Follow the white rabbit. Літаратура на ўікэнд

Культ • Дмитрий Галко
Рэдакцыя заключыла з журналістам змітром Галко забаўны заклад – калі главу з яго кнігі прачытае больш за дзве тысячы чалавек, аўтар будзе пісаць далей. Калі не, дык мы ўсе зразумеем, што чытаць на беларускай мове цяжка, нацыя тупее і «шмат літар» людзей толькi раздражняюць. Што тычыцца кнігі змітра, дык яна чымсьці падобная да сучаснага серыялу: шмат інтымных падрабязнасцяў ды прыватнага жыцця герояў, а заканчваецца ўсё на самым цікавым.

— Dai cazzo! Vaffanculo! Puttana Eva! Porco dio! — брудна лаяўся маленькі чарнявы італьянец, стоячы на пранізлівым вясновым марскім ветры ў Марыупалі, каля цэнтральнага аўтавакзалу.

— Сціхні ты ўжо. Разгалёкаўся, як у лесе. На якую халеру ты пайшоў за тым чортавым трусікам? — змрочна адказваў ягоны спадарожнік, высокі хлопец з валасамі колеру мокрай саломы і рыжаватай барадой.

— Да чаго тут чортаў трусік? Гэта ўсё твой чортаў несвяты айцец Іван! Паслаў, дык паслаў. Сустрэнуць, паселяць, накормяць... трасца яго матары!

— Каб не той трусік, мы хаця б грошай столькі не выкінулі. І не трэсліся б на гэтым катавальным аўтобусе пяць гадзінаў.

— Mamma mia, хачу ў цёплы душ! Ці яшчэ лепей у лазню. З той цыцкастай з Сватава, памятаеш? Ха-ха-ха! Кхе-кхе-кхе...

Італьянец нацягнуў на сябе два каптуры, закруціўся ў арафатку, але ад халоднага ветру ў яго ўсё адно слязіліся вочы і цякло з носу. На ім быў адзін велізарны заплечнік, як у парашутыста, і яшчэ некалькі меншых торбаў і торбачак. На сцягне боўталася вайсковая каска. Марыупальцы нядобра касавурыліся на італьянца і часам бурчэлі нешта пра «натаўскіх карнікаў». Менш за ўсё ён быў падобны да карніка. Калі ў ім і было ў той момант нешта ад салдата, дык толькі ад «палоннага румына».

Насамрэч італьянца звалі Козімо Атанасіё, але сябра ахрысціў яго Кузьмой Апанасенка. Бо нават у італьянскай рэстарацыі ва Украіне той спрабаваў замовіць боршч, сала і гарэлку. Калі піў піва, дык з сушанай таранкай. І шпарка, па-запраўску лузгаў семкі. «I'm a real Donbas redneck», — прыгаворваў Кузьма. «О то праўда, данбаскі гопнік і ёсць», — згаджаўся сябра.

Козімо паходзіў з такога сабе італьянскага Марыупалю — прыморскага індустрыяльнага гораду Таранто. Бруднага, дэпрэсіўнага, з высокім узроўнем наркаманіі і вулічнай злачыннасці. У Марыупалі, дзе ён быў ужо не першы раз, яго здзіўляла, што наркаманы, зладзюжкі і рабаўнікі не кідаюцца ў вочы, тут нават плацяць за праезд у грамадскім транспарце! Цыганы на марыупальскай аўтастанцыі не сталі ўколваць у яго шпільку, выскубаць волас і пагражаць яго роду да сёмага калена страшнымі пакутамі, калі не дасць грошай. Людзі выглядаюць досыць разняволенымі, неагрэсіўнымі. «Магчыма, гэта таму, што тут у хаду марыхуана, а ў Таранта ўжываюць гераін», — рабіў Кузьма псеўданавуковую выснову.

Археолаг па прафесіі, ён працаваў фатографам-фрылансерам. Прыехаў ва Украіну напачатку 2014 году. Асабістае жыццё і кар'ера ў Італіі ў яго складваліся няўдала. Сям'я над ім пасмейвалася, дзяўчыны кідалі, падаткі часам былі вышэйшымі за даходы. Козімо ўспрыняў драматычныя падзеі на ўкраінскім усходзе як шанец. І для яго кар'еры, і для асабістага жыцця.

