Культавая пісьменніца Света Курс прачытала сотні лістоў з архіва Катынскага музея. Палонныя афіцэры ў 39-м пісалі сваім сем’ям пра продаж радыепрыемніка (пасля вайны будуць новыя тэхналогіі), ці смокінга, і нават як сажаць бульбу. Яны захоўвалі ў кішэнях ключы, спадзеючыся аднойчы адкрыць дзьверы сваіх дамоў. У Катыні знойдзеныя шмат іржавых ключоў. І вось гэтыя лісты ды ключы — усе, што засталося ад людзей
17 верасня ў Беларусі святкуюць День единения. У гэты дзень у 1939-м савецкія войскі напалі на Польшчу ў таемнай змове з гітлераўскай Нямеччынай. Саветы занялі Заходнюю Беларусь і распачалі рэспрэсіі — чысткі, расстрэлы, раскулачванне, катаванні — супраць этнічных палякаў і беларусаў, якія былі заможнымі гаспадарамі, ці займалі нейкія пасады ў структурах польскай дзяржавы і войска. Дарэчы, Брэсцкую крэпасць гітлераўцы тады не здолелі захапіць і ганарова перадалі гэтую місію Саветам, якія штурмавалі яшчэ два тыдні. Каб праз нейкі час гераічна абараняць крэпасць ад «саюзніка».
Падчас працы з архівам Катынскага музею я апрацавала шмат лістоў ад палонных афіцэраў да іх сем'яў. Прыкладна кожны пяты — ураджэнец Беларусі. Да прыкладу, у Войска Польскае ў верасні 1939-га быў прызваны з Карэліччыны маладзенькі Янка Брыль (пазней народны пісьменнік Беларусі). Служыў у марской пяхоце пад Гдыняю, трапіў у нямецкі палон, уцёк, выжыў, напісаў для нас важныя словы. А колькі галасоў замоўкла ў зямлі? Сёння, 17 верасня, дам вам магчымасць паслухаць іх жывыя галасы.
Зюк просіць прадаць свой смокінг
30-гадовага Юзафа Закрэўскага, настаўніка і селяніна з вёскі Лаўна, што пад Скідзелем, блізкія называлі Зюк. 9 лютага 1940-га Зюк піша маці і жонцы з расейскага лагеру ваеннапалонных:
«Дарагая мая!!! Пішы мне часта, а я буду пісаць раз на месяц. Калі будзе нястача, прадай мой смокінг і футра па добрай цане. Захоўвай насенне беражліва. Калі ласка, на палетках саджай усё на ўгнаенні, толькі пасля бульбы без угнаенняў. На ўчастку з бульбай і жытам з боку Крыжанскага засей 1 морг ячменю і 1 м морг аўса, пакінь за хлявом выган, а на жытнім полі пасей 35 кг серадэлы. Запасайся насеннем.
Маці, не сярдуй на мяне — я цябе нагрузіў дзецьмі, а дапамагчы нічым не магу. Гэта не мая віна. Лекар сказаў мне есці сала і цыбулю. Дык падсмажце, калі ласка, 3 кг сала з вялікай колькасцю цыбулі і адпраўце мне ў бляшанцы. Патрэбен і мёд — каля 2 кг. Да таго ж прышліце мне грашовым пераказам 20 рублёў на дробныя выдаткі.
Мама, я такі ж, як раней — не бойся. Паразы часцей за ўсё ўплываюць на развіццё асобы, умацоўваюць дысцыпліну і фармуюць характар. У нас усё будзе добра ў будучыні. Я веру ў гэта. Цалую цябе. Зюк».
Спажыць мёд і сала з цыбуляю Зюк не пасьпеў. 18 сакавіка адбіў тэлеграму жонцы: «Папраўляйся, лісты атрымліваю, спяшаюся, Закрэўскі» — і замаўчаў назаўжды.
