Асновай экспазіцыі ў галерэі «Ў» сталі прыватныя калекцыі бутэлек, келіхаў і піўных этыкетак, а таксама экспанаты з Музея старажытнабеларускай культуры НАН Беларусі: шкляны, гліняны і металічны посуд беларусаў апошніх трох стагоддзяў. У той час, як наведвальнікі выставы дэгуставалі лепшыя сарты лідскага піва, урачыстую цэрымонію адкрыцця працягваў майстар-клас па роспісе шкляных гарлачыкаў акрылавымі фарбамі. Дарэчы, такія ж майстар-класы пройдуць у галерэі «Ў» і на бліжэйшых выхадных, таму кожны наведвальнік выставы пры жаданні зможа стварыць свой асабісты арт-аб’ект. Конкурсныя аб’екты таксама засталіся на ўсеагульным аглядзе; наведвальнікі экспазіцыі могуць выбраць найбольш удалую, на іх погляд, працу ў кожнай з дзвюх катэгорый і прагаласаваць за яе. Пераможцы глядацкага галасавання атрымаюць грашовыя прызы ад «Лідскага».
Васіль Майко, старшыня беларускай грамадскай арганізацыі «Клуб калекцыянераў піўной атрыбутыкі „Піўныя Волаты“.
KYKY: У свеце шмат калекцыянераў піўной атрыбутыкі? Нашым аматарам ёсць чым пахваліцца перад заходнімі калегамі?
Васіль Майко: У кожнай краіне Еўропы ёсць клубы калекцыянераў. У той жа Расіі падобныя арганізацыі ёсць ледзь не ва ўсіх абласных цэнтрах, у Літве іх, здаецца, тры, у Польшчы падобны клуб ёсць пры кожным заводзе: і Жывецкі, і Тыхскі, і Варшаўскі. Пахваліцца мы можам хіба што тым, што ў нас выпускаецца мала піўных куфляў, таму яны даволі каштоўныя для замежных калекцыянераў.
KYKY: Давайце пагаворым пра сучасную культуру беларускага пітва. Вядома, што кожны сорт піва прадугледжвае келіх асаблівай формы, і за правільнымі пастаўкамі сасудаў для спажывання піва ў барах звычайна сочаць самі піўзаводы. Як з гэтым у нас?
В. М.: Сапраўды, для кожнага сорта існуе традыцыйная форма келіха: напрыклад, для пшанічнага піва ён павінен быць вузкім на дне, пашырацца да сярэдзіны і зноў звужацца да верху, каб правільна збіралася спецыфічная пена. Але, на жаль, у Беларусі гэтага практычна няма. Піўныя кухлі — гэта, напэўна, апошняе, на што звяртаюць увагу беларускія вытворцы, хаця ва ўсім свеце гэта даўно стала традыцыяй і важнай часткай маркетынга кампаній. На захадзе спецыяльныя келіхі выпускаюцца і для розных сартоў піва, і для розных бараў. У нас гэта культура толькі зараджаецца: вось „Крыніца“ нядаўна выпусціла чатыры віды келіхаў, з іх тры — да пэўных сартоў, „Аліварыя“ зрабіла спецыяльны келіх для „Портэра“, ды „Лідскае“ пачало выпускаць спецыяльныя куфлі, у маёй калекцыі яны ўжо ёсць. Увесь гэты рух з’явіўся толькі ў апошні год, хаця і ідзе ў правільным кірунку.
KYKY: Як можна ўвайсці ў склад беларускіх „Піўных волатаў“?
В. М.:Кожны, хто хоча далучыцца да клуба, павінен звязацца з намі. Мы арганізуем сустрэчу, на якой кандыдат павінен будзе выпіць поўны келіх піва. Бачыце, на нашым фірмовым куфлі нават ёсць падцёкі — гэта мы новых членаў у клуб прымалі! Мы не камерцыйнае аб’яднанне, усё добраахвотна. І абмежаванняў ніякіх не ставім, проста згуртоўваем калекцыянераў піўной атрыбутыкі: келіхаў, бутэлек, этыкетак, коркаў, бірдэкеляў.
KYKY: А якія месцы ў Мінску любяць сапраўдныя аматары піва?
В. М.: Рэстаран „Друзья“ нядаўна з’явіўся, там пакуль усё вельмі добра. Увогуле мы ходзім звычайна ў месцы, дзе наліваюць піва нашых беларускіх міні-бровараў: у іх ёсць нядрэнныя сарты з добрым смакам. Па модных рэстаранах, дзе прадаецца не самае лепшае нямецкае піва па нечуваных казачных коштах, мы не ходзім.
KYKY: А як піўныя волаты ставяцца да ўніверсама „Цэнтральны“?
В. М.: У маю студэнцкую маладосць быў універсам „Сталічны“. У нас там была свая лавачка! І свая бабулька, якой мы аддавалі бутэлькі, — толькі ёй, нікому іншаму! Я жыў у тым раёне, вучыўся ў палітэхнічным. „Сталічны“ быў знакавым месцам для ўсіх студэнтаў, якія жылі ці вучыліся побач. Зараз ужо ўсё: сям’я, дзеці, не хаджу ні ў „Цэнтральны“, ні ў „Сталічны“.
