Rude girl. Нявыхаванае дзяўчо. Літаратура на ўікэнд

Культ • Дмитрий Галко
Працягваем публікаваць раман Дзмітра Галко, які ў мінулую суботу набраў шмат праглядаў. Калі вы прапусцілі першую частку, абавязкова прачытайце па спасылцы ніжэй, бо «Rude girl» – гэта працяг гісторыі пра каханне, Беларусь і Ўкраіну, якая толькі пачала станавіцца цікавай.

Некалькі хвілін пасля званку ўсе трое сядзелі моўчкі. Толькі Юля ціхенька падвяпявала «Kozak system», пагойдваючыся на крэсле за сталом і безуважна гледзячы ў манітор ноўтбуку. Пагойдваліся яе касічкі з-пад гномскай шапкі, якую яна з сябе і ў хаце не здымала.

«А вже років триста, як козак в неволі,
Понад Дніпром ходить, викликає долю:
– Гей, гей, гей, вийди, доле, із води,
Визволь мене, серденько, із, із біди...»

Міця хацеў было нешта сказаць, але не змог. Пацёр лоб, пацёр за вухам. Прамармытаў нешта няўцямнае. Песня паглынула і закалыхала яго. За апошнія месяцы ён так часта атрымліваў паганыя навіны, звязаныя з сынам, што стаміўся на іх эмацыйна рэагаваць. Цяпер, калі сітуацыя заблытвалася ў такі вузел, што кожная новая спроба яго развязаць пагражала заблытаць яго яшчэ больш, ён палічыў за лепшае не рэагаваць ніяк.

За яго бурна адрэагаваў Кузьма. Праз колькі хвілін маўчання ён засакатаў і замітусіўся, усплёскваючы рукамі. Усё больш вычварна лаючыся на італьянскай. Ажно прачнуўся белы амерыканскі бульдог Джэфры і пачаў скакаць вакол Кузьмы, спрабуючы дацягнуцца і лізнуць яго ў твар. Ад іхных скокаў затрэсліся вазоны з сансыв'ерай, птэрысам, фікусам і міртам, якія стаялі ў пакоі на стале, падваконні і проста на падлозе. Загайдаліся тыква-збан і вясельны саламяны абярэг на сцяне. Нават Фідэль Кастра і Анастас Мікаян на палубе атамахода «Ленін» троху здрыгануліся на фота. А калекцыя карчакоў, сабраных на беразе мора, якая чакала свайго часу ў куце, рассыпалася ў розныя бакі.

Прататып Джэфры

— Так, ціха ўсім. У яго з сабой быў тэлефон? — рэзка спытала Юля, выключыўшы музыку.

— Ён здаваў яго кіраўніку рэбцэнтру. Не ведаю, ці забраў, — адказаў Міця.

— Тэлефануй, чаго ты чакаеш.

Тым часам Андрэй на кіеўскім чыгуначным вакзале ўгаворваў таксіста ўзяць ягоны старэнькі смартфон за сто грыўняў. Скардзячыся яму на цяжкі лёс сіраты. Перад тым ён паспеў загнаць набытыя для рэбцэнтру рэчы і выпіць літр таннага партвейну. Увесь літр яшчэ не паспеў усмактацца ў кроў, таму Андрэю здавалася, што ён да крыўднага цвярозы і яму тэрмінова патрэбна дагнацца. Але ўсмакталася дастаткова, каб ён мог размаўляць з бацькам дзёрзка.

— Ну, уцёк. На х** мне той рэбцэнтр, там не лепш за ЛТП. Дзярмом кормяць, працуй з ранку да вечара, паліць нават не дазваляюць. І колькі мне там быць наогул? У ЛТП хоць тэрмін вызначаны! У гэты тваім рэбцэнтры усё жыццё можна прасядзець, чакаючы, пакуль забяруць. Ты кінеш мяне, з'едзеш у Беларусь, а мне тут сядзі як пень.

— За паўсотні вазьму мабілу. А не, дык ідзі на хер адсюль, кліентаў мне распудзіш тут, — таксіст тузануў Андрэя за плячо.

