Литература на уикенд. «Хлопчык-крэвэтка» и журнал для тех, кто любит беларускую прозу

Культ • Сяргей Календа

Писатель Сергей Календа снова открыл краудфандинг – уже на второй номер журнала беларуской прозы «МІНКУЛЬТ-2». Вы можете поддержать этот проект и получить экземпляр, который, кстати, посвящен теме цензуры. Ну а чтобы вы знали, кто делает этот журнал, и могли решить, хотите ли делать донаты на такой проект – мы публикуем рассказ самого Сергея. 

Хлопчык-крэвэтка

1.

Сямейства Дугаў чакала сына. Бацька ўяўляў, як будзе гадаваць першынца, як яны пойдуць разам пад ветразем на рыбалку, будуць гуляць у футбол, як сын вырасьце разумны і добры. Маці ўяўляла, як сыночак будзе яе любіць і лашчыцца, яны будуць катацца на роварах у лесе, і яна навучыць яго шанаваць жанчын, а потым стане прыгожай бабуляй пяцярняшак.

Дугі доўга плянавалі сына, і можна нават заўважыць з колькасьці цацак, лялек і адзежы, якую яны накуплялі, — сына яны перачакалі. Шмат у каго зь іх знаёмцаў стварылася ўражаньне, што Дугі чакаюць дзіцёнка толькі дзеля саміх сябе і што свабоды волі, магчымасьці жыць у хлопца не застанецца. Але ж бацькоў не выбіраюць — бацькі выбіраюць самі, і ў гэтым жыцьцёвым правіле хаваецца адказ на загадку пра тое, што зьявілася перш: яйка альбо курыца. Паводле Космасу, лягічна, што яйка, але ў выпадку сямейных стасункаў — Космас зьявіўся дзякуючы курыцы.

Автор: Сергей Календа

Дзіцёнак нарадзіўся хутка, на гэты конт у місіс Дуг не было ніякіх прэтэнзіяў да нованароджанага, і калі ён пачаў плакаць, а дактары паклалі немаўля ёй на грудзі, яна моцна зьдзівілася, чаму яе сын такі запэцканы і зусім не прыгожы — ну натуральная крэвэтка.

Місіс Дуг трэба было адпачыць, выспацца і набрацца сілаў жыць далей.

2.

Сумныя і трагічныя падзеі разгарнуліся пасьля таго, як Дугі вярнуліся дадому. Містэр Дуг некалькі дзён ночыў у шпіталі побач з жонкай, абдымаў яе, зазіраў у вочы, прасіў, каб яна ўзяла сына на рукі, але місіс Дуг спачатку ўпарцілася, а калі муж доўга глядзеў ёй у вочы, урэшце брала дзіцёнка на рукі і карміла.

І вось яны дома, і тут жанчына, а цяпер ужо маці, зразумела, што ёй нашмат вальней дыхаецца, і яна сказала мужу.

— Рабі што хочаш, але я чакала іншага дзіцёнка! Зірні! Ну зірні ж ты толькі! Ён нібыта крэвэтка! Ён ружовы, рукі вунь не выгінаюцца, і да ўсяго вочкі такія маленькія, як у крэвэткі!

— Што ты такое вярзеш! Мы чакалі сына, гэта мой гонар!

Зь місіс Дуг спрачацца было немагчыма, і містэр Дуг пачаў злоўжываць белым віном, а дзіцёнку знайшлі няньку, каб тая ім займалася.

Такім чынам пляны на гадаваньне сына былі зруйнаваныя ўшчэнт.

Місіс Дуг на працягу года не магла ачуняць ад шоку, што дзіцёнак зусім не такі, як чакалася, і паступова, крок за крокам, пад віно яна пераканала мужа, што гэта ня іхны сын. Іхнае дзіця недзе ў іншай сям’і, а гэтага ім падсунулі ў радзільні, пераблыталі. Вось і ўсё.

Містэр Дуг моцна кахаў жонку, бо яна была прыгожая і эмацыйная, а ён мяккі і бязвольны, яму трэба было абіраць: жонка альбо сын. І ён падумаў, што яны з жонкай яшчэ пасьпеюць нарадзіць новых дзяцей, а гэтага… Яны так і не далі яму імя, толькі Крэвэткай і абзывалі, але нянька клікала яго Мося.

