Як Уладзімір Маякоўскі напісаў у Стоўбцах верш
Праз Стоўбцы ездзілі палітыкі, дыпламаты, літаратары, інтэлігенцыя, шпіёны і звычайныя людзі. Гэтая станцыя стала транзітным пунктам на шляху ў СССР. Праз гэтую чыгуначную станцыі ішоў знакаміты цягнік у Маскву. Менавіта там ён спыняўся, і пачынаўся польскі пашпартны кантроль. Затым цягнік рухаўся да апошняй польскай станцыі Коласава, і там пасажыры пераязджалі мяжу. На савецкай станцыі Негарэлае яны праходзілі савецкі кантроль і сядалі ў савецкія «шырокія» вагоны.
Звычайныя жыхары СССР «рыжскую мяжу» перасякалі рэдка, тым больш на цягніку. А вось прадстаўнікі інтэлігенцыі ездзілі на Захад часта. Адным з тых, хто неаднаразова праязджаў Стоўбцы, быў Уладзімір Маякоўскі. Вось як ён апісваў свае ўражанні ў адным з артыкулаў, датаваным 1927 годам: «Стоўбцы. Памежны пункт. Шыкоўны будынак. Белы, быццам бы з золата. Як адрозніваецца гэтая станцыя ад нашых брудных станцыек. Думаю, калі так пойдзе далей, Польшча сапраўды разбагацее. [...] У цягніку з Варшавы ў Негарэлае на дзесяць вагонаў (не змяншаю) ехала чалавек сем. Побач з нашым вагонам цягнуўся адзін цалкам пусты мяккі, адзін цалкам пусты жорсткі і побач жорсткі вагон усяго з адным пасажырам. Праўда, гэта ўжо пры пад'ездзе да польска-савецкай дзяржаўнай мяжы (да Стоўбцаў, Коласава, Негарэлага). Верагодна, гэта рэдкасць, але нават для рэдкасці пасажыраў усё ж мала».
Менавіта тут, у Стоўбцах, нарадзіўся і знакаміты «Верш пра савецкі пашпарт», які пазней трапіў у савецкія школьныя падручнікі па літаратуры.
«У дамы побач са мной канфіскуюць новую парыжскую парфуму». Мытны кантроль
Польскія памежнікі праводзілі вельмі пільны дагляд усяго, што правозілі пасажыры. Асаблівую ўвагу звярталі на друкаваныя матэрыялы і кнігі. Адзін савецкі інжынер у сярэдзіне 1930-х гадоў так апісваў свой досвед перасячэння мяжы: «Наш цягнік падышоў да памежнай станцыі Негарэлае. Пасля беглага агляду багажу на нашай мытні цягнік даехаў да мяжы. Вось і мяжа. Нашы памежнікі, якія правяралі пашпарты, выйшлі. Цягнік паехаў далей. Прыпынак. Першая польская станцыя Стоўбцы. Мы перайшлі ў польскія вагоны. Увайшлі разадзетыя польскія жандары.
Канфедэратка з гербам Польшчы — вялікім аднагаловым медным арлом і вялікім казырком, акаваным меддзю, высокія боты са шпорамі і, канечне, вялікая кабура з пісталетам.
Адзін з жандараў папрасіў адкрыць чамадан, у якім у мяне ляжала змена бялізны, начныя туфлі, загорнутыя ў газету, і томік вершаў Пушкіна, які я набыў на вакзале ў Негарэлым. Жандар узяў Пушкіна і сказаў на рускай мове:
— Кнігу я канфіскую. Правоз камуністычнай літаратуры ў Польшчу забаронены!
— Якая ж гэта камуністычная літаратура? Гэта ж вершы. А Пушкін памёр у 1837 годзе. Глядзіце, на вокладцы стаіць: 1799 — 1837, — запярэчыў я.
— Гэта маглі надрукаваць дзеля маскіроўкі, — такім быў адказ, і мой томік застаўся ў жандара».
На савецкім баку дагляд быў не менш дэталёвым. Вось як апісваў гэтую працэдуру венгерскі пісьменнік Дзюла Ёйш: «Паварочваюся назад – туды, дзе засталася Еўропа. «Камунізм змяце межы паміж краінамі!» – абвяшчае надпіс па гэты бок брамы. Я прымушаю сябе да спакою і ва ўсеагульнай мітусні складаю ўзятыя ў дарогу кнігі [...]. У гэты момант у купэ ўваходзіць грамадзянін. Невысокі, белатвары малады салдат, які ветліва просіць прад'явіць пашпарты. [...] Уздоўж шырокага драўлянага перона станцыі Негарэлае стаялі восем салдат без зброі. Невялікім рэвальверам быў узброены толькі іх камандзір; у брыджах і ботах да каленяў, у рамянях і партупеі, з рудымі кучарамі, якія выбіваюцца з-пад шапкі і вялікім носам. Ён усім сваім выглядам як бы наглядна дае зразумець прыезджым, што савецкія людзі не прызнаюць расавых адрозненняў. Каля салдат насільшчыкі ў белых фартухах; са спрытам, уласцівым людзям гэтай прафесіі ва ўсіх краях свету, яны кідаюцца да пасажыраў. Нам трэба будзе перасесці, польскім вагонам далей дарогі няма. Па іншы бок платформы пачынаюцца рускія рэйкі, адлегласць паміж якімі – з прычыны прадбачлівасці царскіх стратэгаў – шырэй, чым прынята ў Еўропе.
