Так склалася, што я нарадзіўся якраз у гэты дзень, 26 красавіка. Праўда, за шэсць год да трагедыі. Я нараздзіўся ў «правільнай» савецкай сям'і. Бацька – афіцэр міліцыі, дзед – ветэран Вялікай Айчыннай, таму кожная дэманстрацыя (прысвечаная усё роўна якому камуністычнаму святу) была «нашай». І вось, першага траўня, праз некалькі дзён пасля выбуху на ЧАЭС мы з матуляй, бабуляй i дзядуляй пайшлі ў цэнтр Бабруйска, каб з іншымі жыхарамі горада на Бярэзіне адзначць «Дзень працоўных».
Памяць у шасцігадовага хлопца была добрая. Я ўжо тады «актыўна цікавіўся палітыкай». Як? Калекцыяніраваў карыкатуры з газет і сатырычнага часопіса «Кракадзіл» і мог лёгка адрозніць абрывіятуру МВФ – Міжнародны валютны фонд – ад САІ – сістэмы супрацьракетнай абароны, стварэнне якой было абвешчана ў сакавіку 1983 года прэзідэнтам США Рональдам Рейганам. Сумняюся, што савецкія школьнікі цікавіліся гэтым, а я праз малюнкі Барыса Ефімава, Марка Абрамава ды іншых савецкіх карыкатурыстаў добра разумеў «палітычную карціну таго часу».
У той дзень мама апранула мяне, у ва ўсіх сэнсах, «патрыятычны» швэдар бел-чырвона-белага колеру з надпісам «Мы за мір». Дзень быў вельмі спякотным. Сонца было нейкім іншым. Яно быццам бы ператварылася ў лямпачку ці распаленую дынама-машыну. Нейкае чырвонае і вельмі гарачае. Усё гэта падрабязна адбілася ў памяці малога хлопца, які ішоў са сваякамі на дэманстрацыю.
Дурная качка ў савецкай газеце
За некалькі дзён да гэтага, 28 красавіка 1986 года, у савецкіх газетах было надрукавана кароткае паведамленне: «На Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі адбыўся няшчасны выпадак. Адзін з рэактараў атрымаў пашкоджанне. Прымаюцца меры з мэтай ліквідацыі наступстваў інцыдэнту. Пацярпелым аказана неабходная дапамога. Створана ўрадавая камісія для расследавання інцыдэнта». І ўсё. Звычайны савецкі грамадзянін не быў у стане з гэтай інфармацыі знарумець маштаб катастрофы. Дзесці выбухнула, ну і што? Кожны дзень нешта здараецца на прадпрыемстве. Перажывем.
Ля бабруйскай школы №2 мы сустрэлі суседзяў па дому. Старэйшыя размаўлялі аб сваім, а мы, дзеці, аб сваім. Мой дзед прапанаваў зрабіць агульны здымак. (Праз пяць год пасля гэтага, пад здымкамі, улепленымі ў альбом, дзед зробіць надпіс «Чарнобыль ужо быў»). Пазней была шматлюдная плошча Леніна. Дзед узяў мяне на плечы, каб я лепей бачыў тое, што адбываецца на трыбуне. Было настолькі горача, што я папрасіўся «на зямлю». Пазней мы гулялі па горадзе, прыйшлі да дому. Бацька ў гэты час, у якасці саветніка афганскай міліцыі, «выконваў інтарнацыянальны доўг» у Афганістане.
Мае дзед з бабуляй выпісвалі некалькі цэнтральных савецкіх газет. Я любіў іх праглядаць. Не, не таму, каб прачытаць чарговую справаздачу з пленума КПСС. Для гэтага я быў яшчэ малы. А каб знайсці і выразаць карыкатуры, якія я ўклейваў у асобны сшытак.
І вось у адзін з першых майскіх дзён 1986 года на старонке адной з газет я ўбачыў малюнак. На якім была выява качкі, якая крычала, что ў СССР выбухнула атамная электрастанцыя. На качцы быў надпіс «Швецыя».