Трэба было вырашаць. Што рабіць, яны ня ведалі, але аднойчы місіс Дуг пайшла з вазочкам на шпацыр, прайсьціся праз парк да ўзьбярэжжа, пагуляць і падыхаць сьвежым паветрам. Яна паклала ў вазок хлопчыка-крэвэтку, дала яму ў цупкія рукі яго ўлюбёную цацку — плюшавага зайку…

А празь дзьве гадзіны на пляжы яна ў гістэрыцы крычала ў вуха паліцэйскаму, што вось тут, вось на гэтым самым месцы яна літаральна на пару сэкундаў адцягнула ўвагу, каб вытрасьці з туфліка мулкі каменьчык і адказаць на тэрміновае паведамленьне, а як павярнулася — вазок пусты! Скралі цыгане, няйначай, паглядзіце, містэр паліцэйскі, колькі іх тут, бадзягаў, навокал.

Місіс Дуг заломвала рукі й вельмі натуральна плакала, бо гэта ўсё-такі яе сын.

3.

Наш хлопчык-крэвэтка Мося, кінуты дарагой матуляй у мора, быў аточаны цікаўнымі альбатросамі, якія вырашылі, што ў сьвеце і так шмат несправядлівасьці, і трымалі яго на паверхні, і той гайдаўся на хвалях амаль цэлы дзень, сплываючы ўсё далей, пакуль на яго куляй не прызямліўся пэлікан і, ухапіўшы доўгай дзюбай, не запіхнуў разам з плюшавым зайцам у свой гарлавы мяшок.

Пэлікан разгарнуў велізарныя крылы, падняўся высока над вадою і паляцеў як найхутчэй у бок скалаў і лесу. Пэлікан згаладаўся.

Вялікая птушка добра лавіла паветра, плаўна і прыгожа ляцела некаторы час, пакуль не пачала сутаргава біць крыламі ды рэзка губляць вышыню. І нарэшце праз хвіліну барацьбы зь бязважкасьцю яна шлёпнулася аб зямлю каля скалы.

Было відаць, што вялікая птушка ня можа нармальна дыхаць.

Як толькі пэлікан зваліўся, зь ягонай дзюбы выскачыў спачатку плюшавы заяц, а за ім хлопчык.

иллюстрация: Wilkie Collins

Пэлікан падняўся, пакруціў галавой, пахлопаў крыламі па зямлі ды, зрабіўшы колькі глыбокіх удыхаў, падскочыў да хлопчыка і, разявіўшы пашчу перад тварам дзіцяці, ужо зьбіраўся праглынуць гэтую вялікую ружовую крэвэтку, аднак птах чагосьці спужаўся, а праз момант яму нехта моцна даў па галаве, і, вылупіўшы вочы, пэлікан даў драпака ў неба, клацнуўшы ў паветры вострай дзюбай ды зачапіўшы руку і шчаку малога.

Пасьля гэтага здарэньня, спробы двайнога забойства і цудоўнага выратаваньня, Хлопчык-Крэвэтка пачаў жыць каля скалаў і лесу, а на руцэ і шчацэ засталіся вялікія шнары, памятка ад пэлікана.

У першы ж дзень плюшавы заяц адшукаў недалёка пячору, акуратна абвязаў пялюшкай рану на руцэ хлопчыка, памыў замызганы сьлязьмі, соплямі, зямлёй і крывёю твар і завёў у спакойнае цёмнае месца, а сам выправіўся на выведку і пошук ежы ды чагосьці цёплага для начнога сну свайму найлепшаму сябру і брату.

4.

Бастурма! Пахлава! Смажаныя коржыкі, печаныя пончыкі, кока-кола, піва, вада, цыгарэты, капелюшы, панамы, салодкая кукуруза, вараныя ракі, салёныя карпы! Халоднае марозіва, гарачая чакаляда! Накідкі, ручнікі, пляжныя шорты, шлапакі, крэмы для і супраць загару, фенечкі ды акуляры ад сонца, парасоны! Самаробны алькаголь! — пляжныя гандляры заклікалі з усіх бакоў, некаторыя нават прапаноўвалі арэнду кватэры амаль дарма, афармленьне мэдычнай страхоўкі на месцы і новыя пашпарты грамадзяніна ўзьбярэжжа, але пра апошнюю прапанову — ціха, нікому ні слова.

На пляжы сапраўды было ўсё, што заманецца.