Вясной 2014 году ён апынуўся ў данецкім хостэле Red Cat, дзе ўжо сабралася пярэстая кампанія журналістаў-фрылансераў і шукальнікаў прыгод з усяго свету. Там і пазнаёміўся з сваім цяперашнім спадарожнікам, Міцяй, беларускім журналістам. Яны былі аднагодкамі, абодва падзялялі цьмяныя анархісцкія погляды, абодва любілі пабалбатаць за жыццё і пасмяяцца, абодва лічыліся дзівакамі, ды і былі такімі. Да таго ж, у Козімо не было грошай на перакладчыка, Міця добра размаўляў па-англійску і не любіў самотнасці. Яны як знайшлі адзін аднаго. Козімо называў сябра «my Belarusian teddy bear».

Прататыпы герояў Міці і Кузьмы ў Марыупалі

Кузьма падкупіў Міцю неверагоднай love story. Ён распавёў, што па дарозе ў Данецк сустрэў вельмі прывабную кітаянку. Фотамадэль, якая размяшчае ў сябе ў фэйсбуку свае мастацкія эратычныя фота. Яны пазнаёміліся і абмяняліся нумарамі тэлефонаў. Дзяўчына вучыцца і жыве ў Данецку, хутка яны сустрэнуцца. Некалькі тыдняў італьянец усім распавядаў пра тую кітаянку, але сустрэчы не адбывалася і ўсе яе пачалі называць «his imaginary girlfriend». Калі ж сустрэча нарэшце адбылася, усё яшчэ больш заблыталася.

— Не ведаю, як гэта патлумачыць, але на сустрэчу прыйшла не кітаянка...

— Кузьма, не гані, а хто ж?

— Прыйшла нейкая грузінская дзяўчына. Яна таксама вучыцца ў Данецку, на доктарку. Яе бацькі прымусілі, краіна вельмі кансерватыўная, ведаеце, яна хоча займацца дызайнам, а ёй не дазваляюць.

— Так, пачакай з Грузіяй і дызайнам, скажы лепей, як сталася, што ты меўся сустрэцца з адной дзяўчынай, а прыйшла на сустрэчу зусім іншая. Як яна патлумачыла тое?

— Ды ніяк не патлумачыла. Я асабліва і не распытваў. Бо грузінка таксама вельмі прыгожая і прыязна да мяне паставілася. Мяркую, у нас з ёй усё атрымаецца...

Не менш за гадзіну данецкі хостел Red Cat уздрыгваўся ад нястрымнага смеху. Мянушка «his imaginary girlfriend» прыляпілася назаўжды і ўжывалася ў адносінах да любой дзяўчыны, пра стасункі з якой расказваў Кузьма.

З грузінкай ён растаўся, паводле яго словаў, «праз гэтага ёлупа Міцю». У іх нібыта было першае рамантычнае спатканне з дзяўчынай у данецкім парку, яны пачалі ўжо палка мілавацца, аж тут патэлефанаваў Міця, каб сказаць, што ў Славянску забілі нейкага італьянскага журналіста, ці не можа ён звязацца з амбасадай Італіі. І яшчэ некалькі разоў тэлефанаваў, каб удакладніць інфармацыю. Чым ушчэнт сарваў інтымнае збліжэнне.

Цягам 2014 году Міця з Кузьмой калясілі разам па Украіне. Заехалі былі і ў Сватава, мястэчка на Луганшчыне. Там сепаратыстаў паслалі падалей і рыхтаваліся да абароны, калі што якое. Адзіным следам драматычных падзеяў на ўкраінскім усходзе ў гэтым мястэчку было разбітае шкло на ўваходзе ў мэрыю. Мэр распавёў, што зрабілі тое два п'яных ёлупа.

— Вы хто такія, пытаем у іх. Кажуць, «Правы сектар». А чаго хочаце? Хочам, кажуць, далучыцца да Расіі.

— Нішто сабе каша ў людзей у галаве, — наіўна здзівіўся Поль, малады француз у акулярах.

— Мяшанка ядраная. Уздзеянне расійскага тэлебачання на п'яную і дурную галаву мае непапраўныя наступствы. Але мы ім тут рогі паабламалі. У мяне тут нават мясцовы пакістанскі бежанец вітаецца «Слава Украіне!».

