Да рэвалюцыі было лепей. Літаратура на ўік-энд

Культ • Дмитрий Галко
Лепшы спосаб правесці раніцу выхаднога дня з карысцю – прачытаць новую главу з неапублікаванай кнігі Дзмітрыя Галко. На гэты раз – настальгія па савецкаму дзіцячаму садку, развагі пра дзяўчат, пубертатныя сны і забароны. Нагадваем: Зміцер піша раман пад назвай «Каханне і свабода» . Піша з гумарам і цікаўнасцю да жыцця, з любоўю да людзей і двух сястрынскіх краінаў – беларусі ды украіны

Дзяўчынкі ў дзіцячым садку не адасабляліся ад хлопчыкаў. Яны разам гуляліся. Разам сядзелі на гаршках. Разам спалі ў адным пакоі. Разам іх вадзілі на кварцаванне. Дзе яны, распранутыя да майткоў, стаялі кругам у цемры вакол лямпы з яркім і халодным святлом. Без адмысловых акуляраў святло страшна рэзала вочы. Гэты рытуал — круг аднолькава распранутых дзяцей у аднолькавых дзіўных акулярах вакол страшнай лямпы, у святле якой яны выглядалі стаячымі трупікамі — быў рытуалам забойства цікаўнасці да дзяўчынак. Яны такія самыя, як і мы, думалі хлопцы, толькі зусім троху іншыя.

І шмат чаго не разумеюць. Як Алена не разумела, што яны не смяяліся з яе памерлай маці. Ці як вось аднойчы тата Міці наварыў кукурузы, яны з Сашам яе ўзялі, выйшлі на вуліцу і сустрэлі дзяўчынак з сваёй групы дзіцячага садку.

— Пачастуйце нас, калі ласка, — папрасіла доўгавалосая прыгажуня Каця.
— Не можам. Нам трэба нагадаваць казу, — на хаду прыдумаў гульню Міця.
— Якую яшчэ казу, што ты выдумляеш?
— Мы знайшлі ў полі заблукалую казу. Пасялялі яе вунь у той падвал, яна цяпер там жыве і мы гадуем яе кукурузай. У яе хутка будзе казляня, можам табе падарыць, калі хочаш.
— Ды ну вас, глупствы нейкія. Не будзем з вамі гуляць тады, — надзьмула вусны Каця, узяла пад руку сваю сяброўку і сышла.

Што той кукурузы, няма ў ёй нічога цікавага. Гульня – вось што цікава! Праз гэтую немагчымасць паразумецца з дзяўчатамі ў многіх пытаннях Міця з Сашам у выпускной групе дзіцячага садку вырашылі, што ніколі не ажэняцца. Пакляліся крывёю. Кожны парэзэў сабе далонь, потым прыклалі іх адну да другой. На знак таго, што яны пабудуюць сабе дом і будуць жыць там удвох, з сабакамі. Каб замацаваць клятву, хлопчыкі з'елі па жмені пяску.

У школе ўсё пачало змяняцца. Дзяўчынак і хлопчыкаў падзялілі на дзве выразна акрэсленыя розныя групы. Гэта выклікала варожасць паміж імі, але разам з ёй і цікаўнасць адно да аднаго.

Яшчэ ў першым класе Міця разам з іншамі хлопцамі цкаваў аднакласніка, які пацалаваў дзяўчынку. Бо ён здрадзіў групавым каштоўнасцям, хлапечаму братству. А ўжо наступным годам яму самому спадабаліся адразу дзве дзяўчынкі.

Адна з іх, Іра, была зусім маленькай, ледзьве даставала Міцю да пляча. На бледным твары рэзка вылучаліся ярка-чырвоныя вусны. Валасы былі акуратна ўкладзены і завітыя. Раз-пораз яна злёгку краналася іх, нібыта папраўляючы. Форма заўсёды выпрасаваная, фартух толькі белы, ніколі чорны. Заўсёды туфелькі. Іра амаль не бегала і не скакала на пераменах. Спаважна прагульвалася і як быццам звысоку на ўсіх пазірала, задраўшы падбародак. Міця не бачыў, каб яна рагатала, толькі загадкава пасміхалася часам.