Сярод пяску, расьпечаных камянёў, цёплага, як нагрэтае малако, мора, безьлічы недапалкаў, пустых пляшак і шалёнай колькасьці пакетаў і слоічкаў з-пад крэмаў, нібыта цюлені, тут і там ляжалі людзі. Усе лавілі промні сонца, імкнуліся назапасіць як мага больш, каб потым завезьці дадому і яшчэ месяц зьзяць у сваім шэрым горадзе.

Автор: Сергей Календа

Хлопчык-Крэвэтка, падрослы, дужэйшы, маленькі драпежнік, які добра ведаў мову ад гандляроў і колькі замежных словаў ад турыстаў, спрытна і лёгка манэўраваў сярод сонечных парасонаў, падбіраў, што кепска ляжала, пад’ядаў недаедкі. Удзень ён быў на пляжы, уначы ў сваёй пячоры, прыносіў усё, што знайшоў пад сонцам, раскладаў перад плюшавым зайцам, які ляжаў на падушцы і шторазу аднолькава весела сустракаў свайго сябра.

Сёньня Крэвэтка ўпаляваў наступнае: адзін чабурэк, акурат на вечар, пяць недапітых бутэлек колы, адна бляшанка піва, фенечка з сэрцайкамі ды сонечныя акуляры. Ня так і шмат, але, як на малога хлопца, які сустракае сёмае лета дзікуном, і тое добра!
Марское сонца хутка сядае за гарызонт, здаецца, вось яно на небасхіле, пячэ сьпіны турыстаў, а праз імгненьне трэба класьціся. Калі цалкам сьцямнела, хлопчык запаліў сьвечку, зьеў чабурэк і дапіў рэшткі з пляшак колы, пагладзіў сябе па жываце, гучна адрыгнуў і, залезшы пад плед да зайца, які за столькі гадоў ператварыўся зь белага ў амаль чорнага, абняў яго і дастаў патрапаную кнігу коміксаў — пасьля цяжкага дня, перад сном, гэта было тое, што трэба.

5.

Пляжныя гандляры ўжо даўно прызвычаіліся назіраць за дзікім хлопчыкам, які па-майстэрску краў кепска пакладзеныя рэчы. Часта здаралася, што некаторыя зь іх, назіраючы за малым, рабілі стаўкі, ці ўдасца яму забраць тую пакінутую кніжку альбо майку непрыкметна, ці за ім хто пагоніцца…

Ніхто зь мясцовых ня ведаў, адкуль хлопец, дзе жыве, але і моцна не цікавіўся, бо кожны зь іх, тых самых гандляроў усім на сьвеце, сам меў мінулае, якое варта было трымаць у сакрэце: хтосьці прыехаў нелегальна зь іншай краіны, а хто зрабіўся бадзягам праз абставіны, і часта страшныя — алькаголь, махлярства, банкруцтва.
Шнары на шчацэ Хлопчыка-Крэвэткі загаіліся няроўна, ён і так быў непрыгожы, але праз шнары глядзець на яго без шкадаваньня было немагчыма.

6.

Першым на пляжы Крэвэтку злавіў за руку Дамінік, васьмігадовы хлапчук. Крэвэтка думаў, што хлопец заснуў ад сьпёкі і ня бачыць, і акуратна пачаў адкопваць зь пяску плястмасавы грузавік, як раптам Дамінік адным рухам ухапіў яго за нагу і паваліў.
Хлопчык-Крэвэтка маўчаў, яму хацелася закрычаць, але гэтага нельга было рабіць.
«Усё, напэўна, мяне заб’юць на месцы!» — падумаў Крэвэтка і заплюшчыў вочы, каб ня бачыць, як гэты вялікі хлопец пачне яго біць, але Дамінік падняўся на ногі ды цікаўна аглядаў Крэвэтку: доўгія валасы, але не дзяўчынка, завялікія шорты, шмат фенечак на руках, страшныя шнары… Крэвэтка на гарачым пяску выглядаў як цыганя.
Дамінік пачаў штосьці прамаўляць на незнаёмай мове і працягнуў у руцэ грузавічок… Крэвэтка падняўся, неахвотна і падазрона ўзяў цацку, пастаяў пару імгненьняў, разглядаючы хлопца, які гутарыў зь ім на незнаёмай мове, але праз слова паказваў на сябе і казаў: «Dominik».