Мытны дагляд адбываецца ў прасторным, як свіран, чыстым памяшканні. Падлога пакрытая да бляску нацёртым паркетам, бакавыя сцены ўтвараюць суцэльнае акно, над вакном партрэт Леніна. [...] У цэнтры залы размешчаны кругавы пульт, куды пасажыры ставяць адкрытыя для агляду валізкі. Мытнікі прафесійна адпрацаванымі рухамі прыўздымаюць бялізну і абутак, старанна абмацваюць кожную рэч. Замежная валюта заносіцца ў дэкларацыю, пры выездзе з краіны можна будзе вывезці менавіта столькі грошай. Нумар фотаапарата запісваецца ў пашпарт вандроўкі. У дамы побач са мной, якая вяртаецца з-за мяжы, канфіскуюць новую парыжскую парфуму, суправаджаючы працэдуру ветлівымі тлумачэннямі. Па плане паездкі тут я павінен атрымаць білет ад мяжы да Масквы».
«Нейкае дзіця падняло на мяне вочы: «Хлеба». Вяртанне ў бальшавіцкую клетку
Уражанні ад прыезду ў «першую краіну працоўных і сялян» былі розныя. Вось як апісвала свой візіт у СССР адна з пасажырак цягніка: «Польшча ўжо скончылася, Савецкі Саюз яшчэ не пачаўся. Пасля пяці дзён дарогі мы пад'ехалі да мяжы. Цягнік спыніўся ў Негарэлым. Памятаю, я пераступіла парог вакзала і ўсклікнула — у зале поўна людзей. Усе апранутыя ў лахманы, усе ляжаць на падлозе. На плошчы, ля вакзала, людзей яшчэ больш. Нейкае дзіця падняло на мяне вочы: «Хлеба». Я задрыжала. Мне трынаццаць гадоў, я прыехала з Парыжа, і вось першае, што я бачу ў краіне, дзе мне давядзецца жыць. Мама ў роспачы: «Не плач. Тут іншае жыццё». «Мама, мне страшна, давай вернемся». — «Ужо немагчыма. Мы перасеклі мяжу».
У кнізе «Запіскі савецкай перакладчыцы» эмігрантка Тамара Саланевіч так узгадвала свае памежныя перажыванні: «Вясной 1931 года я з цяжкім пачуццём пераехала праз савецкую мяжу. Жудаснае пачуццё ахоплівае савецкага грамадзяніна, калі цягнік адыходзіць ад апошняй польскай станцыі Стоўбцы і павольна пачынае праходзіць праз памежную зону да знакамітай, пабудаванай бальшавікамі аркі, на якой напісана: «Пралетарыі ўсіх краін, яднайцеся!» Сэрца сціскаецца, чалавек ідзе як на закланне, добраахвотна вяртаецца ў клетку, з якой выпадкова яму ўдалося вырвацца. Знаходзячыся ў Гандлёвым прадстаўніцтве, я кожны раз падчас пераезду мяжы не ведала, ці давядзецца мне яшчэ выехаць у вольную Еўропу. А цяпер я вярталася ў СССР, як мне здавалася, назаўсёды. Здавалася, што жыццё ўвогуле скончылася. Нават вядомыя камуністы вярталіся ў Савецкі Саюз з цяжкім пачуццём».
У 1930 годзе бельгійскі мастак Жорж Рэмі (Эржэ) зрабіў серыю малюнкаў пра журналіста-дэтэктыва Тэнтэна, які накіраваўся ў падарожжа ў Савецкі Саюз і перайшоў мяжу ў Стоўбцах.
Пры гэтым бельгійскі карыкатурыст зрабіў невялікую памылку. Паводле Эржэ, «Стоўбцы» — гэта ўжо СССР, але ў рэчаіснасці першай савецкай станцыяй на гэтым адрэзку мяжы было, як вядома, Негарэлае.
Як праз мяжу вазілі дыверсантаў, палітычных зняволеных і астанкі караля Рэчы Паспалітай
На пачатку 1920-х гадоў у Заходняй Беларусі дзейнічалі бальшавіцкія партызанскія атрады на чале з кадравымі разведчыкамі. Адзін з іх, Станіслаў Ваўпшасаў, разам са сваімі баевікамі ў жніўні 1924 года падрыхтаваў і ажыццявіў напад на Стоўбцы. Яго мэтай было вызваленне першага сакратара Камуністычнай партыі Заходняй Беларусі Паўла Корчыка (Юзафа Лагіновіча) і іншых чальцоў КПЗБ. Напад быў удалым, аднак польскія ўлады затрымалі некалькі чалавек, якія на допыце прызналіся, што прайшлі спецыяльную падрыхтоўку ў Мінску. Менавіта гэтая акцыя прымусіла польскія ўлады стварыць Корпус аховы памежжа, які да верасня 1939 года нёс службу на лініі савецка-польскай мяжы, у тым ліку і ў Стоўбцах.
