Пост дня. «Менск – гэта горад любові»

Места • Андрэй Строцаў
Сын беларускага паэта Дзмітрыя Строцава Андрэй, якому ўчора споўнілася дваццаць год, напісаў дзівосна прыгожы тэкст пра дваццаць сем душ горада Менска. Рэдакцыя KYKY віншуе Андрэя Строцава з Днем народзінаў і нагадвае ўсім, што сярод інфармацыйных боек усім нам патрэбна кропля дабрыні.

Cын беларускага паэта Дзмітрыя Строцава Андрэй, якому ўчора споўнілася дваццаць год, напісаў дзівосна прыгожы тэкст пра дваццаць сем душ горада Менска. Рэдакцыя KYKY віншуе Андрэя Строцава з Днем народзінаў і нагадвае ўсім, што сярод інфармацыйных боек усім нам патрэбна кропля дабрыні.

Андрэй Стройцаў

З жалем трэба адзначыць, што супольнасьць наша ўвайшла ў нейкую паганую фазу. Меней як за два тыдні чатыры скандала, што суправаджаліся вялікімі выплескамі абразаў і абвінавачаньняў. Усе сітуацыі вар’яцкія і з усіх бакоў усе малайцы. Спачатку футбол, потым феерычныя разважаньні ал Прылепіна і рэакцыя на іх, потым батлы вакол Каці Кібальчыч і яе цкіавых думак, потым прэс-канферэнцыя Рыгоравіча і трошку больш лакальны, але ня меней неадэкватны халівар наконт усходніх вклаўскіх земляў з удзелам Мацкевіча, дзе з аднаго боку маралізатарскае занудства, а з другога — нейкая незразумелая эйфарыя. І ўсё гэта ў атмасферы страшнага недаверу, непавагі і гэтак далей. Далей выхад на новы ўзровень — люты ўброс аднаго вядомага музыкі, дзе ўжываецца ключавое слова «ненавіджу», пасьля якога, па сутнасьці, размаўляць ужо няма аб чым. Бо дзе нянавісьць, там не да размоваў, гэта ўжо сфера мардабою. Я яшчэ 16 чысла, будучы трошку прыфігеўшы ад таго, як разварочваецца на фэйсбуку бітва за мовуцікаву, атрымаў удар натхненьня па галаве і раптам напісаў вось такі тэкст, які выдаю на ваш суд. Але потым навалілася шмат розных спраў — павесіць на сьцяну партрэты, ніткі для пояса заправіць, нават на пары схадзіць, таму я не адразу яго набраў. Набраў учора ўвечары, але ня стаў вешаць, бо ведаў, што ён будзе назаўтра пахаваны пад віншаваньнямі ад маіх дарагіх сяброў. Таму вешаю зараз. Напісана на эмоцыі позна ноччу. Але там пра любоў. Да горада, але ў першую чаргу да тых, хто ў ім жыве. Бо Менск — гэта горад любові, і калі ў ім узьнікае нянавісьць, трываць гэта немагчыма і трэба нешта рабіць. Вось па меры сілаў вырашыў зрабіць і падзяліцца гэтым тэксьцікам.

Душы Менска

Першая душа Менска — гэта Няміга. Да яе можна спусьціцца па трубах, можна запусьціць у яе струмяні рукі, можна нават пакаштаваць на смак, калі хто сьмелы. Можна проста ісьці па вуліцы і нагамі адчуваць, як гудзе і бурліць пад зямлёю Крывавая Бессань.