— Эээ, не чапай мяне, ты..! Тата, гэта я не табе, тут дакалябаўся мужык нейкі.

— Паслухай мяне. Грошай у цябе няма. Прап'еш свае рэчы і тэлефон, застанешся без анічога. Есці няма чаго, начаваць няма дзе, горад незнаёмы — няма да каго пайсці, — Міця ўзбуджана жэстыкуляваў і хадзіў па пакоі. Але сабака гэтым разам не наважваўся скакаць, наадварот, супакоіўся і глядзеў на Міцю сумнымі вачыма.

— А ты хіба за мной не прыедзеш? Забяры мяне адсюль, ыыы. Ну, куды-небудзь забяры, возьмеш з сабой. Я не буду піць, абяцаю, — п'яная бравада змянілася на плаксівы жаль да сябе.

— Абяцанкі-цацанкі! Не, Андрэй, не забяру. У мяне грошай вобмаль, каб туды-сюды ездзіць праз усю Украіну. І куды я цябе з сабой забяру, хто нас дзе прыме з табой такім?

— Скажы, што ў яго няма іншых варыянтаў, апроч як вярнуцца ў рэбцэнтр, — раптам умешваецца ў гутарку Юля. — Ты забярэш яго, калі ён пратрымаецца без бухла хаця б месяц, не менш.

— Андрэй, ты маеш вярнуцца назад. Хаця б месяц не п'янстваваць і не лайдачыць. Ачомацца, прыйсці ў сябе. Я тут пакуль паспрабую нейкія грошы зарабіць і падумаю, як нам з табой быць далей, — кажа Міця сыну.

— Ыыы... ладна, няхай так, вярнуся я ў гэты сраны цэнтр. Толькі паабяцай, што не кінеш мяне тут, чуеш, не з'едзеш з Украіны. Калі ты з'едзеш, я адразу збягу, лепей здохну дзе-небудзь пад плотам, чуеш? Яб*** яно ўсё канём.

***

Андрэй вярнуўся ў рэбцэнтр. Прапіў тэлефон, працверазеў і вярнуўся. Міця быў вельмі ўдзячны Юлі за дарэчную параду. Яна распявала, што пачынала працу на мясцовым тэлебачанні з моладзевых праграмаў, часта мела справу з падлеткамі. Магчыма, змагла б паразумецца і з Андрэем пры нагодзе.

Чалавек з двума касічкамі з-пад гномскай шапкі і ў памаранчавых ботах, які мог падасца юнай пустадомнай панкушай, нечакана аказваўся рашучай жанчынай. Пры гэтым застаючыся рагатухай і «сваім хлопцам». Міця не адчуваў ніякай дыстанцыі. «Нібыта мы з ёй у адным дзіцячым садку побач на гаршчках сядзелі», — напіша ён пазней свайму сябру пра гэтае адчуванне.

Ногi Юлi

Міця быў чалавекам улюблівым. Гэтаму не замінала нават каханне да Вольгі, ягонай жонкі. Ён быў упэўнены, што каханне гэтае адзінае і назаўсёды. Ніякае пачуццё не вытрымае параўнання з ім. Так яно і адбывалася — кожнае новае захапленне ў пэўны момант рэзка цьмянела, скурчвалася, ператваралася ў здзьмуты паветраны шарык. Міця ж зноўку і зноўку ў каго-небудзь улюбляўся. Нібыта яшчэ раз хацеў праверыць моц свайго кахання да Вольгі. За доўгія сямнаццаць гадоў сумеснага жыцця з ёй такіх факультатыўных каханняў у яго назапасілася з дзясятак, можа, некалькі дзясяткаў. Сэксам яны заканчваліся усяго двойчы, першы раз адбыўся, калі Воля яшчэ не жыла разам з Міцям.

Аднак за ім усё роўна замацаваўся вобраз мужчыны, які пастаянна ходзіць налева. Праз тое Міця ўвесь час адчуваў віну.