Иллюстрация: Wilkie Collins

І Крэвэтка падрапаў з пляжу… Ён бег, як заяц, мяняючы кірункі, пераскокваючы празь людзей, збочваючы на паваротах гэтак, як вучыў яго ў дзяцінстве плюшавы зайка. Крэвэтка хаваў сьляды, толькі гандляры шавэрмай і кока-колай сьмяяліся яму наўздагон, бо гэта быў першы раз, калі таго-самага-брыдкага-пацана-з-шнарамі злавілі за руку падчас крадзяжу.

7.

Хлопчык-Крэвэтка схаваўся ў сваёй пячоры да наступнага дня, ён гуляўся з грузавічком і думаў, што гэты хлопец, які яго падлавіў, цікавы яму, і ён першы, хто яго не пужаў і выклікаў жывы інтарэс.

З такімі разважаньнямі наступнай раніцай Крэвэтка выйшаў на пляж з адзінай мэтай: адшукаць Дамініка.

Паблукаўшы да абеду, ён так яго і не сустрэў, знайшоў толькі забытыя акуляры і крэм для загару… У абед большасьць турыстаў сышла на сіесту, а рэштка схавалася пад парасонамі ў цень, бо ад паўдзённага сонца добрага ніхто не чакае.

Крэвэтка, нырцануўшы пару разоў у мора, астудзіўся і цяпер сядзеў каля латка з марозівам, марачы, каб хтосьці з малых дзетак, якім набывалі марозіва, упусьціў бы халодную смакату, і яна дасталася б яму.

Так ён сядзеў, гіпнатызаваў пакупнікоў, калі раптам хтосьці дакрануўся да пляча.
Хлопчык-Крэвэтка схамянуўся, спужана ўссунуўся на латок з марозівам і пабачыў Дамініка.

Дамінік усьміхаўся і працягваў руку. Хлопец не разумеў… Тады Дамінік узяў руку Крэвэткі, і прывітаўшы яго, пацягнуў да вады.

Дамінікавы бацькі былі ня супраць. Яны лічылі, што ўсе дзеці павінны вучыцца камунікацыі, лёгка разумецца адно з адным, знаёміцца і не баяцца, бо ў час іхнага дзяцінства ўсё спрэс было забаронена. Ня гутарыць, не скакаць, ня бегаць, ня есьці салодкага, нічога нельга было. Яны шчыра зычылі ўласнаму сыну сустракаць у жыцьці як найменш забаронаў.

Дамінік разам з Крэвэткам пагайдаліся на хвалях і селі будаваць замкі на мокрым пяску.

Гадзіны ляцелі хутка, было шмат сьмеху, сонца, шчырага захапленьня кожным момантам. Хлопчык ніколі дагэтуль ня ведаў, што можна так цудоўна бавіць дзень з кімсьці, акрамя зайца. Ён ня думаў пра ежу, бо Дамінікаў тата бязь лішніх пытаньняў набыў кожнаму салодкую кукурузу і сок у пляжных гандляроў, а на дэсэрт яны атрымалі марозіва… А потым да самага заходу сонца Дамінік паказваў гульні на пальцах, і гэта было штосьці надзвычайнае.

Иллюстрация: Victoria Semykina

Спачатку хлопцы гулялі ў камень-нажніцы-паперу… Крэвэтка доўга імкнуўся зразумець зь незнаёмай мовы, што да чаго. Потым яны гуляліся ў «Злаві вялікі палец рукі» — гэта было сьмешна, бо нельга было дапамагаць і нічым варушыць, акрамя аднаго вялікага пальца рукі. Потым, калі цямнела, Дамінік паказваў Крэвэтку розных зьвяроў рукамі пад сьвятлом ліхтара: вось цень ператварыўся ў птушку, а вось і воўк, і лось, і заяц…

Хлопчык-Крэвэтка быў на вяршыні шчасьця, ён ачмурэў ад гульняў і Дамініка і няспынна рагатаў, ён паводзіўся як дзікі зьвярок. Спачатку Дамінік і ягоныя бацькі пасьмейваліся, але калі «ня-вельмі-прыгожы-хлопчык-з-шнарамі-і-падобны-да-крэвэткі» моцна ляснуў Дамініка і ў яго пайшла з носа кроў, усё зьмянілася.
Хвіліну таму было ў Крэвэткі шчасьце праз край, а цяпер крыкі, плач, лямант… Крэвэтка падхапіўся і пабег куды падалей.

8.

Дамінік не паказваўся на пляжы два дні.