Спраўная жанчына Люня і яе 10-гадовы апякун
У Гарадцы ля Кобрына Людміла Керкоўская з сынам Юрыкам чакаюць свайго мужа і тату. У кастрычніку 1939-га, з Брэста з турмы. Зыгмунт піша:
«Я вельмі рады, што ў вас усё добра ты спраўная жанчына, Люня мая. Ты вельмі добра папрадавала рэчы, толькі баюся, што тваіх запасаў надоўга не хопіць. Пасля твайго ліста я крыху супакоіўся — ты мяне суцяшаеш, што добрыя людзі табе дапамогуць — дай Бог. Як вучыцца Юрык? Люня, беражы яго.
Юрычак — памятай — ты павінен клапаціцца пра сваю маці, ты яе апякун, пакуль я да цябе не вярнуся — будзь моцным апекуном».
Станіслаў Квяткоўскі глядзіць на падворак
Я прачытала сотні лістоў, і аўтар кожнага з іх спадзяваўся, што вернецца. Верыў, што Саветы будуць кіравацца Жэнеўскай канвенцыяй. Найменш ілюзій меў Станіслаў Квяткоўскі, вясковы паліцыянт. Ягоныя лісты з турмы пад Львовам прасякнутыя адчайным благаньнем.
7 лютага 1940 года (два месяцы да смерці): «Дарагія, я яшчэ раз нагадаю вам, што заўтра пятніца і што я два тыдні сяджу ў адной бялізне, галодны, таму што харчуюся толькі беднай, мізэрнай турэмнай ежаю. Прашу пана Касоўскага паручыцца за мяне як мага хутчэй. Заўтра перадайце з ім вопратку на змену, шкарпэткі, цыгарэтную паперу, мыла і ручнік. Можа, у вас ёсць 5 рублёў? Калі ёсьць, не кладзіце тытунь, бо за 5 рублёў тут можна купіць 100 штук «Трактарыстаў».
Цяпер з камэры, дзе я сяджу, мы можам бачыць адзін аднаго, калі вы станеце на падворку Шварца з захаду турмы. Пачніце ж думаць, каб выцягнуць мяне адсюль! Аднак дзейнічайце вельмі асцярожна, з дапамогай давераных людзей. У гэтую суботу спаўняецца 13 тыдняў, тры месяцы маіх пакут!! Хопіць ужо! Абдымаю і цалую. Маліце дапамогі ў пана Касоўскага, бо я магу з'ехаць адсюль у любы час і далёка!
Квяткоўскі прапануе план выратавання. Балюча чытаць, настолькі марныя, наіўныя гэтыя спадзяванні:
«Трэба паручыцца за мяне перад тутэйшым судом, што я з'яўляюся і быў лаяльным грамадзянінам, 2) ніякай контррэвалюцыйнай працы не вёў і не буду весці, 3) што я паводзіў і буду паводзіць сябе маральна, 4) што я быў добрым пажарным кіраўніком і настаўнікам, і людзі ў школе і ў вёсцы адчуваюць маю адсутнасць 5) што я беспартыйны і ва ўсёй сваёй дзейнасці не кіраваўся палітычнымі меркаваннямі. Гэты апошні пункт з'яўляецца найбольш важным і павінен быць на першым месцы. Ідзіце неадкладна з гэтым лістом да пана Касоўскага і прашу, каб зрабіў гэта мне. Ён не расчаруецца ўва мне, і я адплачу вам! Гэтую дэкларацыю ён павінен неадкладна падаць на суд, начальніку Н.К.В.Д. Я падкрэсліваю НЕАДКЛАДНА, таму што можа быць занадта позна: Бучэк, былы інспектар паліцыі, асуджаны да смяротнага пакарання, ужо ёсць шмат прысудаў 10, 8, 6, 5 і 3 гадоў турмы. Абдымаю цябе і горача цалую. Стах».
«Ці ёсць у вас вошы? У нас многа»
2 красавіка 1940 года за чатыры дні да смерці, падпаручнік Юзаф Блоцкі высылае паштовую картку да жонкі Ядвігі. Картка некалькі месяцаў блукае туды і назад, бо Юзаф ляжыць у Катыні, а жонку, сястру і маці вывезлі ў Казахстан.