Першае, што ён адчуў цяпер, таксама было віной. Унутры нешта зашорхала, заварушылася, прадзяўблася цяга да жанчыны з двума касічкамі з-пад гномскай шапкі. Міця гнаў тую цягу, спрабаваў завязаць ў вузельчык, адмахнуцца ад яе. Яна ж толькі імкліва нарастала. Не, калі ён паддасца, тады ўсё, гамон. Ягонае жыццё будзе цалкам разбурана, ужо не склеіць аскепкаў. От жа панёс віхор, трасца тваёй матары! І нічога зрабіць не магу. Ні спыніць, ні стрымаць. Пасярод ночы Міця даслаў Юлі смс-паведамленне з прызнаннем.

«Зусім з глузду з'ехаў», — прыйшоў адказ.

«Паедзем разам далей? Ці ты сходзіш на гэтай станцыі?» — напісаў ён.

«Спі давай, яздок».

***

Тым часам біскуп ачуняў, падначаленым задаў перцу, Міцю з Кузьмой пасялілі ў прасторную кватэру і раз-пораз бралі іх з сабой, калі ездзілі па сваіх дабрачынных справах. Гэтым разам узялі ў вайсковую частку, куды святар вёз сякую-такую дапамогу і меўся адслужыць літургію. Міця даўно не меў ніякіх стасункаў з царквой. Але тут раптам расчуліўся простымі словамі пропаведзі.

Пра неабходнасць падзяліцца часцінкай свайго цяпла, сваёй дабрыні і ўсяго, што ў цябе ёсць, вось з гэтым блізкім, які мае ў тым патрэбу. Што не законы, правілы і рытуалы, а гэта самае галоўнае. Сярод іншых, на службе стаяла жанчына, маці-адзіночка. Бацька ў яе паміраў на акупаваных тэрыторыях ад цяжкай хваробы. Пасля службы Міця даў ёй грошай, каб яна купіла падарунак свайму сыну, і ўгаварыў Кузьму схадзіць да іх у госці. Пачаставаць чымсці смачным.

На службе Міця вырашыў прычасціцца, упершыню за доўгі час. І звярнуўся пра сябе да таго, хто мог бы яго пачуць, з просьбай: «Скажу проста. Ты і сам бачыш, што са мною робіцца. Ведаю, што не павінен яе кахаць, але нічога не магу зрабіць. Можа, і мог бы, ды не буду. Няма ў мяне патрэбнага органу, каб гэта спыніць. Абавязкова ўляпаюся, заблытаюся яшчэ больш. Калі ты лічыш, што гэтага не павінна адбыцца, спыні мяне. Ну, зрабі неяк так, каб я разлюбіў яе. Знак нейкі дай, ці што».

Знак, пра які ён прасіў, Міця атрымаў ужо вечарам таго самага дня, 8 сакавіка. Удзень Юля ўпершыню адмовілася сустрэцца ў горадзе. Аднеквалася, спасылалася на важныя справы.

***

Юля гуляла з Юрком, сваім сябрам, байцом добраахвотніцкага батальёна. Той на кароткую пабыўку прыехаў. Яны сядзелі на лаўцы на беразе мора з відам на металургічны камбінат Азоўсталь. Хлопец зняў шапку-мазэпінку і паклаў каля сябе. Вецер варушыў ссівелы казацкі чуб. У яго былі шчыльна прыціснутыя да галавы вушы. Цёмна-карыя вочы з маленькімі зрэнкамі. Нерухомыя, халодныя, але з цёплай кропляй суму. Доўгі храсткаваты нос з гарбінкай. Акуратная цёмная барада з заўважнай сівізной. Прыгрэла сонца і Юрко скінуў вайсковую куртку. З-пад саколкі рэльефна выступала мускулатура. На адным перадплеччы ў яго быў выбіты трызуб, на іншым — кактэйль Молатава. Ён няспешна глытаў піва. Юля падпёрла галаву рукамі, глядзела ў зямлю, аранжавым чаравіком разграбаючы пясок.

— Нешта ты не вельмі мне радая, — безвыразна сказаў Юрко, не перастаючы глядзець на мора.

— Не кажы глупстваў! Я так за цябе перажывала, калі ў тым аўтобусе людзі загінулі на тваім блокпасту. — Юля абняла Юрка адной рукой і прыхілілася да яго галавой.