Міцю з Кузьмой і яшчэ двума замежнымі журналістамі сустракала ў Сватава цэлая дэлегацыя на чале з мэрам — мясцовая самаабарона. Дужыя, сытыя мужычкі з пароды «куркулёў». Буйныя фермеры, пчаляр, пячнік, калодзежнік. Усе гатовыя бараніць сваё.

Сустрэлі журналістаў, як у старыя савецкія часы. Накрылі багаты стол, з-за якога яны ўставалі, адсоўваючы яго жыватамі. Павялі ў лазню, дзе ўсе, апроч Міці, былі ўпершыню. Пасля лазні напаілі мядовымі чаямі і пасялілі ў найлепшы нумар гатэлю. Праз гаспадыню таго гатэлю ў Кузьмы і з'явіўся ўстойлівы выраз «Svatove style boobs». Дэкальтэ ў яе было настолькі глыбокім, а формы настолькі пышнымі, што ў яго галава пайшла кругам. «Ох, я б усё аддаў, каб з ёй разам у лазенку схадзіць!», — прыгаворваў італьянец.

Міця не любіў сальнасцяў, размоваў пра лазні ды цыцкі. Але дараваў іх Кузьме за вясёлы нораў і мілую бесталковасць. Ён так прыкіпеў да яго, што ледзь не расплакаўся, калі яны развітваліся на кіеўскім чыгуначным вакзале ў канцы іх паўгадавой паездкі. І хацелася застацца, але Міця не мог. Бо адчуваў стомленасць і спустошанасць, вайна спаліла яго знутры. Часам яму здавалася, што яго насамрэч забілі недзе на Данбасе, цяпер жа ён перабывае ў тумане замагільнага жыцця.

***

І тут яшчэ на радзіме адкрыўся другі фронт — васямнаццацігадовы сын ад першага шлюбу, Андрэй, пачаў моцна піць, красці, трапляць у міліцыю. Урэшце дапіўся да таго, што спаліў матчыну кватэру. Усе сваякі крыкам крычалі, каб Міця з ім нешта зрабіў, бо ніхто іншы нічога зрабіць не можа.

Хлопец піў на самоце. Піў хутка, без закускі. З бутэлькай-двума бырла распраўляўся за колькі хвілінаў. Напіваўся як павук. Ледзь ногі цягнуў. Найчасцей не даходзіў да дому, адключаўся і ляжаў дзе ўпадзе. Калі ж усё-ткі даходзіў і яшчэ мог варушыць языком, мацюкаў усіх самымі брыдкімі мацюкамі. Нібы ванітаваў брудам.

Андрэй не быў дваровым хлопцам, хуліганам. Большую частку жыцця прасядзеў дома. Вырас інфантыльным і закамплексаваным, з разбітай карцінай свету ў галаве. Карціны свету ў яго не склалася, бо ён напераменку выхоўваўся ў зусім розных сем'ях, бабуляў і дзядуляў па матчынай і бацькоўскай лініях. Сем'і адна адну не любілі. У адной сварыліся на першую, у другой на іншую. Адна сям'я была «простай», другая «культурнай». Розныя тыпы паводзінаў і мыслення не склаліся ў Андрэя ў нешта цэлае, яны сутыкнуліся і разбіліся ўшчэнт.

Марыупаль. Ветраны дзень

Міця спрабаваў тую карціну склеіць, бо сам ён быў «простым» і «культурным» адначасова. Але яны не так часта з Андрэем бачыліся, у асноўным ездзілі разам у летнія вандроўкі. Дзе Міця забываўся пра сваю галоўную задачу — выхаваць сына, і адпачываў, як адпачывае большасць мужчынаў з нашых краёў. Піў ды весяліўся. Увесь астатні год Міця праводзіў з сваёй другой жонкай і абагатвораным малодшым сынам.

Першую сям'ю Міця стварыў, калі яму было ўсяго шаснаццаць. А ўжо ў васямнаццаць сустрэў іншую жанчыну, маці дваіх дзяцей, і з сям'і сышоў. Калісьці яны з ёй марылі пра тое, што іхнае каханне мае ўратаваць блізкіх, якіх яны кінулі, каб быць разам. Выратаваць сваёй сілай, глыбінёй і святлом. Замест гэтага атрымаўся смурны хлопец, які глядзеў на свет спадылба і казаў «ідзіце вы ўсе на х**». Чалавек, якому нікім не хацелася быць, які нічога не шукаў у жыцці і не чакаў ад яго нічога добрага. Не мог нікога любіць і адчуваў сябе ўсімі кінутым. Ягоная мама таксама была занятая каханнем. Да іншай жанчыны, прапаршчыка ўнутраных войскаў. А дзед, які Андрэя любіў больш за ўсіх, памёр ад раку.