«Ядзенька! Учора атрымаў вашу першую картку ад 26 сакавіка — і першыя два лісты. Я рады, што ты здаровая і будзеш часта пісаць. Што тычыцца мяне, то я здаровы, астатняе без зменаў. Чаму ты не адказваеш на мае пытаньні з папярэдніх паштовак? Ці ёсць у вас вошы? У нас іх многа. Пішы мне кожны тыдзень. Вы вельмі мерзлі? Цябе і ўсіх цалую — уся мая радасць — гэта твае лісты. Юзік».
Паміж радкамі, напісанымі рукою Юзэфа, запісы цэнзара Данілы Чахольскага: «Выехаў са Старабельска. Лагер ліквідаваны. Адраса не ведаю, спытайце ў НКВД у Маскве».
Новы ровар і рыбін тлушч
Палонныя захоўвалі ў кішэнях ключы. Падчас эксгумацыі ў знойдзеныя сотні іржавых ключоў, якія цяпер счарнелымі звязкаміляжаць у Катынскім музеі. Здымкі родных, насоўкі, кубачкі, партабакі, самаробныя шахматы, акуляры, ружанцы.... Яны чапляліся за жыцьцё, за яго мілыя дробязі.
Уладзіслаў Кавалеўскі піша 28 лістапада 1939 года да жонкі ў мястэчка Белае.
«Дарагія Марця і Пятрусь. Я даўно ў СССР. Я здаровы, і калі б не сум па табе, я адчуваў бы сябе вельмі добра. Добра было б, каб Пятрусь пайшоў у школу. Пятрусь, не губляй часу і вучыся добра, а як вярнуся, куплю табе новы ровар. Мы можам пісаць адно аднаму толькі раз на месяц. На што ты жывеш? Ведаю, што ў цябе няма грошай. Калі не можаш выжыць, прадай што маеш і ўцякай да брата. Моцна абдымаю і цалую. Ул.Кав.».
Аляксандр Каралеўскі да жонкі Гэлены 8 студзеня 1940 года:
«Гэля дарагая! Хаця атрымаць ліст для мяне вялікая радасць, навіны ў ім мяне вельмі засмуцілі. Бедны любімы тата не дажыў да майго вяртання. Калі ў цябе там ёсьць нейкія ўмовы, сядзі на месцы. Ці ёсьць у цябе магчымасьць даваць рыбін тлушч дзецям?
Я вельмі рады, што Ясенька і Ганька ўспамінаюць мяне. І я вас успамінаю. Хацелася б ведаць, ці моцна разбураная кватэра. Самае галоўнае, каб вы былі здаровыя. Вы і не ведаеце наколькі я блізка я быў каля вас, але, на жаль, не змог вас пабачыць. Я мару пра цябе з дзецьмі, вельмі сумую. Олек».
Палонныя ў лістах часта перажываюць, што іх бацькі памерлі не дачакаўшыся. А вось 35-гадовага Віктара Мікурду не было каму чакаць. У студзені 1940 года адзінокі кавалер далікатна піша знаёмай у вёску: «Каб выказаць шчырае сяброўства і памяць, шлю крыху запозненыя пажаданні з Н.Г. з верай, што ён зможа замацаваць нашае знаёмства далей і ў лепшых умовах. Як вы праводзіце час? Ці здаровыя? Што да мяне, то я цяпер знаходжуся тут. Зіма суровая, маразы да мінус 42°, але паветра здаровае, у адрозненне ад агульнай атмасферы. Мы можам абмяркоўваць толькі асабістыя тэмы, як звычайна на вайне. Як вы стаіце з правіянтам? Шлю словы сапраўднага сяброўства — Віктар».
Гэта ўсё, што засталося ад падпаручніка Віктара Мікурды.
«Чаму ты так афіцыйна падпісалася, Люцыя?»
Ян Мусял, настаўнік з Новай Хадароўкі, выслаў паштоўку за дзень да смерці, 6 красавіка 1940 года сваёй жонцы Люцыі, дырэктарцы Ходараўскай школы. Яго турбуе халоднасць жонкі ў тоне ліста.