KYKY: Беларускае піва стала з тых часоў лепшым?
В. М.: Цяжка сказаць. Як параўнаць піва, якое варылася ў 1995 годзе, з тым, што варыцца зараз? Ёсць добрыя ўспаміны пра сарты, якія раней былі: у „Крыніцы“ быў „Лев“, у „Лідскага“ — „Чёрный принц“, „Старый замок“, на „Аліварыі“ разлівалі два шыкоўныя сарты „Леккерт-1“ і „Леккерт-2“… Зараз іх няма, затое ёсць нешта іншае. Таксама добрае.
Таццяна Моластава, піяр-мэнэджэр ААТ „Лідскае піва“
KYKY: Чым адметнае беларускае піва? Горшае яно ці лепшае за іншыя?
Таццяна Моластава: У варцы піва па ўсім свеце ёсць пэўныя агульныя каноны, і таму нельга казаць, што адно добра зваранае піва лепшае ці горшае за іншае, таксама зваранае правільна. Любы вытворца ў любой краіне, канешне ж, хоча, каб яго піва купляла больш людзей, і спрабуе падладжвацца пад спажыўца.
У Беларусі, напрыклад, любяць больш салодкія і больш лёгкія сарты піва. Сярод жанчын, як ні дзіўна, папулярнае цёмнае піва, портэр — на Захадзе яно лічыцца мужчынскім напоем.
У нас піва па-ранейшаму пераважна купляюць у крамах і п’юць яго дома ці на пікніках, у той час як у Еўропе асноўнае спажыванне піва — у барах і рэстаранах. Я думаю, што гэта не столькі пытанне культуры спажывання, колькі пакупніцкіх здольнасцей беларусаў. Але гэта не значыць, што культуру спажывання не трэба развіваць. Ды і час змяняецца, мы ж ужо не ў савецкай краіне, дзе мужыкі збіраліся „сообразить на троих по бутылочке жигулёвского“. Спажываць піва можна і прыгажэй, і прыемней.
KYKY: А хто ў нас увогуле п’е піва? Для каго прызначаныя PR-кампаніі „Лідскага“?
Т. М.: У апошнія гады наша аўдыторыя крыху змяняецца: у 90-х асноўнымі спажыўцамі нашага піва былі людзі ва ўзросце 35–50 год, а цяпер мы больш прыцягваем моладзевую аўдыторыю. Амаль усе нашыя камунікацыі са спажыўцамі накіраваныя на прыцягненне моладзі, бо калі моладзь цікавіцца брэндам, то гэта вельмі крута: мы ж імкнемся развіваць культуру пітва, а сёняшняя моладзь культурай цікавіцца больш актыўна, чым людзі ва ўзросце. Глядзіце, на наш конкурс за тры месяцы, з 7 траўня па 7 жніўня, прыслалі ажно 48 прац. Я лічу, што гэта поспех — асабліва з улікам таго, што большасць удзельнікаў — студэнты, і ў гэты тэрмін яны павінны былі яшчэ і сесію здаць.
Конкурсы, якія праводзіліся дагэтуль, былі скіраваны на пошук цікавых фактаў — і гэта былі вельмі складаныя заданні! Нават у нашай Нацыянальнай бібліятэцы ў вольным доступе зусім мала выданняў на піўную тэматыку. Людзі прывозілі факты пра беларускае піва з польскіх бібліятэк — гэта ж вельмі цікава! Мне здаецца, мы павінны больш актыўна адраджаць нашу этнаграфію. Так, я вучыла гісторыю па падручніках, але падручнікі не дапамогуць мне зразумець, як сапраўды жылі людзі ў былыя часы, пра што яны думалі, якія прадметы іх акружалі. Нашыя конкурсы і канкрэтна гэта выстава дапамагаюць хоць крыху аднавіць гэты культурны слой.
Барыс Андрэевіч Лазука, дырэктар Музея старажытнабеларускай культуры, кандыдат мастацтвазнаўства
Барыс Лазука: Адраджэнне і развіццё традыцый алкагольнага спажывання беларусаў — гэта заўсёды праблема. З аднаго боку, культура спажывання алкаголю адносіцца да патрэбных, карысных, важных для развіцця грамадства момантаў, а з іншага — на яе ціснуць моманты чыста меркантыльныя, эканамічныя. Дзякуй богу, апошнім часам побач з таннымі напоямі з’яўляюцца і такія, якія ў сваёй рэцэптуры прадугледжваюць асаблівыя, каштоўныя якасці. Нашыя віны могуць быць не толькі смачнымі, але і карыснымі! Заўважылі, што з крам зніклі танныя пладовыя віны — барматухі, як іх яшчэ называлі? Замест іх прыйшло віно, прыгатаванае з яблычных і ягадных сокаў — і гэта натуральнае віно, падобнае на вінаграднае. І шкодных рэчаў у ім значна менш — пры абмежаваным спажыванні, канешне. Праблема ўвогуле не ў літрах і не ў градусах: італьянцы ці французы могуць штодня піць віно, але ж мы не лічым іх алкаголікамі! Праблема ў тым, як мы самі ставімся да спажывання алкаголю. Цяпер спажыванне піва пераўтвараецца ў пэўны рытуал, пэўнае дзейства, звязанае з акружэннем, інтэр’ерам, умовамі: можна сесці, паслухаць музыку, убачыцца з сябрамі і пры гэтым трымаць у руках прыгожы сасуд, у які наліты смачны напой — вось усё гэта і фарміруе сучасную культуру пітва.