— Ды ладна табе, два месяцы амаль прайшло. Што там за госці да цябе прыехалі? Журналісты нейкія замежныя, мама твая казала.

— Так, беларус з італьянцам. Мы праз фэйсбук пазнаёміліся. У сына Міці праблемы з алкаголем... наогул з жыццём, яго не цікавіць нічога. Дык ён яго прывёз ва Украіну. Думаў, сын тут ачомаецца, а той выкрутасы вырабляе па-ранейшаму...

— На фронце ў яго б цікавасць да жыцця хутка з'явілася, — засмяяўся Юрко. — Калі б раней праз свае выкрутасы не загінуў. У нас было такое... Дык ты за Міцю перажываеш? Ох, бяда з вамі, жанчынамі, пта маць.

— Юрко, ну хопіць ужо, не пачынай. — Юля адсунулася ад яго, сціснула вусны і ткнула маленькім кулачком ў магутнае плячо.

— Мяне жанчыны сапсавалі. — усё гэтак жа безвыразна пасля глытку піва сказаў Юрко, па-ранейшаму гледзячы на мора. — Я ад жонкі сваёй вернасці чакаў, не дачакаўся. Круціла пры мне раманы, з адным, з іншым. Я дзіцёнка ейнага ад першага шлюбу як свайго любіў. Ды не вельмі ёй тое трэба было, халера яе бяры. Цяпер і я з жанчынамі абыходжуся як заманецца... ці зможацца. Ня ведаю, можа, гэта помста такая, мне самому не падабаецца, але іначай не выходзіць. Калі ажанюся зноў, тады і паспрабую вернасць захоўваць, а пакуль як хачу так і кручу.

— Ды ну цябе. Сапсавалі яго. Ты палка каўбасы, ці што?

***

Міця безвынікова дапякаў Юлю званкамі, смскамі, прыватнымі паведамленнямі ў фэйсбуку. Яна адгукнулася толькі позна ўвечары. Сказала, што гуляе разам з сябрам і не можа яго кінуць. «Можа, прыйсці разам з ім?.. Можа, прыходзь разам з ім?», — напісалі Міця з Юляй сінхронна.

Яны прыйшлі праз дзве гадзіны, было ўжо зусім позна. Юля смяялася яшчэ больш, чым звычайна. Праўда, неяк нервова і па-дурному, без дай прычыны і нявесела. Глядзела ўбок, пазбягаючы поглядаў. Амаль адразу прайшла на кухню, і пачала там завіхацца з вячэраю. Узяўшы вялікі кітайскі нож для рэзкі мяса і шынкоўкі, цалкам чырвоны. Апранутае ва ўсё чорнае, з чырвоным нажом у руках, якім яна арудавала, нядобра пасмейваючыся, жанчына выглядала гаспадыняй ведзьмінага шабашу. У выніку на стале з'явіліся запечаная ў духоўцы курыца, марынаваная ў апельсінавым соку, салата з салеры, яблыка і семак, палента з вяленымі памідорамі і брынзай.

— Юрко, — прадставіўся ён Міцю з Кузьмой. — Вы журналісты, я так зразумеў? Не люблю журналістаў. Блытаюцца пад нагамі, брэшуць.

— Мне здаецца, што гэта пачатак цудоўнай дружбы! Га-га-га! — кінула рэмарку Юля.

Прататып Юрка

— Камера не можа збрахаць, — пакрыўдзіўся Козіма.

— Дарэмна. Журналісты звяртаюць увагу на праблемы, якія без гэтага былі б нікому не цікавыя, таму што невядомыя, — сказаў Міця.

Юрко ужо быў пад чаркаю, але настроены працягваць. Міця не піў. Колькі месяцаў таму вырашаў, што не мае на тое права, калі ў сына такія праблемы. Баец не настойваў. Прапанаваў аддаць сына да іх у батальён на перавыхаванне. Козіма, добра глытнуўшы гарэлкі з мёдам і перцам, камічна парадыраваў выступ Мусаліні.