«Люсенька! Мне, напэўна, зменяць месца побыту, таму не пішыце, пакуль не адзавуся. Не хвалюйцеся — мы павінны ўбачыцца, трэба цярпець — цяпер усё кладзецца на тваю бедную галаву — я ўвесь час думаю пра цябе і хацеў бы дапамагчы, але не бачу выйсця — мне балюча.
Дарагі мой Юрычак, у дзень твайго Анёла-ахоўніка, сынок мой мілы, дасылаю табе самыя цёплыя бацькоўскіх пажаданні, будзь маім гонарам у гэтыя цяжкія часы.
Люсенька, як тваё здароўе, як твае косанькі, і ці баліць табе горла? Чаму ты так афіцыйна падпісалася — Люцыя? У мяне такое ўражанне, што я на правільным шляху ў сваіх разважаннях. А я ж заўсёды з табой душою, сэрцам. Прывітанне школьнікам і нашай вясковай грамадзе. Люсенька, будзь цвёрдая і спакойная за мой лёс. Клапаціся пра дзіця. Цалую. Твой да смерці, Янэк».
Ліст дайшоў пасля доўгіх блуканняў, бо жонку з сынам вывезьлі ў Казахстан.
«Ты мне верная?»
Адам Пяткевіч да вайны ажаніўся пасьпешліва і ў таямніцы ад бацькоў, з жонкай пажыў толькі некалькі тыдняў. Цяпер ён вельмі баіцца за яе вернасць. Гэта лісты горача закаханага маладога чалавека за тры дні да смерці.
«Дзетка мая! Я застаюся ў Савецкай Расіі і страшэнна сумую па табе. Сёння я зразумеў, як я цябе люблю і як мне цяжка жыць без цябе — ці здаровая ты і ці верная ты мне? Раскажы маім бацькам пра наша вяселле. Дарагая, і я ўвесь час думаю пра цябе — я рады, што ты мне верная — таму што гэта адзіны скарб, які ў мяне ёсць. Калі ласка, памятай пра мяне і не крыўдзі мяне ні ў чым.
Хацелася б, каб ты пераехала у Львоў да маіх бацькоў. Неадкладна напішы ім. Цалую цябе мільёны разоў. Дарагая, калі ў цябе няма грошай — не дасылай, бо мне будзе вельмі горка, калі табе чагосьці не стае. Усё, што было да нашага вяселля, скончылася — забудзь. Забудзь таксама пра ўсе беды, якія я перажыў з-за цябе і пры ўспаміне пра якія адчуваю вялікі боль — забудзь гэта і будзь упэўненая, што я не забуду пра цябе ні на хвіліну. Я твой целам і душой, і бачу Цябе вачыма маёй душы. Асобна памятаю, што як ляўся табе ў вернасці і каханні і буду памятаць гэта да апошняга моманту жыцця. Цябе цалую горача — мільёны разоў, твае вочы, вусны — толькі твой Адась».
«Прадайце мой радыёпрыёмнік – пасля вайны будуць новыя мадэлі»
Паручнік Ян Хайман пакінуў па сабе вайсковую кніжачку з апісаньнем зьнешнасьці. Рост 172.5 см, цёмна-русыя валасы, такія ж бровы, адно вока цёмна-карычневае, другое блакітнае, просты нос, авальны твар. Лясны інжынэр, лётчык-аматар, чалавек лёгкі на пад'ём, бо за працаю на тартаках езьдзіў па ўсёй краіне. Прадбачлівы, меў дзьве страхавыя кніжачкі і рахунак у банку (рэдкасьць, рахунак кароткі — пяць лічбаў).
Ажаніўся 1 ліпеня 1939 года з Данутай Канёўскай у Драгобычы у парафіяльным касцёле на вуліцы Сянкевіча. Быў пекны летні дзень (я праверыла па сайце «Рэтранадвор'е». Праз два месяцы Яна мабілізавалі. У верасні Ян Хайман напісаў ліст да жонкі, у сьпешцы, радкі наяжджаюць адзін на адзін.