У сакавіку 1925 года падчас абмену палітычнымі зняволенымі ў Коласава супрацоўнік польскай паліцыі Юзаф Мурашка застрэліў двух бальшавіцкіх агентаў. За гэта яго прысудзілі да некалькіх гадоў турмы. У верасні 1933 года там жа адбыўся абмен Браніслава Тарашкевіча на Францішка Аляхновіча.
Вясной 1938 года савецкі ўрад вырашыў зачыніць касцёл Святой Кацярыны Александрыйскай у Ленінградзе і прапанаваў польскаму ўраду забраць астанкі апошняга караля Рэчы Паспалітай Станіслава Аўгуста Панятоўскага на Радзіму. Палякі пагадзіліся. Вось як гэтыя падзеі ўзгадваў адзін з іх удзельнікаў, кіраўнік савецкага аддзела польскага МЗС Станіслаў Забела: «Было адзначана, што астанкі караля былі моцна пашкоджаны пастаяннай вільгаццю [...]. Усё сабранае было перавезенае на чыгуначны вакзал, змешчанае ў драўляную скрыню пад пячаткай. Да польскай мяжы патаемны груз суправаджаў консул Польшчы ў Ленінградзе. На трэці дзень пасля эксгумацыі каралеўскіх парэшткаў, 9 ліпеня, вагон, прычэплены да пасажырскага цягніка, прыбыў на мяжу ў Стоўбцах. Маскоўскія чыгуначнікі перадалі польскім калегам накладную з надпісам: «Польшча» і тлумачэннем: «Астанкі».
Польскія ўлады разумелі, што Стоўбцы — сапраўдныя вароты ў Еўропу. Таму тут быў пабудаваны новы чыгуначны вакзал, дамы для чыгуначнікаў, адміністрацыі, а таксама супрацоўнікаў КАП.
У горадзе з'явіўся клуб «Рэдута», а таксама — гімназія імя Тадэвуша Галаўко. Тут планавалася развіваць турызм, дзеля чаго на Нёмане была збудаваная турыстычная база.
«У Саветах жывуць вельмі бедна». Як савецкія памежнікі «вызвалілі» Стоўбцы
Але ўсё скончылася 17 верасня 1939 года, калі Дзяржынская конна-механізаваная група нанесла ўдар на батальён КАП «Стоўбцы» пад камандаваннем падпалкоўніка Станіслава Краеўскага. Ужо а 5 гадзіне раніцы савецкім памежнікам ўдалося адолець капістаў у стражніцах «Коласава», «Бардзі» і «Маразовіцы». Камандаванню Чырвонай Арміі давялося ўжыць артылерыю, але пры гэтым польскія памежнікі смяротна паранілі савецкага капітана-памежніка Ермакова і каля дзесяці яго падначаленых. Стражніцу «Смалярня» савецкія жаўнеры закідалі гранатамі. Так, цягам дня ў кровапралітных баях з пераўзыходзячым праціўнікам батальён КАП быў знішчаны.
Да чэрвеня 1941 года ў Стоўбцах і Коласава неслі службу савецкія памежнікі. За некалькі дзён да нападу Германіі на СССР былую мяжу перасеклі выхаванцы інтэрнацыянальнага дзіцячага дома ў Наваельні пад Баранавічамі. Вось як пра гэта пісаў у лісце да маці кітайскі хлопчык Ван Лі Ізмайлаў: «Добры дзень, мама! Я прыехаў у санаторый. Мы спыняліся ў Мінску і за намі прыходзіла машына, на якой мы паехалі ў лагер адпачыць. Яшчэ мы спыняліся ў Негарэлым, у якім правяралі дакументы (!) і потым мы праехалі старую мяжу. Мама, напішы, ці атрымала ты паштоўку ад мяне? Напішы пра ўсё».
Але дакументы правяралі і ў звычайных жыхароў былога памежжа. Не кожны з Заходняй Беларусі мог паехаць у БССР.
Для перасячэння «зоны загароды» (так да чэрвеня 1941 года называлася былая «рыжская» мяжа) было патрэбна атрымаць дазвол з НКУС. «Нас нібы «вызвалілі», але мяжа засталася, і ў савецкую Беларусь нас не пускалі без пропуску.
У маці пад Мінскам жыла сястра стрыечная. Мама хацела пайсці да сваякоў, але праз былую мяжу яе не пусцілі. Бацьку аднойчы, мусіць у 1940 годзе, накіравалі ў Негарэлае на працу. Ён калі вярнуўся адтуль, дык казаў, што ў Саветах жывуць вельмі бедна, а мы ж тады таксама ўжо былі савецкімі, аднак, тое, што «за польскім часам» назапасілі, з таго і жылі», – узгадвала жыхарка Коласава Сцепаніда Яўсейчык.
У чэрвені 1941 года менавіта на «лініі загароды» пад Стоўбцамі байцы 16-га Дзяржынскага атраду памежных войск НКУС СССР уступілі ў смяротны бой з часткамі вермахта, якія рваліся да Мінску.