Супербеларус ў вышыванцы
Дызайнер, які рабіў гэты арнамент, не вельмі думаў пра яго значэнне. Гэтая кашуля сучаснага выгляду, звыклая нам. Яна сшыта як сувенірная. Арнамент узяты з пояса, якія насілі ў Капыльскім раене. У традыцыйным строі яго не існуе. Справа ў тым, што існуюць свае катэгорыі арнаментаў, якія адносяцца да кашулі, да паясоў, да рушнікоў. Значэнне ў арнаменту добрае (калі б ен быў на поясе, а не на кашулі). Такія хутчэй за ўсе насілі знатныя мужчыны. Арнамент характэрны для Беларусі 50-х – 60-х гадоў, ён хутчэй падобны нават да ўкраінскіх арнаментаў. Такая вось сучасная кашулька, купленая ў сувенірнай лаўцы.
Новая форма біятланістаў
На новай форме, канешне, праглядаецца сувязь з дзяржаўным сцягам. Ад арнаменту тут засталіся толькі рэшткі, так што цяжка сказаць, што ён можа сімвалізаваць. Тут толькі знешняя, візуальная абалонка, так што казаць аб семантыцы вельмі цяжка. Насамрэч, мне падабаецца думка, што семантыку, значэнне арнаменту можна дасканала вызначыць, толькі калі ён адносіцца да пэўнага асяродку. Арнамент, выняты са свайго кантэксту, крышачку губляе свае першаснае значэнне і становіцца сімволікай у разуменні сучаснага чалавека.
Чырвоны па белым арнамент сімвалізуе нейкую беларускасць, свой стыль, але тлумачыць кожны асобна ўзяты беларускі знак, як зараз тлумачацца скандынаўскія руны, або кітайскія іерогліфы, цяжка.
Бо ўсё ж пісьмовасць трактуецца больш адназначна, чым арнаменты. Калі можна патлумачыць, што азначае той ці іншы іерогліф паасобку ці разам, то арнамент нельга разабраць па костачках, ён будзе мець сэнс толькі цалкам.
Шчасце і дабарабыт ў ваш дом! Купляйце беларускае
Гэты арнамент узяты з нейкага рушніка. Калі браць на ўвагу тое, што гэта дызайнерская праца, а сёння дызайнеры выкарыстоўваюць арнамент як проста прыгожы малюнак, то ўсе становіцца на свае месца. Такія арнаменты проста лакалізуюць, паказваюць прыналежнасць тавара да Беларусі. Дызайнер, які рабіў гэты банер, наўрад ці думаў пра яго значэнне. Я сама па адукацыі мастак, таму ведаю ўсе гэтыя прыемы. Цяжка сказаць, ці падыходзіць хтосьці з дызайнераў да ўжывання беларускіх арнаментаў удумліва і глыбока. Гэтыя арнаменты ўзніклі зусім у іншых месцах, пры другіх абставінах. Ніхто не думаў, што яны будуць вісець на банерах на Нямізе.
Чайнік з шакаладам
Такая зігзагападобная кампаноўка звычайна падыходзіць да жаночага пояса. Але арнамент на чайніку… Думаю, зразумела, што яны таксама мала звязаныя. Арнамент добры, але не ў тым месцы, не ў тым значэнні.
Старажытны квас
Штучкі па краях бутэлькі гэтага квасу звычайна трапляюцца на рушніках. Хутчэй за ўсе, там павінны былі быць зорачкі, але атрымалася штосьці не зусім зразумелае. Наогул, зорачка пазначае чалавека, таму на мужчынскіх сарочках гэтыя зорачкi трапляюцца вельмі часта. У сукупнасці з другімі сімваламі гэтая зорачка набывае іншыя значэнні. Напрыклад, сумяшчэнне зорачкі і жаночага знака ператвараецца ў сімвал дзіцяці. Гэта можа служыць пажаданнем. Гэта можа ператварыцца ў што заўгодна, напрыклад, у сімвал дабрабыту.
Але трэба памятаць, што нашы продкі троху інакш успрымалі паняцце дабрабыту. Яны не марылі пра BMW апошняй мадэлі і новым айфоне, яны марылі аб працягу роду.
Калі твой род жыве – у цябе ўсе ў жыцці ўдалося. Жыта нарадзілася – таксама класна. Магчыма, кампанія, якая робіць гэты квас, вырашыла, што гэта сімвал жыта, а квас – раслінны напой, таму зорачку і трэба намаляваць.
Гарэлка «Батькова»
Гэты арнамент вельмі папулярны на Магілёўшчыне. Там ён і на жаночым, і на мужчынскім адзенні, і на паясах, і на рушніках. Сімвал вельмі добры! Па першае – гэта сімвал моцнае сям'і, па-другое – мужчынскай сілы, мужчынскага пачатку, знак Ярылы. Ен звычайна вышываецца на мужчынскіх падолах як знак рэпрадукцыі. Але калі ўлічыць, што гэта выгравіравана на бутэльцы за гарэлкай… Неяк не спрыяе гарэлка гэтым рэчам.
Славянскія пельмені
Звычайна гэты знак насілі маладыя жанчыны, якія чакалі дзяцей. Раней арнаменты насілі не проста так, гэта было паказчыкам статусу. А зараз – на пельменях малююць.
Чаму на прадуктах няма дрэнных знакаў і што з масавай культурай вышыванкі ўсё ж не так
Трэба сказаць, што нічога дрэннага беларускія арнаменты азначаць не могуць. Няма ў нас сімвала смерці, напрыклад. Такія знакі не засталіся нам ад продкаў. Альбо іх проста не было наогул, альбо яны проста выкарыстоўваліся настолькі вузкім колам шкодных людзей, што ў шырокае кола проста не выйшлі.
На рушніках таксама вышывалі альбо свяшчэнныя сімвалы, альбо пажаданні, просьбы да Бога.Такім чынам людзі нібы праграмавалі свой лёс. Смерць праграмаваць не трэба, яна і так прыходзіла. Нават для пахавальнага абрада звычайна вышываліся сімвалы продкаў, якія ўказвалі чалавеку шлях, альбо знакі абярэгаў, каб з цемнага бока нічога сюды не пралезла. Таму і на рэкламу дрэнныя сімвалы трапіць не могуць, хаця дызайнеры асабліва і не замарочваюцца.
Такім жа чынам робяцца і вышымайкі. Яны паспрабавалі зрабіць прадукт, арыентаваны на масавага гледача. У ў іх гэта атрымалася.
Зараз у іх ходзяць і дзяўчаты і хлопцы, хаця арнамент там сакральна мужчынскі.
Але арнамент там скарыстаны не так блага. Але калі я іх толькі пабачыла, у мяне былі пытанні па арнаменту, па яго прапорцыях, па кампаноўцы сімвалаў. Спачатку ўзор быў больш падобны на ўкраінскі. Я увогуле думаю, што сама ідэя была скапіяваная з украінскіх рэчаў. Дызайн яны падправілі, але мне не падабаецца сама ідэя таго, што арнамент на майках не шыецца, а проста наносіцца. Такая вось троххвілінная справа, над якой асабліва не задумваюцца.
Вось у той жа Украіне я бачыла выдатныя майкі-пола, на адвароце якіх вышыты арнамент. І гэта сведчыць аб тым, што і масавую культуру таксама можна выхоўваць.
Хочацца, каб і беларускае было якасным, хочацца, каб выхоўваўся нацыянальны стыль. Лепш зрабіць крышку даражэй, крышку даўжэй, але якасна.