Я таксама настаўнік, але ў іншай сферы. Працую ў музычнай школе, вучу дзяцей іграць на флейце. Дык вось… Шаноўны Андрэй Грыгор'еў, адгукнуўшыся на пост пра чэзласць і нецікавасць нашай школьнай адукацыі, напісаў тэкст у нечым захапляльны і лагічны, але далёка не бясспрэчны. Пачнём ад галоўнага тэзісу.
Вучоба можа быць цяжкай, але каб зрабіць яе «нуднай», трэба прыкласці спецыяльныя намаганні
«Процесс приобретения знаний и ума – это тяжёлая, нудная, томительная работа».
Няўжо?! Я, дажыўшы да сваіх амаль сарака, не ведаю нічога больш цікавага і захапляльнага, чым вучоба. Так, я таксама ненавідзеў школу – як большасць з нас. Але ў маім жыцці была вучэльня, універсітэт, стажыроўкі, курсы і безліч рознай іншай трасцы. І чым далей ад школы я адыходзіў, тым больш разумеў, што вучыцца – гэта файна. Сам працэс выклікае задавальненне. І, на маю думку, гэта нармальна. А вось тая атмасфера скрухі і нуды, якая пануе ў нашай адукацыйнай сферы – ненармальная.
Даўно вядома, што чалавек добра робіць тую справу, якая яму даспадобы. Хай то будзе рамонт сантэхнікі, навучанне дзяцей ці напісанне дысертацыі. Дасягненні чалавецтва ў сферы мастацтва, інжынерыі альбо педагогікі звязаныя з імёнамі людзей, якія любілі сваю працу, кайфавалі ад яе, захапляліся ёю. Паверце, вучыцца – гэта цікава. Вучоба можа быць цяжкай, але каб зрабіць яе «нуднай», трэба прыкласці спецыяльныя намаганні.
Педагог мусіць умець паставіць мэту і ўмець яе дасягнуць
Далей цытую аўтара: «Цель уроков литературы – не ознакомление с задорным или тупым текстом. Цель уроков литературы (впрочем, как и любых других) – привитие вкуса, развитие мышления, навыков анализа, сопоставления, понимания человеческих чувств и жизненных ситуаций, воображения, наконец».
Цяпер, шаноўныя настаўнікі, мушу вас засмуціць. Зусім не вышэйпададзенае з'яўляецца мэтай урокаў літаратуры ці якіх-кольвек іншых.
Зараз будзе цяжка, таму спрабуйце чытаць уважліва. Педагог – гэта менеджар. Педагог мусіць умець паставіць мэту і ўмець яе дасягнуць. Чым больш канкрэтызаваная гэтая мэта, тым больш рэальным становіцца яе дасягненне.
«...привитие вкуса, развитие мышления, навыков анализа, сопоставления, понимания человеческих чувств и жизненных ситуаций, воображения…», – задача абсалютна неканкрэтная. Як праверыць наяўнасць густу? Што такое «навыкі аналізу»? Паводле якіх крытэрыяў можна ацаніць разуменне чалавечых пачуццяў?
Дарагія мае калегі, давайце не будзем сябе падманваць: задачай настаўніка ў школе з'яўляецца падрыхтоўка вучня да экзамену. Гамон. Кропка. Канец. Усё астатняе – усяго толькі трындзёж пра «высокае».
Ведаеце, чаму ў нашай краіне спецыяльная адукацыя (мастацкія і музычныя школы, гурткі, студыі і г.д.) з'яўляецца значна лепшай за агульную? Ды таму, што ў сферы спецыяльнай адукацыі крытэрыі ясныя. Вучань у музычнай школе павінен мінімум два разы ў год выйсці на сцэну і выканаць два рознахарактарных твора.
Яму ніхто не дурыць галаву разуменнямі пачуццяў, высокім густам і рознай іншай трасцай. Выйшаў – выканаў – малайчына.
Логіка навучання празрыстая, як шкельца. І паверце, што калі ўсе выкладчыкі агульнаадукацыйных школ будуць падыходзіць такім жа самым чынам да сваёй працы, прасцей будзе ўсім: і педагогам, і вучням. Балбатня пра пачуцці і густ – усяго толькі самападман. Дарэчы, з тэзісам пра тое, што з вучнямі трэба абыходзіцца, як з дарослымі, я цалкам згодны. Таму не падманвайце іх. І сябе заадно.
Павага да настаўніка некалі з'явілася як праява змушанай павагі да улады
Далей аўтар вельмі шмат кажа пра тое, што дзеці могуць быць такімі ж паскуднымі, як дарослыя. Ну, тут пытанняў няма, зразумела, што могуць і ёсць. Магу толькі паспачуваць настаўнікам агульнаадукацыйных школ, якія змушаныя працаваць з класамі ў трыццаць чалавек, да падбору якіх яны не маюць ніякага дачынення. Страшна, цяжка, брыдка. Не ведаю, ці я змог бы. У нас прасцей – у класе звычайна знаходзіцца адзін вучань і два педагога. Нам – лягчэй. Вам – нізкі паклон і горкія слёзы.
Праўда, нельга не сказаць, што дрэнныя адносіны выкладчыкаў і вучняў з'яўляюцца віной не столькі гэтых самых выкладчыкаў і вучняў, колькі сістэмы. Немагчыма за сорак пяць хвілін знайсці ўзаемапаразуменне з трыццаццю падлеткамі. Немагчыма знайсці падыход да кожнага з іх. Немагчыма зацікавіць кожнага. Вось і спрабуюць зрабіць бедныя настаўнікі тое, што немагчыма, ды яшчэ няправільным чынам. Вось і маем такую школу, якая ёсць.