Гэтыя два дні былі самыя сумныя для Крэвэткі. Ад раніцы да вечара хлопчык толькі і рабіў, што хадзіў і прыглядаўся да людзей на пляжы. Ён не паляваў на рэчы, не хацеў нічога ўхапіць, нават не падбіраў забытых каляровых цікавостак… Гандляры тужліва выкрыквалі свае заклікі: «Пахлава… салодкая пахлавааааа», «Кола, піва, вада — прыўкрасныя, як мора». Усім, хто назіраў за жыцьцём непрыгожага хлопчыка, было ніякавата, бо трэба было ратаваць дзіцёнка, інакш ён праз самоту можа зусім схуднець і распусьціцца ў моры. Такое часта здараецца з сумнымі людзьмі — яны ідуць купацца і распускаюцца ў вадзе, бо вада вельмі лёгка паглынае смутак і змрочныя думкі.

На трэці ранак Хлопчык-Крэвэтка ўзяў з сабой на пляж зайца, каб было ня гэтак тужліва… Учора хтосьці з гандляроў даў яму проста так саламяны брыль і лаваш зь мясам і сказаў, што ягоны сябра, напэўна, зьехаў дадому. Куды зьехаў і навошта было ехаць, Крэвэтка не разумеў… Ён сядзеў на камяні, да якога ледзь дацягваліся марскія хвалі, і назіраў, як ягоны заяц, каб было весялей, скача вакол уласнага хвосьціка.
Хлопец ужо зьмірыўся, што найлепшы сябра зьехаў, і неахвотна, але паволі ўсьміхаўся зайку, як раптам ён пачуў знаёмы голас і ўбачыў Дамініка.
Той ішоў разам з чатырма хлопчыкамі, яны сьмяяліся і пасавалі адзін аднаму белы футбольны мяч.

Хлопчык-Крэвэтка саскочыў з каменя, забыўшыся на зайца, і пабег, выкрыкваючы імя сябра: «Дамінік! Дамінік! Дамінік!» Крэвэтка бег, абмінаючы нагрэтыя сонцам целы, і радаваўся, як самы мілы сямігадовы хлопчык, ніхто б у гэты момант ня змог бы з агідай, як некалі ягоная маці місіс Дуг, сказаць, што ён падобны да брыдкай ружовай крэвэткі.

Калі хлопчык падбег да кампаніі зь мячом, Дамінік не працягнуў руку, а толькі прамовіў штосьці на сваёй мове, што гучала варожа і непрыемна, і адвярнуўся, далей распавядаючы штосьці рабятам. Толькі калі Дамінік павярнуў твар да сонца, Крэвэтка заўважыў пабіты нос, гузакі пад вачыма і апухлую шчаку.

Крэвэтка зьнерухомеў, зірнуў на сваю руку, якой ударыў (навошта ён увогуле ўдарыў?), заўважыў, якая яна ў яго: брудныя доўгія пазногці, шнары…

Увесь дзень хлопцы гулялі ў футбол, а Крэвэтку выпала толькі глядзець і бегаць за мячом, прыносіць яго, калі той далёка вылятаў, але і гэтага яму было дастаткова, каб весяліцца. Ён зноў забыўся на тугу і весела сьмяяўся, нібыта злавіў у паветры сьмяшынку. Ён бегаў па мяч і бегаў, сьмяяўся і сьмяяўся, і ня мог стрымацца. На яго ўжо пачалі абарочвацца і падазрона глядзець адпачынкоўцы. Было адчуваньне, што хлопчыку кепска, а зусім ня весела… І малы проста ня можа спыніцца, бегае і крычыць у гістэрыцы. Можа быць, гэта сонечны ўдар?

Так, напэўна, Крэвэтка і рагатаў бы, пакуль ня лопнуў, ён ужо нічога ня бачыў і не разумеў, калі раптам усьвядоміў, што яго за плечы трасе зайка, а на пляжы нікога, толькі пара самотнікаў з сабакамі бегаюць непадалёк, і ўжо зусім цёмна.

9.

