткова – маючы чатырох сыноў. Бо гэтыя сыны павінны мець сем'і, жаніцца, і калі трэба ім па пяць гектараў кожнаму даць, то гэта недастаткова! Ён іх збірае, сход праводзіць з імі і адпраўляе ў Расею на заробкі. Толькі аднаго старэйшага Францішка пакінуў на гаспадарцы – гэтыя 20 гектар абрабляць. Адзін з іх нават быў у Сібіры, будаваў чыгунку і за гэты час дайшоў да пасады галоўнага майстра… Праз 11 год прыязджаюць браты да бацькі, вяртаюцца дамоў з заробленымі грашыма. Грошы неблагія. У 1900 годзе панскі засценак Стаўбуцева выкупілі і засяліліся ў гэтую сядзібу. Я нарадзіўся і жыў у гэтым вялікім панскім доме да шостага класа. Мой дзядуля меў у гэтым жа маёнтку землі і лес.

У 1951-м арганізаваліся калгасы – і ўсю гэтую маёмасць забралі: жыўнасць, лес, зямлю. Гэта Заходняя Беларусь, Смаргонскі раён. Там сажалі многіх у турмы. Дзядулю майго хацелі вывезці ў Сібір, але людзі далі НКУСаўцам годную характарыстыку – прасілі за добрага чалавека. Мая сям'я наймала працаўнікоў, калі патрэбна было сеяць і збіраць збожжа – на самыя інтэнсіўныя працы, вясной і восенню – і кармілі людзей лепей, чым самі елі. Акрамя таго, яшчэ і плацілі грошы! Мяне заўсёды шанавалі, калі я быў на танцах у розных вёсках. Раней жа танцы былі, як цяпер дыскатэкі ў клубах – мяне ў розных вёсках пазнавалі, чый я ўнук.

Струнка такая была ўжо ў дзяцінстве, калі мог зарабіць грошы. Падлеткам 60-70 трусікаў кожны год гадаваў, сам вазіў на базу, прадаваў. У 16 год атрымаў правы на мапед – «Рыга-3» такі быў, хуткасны. І па сёння ў сейфе трымаю тэхпашпарт на гэты мапед, на маё імя і прозвішча выпісаны. Тады я быў і механікам, і матацыклістам, і бізнэсоўцам (смяецца).

«У 90-я ўсе пастановы ў Міністэрстве я пісаў толькі на беларускай мове»

Потым я працаваў у цэнтральным апараце Міністэрства транспарту. Я ўсе ступені прайшоў: пасля інстытута працаваў механікам, майстрам, потым начальнікам майстэрні, галоўным інжынерам стал у 27 год. І тут такая сітуацыя атрымалася з партыяй… Мне было 28 год, а ў мяне ўжо пасада галоўнага інжынера. Як гэта: паўтары гады ўжо адпрацаваў галоўным інжынерам, і не камуніст? А па гадах я ўжо выходзіў з камсамольца. Мне далі каманду ступіць у партыю. А ў мяне ў тэхнічным аддзеле працавала дзяўчына па ўліку гумы і паліва, яна была сакратаром камсамольскае арганізацыі. Адзін раз яна напісала мне такую характарыстыку, што яе «адфутболілі». А чаму так пісала? Я ставіўся да такіх арганізацый адмоўна: лічыў, што на працы трэба займацца працай. Напрыклад, прыходзіць шафёр, яму колы патрэбны на аўтамашыну трэба выпісаць – тэлефаную, а яе на працы няма. Пытаюся: «Дзе?» – «Яна ў райкаме камсамола». Я яе выклікаў і за за гэта даваў разгон. Вось таму яна мне і пісала такую характарыстыку, што некалькі разоў перапісвалі. Потым усё-такі прынялі.

А у 1991-м годзе я выйшаў з партыі. Сам рыхтаваў пастановы, загады на беларускай мове. З пачатку 90-х гэта пайшло – беларусізацыя. У 90-я ўсе пастановы ішлі толькі на беларускай мове. Да 1993-га года, да самага майго выхаду з Міністэрства, ў мяне ўся перапіска ішла на беларускай мове. У цэнтральным апараце мы рассылалі – прыемна было чытаць.