Аднойчы Іра прыйшла на ўрокі ў завушніцах з штучнымі рубінамі. Калі тыя завушніцы заўважыла настаўніца, яна пачала сварыцца.

І чым больш на дзяўчынку сварылася і сарамаціла яе настаўніца за нейкае там мяшчанства, бессаромнасць і непрыстойныя паводзіны, тым больш Міця думаў, што ўжо кахае яе.

Мiця

Але ён ужо кахаў і Аксану. Усю ў вяснушках, з двума касічкамі, якія тырчалі ў розныя бакі. Яна не хадзіла, а падскоквала, размахваючы ранцам. Лёгка магла залезці на дрэва ці пахадзіць на руках у двары падчас школьнай прагулкі. У яе мог быць і белы, і чорны фартух, і наогул ніякага. На нагах Аксана насіла пацёртыя хлапецкія бацінкі з шырокім круглым носам, дзірачкамі, грубай прашыўкай і тоўстымі шнуркамі. Панчохі да калена з шырокімі чырвонымі палосамі. За што Міця празваў яе Піпі Доўгаяпанчоха.

Калі ад кахання рабілася цёпла, ад неабходнасці выбару веяла холадам.

***

Міця распытваў аб гэтым дарослых. Але толку ад таго было няшмат. Маці казала, што ён «усё зразумее, калі сустрэне сваё каханне», бацька — «усё зразумееш, калі падрасцеш». Маладая цётка, вучоны-мікрабіёлаг, адказала больш падрабязна, але не вельмі зразумела для другакласніка.

— Я думала, які можа быць сэнс існавання ў бялковых целаў. Напэўна, прыносіць шчасце адно аднаму. Каханне не трэба шукаць. Падобна, што гэта проста падзяка за вернасць, падтрымку, увагу. Яно не за подзвігі, а за светлае, цёплае суіснаванне. Гэта і адказнасць таксама, асабліва да дзяцей, якія прыйшлі ў свет па тваёй прыхамаці.
— Як гэта ты кажаш, не трэба шукаць? Хіба з першай лепшай ажаніцца? Ты ж не выйшла замуж да гэтага часу, шукаеш яшчэ.
— Мне здаецца, гэта ўсё-ткі не самае галоўнае ў жыцці. А я... не ведаю, мабыць, не гатовая да такой адказнасці.

Гэтак жа сама цётка тлумачыла сваё нежаданне ўступаць у КПСС — негатоўнасцю да такой адказнасці. Міця не мог таго зразумець. Цётка здавалася яму адной з найбольш адказных асобаў, якіх ён толькі ведаў. Сама сабе шыла і вязала прыгожую вопратку. Вельмі мала ела. Усё ў яе было акуратна раскладзена. Не марнавала часу на розныя глупствы і не гультаявала. Ніколі не крычала, вельмі спакойна размаўляла на любыя тэмы. Займалася самай сур'ёзнай справай, якая толькі можа быць, — навукай. І магла смяяцца нават у твар смерці.

Калі яна не гатовая, хто ж тады наогул гатовы?

Міця варочаўся ў цемры. Заснуць не атрымлівалася. Чаму ён павінен выбіраць? Не выбіраў жа ён, хадзіць у школу ці не хадзіць. Ніхто не пытаўся, ці хоча ён быць акцябронкам. Ён хацеў, нават еў чарнільніцу, як Ленін, з хлеба і малака, але ж ніхто не пытаўся. Мабыць, ніхто не спытае, калі дойдзе чарга да піянераў. Дзяжурных па класу не выбіралі, а прызначалі. Па тэлевізары і ў газетах таксама ўвесь час кагосці кудысці прызначалі.

Планы рабіліся ажно да 2000 году, які падаваўся Міцю нечым фантастычным. Мама казала, у крамах тады ўсё будзе бясплатна.