Другая душа — гэта ўніверсам «Цантральны», сакральны савецкі паб, які адначасова і душа і чэрава. Але ў яго выпадку душа не супярэчыць чэраву. Тут можна выпіць чай з пакетыка, купіць вушка, пакарміць бамжа, паабшчацца ля выхаду з панкамі, сфоткаць прыўкрасную ляпніну. Кажуць, яго зараз зьбіраюцца зачыняць. Але душу нельга зачыніць. «Цантральны» можа і не заўсёды будзе належаць Менску гістарычнаму (як і не заўсёды належаў), але ён заўжды быў, ёсьць і будзе ў тым Вечным Менску, куды мы ўсе яшчэ прыйдзем, які ёсьць адзін з самых прыгожых твараў Новага Ерусаліму. Я веру, што ў тым Горадзе «Цантральны» напоўніцу праявіўся, што там ён выглядае як сапраўдны мармуровы палац зь лесам калон, што ўпрыгожаныя фрэскамі і мазаікамі, на якіх выяўлены маракі і садоўнікі ўсіх краёў і ўсіх часоў разам з пладамі сваёй працы. Там у ім знойдзецца месца за стойкамі для ўсіх студэнтаў, і прафесароў і гопнікаў і для ўсіх нас, а серафімы і херувімы будуць у сініх фартухах лётаць побач і праціраць тыя стойкі, зьбіраць аднаразовы посуд і адвозіць на металічных каталках. Я нават думаю, што першае, куды трапілі пятнаццаць ахвяраў выбуха ў метро, гэта ў той «Цантральны» ва ўваскрослым Менску, амаль адразу па-над станцыяй. Дзе іх сустрэў Той, Хто быў самаю бязьвіннаю ахвяраю, і правёў іх за стойку, дзе ўжо на белых абрусах былі і хлеб, і віно, і эклеры, і чай у пакеціках і коржыкі за 2200. І яны піравалі, гледзячы праз вокны на паўсталы зь мёртвых Праспект, і піру гэтаму, і радасьці, і дараваньню і прымірэньню не было канца. І ня будзе.

Трэцяя душа Менска — гэта хлопчык з гусем за Купалаўскім. Яны танчаць танец пра тое, што сіла зьдзяйсьняецца ў слабасьці. За амаль 150 год вакол іх адбываліся адна за адною рэвалюцыі, дзьве сусьветныя вайны, ішлі бамбардыроўкі і будоўлі, у суседнім доме зьбіраліся і разганяліся зьезды, ішлі спектаклі, а яны ўсё стаяць. Зьніклі і паўсталі вакол цэлыя раёны, быў хутка ўзьведзены і хутка зрынуты сталінскі ідал, а яны стаяць. Зьнікла і намётавае мястэчка праз дарогу, яшчэ адна душа Менска, чацьвёртая і зараз нябачная, а яны стаяць. І будуць стаяць і танчыць столькі, колькі ім будзе адпушчана, а калі раптам прыйдзе нехта, каб спыніць іх танец, то гусь уздымецца ў неба і на сьпіне панясе хлопчыка над Панікоўкаю і ўсім астатнім нашым горадам туды, дзе ніякае зло іх не дастане, і ўсіх нас, хто захоча, таксама забярэ з сабою. І ня важна нават, гусь гэта ці ўсё-ж такі лебедзь.

Пятая душа Менска — гэта вечны агонь ля абеліска. Гэта душа вельмі хворага і пустога Менска, такога Менска, якому растлумачылі, што ніводнай душы ў яго няма, бо душаў не бывае. Таму ён палае, быццам ува сьне, сярод соннай дэкарацыі. І тады ён нікога не сагравае, бо ахвярны агонь ня грэе. Але бывае, што гэтае полымя ненадоўга перастае быць падзямельным зьнічам, запаленым перад стодам Вайны, а робіцца чалавечым агнём, які гарыць не для мёртвага боства, а для людзей. І тады ў каменным савецкім Менску запальваецца нешта жывое. Можна ля вечнага агню стаяць на каравуле. Можна спаць ля яго, каб не замёрзнуць зімоваю ноччу. Можна засмажыць на ім бутэрброд ці прыгатаваць яешню.