А пасля працы да нас прыходзіла настаўніца па беларускай мове і гадзінку вучыла тых, хто ня ведае беларускай мовы. І гэта ўсё спакойна прымалася.

Вось яшчэ год пяць так па-беларуску – і мы б спакойна тады атрымалі гэтую беларускую мову па ўсёй краіне. Яшчэ было прыемна, як міністру на мове дакумент ні падрыхтую, заўсёды падпісвалася пастанова ці загад. А як на расейскай – то косачкі няма, то абарот слоў пераставіць. Напэўна, ён не хацеў дыскутаваць са мной па беларускай мове (смяецца). Яму не хацелася ўнікаць.

Так я і не заўважыў, што там 12 год адпрацаваў. Кіраваў тэхнічным аддзелам. Туды прыйшоў – быў самы малады, было мне 29 гадоў. Я не чураўся камандзіровак, а маім працаўнікам, падабалася, што ёсць такі кіраўнік: ім не хацелася ездзіць па камандзіроўках! Я матаўся па рэспубліцы, ведаў, дзе, што і як адбываецца… І ўбачыў, што ўжо пачалася перабудова ў дзяржаве, бачыў, што мне у Міністэрстве няма, што рабіць. Я адчуваў ужо, што пара заняцца сваёй справай. Хаця мне і заставалася некалькі гадоў да пенсіі дзяржаўнага служачага.

Я пачаў развівацца, можна сказаць, з простых рэчаў: з бабруйскіх заводаў прывозіў прылады для мінскіх гаспадарчых крамаў. Чаму няможна было самім гэта заводам усё арганізоўваць? Савецкі прэм'ер-міністр быў Кебіч – ён па-савецку і думаў.

Калі я пачаў вырабляць абутак для конных спартоўцаў, то «фонды» нейкія яшчэ працягваліся – на скуру, матэр'ялы (маецца на ўвазе планаванне паставак па ўзгодненых раней квотах). Ужо Саюза не было, а тут усё яшчэ фандавалі. Наадварот, трэба было распрадаваць прадукцыю, каб куплялі больш, а працягвалася тая ж савецкая сістэма. На жаль, яшчэ і сёння цягнецца савецкі падыход чыноўнікаў, нават саўдэпаўскі.

У мяне быў цэх па пашыву рабочай адзежы: рукавіцы, касцюмы. Дапамагло ў бізнэсе тое, што я меў досвед на прадпрыемствах: часта выконваў абавязкі дырэктара, унікаў у фінансавыя пытанні, бухгалтарскія. І праца ў міністэрстве, канешне, дапамагла мець бачанне шырокае, досвед працы з дакументамі з пастановамі і загадамі.

«Цяпер пішуць «родной язык – русский»

Беларуская мова ў мяне з самага дзяцінства – як толькі пачаў хадзіць. І ў калысцы я чуў гэтую беларускую мову. Як мой дзядуля казаў: «Мы тутэйшыя». Мы па-тутэйшаму размаўлялі – па-беларуску. Мне вельмі пашчасціла, што я вучыўся ўвесь час у беларускай школе. Дзесяць класаў заканчваў па-беларуску. У інстытут я паступаў па-беларуску. Здаваў матэматыку і фізіку – усё гэта па-беларуску. Раней, калі я размаўляў чыста на мове, некаторыя мне задавалі пытанне: «А, ты, значыць, напэўна, бэнээфавец тады?» Цяпер крыху ня так.

Я падбіраў у сваю стаматалагічную лякарню адміністратараў. Па інтэрнэце, праз электронную пошту прыйшло дзесьці 150 заявак жадаючых. Прысылалі рэзюмэ свае і, што мяне вельмі здзівіла, – цяпер пішуць «родной язык – русский». Піша сама беларуска. Так гэта вельмі блага для дзяржавы! Пытаюцца ў мяне: «А які асноўны крытэр, каб я падышла да гэтай працы?» Я кажу: «Галоўнае, каб ведалі «родной язык наш». Яны пытаюцца: «Русский?» – «Не, – кажу, – беларускі».