«Дарагая Дануська! Еду у Львоў праз гадзіну. Тут усеагульная мабілізацыя — кватэру цалкам спакаваў і аддаў пад апеку Баларэцкага. Я вельмі сумую па табе тут, дарагая, але я рады, што ты цяпер добра ўладкаваная. Цяпер табе было б цяжка з'ехаць, таму што ідзе ашаламляльная мабілізацыя».
Наступны ліст ужо з лагера ваеннапалонных у Старабельску, ад 4 лютага 1940 года, бацькам.
«Дарагія! Гэта мой чацвёрты ліст да вас, і я з нецярпеннем чакаю вашага адказу — пакуль у мяне няма пра вас абсалютна ніякіх навін. Я жыву ў Старабельску і, нягледзячы на розныя меркаванні, не «збіраюся» вяртацца ў бліжэйшыя месяцы. Умовы цярпімыя. Калі ёсць магчымасць забраць грошы з майго рахунку, забярыце сабе і Данусі, бо тыя грошы, што я ёй слаў са Львова, даўно скончыліся. Забярыце ў цёткі Броні мой радыёпрыёмнік і прадайце — пасля вайны будуць новыя мадэлі. Заапякуйцеся маёй кватэрай. Калі вярнуся, то, напэўна, найперш завітаю да дзядзькі Мечыслава. Ваш Янэк».
«Выветрыце мае летнее паліто»
У падпаручніка Стэфана Вішнеўскага вось-вось народзіцца другое дзіця. 17 сакавіка 1940 года ён піша жонцы:
«Дарагая Ірачка! Пастаянна чакаю ад вас адказу. Наша сям'я павялічылася? За мяне наогул не трэба хвалявацца, я жыву ў добрых умовах. Выветрыце маё летняе паліто!!! Люблю цябе, Стэфан».
За два тыдні да смерці Стэфан пасьпеў даведацца пра наражэньне дачушкі Басі: «Дарагая Ірачка! 21 сакавіка атрымаў ад вас картку. Я вельмі рады, што ты ні пра што не шкадуеш. Кватэры, вядома, ужоняма, але гэта нічога, калі я вярнуся, яна будзе ўдвая большая. Самае галоўнае, каб Бася была здаровая і ты. Я рады, што вы яе так назвалі. Пацалуй абедзвюх дачушак ад таты. Я здаровы, загараю і вучу ангельскую мову, гэта ўсё, чым я займаюся. Хвалююся за цябе, ці ёсць у цябе што есці? Я сумую па вас усіх. Але калі мы ўбачымся, нам будзе пра што пагаварыць. Дарагая Ірачка, ёсць многа няўцешных людзей цяпер, а плач і адчай — гэта зло, якоетолькі памнажае зло, таму будзь адважнай».
Ірміна Вішнеўская шукала мужа шмат год, пісала ва ўсе Чырвоныя крыжы на сьвеце. 9 мая 1946 года суд прызнаў Стэфана Вішнеўскага памерлым.
Катынскія ўдовы гадамі пісалі ў амэрыканскі, вугорскі, егіпецкі, швайцарскі, югаслаўскі Чырвоныя Крыжы. Саветы манілі, што польскія афіцэры былі вызваленыя і «сышлі ў Маньчжурыю». Прайшлі дзесяцігоддзі, перш чым Расія прызнала генацыд польскіх афіцэраў.
Сем лістоў Тэрэсы Гігель, якая выжыла. «Без капейкі, бо нам за працу не плацяць»
Забіўшы 26 тысяч палякаў Саветы ўзяліся за іхныя асірацелыя семі'і. Аказалася, яны склалі адрасную базу па тых няшчасных лістах і тэлеграмах, што палонныя афіцэры слалі дамоў. Па гэтых адрасах пайшло НКВД, як зараз ходзіць ГУБАЗІК.
Сем'і былі сасланыя на Поўнач, у Сібір, у Казахстан, на пустыя землі, на голад, холад і цяжкую працу. Многія там памерлі. Тэрэса Гігель, 45-гадовая жонка палкоўніка пяхоты Юзэфа Гігеля-Мелеховіча, выжыла разам з 19-гадовым сынам, якога ў сям'і клікалі Спружынкай.