Шостая душа Менска — гэта былы пункт прыёму шклатары, які цяпер і раддом, і катэдральны сабор, і кірмаш, і сінагога, і парламент, і ўніверсітэт, і гладыятарская арэна, і канцэртная зала, і школа, і дзіцячы садок, і клуб, і дыскатэка, і рэстаран, і партызанская зямлянка, і шпіталь, і рэстаран, і бібліятэка, і карчма і нават бясплатны туалет. Такога няма нідзе, я ў гэтым абсалютна ўпэўнены. І я думаю, што ў Вечным Менску Ў асабліва ня зьменіцца, хіба што толькі там змогуць зьмясьціцца ўжо ня трыста чалавек, а ўсе ахвочыя. Тут часьцей, чым у любым гарадскім храме, адчуваецца набліжэньне Царства.

Сёмая душа Менска зусім побач — гэта двор, дзе стаяць дамы Кіма Хадзеева і Аляксея Жданава. Дом Кіма ўжо нельга ні ўбачыць, ні ўвайсьці ў яго, але калі з разу ў раз слухаеш гісторыі людзей, якія былі там шмат разоў, то трапляеш унутр разам зь імі. І ў тым доме, падобным да іншым двухпавярховах на суседніх вуліцах, жыве кароль. Каралеўства яго вельмі малое, амаль незаўважнае, усяго некалькі соцень падданых, але толькі такім і можа быць каралеўства ў добрага караля. А побач стаіць вялікі дом іншага караля. Ноччу, з боку двара, ён выглядае так жа страшна, як і калі той другі кароль пісаў, як «вымирают квартиры». Цёмны двор без аніякага сьвятла. Адзін з галоўных менскіх двароў. Хоць каралёў цяпер складана сустрэць, яны ўсё роўна там жывуць і Аляксей працягвае пісаць Кіму лісты пра немцаў і марсіянаў, пасылаць намаляваных на паперках чалавечкаў і няма ў сьвеце ніводнай сустрэчы ўрадаў, ніводнага саміта ці паседжаньня, ніводнай дэлегацыі важнейшай, чым гэтая каралеўская перапіска.

Лена Прохарава

Восьмая душа Менска — гэта Леначка Прохарава, тутэйшая сьвятая з вогненнымі валасамі, адзіны ў горадзе чалавек, які можа знаходзіцца ў некалькіх месцах адначасова. Можна зь Леначкай проста паразмаўляць, можна слухаць, як яна распавядае, што і дзе адбудзецца заўтра, што пасьлязаўтра, можна бясплатна хадзіць зь ёю на імпрэзы, як яна кажа. Але гэта ня самае галоўнае. Зь Леначкай трэба танчыць, або глядзець, як яна танцуе. І калі пасьля гэтага штосьці яшчэ застанецца незразумелага на гэтым сьвеце, то трэба проста працягваць глядзець і хутка ўсё стане ясна.

 

Дзявятая душа Менска — гэта камень Дзед з капішча на Сьвіслачы, цяпер па-блюзьнерску перасунуты ў музей валуноў, дзе яму і зараз ахвяруюць стужкі, ніткі, грошы і цукеркі, і аднаму Богу вядома, што ён, камень, пра ўсё гэта думае.

Душы гэтыя часта прывідныя і няўлоўныя, і цяжка знайсьці і яшчэ цяжэй адшукаць другі раз, бо Менск, як і любы нармальны беларускі горад, скрывае больш, чым паказвае і хавае больш, чым аддае. Ён, як і павінен любы нармальны беларускі горад, жыве не навонкі, а ўглыб. А так як амаль ўсё ў глыбіні, то складана разгледзець, ці сапраўды ў яго шмат душаў, ці насамрэч толькі адна.

Фото: onliner.by
Дзясятая душа Менска — гэта дзед Казімір. Зь ім трэба сфатаграфавацца, калі ў вас вясельле, і паслухаць ягоны белы верш.

Адзінаццатая душа Менска — гэта вярба ва ўнутраным двары Ліцэя БДУ. Яна стварае асаблівае магнітнае поле і, дзякуючы гэтаму, на тэрыторыю Ліцэя не распаўсюджваецца ўплыў помніка Леніна з плошчы Незалежнасьці.