Вярнуўшыся ў Беларусь, Міця забраў сына да сябе. У кватэру, дзе ён жыў з жонкай Вольгай і двума хлопцамі — іхным агульным сынам і жончыным сынам, таксама Андрэем. Гэтага Андрэя папрасілі пераехаць у кватэру да старэйшага брата Міці, каб вызваліць пакой для Андрэя малодшага.

Міця быў задаволены сабой, бо ўпэўнены, што такім чынам усё разруліў. Праблема знятая. У матчынай кватэры Андрэй жыў у пакойчыку-пенале, з пастаўленымі адзін да другога ложкамі, над кожным з якіх вісеў цёмна-барвовы дыван. На адным ложку спаў Андрэй, на іншым — «бегемоты». Так Андрэй называў сваю маці і яе жанчыну, прапаршчыка ўнутраных войскаў. Абедзве былі невысокія, у целе, падобныя да бочачак.

Бацька з сынам стаялі і палілі разам на абабітым дрэвам вялікім, даўжынёй у два пакоі, балконе. Зацягваючыся, Андрэй прыжмурваў вочы да вузкіх шчолак і выцягваў шыю наперад. Цыгарэту трымаў адразу ўсімі пяццю пальцамі. Часта і шумна пляваўся. Нізкі лоб, шырокі, нейкі мурзаты твар, у вуграх і ямках ад вугроў. Міця з цяжкасцю душыў у сабе пачуццё агіды да сына. Дакараў сябе за яго і нічога не мог зрабіць. Калі ж той пачынаў нешта казаць, Міцю ажно каламуціла.

— Ты думаеш, прыемна мне на тых бегемотаў глядзець? Валяюцца, ціскаюцца, сапуць, пярдзяць. Цьху! Хаця лепей бы ўжо валяліся, бо як прачнуцца, зяпы параскрываюць, хавайся ў бульбу. Цэлы дзень нервы мне малоцяць. Што ні скажы, што ні зрабі, то ім не тое, гэта не гэтае. Б**дзь, ды хоць ты нічога не кажы і не рабі, усё роўна дая**цца. Што яны, што баба Ядзя, віскоча, як тая свіння недарэзанная...

— Андрэй, схамяніся! Не хачу нават слухаць. Як ты можаш казаць такое пра маці і бабулю?

— Ды якая яна маці, зязюля! Ёй насраць на мяне. Усім на мяне насраць!

— Мне не насраць.

— Хіба што. Не ведаю.

— Табе б супакоіцца ўжо. Цяпер жа ў цябе нават пакой асобны ёсць.

Сям'я Міці здымала кватэру ў доме, куды засялялі калісці працаўнікоў культуры. Прасторная кватэра з паркетам, дзвярыма з суцэльнага дрэва з ручкамі пад золата, сучасным асвятленнем, старэнькім фартэпіяна, кніжнымі шафамі. У Андрэя тут быў асобны пакой. Нібыта поўная сям'я. Сумесны прагляд цікавых замежных серыялаў па вечарах. Размовы на высокія тэмы. Што яшчэ трэба?

Але Андрэй працягваў красці, піць, завальваўся ў дзверы, падаў, цягнучы за сабой палічку для абутку, зэдлік і люстэрка, неразборліва мацюкаўся. Часам не даходзіў да дзвярэй, падаў і засынаў на лесвіцы. Калі прачынаўся, голасна роў у смеццеправод: «Я ў пекле! У пекле, сукі вы, б**дзь!».

Міця быў напалоханы і разгублены. З фатэлі ён доўга моўчкі глядзеў на сына, які сядзеў насупраць на канапе, спрабуючы зразумець, што з ім робіцца. З пахмелля Андрэй крывіўся, цёр скроні, па-старэчаму пакрэкваў і прыцмокваў. Больш за ўсё звычак ён пераняў ад нябожчыка дзеда, які больш за ўсё яго любіў і праводзіў з ім шмат часу. У Міці часта з'яўлялася адчуванне, што ён размаўляе з старым, стомленым і хворым вяскоўцам.