Папрыходзілі з салонаў, буцікоў, дзе стаяць аўто навейшыя – чатырма мовамі валодаюць замежнымі. Я кажу: «А родная мова?» – і ўсё тут.


Адна сказала нават, што ненавідзіць мову. Гэта ўжо страшна. З вёскі гэтая жанчына – няважна, што нарадзіліся яны ў Мінску, – бацькі ў іх вясковыя. Яны думаюць: калгасная гэта мова. Заўважаю, з Расеі ёсць, і з Каўказа, і з Украіны ёсць такія люді, якія беларускую мову вывучылі і нават лепей ведаюць за каранных беларусаў. Ёсць такія, я ведаю такіх людзей.

У выніку у мяне некалькі дактароў размаўляюць на беларускай мове. Адміністратары – толькі на беларускай мове. Паперы агульныя ў нас на беларускай мове. Пацыенты ставяцца да гэтага з зацікаўленасцю. Ёсць людзі, якія запісваюцца да беларускамоўнага доктара. Яны атрымліваюць зніжку ў пяць адсоткаў. Беларускамоўны калектыў сабраць – гэта мая мэта. Ідэя такая, каб усе пагалоўна: і дактары, і мядсёстры – усе чыста на беларускай мове размаўлялі.

У меня былі прапановы ехаць на працу у тую ж Расею і ў Польшчу, асабліва ў 90-я – па вялікія грошы. Тады хтосьці займаўся продажам спірту, алкаголю, нават нафтай – мне нецікава было ўсё гэта. Мы вось боты сёння вырабляем – у гісторыі Беларусі ў савецкія часы ніхто іх не вырабляў для спартоўцаў-коннікаў, а тут мы пачалі з нуля. Ёсць фірмы італьянскія, нямецкія – узровень там, канешне, іншы. Дык яны ж і каштуюць пад тысячу еўра, а нашыя – 250 даляраў. У іх гэтыя фірмы існуюць стагоддзямі, усе гэтыя тэхналогіі, а мы тут усё гэта амаль за 25 год стварылі – і выйшлі на еўрапейскі ўзровень.

Архіўнае фота, 1990-я гады

Ці, напрыклад, мы рэстаўрацыю млына ў Жодзішках правялі: там ўвогуле былі толькі руіны, сцены – патрэбна было новую турбіну стварыць, прылады, усё запусціць. Турбіну рабілі ў Мінску, па чарцяжох. Гэта ж млын майго дзядулі па мамінай лініі, маці з роду Кабаковых. Я аднавіў каплічку пачатку 20 стагоддзя на могілках у аграгарадку Жодзішкі. Яна была пабудавана, але занядбана. Проста ўзяў ды ўзнавіў. Галоўнае што? Галоўнае, што можна стварыць нешта цікавае для сваёй краіны.

А калі мы 20-годдзе святкавалі – выдалі такі вось медаль работнікам, якія працавалі больш 10 гадоў, бо людзі заслугоўвалі гэта.

І хутка будзе 25 год, як беларуская мова ў нас на ўсіх шыльдах. Гэта дзіўна, канешне, што для нацыі павінны прасоўваць гэтую мову. Быў бы цырк, калі б так сказалі немцам – у Германіі якая б небудзь кампанія прасоўвала германскую мову, або ў палякаў. Калі ў дзяржавы няма сваёй мовы, то і не будзе краіны.

Заметили ошибку в тексте – выделите её и нажмите Ctrl+Enter

«Всё, что больше 30 километров, – это боль». Истории отчаянных беларусов, которые бегают марафоны

Герои • Дмитрий Качан

Марафоны нынче бегают не только профессиональные спортсмены, но и люди, которые строят успешные карьеры ментальным трудом. Но представьте: у вас есть полноценная работа, но 20 часов в неделю вам приходится тренироваться, потому что на испытании придется бежать больше трех часов. «Все марафонцы на 40-м километре клянутся себе, что никогда больше не станут этого делать», – говорит один из наших героев. Но бег – это тоже наркотик.