Сям'я палкоўніка Юзэфа Гігеля-Меляховіча жыла у Львове, на кватэры ў пані Мазуровай. Прасторныя пакоі, добрая мэбля, дарагія кілімы. Апоўначы ў пачатку траўня 1940 года ў кватэру ўламіліся нквэдысты і загадалі сабрацца за паўтары гадзіны. Зьдзіська не было дома, толькі Тэрэса і 19-гадовы Мечыслаў-Спружынка. «Паедзеце да мужа, вазьміце ежы на два дні», — загадалі чэкісты, ведаючы, што той расстраляны месяц таму ў Харкаўскай турме НКВД. Ежы дазволілі ўзяць на два дні, а везлі 17.
Лісты Тэрэсы да сяброўкі Зоф'і у Львоў напісаныя хімічным алоўкам на абы-чым — часам на саўгасных бланках выдачы кармоў каровам.
«Мы ў Сярэдняй Азіі ў саўгасе — 70 км ад Аягузскай станцыі ў Казахстане (няхай Іруся знойдзе на мапе!) Даглядаем быдла. Мне страшэнна цяжка. Ніколі не забуду той страшны момант апоўначы, калі яны прыйшлі нас забраць. За што?! Юзік у няволі сядзеў ціха, Метэк хадзіў у школу, я прала, прыбірала, варыла дзіцяці есьці і жыла спакойна. Я мала што памятаю, такі гэта быў страшны ўдар. Як непрытомная, я сабрала непатрэбнае і выкінула важнае. У 1.30 нас павезлі на станцыю Чарнаўцы, дзе мы чакалі ўсю суботу і нядзелю.
Я прасіла Мазурову перадаць вам, каб вы прадалі мэблю, а дываны, карціны, кляйноты адвезлі да сябе. Вазьмі ў Шэйна мой бранзалет і прадай яго ў краму Зіпэра на вул. Святой Марыі. Вышліце трохі грошай — я без капейкі, бо нам з Меткам за працу не плацяць!
Баюся за Метка — ці выжыве ён без тлушчоў? Мяняем вопратку на бульбу, але на колькі гэтага хопіць? Казахі любяць еўрапейскія рэчы. У мяне 2 кг мамалыгі і 5 кг мукі, і я дрыжу ад думкі, што будзе есці маё дзіця, калі гэта скончыцца?
Сала тут не купіш — ні цукру, літаральна нічога! Казахі жывуць толькі малаком і хлебам. Прышліце нам, што просім: «чай» 5 кг, цукар 4 кг, какавы, запалкі ад 20 пачачак, вэнджанае сала, колькі ўлезе, 2 пары маіх таўсьцейшых панталонаў, 2 простыя кашулі — бо мае ўжо трашчаць! Светла-блакітную майку Метуся і мне вялікі грабянец — забылася».
Найбольш Тэрэсе баліць, што яе жыцьцё знікла бясследна: «Мае скарбы былі ў бібліятэцы ў стале і ў шафе. Гэта былі нікому не важныя, але дарагія для мяне памяткі, «сонейкі», буквар, фотаздымкі і лісты. Што здарылася з фотаальбомам? Нібыта і не было ў мяне бацькоў і мужа. Даведайся, хто купіў пісьмовы стол, ідзі туды, адчыні, бо ніхто тайніка не ведае, і вынясі ўсё, бо там усё мне дорага і святое, і нікога гэта не пакрыўдзіць, бо ім усё роўна!».
З лістоў можна ўявіць маштабы высылак:
«Са мной тут людзі з высокайсацыяльнай і фінансавай сферы, так званыя буржуі — сённяшнія жабракі! Прафесар геалогіі Рагаля цэлы дзень пасвіць кароў, а яго брат, інжынер, возіць збожжа — так прыдаліся веды з універсітэту! Абодва сыны Рагалі тут, за тое, што ў жонкі аднаго з іх брат афіцэр.