— Ты ж сам казаў, што вар'яцеў у матчынай кватэры, бо не мог пабыць адзін. Праз пастаянныя сваркі, лаянку, прэтэнзіі да цябе. Хацеў, каб цябе адтуль забралі. Ну вось жа, я цябе забраў. Што яшчэ не так?

— Гэта не мая кватэра. Не хачу я жыць з чужымі людзьмі.

— Хто табе тут чужы чалавек? Ты ж ведаеш цётку Вольгу з самага дзяцінства. Яна цябе любіць.

— Ну, можа быць. Але ўсё роўна чужыя людзі.

— Ды як жа чужыя!

— Ай, адчапіцеся вы ўсе ад мяне. Дайце пажыць спакойна. Не малаціце нервы.

— Бач ты, і тут яму нервы малоцяць. Ніхто нічога рабіць не прымушаў, не сварыўся, кармілі смачна, цыгарэты нават куплялі, пакой у цябе асобны. Фільмы разам глядзелі...

— Усё гэта неяк неўзапраўду. Здымная кватэра, чужыя людзі. Там мая кватэра была, я там прапісаны. Дык не, выжылі. Бегемоты гэтыя, б**дзь.

Міця быў у адчаі. У яго ніяк не атрымлівалася разварушыць сына, чымсьці яго зацікавіць. Калі Андрэй быў цвярозым, ён нудзіўся, соўгаўся без справы па кватэры. Раз у некалькі дзён прымудраўся выцягнуць недзе грошы і напіцца. Уцягнуў у гэтыя крадзяжы малодшага сына Міці.

Прататып Андрэя, старэйшага сына Міці

А тут яшчэ старэйшы Андрэй, чалавек нервовы, з складаным характарам, пасварыўся з братам Міці, чалавекам з не менш складаным характарам і таксама нервовым. Ён вымушаны быў вярнуцца назад. Канфлікт паміж імі пасварыў Міцю з братам і бацькамі, бо ён стаў на бок старэйшага Андрэя. Якога ўспрымаў як свайго сына, хоць той быў усяго на дзесяць гадоў маладзейшы за Міцю. А тут яшчэ цяжка, тады наогул здавалася — фатальна захварэла жонка. Жанчына моцная, ад якой Міця амаль ніколі не чуў ніякіх скаргаў, курчылася, крычала і пастаянна енчыла. Жонка крычыць і курчыцца, сын завальваецца ў дзверы, падае, раве і гарлапаніць.

Некаторыя падказвалі самы просты шлях — здаць яго ў ЛТП. Не, Міця адчуваў сваю віну ў тым, што адбываецца з Андрэем. І не хацеў, каб той пачынаў свае жыццёвыя ўніверсітэты з турмы. Ён вырашыў вывезці сына ва Украіну — падыхаць паветрам свабоды, адчуць адрэналін вайны. Пазнаёміцца з людзьмі, якія ў найцяжэйшых умовах не складаюць рукі, больш змагаюцца, чым гаруюць. А калі нічога не выйдзе, таемна думаў Міця, мы паедзем на лінію фронту... і хай будзе, што будзе. Жыць так далей усё адно немагчыма.

Яму здавалася, што Украіна можа выправіць Андрэя сама па сабе. Як датуль здавалася, што можа выправіць кватэра з паркетам і фартэпіяна. Што яго захопіць ідэя такой паездкі, ён забудзе пра выпіўку. Ужо ў Гомелі, па дарозе, Андрэй скраў у бацькі грошы і напіўся. Тое ж самае паўтарылася ў Кіеве, раз і яшчэ раз. І яшчэ раз...

Ехаць на лінію фронта з Міцям хлопец адмовіўся, ісці ў валанцёры таксама. Бо чаго гэта ён будзе рызыкаваць сваім жыццём ці працаваць бясплатна, няма дурных. Кузьма, які быў тады у Кіеве, яны пасяліліся ў адным хостэле з ім, прапаноўваў Андрэю навучыць яго фатаграфаваць. Андрэй нібыта з радасцю пагадзіўся, але ўрэшце ўцёк і напіўся зноў. Міця адчуў, што трапіў у пастку, з якой яму ўжо не выбрацца.