Я тады не звярнуў увагу на гэтую карыкатуру. Савецкія мастакі любілі маляваць заходніх палітыкаў, якія «рэагавалі інфармацыйнымі качкамі ў дачыненні да падзей у Савецкім Саюзе». Пазней стане вядома, што ў Швецыі яшчэ 26 красавіка 1986 года было зафіксавана павышэне радыяцыйнага фона (у атмасферы выявілі ўтрыманне радыёактыўнага няптунія-239). Скандынавы праверылі сваю станцыю «Форсмарк». Яе кіраўніцтва прыняло рашэнне аб эвакуацыі персаналу, аднак хутка шведы зразумелі, што прычына па за межамі іх краіны. 28 красавіка 1986 года шведскае інформагенства «Tidningarnas Telegrambyra» паведаміла, што крыніца ўцечкі радыяцыі знаходзіцца на поўдні ад Швецыі. Савецкія выданні адрэагавалі на гэта карыкатурамі.
Але схаваць трагедыю не атрымалася. 4 траўня 1986 года ў газеце «Праўда» з'явілася публікацыя «Наведванне раёна Чарнобыльскай атамнай станцыі», у якой расказвалася пра тое, што «члены Палітбюро пазнаёміліся з абстаноўкай у раёне выбуху на ЧАЭС». Праз два дні савецкія перыядычныя выданні ўжо пісалі пра эвакуацыю гораду Прыпяць, пры гэтым яшчэ спрабавалі дэманстраваць спакой.
Цяжкія вынікі і наступствы катастрофы
Усяго гэтага тады я, канешне, не ведаў, але бачыў, як нярвуецца мама. А таксама ўразіла, што лістота на дрэвах дзе-нідзе стала жоўтай. І гэта ў траўні. Людзі не ведалі праўду і спісвалі ўсё на спякотнае надвор'е. Пазней пайшлі дажджы. І мы, дзятва, бегалі па жоўтых калужынах і радаваліся першым вясновым ліўням. Ніхто не здагадваўся, што яны былі радыяктыўнымі.
У чэрвені 1986 года, калі з'явілася больш інфармацыі пра наступствы катастрофы, мая мама вырашыла вывезці мяне далей ад забруджанай тэрыторыі. Лета мы правялі ў сваякоў у Маскве. Напэўна гэта было правільнае рашэнне, але ж колькі людзей засталося на месцах, (у тым ліку і ў Бабруйску) і чакала, пакуль праўда пра катастрофу стане вядомай.
…У выніку аварыі на Чарнобыльскай АЭС з абароту было выведзена каля 5 млн гектараў сельскагаспадарчых зямель вакол АЭС, а таксама створана 30-кіламетровая зона адчужэння. Пры гэтым жыллёвыя пабудовы і іншая інфраструктура былі знішчаныя і пахаваныя – закапаныя цяжкай тэхнікай у спецыяльных магільніках. На жаль, з-за павышэння радыяцыйнага фону прыйшлося адсяліць шэраг вёсак па-за 30-кіламэтровай зонай адчуджэння – у Гомельскай і Магілёўскай абласцях Беларусі і Бранскай вобласці Расіі.
23% тэрыторыі нашай краіны былі забруджаныя радыёактыўным цэзіем-137.. Найбольш моцнае забруджванне адбылося там, дзе прайшлі дажджы.
Па звестках Грынпіс і Міжнароднай арганізацыы «Лекары супраць ядзернай вайны» у выніку аварыі толькі сярод ліквідатараў памерлі дзясяткі тысяч чалавек. У Еўропе зафіксаваны тысячы выпадкаў уродстваў у нованароджаных і тысячы выпадкаў раку шчытападобнай залозы.
Агульная шкода, нанесеная Беларусі чарнобыльскай катастрофай, ацэнваецца ў $235 млрд. Гэта прыкладна 25 бюджэтаў краіны на 2016 год. Поўны распад апошняга радыеактыўнага элемента на забруджаных тэрыторыях (плутонію-239) да стану прыроднага матэрыялу адбудзецца праз 24500 гадоў пасля аварыі.
Толькі зараз, праз дзесяцігоддзі пасля трагедыі, становіцца зразумелым яе маштаб. Калі б не памылкі савецкіх чыноўнікаў, якія з-за жадання «захаваць твар» хавалі праўду пра выбух на ЧАЭС, можна было б уратаваць шмат жыццяў і захаваць здароўе людзей. Наступствы той катастрофы і тых памылак мы будзем адчуваць яшчэ доўга.