Міця перажываў, што яму вельмі рана давядзецца прачынацца, каб бегчы па прадукты. Бо ўсё ж імгненна размятуць. Калі ў суседнюю з школай краму ўпершыню завезлі былі эстонскія жуйкі, за імі ўся школа выстраілася ў чаргу, усе ўрокі пазрывалі. Праз якіх паўгадзіны нічога ў краме не засталося. Не, не можа быць, каб бясплатна. І сама лічба — 2000 год — выглядала зусім нерэальнай. Тым не менш яна мільгала паўсюль на плакатах. Да гэтага году кожнай сям'і абяцалі асобную кватэру ці яшчэ нешта. Будучыня здавалася добра распланаванай і нібыта не прадугледжвала складанага выбару.

У адным пакоі з Міцям жыла бабуля. Яна мелася быць абазнанай у такіх пытаннях, таму што была калісці выкладчыцай ва ўніверсітэце і чальцом КПСС. Міця бабулю за тое вельмі паважаў. Бо КПСС яму здавалася вялікім саветам плямёнаў, на якім старыя мудрыя індзейцы сядзяць колам і паляць па чарзе трубку міра. Над імі ж у клубах дыму лунае дух самага мудрага індзейца — Ілліча.

— Бабуль, ты не спіш яшчэ, га?
— Сплю, але кажы давай.
— А чаму жонак не прызначаюць? Як вось дзяжурных па класе.
— От ужо мудрагель. Навошта табе прызначаная жонка? З ёй, мабыць, не вельмі цікава было б, толькі мучыўся бы.
— Ды я не ведаю, як яе выбраць. Мне розныя дзяўчаты падабаюцца, а на іх не напісана, што нейкая мае стаць маёй жонкай. Лепей бы прызначылі, каб не было блытаніны.
— Між іншым, да рэвалюцыі так і было. Жанчын прызначалі жонкамі, мужчынаў — мужамі. Ім не дазвалялася выбіраць...
— Выходзіць, што да рэвалюцыі лепей было.
— Ціха мне тут! Ось зараз пачуе нехта, што ты вярзеш, дык мала табе не будзе. Забяруць куды трэба. Як жа лепей, калі табе прызначаць у жонкі адную, а кахаць ты будзеш зусім іншую?
— Хіба лепей, калі я сам памылку зраблю? Ажанюся, потым іншую пакахаю, потым яшчэ іншую. Адурэць можна.
— Нешта не пра тое ты думаеш. Спі ўжо давай, герой-палюбоўнік.
— Ну пачакай, калі ласка. Бабуль, а ты толькі дзеда кахала?
— Быў яшчэ адзін чалавек... Алік. — раптам адказала бабуля пасля доўгага маўчання. — Мы з ім вучыліся ва ўніверсітэце перад самай вайной. Вельмі прыгожы, разумны. Так, я кахала яго. Мяне потым эвакуявалі, а ён застаўся ў Менску. Стаў падпольшчыкам. І загінуў.
— Тады ты яго перастала кахаць?
— Не, дзіцятка, не перастала.
— А як жа ты выйшла замуж за дзядулю тады? — дзівіўся Міця нечаканаму адказу.
— Гэтага я табе зараз не змагу патлумачыць.

***

Міця яшчэ троху паварочаўся, незадаволены, але неўзабаве заснуў. І прысніў дзіўны сон. Пра дзяўчынку з вяснушкамі і двума рудаватымі касічкамі, падобную да Піпі Доўгайпанчохі. Яна ішла кудысці па горадзе, ён ішоў за ёй следам. Дзяўчынка дайшла да набярэжнай Свіслачы ў парку Янкі Купалы, узлезла на парапет і нырнула. Як была, у вопратцы, з нейкай торбай. Знікла. Міця пастаяў, паглядзеў, як разыходзяцца кругі на вадзе, і нырнуў следам за ёй.