Андрэй Грыгор'еў піша, што настаўніка трэба паважаць. Калега, я не згодны. Катэгарычна. Абсалютна. Ніяк. Абгрунтоўваю. Павага да настаўніка некалі з'явілася як праява змушанай павагі да улады. «Рабі тое, што кажа настаўнік, і зможаш упісацца ў сістэму», – такім быў галоўны мэсэдж. Настаўнік быў рупарам ідэалогіі, і непавага да яго раўнялася непавазе да той самай ідэалогіі.
Час змяніўся. Хаця і спрабуе наша дзяржава «рупар ідэалогіі» пакінуць на сваім месцы, ды не надта выходзіць. Панове настаўнікі, давайце не будзем зноў займацца самападманам. Мы – высокакласныя (спадзяюся) кансультанты, якія не толькі валодаюць пэўнымі ведамі, уменнямі ды навыкамі, але яшчэ і методыкай перадачы вучням гэтых самых ведаў, уменняў і навыкаў. Усё. Ад таго, што нас паважаюць ці не паважаюць, нічога не мяняецца. І не павінна мяняцца. Не трэба вучням вашая кансультацыя? Ну і хер з імі!
Заходзіце першага верасня ў клас і шчыра кажаце: «Я збіраюся ў бліжэйшыя год/два/тры рыхтаваць вас да экзамену па фізіцы/літаратуры/геаграфіі. Каму не трэба, можаце не хадзіць, чатыры бала пастаўлю кожнаму.
Будзеце хадзіць і нічога не рабіць, пры гэтым не замінаць іншым – шэсць. На вышэйшую адзнаку трэба будзе папрацаваць». Такі падыход, падазраю, не зусім законны, але надзвычай лагічны.
Скараціць мінадукцыі да трох асобаў – міністра, бухгалтара і сакратаркі
Цяпер – прапановы аўтара. Першая – рэфармаваць міністэрства адукацыі і адукацыйнае заканадаўства. Ну, з гэтым не паспрачаешся. Я б прапанаваў скараціць мінадукцыі да трох асобаў – міністра, бухгалтара і сакратаркі. Хаця што да міністра, дык я не ўпэўнены.
Другая: ногі растуць з сям'і. О! Таму пазбаўляем школы і сваю свядомасць розных падманных ружовых ідэяў і займаемся тым, чым павінны – рыхтуем дзяцей да экзаменаў. Шчыра, проста, лагічна.
Трэцяе: платная адукацыя. Адразу неабходна сказаць, што бясплатнай адукацыі не бывае. Зусім. Плацяць за навучанне альбо непасрэдна, альбо праз падаткі. Мы – у асноўным праз падаткі. Прымусова. Я б, напрыклад, сур'ёзна задумаўся, калі б на нейкім наступным рэферэндуме ўзнікла пытанне, сфармуляванае прыблізна так: «Ці згодныя Вы з тым, што ўся адукацыя павінна быць платнай пры ўмове зніжэння Вашых асабістых унёскаў у фонд сацыяльнай абароны насельніцтва на 20%?»
Чацвёртае: аўтар лічыць неабходным прыцягненне лепшых метадыстаў для выпрацоўкі новых праграмаў. Я не супраць. Я супраць таго, каб гэтыя праграмы былі абавязковыя ва ўсіх школах. На хер аднастайнасць! Даеш выбар!
Пятае: аўтар прагне практычнай адукацыі. Ну, практыка – крытэрый ісціны. Не я сказаў, але я падтрымліваю.
Шостае: змяніць прынцып набору настаўнікаў у ВНУ. Ага, ты іх яшчэ набраць паспрабуй. Хоць якіх. Хоць неяк. Не ідуць. Напэўна, плацяць настаўнікам мала?
Міністр такі лішні
Сёмае: прыватныя школы. За! За! За! І садкі. І гурткі. І ВНУ. І я тут падумаў: міністр такі лішні.
Восьмае: штрафы за абразу настаўніка? Цікавая ідэя. Праўда, баюся, адразу ўвядуць план па штрафах. «Што значыць «не абражалі»? А план за вас хто будзе выконваць? Давайце, таварыш настаўнік, ідзіце, і зрабіце так, каб за сёння мінімум тры разы вас паслалі ў сраку і два – назвалі мудаком. І хай толькі не назавуць, будзеце самі штраф плаціць. За што? За невыкананне плану!» Брррр, нешта мне гэтая думка не падабаецца.
Дзевяць: пазбавіць настаўніка ад ненастаўніцкіх абавязкаў. Лагічна. Правільна. Няма чаго нават абмяркоўваць.
Бухгалтар таксама лішні
Дзесяць: каб дзяржава не лезла ў адукацыю. Я тут падумаў, падумаў... Бухгалтар таксама лішні.
У міністэрстве і адна сакратарка справіцца.
І на развітанне: шаноўныя настаўнікі, не ўспрымайце сябе носьбітамі вышэйшай ісціны. Мы – звычайныя працаўнікі на рынку аказання адукацыйных паслуг. І гэта, згадзіцеся, гучыць зусім няблага. Прынамсі, сумленна.