Заўсёды зайздросціў уменню Антоня Дзянicава падбіраць цытаты, прыводзіць мілагучныя замежныя імёны. Гэта закалыхвае і заваражвае. Чытаў пра жлабоў і зайздросціў. Тым не меней, праз цытаты я прадраўся, мілагучнасць замежных імёнаў мяне закалыхала не да канца, неакансерватызм я абышоў, баючыся не спасцігнуць – і засталіся пару пытанняў па сутнасці.
Чаму вы лічыце, што быдла прыехала з вёскі?
Калі скараціць немаленькі тэкст пра жлабоў да фабулы, то ў ім я прачытаў наступнае: усё гаўно прыехала з вёскі і мы павінны указаць яму на належнае месца, для чаго нам трэба яго ганіць і цягаць па судах. Не сказаць, каб гэтая думка, пазбаўленая цытатаў і мілагучнасцяў, падкупляла навізною, але што тычыць прапановы, – як скажаце. У справе барацьбы з быдлам усе сродкі нібыта добрыя. Можна і ганіць, можна і ў суд запрашаць, можна выклікаць міліцыю ці ў жбан даваць, можна абыходзіць за кіламетр, можна запасацца цярплівасцю і тлумачыць, можна узяць квіток да Марса – з гарантыяй.
Але па першай частцы ёсць пытанні. Я не думаю, што быдла прыехала з вёскі. І мяне цікавіць, Антось, крыніца вашай упэўненасці. Калі яны ўсе – адтуль, то там яны адкуль узяліся? Я гатовы быў бы для пачатку прыняць любое тлумачэнне. Іх гіперпрасторава перанеслі, у іх там грыбніца, гэта радыяцыя, сонечная актыўнасць – што заўгодна. Але вы нічога не патлумачылі і прапанавалi паверыць.
Не баючыся зрабіць вялікае адкрыццё, нагадаю, што беларуская нацыя паступова наогул стала досыць сялянскай і ў беларускіх гарадах беларусаў яшчэ нядаўна амаль не было. Гэта, дарэчы, слушна і ў дачыненні да Менска, і ў дачыненні да Вільні. Там усё тое ж самае.
То бок, усё, што мы можам сказаць пра беларусаў на пачатак 20-га стагоддзя, мы кажам па-сутнасці пра беларусаў на сяле. Дык, можа быць, гэта не жлабы прыехалі да вас у горад, а (прасцігоспадзі) беларусы да вас прыехалі? Смайлік тут.
Але вось яшчэ адзін момант. З гэтых, як вы кажаце, жлабоў з'явілася амаль уся наша літаратура: Купала, Гарэцкі, Чорны, Мрый, Быкаў, Мележ. Хто там у нас нарадзіўся ў Мінску з вялікіх? Вы ды Багдановіч. Прычым, чытаючы ў гэтых самых аўтараў пра гэтую самую вёску, я ніяк не знаходжу слядоў гэтага самага быдла – вось якая штука. І калі жлабы неяк паказаліся на паверхні, то чаму вы лічыце, што найперш менавіта – там?
Жлабы як вынік сацыяльнага савецкага эксперымента
Я падазраю, што жлабы, Антось, узніклі як пакаленне – паўсюль. І на сяле, і ў горадзе. І ў Беларусі, і па ўсім Саюзе, бо жлабы – гэта вынік сацыяльнага савецкага эксперымента, які не абмяжоўваўся вёскай. Чалавек, пазбаўлены мажлівасці зарабляць і вымушаны красці; чалавек, пазбаўлены магчымасці ўплываць на сваё жыццё і вымушаны хлусіць; чалавек, пазбаўлены бяспекі і вымушаны стукаць на суседа, – вось так з'яўляюцца жлабы. Жлоб з'яўляеца там, дзе няма свайго (а свая зямля, як мы ведаем, – ледзь не галоўны архетып у нашай літаратуры пачатку мінулага стагоддзя), жлоб з'яўляецца там, дзе няма правілаў і магчымасцяў. Прычым не ў другім ці трэцім пакаленні, а, бывае, у самым-самым першым.