Там, на дне Свіслачы, ён убачыў прасторную грамадскую лазню. Звычайную лазню, абкладзеную белай кафлянай пліткай, з шэрымі бляшанымі тазамі, вяхоткамі з мачалы, счарнелымі драўлянымі лаўкамі і слізкімі змылкамі там і сям, распаранымі і намыленымі целамі. Незвычайным было тое, што тут мыліся разам мужчыны і жанчыны, хлопчыкі і дзяўчаты. Мыліся парамі або кампаніямі. Дарослыя засяроджана, неяк грубавата, шуравалі і драілі адно аднаго. Маладзейшыя нібы рабілі балетныя па, практыкаванні мастацкай гімнастыкі, пяшчотна і толькі злёгку кранаючыся цела партнёра вяхоткай або мылам. Дзеці ж балаваліся адно з адным, пырскаліся, пашчыпвалі, пакусвалі і паторгвалі адно аднаго, нібы гарэзлівыя шчанюкі.

Піпі Доўгаяпанчоха ўжо распранулася, дастала з торбы вяхотку, мыла, заматала галаву ручніком, каб не намачыць валасы. Цяпер яна разгублена азіралася па баках, шукаючы кагосці, з кім разам можна памыцца. Убачыла Міцю, вінавата ўсміхнулася, і нясмела паклікала жэстам да сябе. Хлопчык сарваўся з месца, бегма кінуўся да яе, паслізнуўся на мокрым кафлі і распластаўся прама ля ног Піпі. Яны разам залівіста рассмяяліся.

Міця глядзеў на яе знізу ўверх, усю голую, яму вельмі падабалася, да дрыжыкаў, толькі муляла вока міжножжа. На гэтым месцы ў дзяўчынкі была сляпая пляма, нейкі цьмяны аб'ект. Ён вабіў да сябе і палохаў.

Фото: Салли Манн

— Памый мяне, калі ласка, — прашаптала Піпі.
— Можна, я цябе пацалую? — нечакана для сябе спытаў Міця.

Дзяўчынка ледзь заўважна кіўнула галавой. Міця ўстаў і пачаў цалаваць яе вяснушкі, шыю, плечы...

Апусціўшыся ніжэй за жывот, ён прачнуўся. Трэба было ісці ў школу.

Ранкам Міця быў упэўнены, што знайшоў сваю выбранніцу. У школе ён папрасіўся сесці за парту адразу за Піпі. Цягам урокаў раз-пораз дзьмуў на яе валасы, дакранаўся да спіны пальцам, ціхенька тузаў за касічкі. Дзяўчынка паварочвался да яго, загадкава ўсміхалася і чырванела.

Саша, які сядзеў побач з ім, зразумеў гульню па-свойму. На ўроку выяўленчага мастацтва, калі яны рабілі аплікацыі з каляровай паперы і працавалі нажніцамі, ён адрэзаў Аксане пасму валасоў.

Праз тую адрэзаную пасму Міця потым і пацярпеў ад яе бацькі. Калі ён з'явіўся каля дому Аксаны, ейны бацька выскачыў з сякерай, пагнаўся за ім, думаючы, што гэта той самы нахаба, які адрэзаў валасы ягонай дачцэ. Міця ад страху пабег, не разбіраючы дарогі, выляцеў на лёд азярца і праваліўся.

Бацька дзяўчынкі яго выцягнуў, выбачыўся, запрасіў да сваёй хаты. Вопратку павесілі сушыцца, а яго самога адправілі на печ. Да Піпі! Яна ляжала там і гартала падручнікі. На печы яны і праляжалі цэлы вечар, весела размаўляючы пра свае дзіцячыя справы.
Дзяўчынка распавяла, што вёску хутка павінны выселіць, іхная сям'я пераедзе ў дзевяціпавярховы дом, магчыма, яна пойдзе ў іншую школу. Але на печы было так добра, што Міця пра гэта зусім не думаў. Калі тое яшчэ будзе, і ці будзе ўвогуле.

Заметили ошибку в тексте – выделите её и нажмите Ctrl+Enter

Билет домой-6. Пятерка отличных фильмов, которые не покажут в кинотеатрах

Культ • Макс Старцев

Здесь и история Лэнса Армстронга, за которым 13 лет наблюдал журналист, чтобы обвинить в употреблении допинга, и изучение Стэнли Милгрэмом человеческой потребности к подчинению, и лучшая трагикомедия со времен «Достучаться до небес». Макс Старцев сделал шестую по счету подборку домашнего кино – ну, вы знаете, чем занять себя остаток этой недели.