Заяц ня ведаў, што рабіць з хлопчыкам. Ён выгадаваў яго, як умеў, старанна карміў, апранаў, даглядаў. Рупіўся, каб ён яшчэ зусім малы вывучыў чалавечую мову, таму прынёс аднойчы ў пячору вялікую кнігу казак, якая зрабілася для Крэвэткі цэлым сусьветам на некалькі гадоў, зайку даводзілася наўмысна выкідаць хлопчыка зь пячоры на пляж, каб той мыўся і адаптаваўся да грамадзтва… Так пакрысе Хлопчык-Крэвэтка навучыўся гутарыць, трохі дачыняцца, яму спадабалася, як той сароцы, падбіраць усё бліскучае і каляровае, і гэтак ён гадаваўся. Але каб навучыцца культуры ўзаемаадносінаў, пра такое ні заяц, ні Крэвэтка ня ведалі, таму на працягу тыдня адбывалася адно і тое: Дамінік адмаўляўся браць Крэвэтку ў кампанію, і той, назіраючы за астатнімі, пачынаў дурэць, рагатаць і шалець, паводзіўся абсалютна як вар’ят. Сам таго не ўсьведамляючы, ён імкнуўся зьвярнуць на сябе ўвагу.
Пляж штодня радзеў, усё менш людзей прыходзілі лавіць сонца, якое ўжо ня так цёпла грэла.

І гандляроў паменела, зьніклі салодкая кукуруза і малочнае марозіва… Зьніклі гандляры капелюшамі ды фенечкамі, нават кебаб, бастурма і катлеты больш не выкрыквалі сваіх прапановаў. На пляжы засталіся толькі кола, вада, піва і адзеньне на ўсе выпадкі жыцьця.

Хлопцаў з кампаніі Дамініка станавілася з кожным днём усё менш, пакуль на чатырнаццаты дзень і сам Дамінік ня выправіўся ў сваю краіну, загарэлы, моцны і здаровы хлопец, якога дужа любяць бацькі.

10.

Хлопчык-Крэвэтка моцна сумаваў па страчаным сябры, раней ён ня ведаў такіх пачуцьцяў, але яму не хацелася есьці, спаць, гуляцца таксама не хацелася… Надыходзілі халодныя месяцы, і ён упершыню не рыхтаваўся да іх, не шукаў вопратку, не назапашваў ежу. Усё рабіў зайка, якому ня так і проста даваліся некаторыя рэчы.

Крэвэтка цяпер гадзінамі заставаўся на пляжы, ён не сьпяшаўся ў пячору нават уначы, больш не хаваўся ў лесе і не цікавіўся турыстамі. Ён чакаў і спадзяваўся, што мо калі-небудзь, на наступны дзень альбо празь некалькі начэй, вернецца Дамінік, а да гэтага часу хлопчык вывучыць дасканала ўсе гульні на пальцах, якія яму паказаў сябра, прыдумае яшчэ больш жывёлінаў і стварэньняў, якія можна паказваць рукамі, а можа і нагамі!

Так, Хлопчык-Крэвэтка сядзеў на камяні, паказваючы зайку рукамі мудрагелістыя фігуры, якіх той не разумеў, і не заўважыў, што каля яго нехта спыніўся.

— Хлопчык, а дзе ты ўзяў такую цацку? Гэты зайка вельмі падобны да таго самага, якога я неяк прывёз свайму сыну з Гвінэі. Той быў незвычайны. А гэты вельмі падобны, брудны толькі і стары нейкі… — сумнымі вачыма мужчына зазіраў проста ў сэрца Хлопчыку-Крэвэтку. — Мой сын маленькі быў зусім… Калі зьнік… — мужчына быў ссутулены і нейкі недагледжаны. — Ня ведаю, трэба маю былую жонку запытваць, куды падзеўся наш сын, — мужчына зрабіў паўзу.

Крэвэтка ўвесь сьціснуўся і прытуліў зайку мацней, бо баяўся, каб гэты незнаёмец не забраў апошняга сябра.

— Чакай, — спахапіўся мужчына, — ня хочаш са мной гутарыць, адкажы хаця б, колькі табе гадоў і адкуль ты!

Жнівень 2017, кастрычнік 2018
Адэса, Украіна / Вэнтсьпілс, Латвія

Заметили ошибку в тексте – выделите её и нажмите Ctrl+Enter

Меладзе и чайный гриб. Чем миллениалы так похожи на бабушек из СССР

Культ • Елизавета Мороз

Бабушки нас всегда учили внуков «только хорошему», но умудрились генетически передать любовь к довольно странным вещам. Атрибуты бытия пожилого человека сейчас как никогда в тренде. Не верите? KYKY составил топ-10 признаков, что вы приверженец стайла собственного деда.

Популярное