Вы думаеце, калі б паміж горадам і вёскай савецкая ўлада – наадварот – усталявала б кардон, мы б зараз мелі іншыя гарады? Калі б сталь лілі дзеткі прафесуры, мы б зараз пархалі ў Менску з гарлачыка на гарлачык? Жлоб – гэта тое, чым чалавецтва ў нармальных умовах вучыцца не быць, бо латэнтна ён сядзіць у кожным ці амаль у кожным з нас, але калі радзіма кліча жлаба – жлоб абудзіцца імгненна. Ён узнікае як слова, а не як з'ява.
Малады архітэктар, пераселены з прафесарскага дома бацькоў у інтэрнат, можа быць, і не пачне сінячыць з «проламі», але, не выключана, што пачне пісаць даносы.
Пажылая настаўніца, добра ведаючы, як абыходзяцца з ворагамі народа, будзе вучыць дзяцей, як правільна цалаваць зорачку і даказваць сабе, што і яна шчыра адданая запаветам. І так пакуль сама не паверыць.
Жлоб жа – гэта не толькі чалавек, якi ходзiць ў Цэнтральны універсам з незашпіленай шырынкай. Вы ж ведаеце, Антось, як беларускамоўных жыхароў вёскі гарадскія называлі калгаснікамі проста таму, што іх (нашу) мову было вырашана называць калгаснай? Па-вашаму гэта – прыкмета павагі да чужой індывідуальнасці і асабістай прасторы? Жлабам не абавязкова саблюдаць дрэс-код, каб быць жлабамі. Жлоб можа сядзець і пад адыдасаўскім строем і пад адпрасаванаю камізэлькаю.
«Умовы, ў якіх мы знаходзімся, спрыяюць таму, каб хлусіць, каб красці, каб стукаць»
Проста ў другой палове ХХ стагоддзя гарадскія прышчапілі негарадскім дадатковы комплекс непаўнавартасці. І калі тыя паехалі ў горад, яны ўжо былі азлобленымі неафітамі і нікому нічога не хацелі дараваць. Яны паехалі ў варожы свет дамагацца і даказваць. Колькі жлабоў было сярод «прыезджых» і колькі сярод «карэнных» – я падлічыць не магу. Затое, я магу сказаць, што працэс іх вытворчасці і блізка не спынены. Умовы, ў якіх мы знаходзімся, зараз спрыяюць таму, каб хлусіць, каб красці, каб стукаць. Каб называць адзін аднаго калгаснікамі, каб называць адзін аднаго жлабамі, не асабліва разбіраючыся нават у тым, хто такі жлоб, адкуль ён узяўся і што з гэтым рабіць. У суд на жлаба вы паскардзіцеся суддзе-жлабу. Жлабу не таму, што ў яго бацькі з сяла, а таму, што для яго закон вызначаецца голасам у тэлефоннай слухаўцы.
Абараніць сябе ад жлаба вы папросiце мянта-жлаба, які пратакол прывык запаўняць згодна з даведзеным да яго «аналізам пазіцыі начальства» і паказанні ў судзе прызвычаўся даваць, абапіраючыся на багатую фантазію, прычым нават не на сваю.
Вось чаму я лiчу, што ваш тэкст – не рэцэпт дапамогi, а ўсяго толькі анамнез. Уявіце: у пацыента усё жыццё соплі, і ты набіраешся цярплівасці, уважліва сочыш і, прынамсі, старана канспектуеш. А калі ты праходзіш міма саплівага дзядзенькі і, падціскаючы губы кажаш: «Граждане, і вось з такімі саплямі нам прыходзіцца мірыцца», – гэта і не лячэнне, і не анамнез. Я усё разумею: вельмі хочацца прыбраць саплівага дзядзеньку з вачэй, прымусіўшы яго сунуць два пальцы ў нос, і пакінуць яго назапашваць соплі. Хочацца паскардзіцца і падаць у суд. Але можа так стацца, Антось, што гэта вайна не нас, супроць іх. Можа так стацца, што наш час – гэта калі адны жлабы скардзяцца другім на трэціх.