Калі вы п’яце прыгожае і смачнае піва з прыгожага сасуда, калі гэты сасуд стаіць на адпаведнай падстаўцы, для яго прадугледжана спецыяльная накрыўка, этыкетка, калі ёсць раскручаны брэнд — гэта і фарміруе вызначаны культурны слой, вельмі важны для нас.
Мы паступова адыходзім ад простага п’янства, простага спажывання алкаголю дзеля алкаголю. Звярніце ўвагу: цяпер, калі вы пройдзеце па плошчы Якуба Коласа, выйдзеце ў нейкія скверы, вы практычна не знойдзеце людзей, якія будуць употай піць там піва. Увогуле я праціўнік забарон, калі трэба паставіць міліцыянера, які будзе стаяць над каркам і ўсім казаць: „Нельга, нельга, я вас аштрафую!“ Але ў дадзеным выпадку забарона спрацавала ў лепшы бок, і цяпер моладзь ідзе ў тыя месцы, дзе не толькі можна піць, але і можна рабіць гэта прыгожа.
Іншая праблема ў тым, што ў нас ёсць вельмі вялікі разрыў паміж вельмі дарагімі пабамі і месцамі, у якіх звычайныя простыя людзі, якія едуць з завода, маглі б цывілізавана, з музыкай і сябрамі, выпіць кухаль піва. Усе мы розныя людзі: не толькі тварам, але і памерам кашалька. Трэба, каб не толькі напоі былі на розны смак, густ і кошт, але і ўмовы іх спажывання — таксама. Ніжняя планка ніколі не павінна губляць сваёй цывілізаванасці, у гэтым я перакананы.
KYKY: Як вы думаеце, на чым можа будавацца культура беларускага пітва? Чым яна можа быць непараўнальнай, унікальнай, адметнай?
Б. Л.: Гарэлка і віны ў Беларусі з’явіліся значна пазней, чым у Заходняй Еўропе: Францыі, Італіі ці Іспаніі. Спрадвек у нас спажывалі піва. Варылі яго, як правіла, з нагоды пэўных святаў, прычым варылі калектыўна і спажывалі таксама калектыўна. Я думаю, што піва — гэта якраз той напой, які мае глыбокія карані і глыбокія традыцыі ў нашай культуры. Адносна сасудаў і ёмістасцяў — кубкаў, шкляніц, бутэлек — мы ў чымсьці падобныя да культур і традыцый іншых народаў, усё ж з 16 стагоддзя мы развіваліся ў адзіным культурным асяродку.
Але найбольш моцнае ўздзеянне на нашыя традыцыі спажывання піва аказала нямецкая культура. Кубкі з накрыўкамі, высокія шкляніцы з масіўнымі донцамі і роспіс гэтых шкляніц эмалевымі фарбамі — усе гэтыя традыцыі прыходзілі да нас адтуль, а потым адаптаваліся ў нашых умовах: і да мяшчанскай, і да шляхецкай, і да сялянскай культуры. Гэты слой сёння вельмі важна аднаўляць, важна зноўку ўводзіць гэтыя традыцыі ў спажыванне.
Мяне вельмі здзіўляе сітуацыя на рынку, калі ў нас ёсць сваё — але мы яго хаваем, знішчаем, каб потым за нейкія неймаверныя грошы купляць за мяжой. А калі складваецца сітуацыя, што купляць за мяжой больш нельга ці нам не прадаюць, ці нам урэшце грошай не хапае, тады мы хапаемся за галаву і лямантуем: „Ой, як жа, дык у нас жа гэта было, чаму мы забылі?“
А сапраўды — чаму мы забылі? Гэта рыса вылучае ў такім плане не толькі беларусаў, а многія славянскія народы. Я спадзяюся, што павінен прайсці час, павінны прайсці пэўныя змены, і мы навучымся па-сапраўднаму цаніць і шанаваць сваё».
Выстава «Летапіс сасудаў у цэнтры Еўропы» прадоўжыцца да 7 верасня ў галерэі «Ў» па адрасе: праспект Незалежнасці, д. 37а. Там жа 6 і 7 верасня ў 15.00 і 19.00 можна наведаць бясплатныя майстар-класы па роспісе шкляных гарлачыкаў.
Фотаздымкі з выставы: Зміцер Мелехавец