Дванаццатая душа Менска — гэта Камароўка. Тут можна абысьціся без каментарыяў.

Трынаццатая душа Менска — гэта ікона Маці Божай, што ў Саборы Сьвятога Духа, адзіная ў сьвеце рэч, якая не пакідала цэнтра горада на працягу пяцісот гадоў.

Чатырнаццатая душа Менска — гэта Курапаты. У дзень Апошняга Суда гэта будзе, напэўна, самае цікавае месца ў горадзе, бо там прачнуцца тысячы і тысячы сяброў, настаўнікаў і даўніх знаёмых, а колькі менавіта, тады і даведаемся.

Пятнаццатая душа Менска — гэта будынкі фабрыкі «Камунарка», на месцы якіх, паводле Мойшэ Кульбака, раней стаяў дом рэба Зельмэлэ і жылі зельманцы.

Шаснаццатая душа Менска — гэта вуліца Сухая, галоўная магістраль гета, якая ідзе ад Ямы да старых габрайскіх могілак зь іх вусьцішным мінулым. Цяпер паміж імі ў савецкай высотцы водзяць куста, граюць на коклях і дудах, выюць абрадавыя гімны і ўсё гэта разам глядзіцца амаль неспалучальным для нашага зямнога розуму, але сплятаецца ў нейкую незямную прыгажосьць.

Сямнаццатая душа Менска — гэта Ракаў. 

Тэатр оперы і балету, праект Лангбарда

Васямнаццатая, дзевятнаццатая, дваццатая і дваццаць першая душы Менска — гэта чатыры вежы, збудаваныя Лангбардам, жудасныя і ў той жа час цудоўныя.

Дваццаць другая душа Менска — гэта менска-віленскі цягнік, тая душа, якую горад штодня выдыхае і ўвечары ўдыхае назад разам з новымі акропальскімі тэлевізарамі, палітонамі, ботамі і Велікалітвой.

Дваццаць трэцяя душа Менска — гэта Цівалі, дзе трыста чыгуначнікаў перамаглі Сатану.

Дваццаць чацьвёртая душа Менска — гэта цмок Менеск, які дагэтуль жыве ў горадзе, плавае па рэках і рассыпае паўсюль сваю каменную муку.

Дваццаць пятая душа Менска — гэта Інтэрнэт.

Дваццаць шостая душа Менска — гэта Трасьцянец, які сьпіць і чакае Ўваскрасеньня.

Дваццаць сёмая душа Менска — гэта пісьменьніцкі дом на вуліцы Карла Маркса.

Гэта толькі трошку з бясконцасьці менскіх душаў ці твараў адзінай менскай душы. Яны бываюць тысячагадовымі, а бываюць хвіліннымі, але ўсе бясцэнныя, бо робяць Менска абразам Вечнага горада. Горада, у якім застануцца чыстыя вуліцы, навагодні галалёд, Народны альбом, скульптура Анікейчыка ў парку, мітынгі на Бангалоры і ўвогуле ўсё застанецца і вернецца, толькі сьмерці і нянавісьці болей ня будзе, бо ўсё і ва ўсім будзе Любоў.

P. S. Толькі вось Кемпінскага ўсё роўна прыйдзецца ўзарваць:)

Заметили ошибку в тексте – выделите её и нажмите Ctrl+Enter

Театр должен быть свободным. Беседа с Николаем Халезиным. Vol.1

Места • Саша Романова

«Шекспир был самым политическим автором своего времени. Его называли чернушником, как современных драматургов. Он просто взял Макбета, очень приличного короля, и сделал из него демона. Сейчас в Лондоне существует «Общество защиты Макбета». Это люди, которые выкапывают все хорошее, чтобы сказать: «Нет, он был нормальный! Это мудила автор вот такое устроил человеку», — говорит Николай Халезин, самый известный запрещенный драматург, совместивший театр и журналистику. Саша Романова встретилась с руководителем «Свободного театра» в Вильнюсе.