***

Аж тут яму патэлефанаваў знаёмы святар. Той самы «несвяты айцец» Іван. У яго была блытаная і цьмяная біяграфія. Калісці ён вымушаны быў збегчы з Мурманску ва Украіну, бадзяўся, працуючы парабкам у вёсках. Потым паступіў у семінарыю, стаў святаром. Але і пасля таго любіў жанчынаў і выпіўку.

Зрэшты, на тое не звярталі асаблівай увагі, бо ён рабіў шмат карысных справаў. Міця пазнаёміўся з ім у Херсоне, калі Крым яшчэ быў не іх, але яны ўжо яго акупавалі. Святар штодня, без перапынку, вазіў валанцёрскую дапамогу ўкраінскім вайскоўцам, тады голым, босым і галодным, на мяжу з паўвостравам. Заадно пераконваючы іх, што захопнікі не могуць быць нашымі братамі, хоць яны і лічыліся імі дасюль.

— Як маешся? — спытаў святар.

— Ды я ў тупіку, — адказаў Міця.

— Ну дык як справы ў тупіку? Прыходзь давай да мяне, ёсць прапанова.

Святар прапанаваў Міцю паехаць у Марыупаль. Каб асвятліць дабрачынную і валанцёрскую дзейнасць іхнай царквы.

— І дзівака гэтага бяры з сабой, італьянца, няхай зробіць добрых здымкаў. Біскуп пра вас ведае, вас там сустрэнуць, паселяць, накормяць, павозяць па пазіцыях, — запэўніваў святар.

— Пачакайце, я не магу, са мной сын, з ім бяда зусім. Ён мне працаваць не дасць, нават калі паедзе.

— О, ёсць ідэя! Я ведаю пяцідзесятнікаў, у якіх непадалёк ад Кіева рэабілітацыйны цэнтр. Паспрабуй туды Андрэя аддаць пакуль, я дамоўлюся.

Андрэй пагадзіўся на рэбцэнтр. Кузьма ўзрадаваўся магчымасці вярнуцца на лінію фронта. Марыупаль зусім нядаўна быў ва ўсіх сусветных навінах — праз абстрэл мікрараёну Усходні напрыканцы студня 2015 году, падчас якога загінуў 31 чалавек. Адразу пасля таго, як Андрэй застаўся ў рэбцэнтры, вырашылі неадкладна ехаць цягніком да Бярдзянску. Прамы цягнік тады не хадзіў, бо баявікі ўзарвалі мост.

— Схаджу куплю мяса труса. Тое, у краме беларускіх прадуктаў. Не памятаеш, дзе яна знаходзіцца? — раптам кажа Кузьма.

— Якія беларускія прадукты, які трус, у нас да цягніку паўтары гадзіны засталося! — абурыўся Міця.

— Не крычы. Трэба ж нешта есці ў дарозе. А трус той беларускі быў вельмі смачны. Карацей, як сабе хочаш, I'm gonna follow the white rabbit.

— Ды каб з цябе чэрці вяроўкі вілі! Ідзі, толькі хутчэй давай, не спазніся.

Кузьма заблукаў у Кіеве і спазніўся. З гэтага моманту ўсё пайшло не так. Не дапамагло таксі, якое везла іх да вакзалу на шалёнай хуткасці, яны адно паспелі памахаць цягніку ручкай. Квіткоў у патрэбным ім кірунку не было ніякіх, апроч вельмі дарагога купэ да Запарожжа, ці не ў чатыры разы даражэйшага за плацкартны квіток на цягнік да Бердзянску. Ды яшчэ немалыя грошы за квіток на аўтобус ад Запарожжа да Марыупалю. Грошай у Міці было вобмаль, ён не думаў гэтым разам, што едзе ва Украіну надоўга, і разлічваў жыць з сынам дзе-небудзь на вайсковай ці валанцёрскай базе, адпрацоўваючы харчаванне.

А тут яшчэ іх ніхто не сустрэў на аўтавакзале ў Марыупалі. Біскуп нечакана моцна захварэў, ляжаў пад кропельніцай у шпіталі, ягоныя памочнікі нічога пра гасцей не ведалі. Месцаў, сказалі, няма, усё занята бежанцамі, сустрэць не можам, бо ўсе занятыя больш важнымі справамі. Міця з Кузьмой не ведалі, куды ім цяпер ісці і што рабіць.

— Хіба ты зусім нікога не ведаеш тут? — шморгаючы носам пытаў Кузьма.