Тут жывуць Канапацкая з 18-гадовым сынам і 20-гадовай дачкой — былая памешчыца. Чудоўская, жонка адваката (мае вілу пры тэхнікуме), Якубовічыха, жонка інжынера, Бальцэрава з 18-гадовым сынам, жонка старасты; сям'я банкаўскага інкасатара Шэршынскага, Цімохава, жонка капітана з 40-га палка; яшчэ паны Бранецкія, уладальнікі збройнай фабрыкі з дочкамі, князі Храпоўская і Вадзецкія, граф Віле, жонка палкоўніка Спасовічава з Варшавы, сям'я Дубановіча, прафесара ўніверсітэта і многія іншыя. Раскажыце, калі ласка, пра іх блізкім, бо ніхто не ведае, дзе яны.
У зернясховішчы я цягаю тачкі дзень у дзень па 60-100 кг — у мяне так баліць паясніца, што не магу сама падняцца, але гавару сабе «наплевать» і цягну!
Цяпер я важу 54 кг у вопратцы, куды падзелісямае 24 кг? Ты б не пазнала цяпер сваю Тэрэску. Калі я скарджуся на боль, брыгадзір кажа: «ничего, привыкнешь». Я прывыкла і да сваей знешнасці, але баюся зірнуць у люстэрка!!!
Якое жудаснае жыццё, вошы нас грызуць, бруд, дым, духата — не магу апісаць! Казахі пакланяюцца Алаху — маладыя не! Іх выгляд дзікі, некаторыя носяць кінжалы на поясе, і мы спім з імі і жывем у пячорах (бо няможна назваць гэта домам!).
Мы з Меткам бачылі роды — у хвіліну болю жанчына спявае, трымаецца за нацягнутую вяроўку і нараджае стоячы. Дзеці выпружняюцца тут жа. Апальваем каровінымі лепяхамі, якія збіраем самі. Да таго ж авечак яны рэжуць тут жа, катуюць, і жывёла доўга енчыць. Я губляю розум, не магу спаць. Сціскаючы зубы, перажываю дзень.
Зіма ў нас жахлівая, ад 7 кастрычніка снег па калена і маразы да 35 градусаў. Самае страшнае БУРАН — стэпавы вецер са снегам, які збівае з ног — нібыта нехта з неба крычыць!
У Метуся няма нічога цёплага на зіму - кадэцкае палітэчка, а ў мяне ватнік. Кажуха ў яго няма на гэтыя сібірскія вятры і маразы, але цудучыніў добры Гасподзь, яму дазволілі купіць валёнкі за 83 рублі (цана для стаханаўцаў), звычайна валёнкі каштуюць 200-250 руб, а ўчаравіках без падэшвы ён бы замерз да смерці.
Тут нічога не купіш — мука заканчваецца і млыноў няма — мы жывем на смажанай і дробленай пшаніцы і запіваем гарачым абратам. У лістападзе я напісала заяву ў Н.К.В.Д., прасіла дазволіць атрымаць мае 1675 рублёў, што даслала Мазурова. І праз месяц я атрымала дазвол з'ездзіць у Аягуз па грошы. Я праехала 70 км на санях і засталася жывая. Гэта таксама цуд, бо я так здранцвела, што мяне з саняў зносілі на руках. Але ўсё аказалася марна, бо за грошы тут няма чаго купіць.
Любімыя, прыміце, калі ласка, найлепшыя пажаданні на Новы год — каб 1941-ы быў для вас бацькам, а не ворагам. Не дай Бог, Зосенька, каб аднойчы ты і твае блізкія спазналі гэту страшэнную тугу па мінулым. Каб цябе ніколі не кусалі блашчыцы і вошы, каб ты ніколі не была галодная! Хай цябе Бог шкадуе - лепей памры раней, а то жыццё забяруць! Бо ведай, што няма нічога страшнейшага, чым бачыць сваё дзіця галодным, пагарджаным і хворым!».
Гігелі пражылі доўгае жыццё. Тэрэса памерла ў 1971-м у Лондане. Старэйшы сын Здзіслаў — у 2011-м, малодшы, Метусь-Спружынка, у 1991-м.
Яны дачакаліся і выжылі, і мы дачакаемся.
17 верасня 2023 года.