— Ды адкуль мне тут некага ведаць... Хаця не, пачакай, ёсць у мяне ў фрэндах адна марыупальская дзяўчына. Зараз напішу ёй.

Асабіста Міця не быў знаёмы з Юляй, яны толькі абменьваліся прыватнымі паведамленнямі ў фэйсбуку. Яна была дапамагла яму ў мінулым годзе знайсці жытло і герояў для рэпартажу ў Марыупалі. Раз-пораз нешта пытала пра сына, эпапею з якім Міця падрабязна апісваў на сваёй старонцы. Расказвала, што ў Марыупалі ёсць вядомы пастар, які выцягнуў дзясяткі цяжкіх падлеткаў з вуліцы і паставіў іх на ногі.

Юля нядаўна вярнулася ў Марыупаль з Кіева, дзе не змагла знайсці працу па спецыяльнасці — тэлежурналістам, перабівалася сумным і стомным капірайтынгам. І пасварылася з сваім каханым чалавекам. Таленавітым аніматарам і гукарэжысёрам, хлопцам, на дзесяць гадоў маладзейшым за яе. Якога раздражняла нежаданне Юлі «паводзіць сябе па-жаноцку», то бок завіхацца па хаце і дагаджаць свайму мужчыне. Яшчэ больш яго раздражняла яе «залішняе пагружэнне ў сацыяльнае жыццё». Міцю, а хлопца таксама звалі Міцям, страшэнна злавала, што Юля з самага пачатку Майдану круглыя суткі сачыла за ўсімі падзеямі. Яны тады яшчэ жылі ў Марыўпалі, Юля парывалася паехаць на Майдан, але Міця яе не пускаў. Калі пара пачала моцна сварыцца, Міця казаў Юлі: «Знайдзі сабе якога-небудзь пыльным мехам стукнутага патрыёта або журналіста, я так больш не магу!»

Юля спытала ў мамы, ці могуць яны пусціць пераначаваць у хату двух змерзлых і беспрытульных замежных журналістаў, мама згадзілася. На дыстанцыйным кіраванні па тэлефоне Кузьма з Міцям паехалі ў аддалены марыупальскі раён непадалёк ад нядаўна абстралянага Усходняга. Паехалі пад грукат бесперапыннай кананады — баявікі жорстка прасавалі ваколіцы гораду.

Насустрач Міцю і Кузьме ішла невысокая худая дзяўчына. У гномскай зялёнай шапцы, з-пад якой тырчэлі дзве доўгіх касічкі, куртцы да пояса колеру хакі, дзіравых джынсах, закатаных да самых лытак. На нагах у яе былі высокія шнураваныя памаранчавыя боты. Дзяўчына трымала рукі ў кішэнях курткі, глядзела ў нікуды троху раскосымі, якуцкімі вачыма. І нібыта пастаянна пасмейвалася чамусці сама сабе.

Памаранчавыя боты

Кузьма штурхнуў Міцю ў бок і зухавата спытаўся:

— Спадабалася яна табе, га? Бачу, што спадабалася, не адмаўляйся.

— Боты памаранчавыя прышпільныя. І шапка гэтая гномская... Ай, кінь, не дуры галавы, ты ж ведаеш, як я сваю жонку кахаю. Гэта ты ў нас бабздыр несамавіты. Казанова, заваёўнік уяўных дзяўчат.

— Ха-ха, ну добра, паглядзім, куды нас прывёў белы трусік, паглядзім.

Увечары, калі яны сядзелі ўтрох у Юлі дома, весела шчабяталі пра тое-сёе, слухалі музыку, глядзелі кліпы, забыўшы пра грукат кананады за вакном, у Міці зазваніў тэлефон.

— Добры вечар, з рэбцэнтру вас турбуюць, наконт Андрэя. Ваш сын уцёк. Не, мы не ведаем, дзе ён.

Заметили ошибку в тексте – выделите её и нажмите Ctrl+Enter

Умер певец Принц. Семь его песен, которые круче моды и времени

Культ • редакция KYKY

Сегодня в своей студии звукозаписи в Миннесоте найден мертвым американский певец Принц, чье имя в 2005 году было занесено в Зал славы рок-н-ролла. Смерть певца подтвердил его секретарь, а также агентство Associated Press. Ему было 57 лет. Печально, но 2016-й войдет в историю как худший год для мировой музыки. Джаггер, пожалуйста, держись!