— Popolo italiano! Corri alle armi... e dimostra la tua tenacia... il tuo coraggio... il tuo valore! — выкрыкваў ён тонкім голасам пасярод кухні, падскокваючы на месцы ў абвіслых сподніках і ваўняных шкарпэтках да шчыкалаткі.

— Смешны італьяшка, мне даспадобы, — адобрыў расчырванелы Юрко. — Каб хто пабачыў, ужо папаўзлі б чуткі па горадзе, што нам на дапамогу італьянскія фашысты прыехалі.

— Калі я быў у ДНР, з кім не пачну размаўляць з сепаратыстаў, яны як даведваліся, што я з Італіі, адразу: О, Мусаліні! Я ім кажу: Не, не Мусаліні, Тальяці! А яны мне: Гуд, Тальяці, АўтаВАЗ! У іх там паўсюль камуністычныя сімволіка, а яны ведаюць толькі італьянскага фашыста і не ведаюць галоўнага камуніста!.. У рускіх была калісці вялікая культура: Чайкоўскі, Дастаеўскі, Бураціна... А цяпер у іх найлепшая песня «мі-мі-мі-мі-мі-мі-мі-мі-мі»! — бушаваў Кузьма.

Юля i Кузьма

— Ой, Кузьма, не магу, спыніся! — ад смеху Юля закідвала галаву.

Піла яна нароўні з мужчынамі і хутка хмялела. Юрко неяк па-гаспадарску, па-мужыцку жучыў яе. Зашмат п'еш, ня пі. Зашмат рагочаш, не рагачы. Не па-жаноцку паводзішся, схамяніся. Тым часам Міця ламаў сабе галаву, што гэта такое — добразычлівыя парады старога сябра або недарэчна грубыя заўвагі палюбоўніка? Яны праседзелі за сталом ужо некалькі гадзін, але кім Юрко даводзіцца Юлі ён так і не зразумеў.

***

Аж пакуль Юрко не спытаў, ці могуць яны застацца начаваць і дзе ім легчы. Не, тады яшчэ заставалася надзея, што легчы не разам, а паасобку. Падобна, што ўсё-такі разам. Выгнаць іх? Як выганіш у ноч, калі Юля зусім нядаўна дала ім прытулак. Ды і хлопца няёмка выганяць, яму заўтра зноўку на фронт. Папрасіць... што папрасіць, не спаць разам? Жонка, дзеці, а яму балюча, што ў дзяўчыны, якую ён ведае колькі дзён, даслаў ёй смску з прызнаннем у каханні, ёсць хлопец. Сам прасіў даць знак, вось і знак.

— Гэтая канапа раскладваецца? — гукнуў Юрко.

— Не... я... не ведаю... мабыць, не, — адказаў Міця.

— Ды ладна, мне пасля сырога акопа за шчасце на падлозе паспаць.

— Я раскладу гэтую канапу, — запярэчыў змярцвела-бледны Міця. — Раскладу. Паспіце па-людску.

Чорт іх бяры, якая яго справа. Хто яны яму. Гэта знак стоп. Ён сам прасіў. Трэба забыць. Супакоіцца, легчы спаць. Заўтра прачнуцца з яснай галавой. Свабодным ад наслання. Усё добра. Радуйся. Найгоршага не здарылася. Навошта яму прыгоды. Ён і без таго загнаны ў глухі кут. Толькі шашняў яму не хапала. Нешта нудзіць каля сэрца.

Міця сядзеў на кухні, утаропіўшыся на чырвоны нож на белым стале. Юля з Юрком укладваліся. Шолах адзення. Невыразныя размовы. Ускрык: «Бля, граната, асцярожна!» Валтузня. Міця заціснуў вушы рукамі.

— Гэй, хлопцы-дзеўкі, прашу прабачэння, я тут забыў сёе-тое, — праз заціснутыя вушы Міця пачуў, як Кузьма шумна ламіўся ў пакой да Юлі і Юрка. — Нічога-нічога, можаце працягваць, не звяртайце на мяне ўвагі, я італьянец, і не такое бачыў!

Ускрыкі. Смех. Незадаволеннае бурчанне. Падобныя да тупату вожыка крокі Кузьмы. Італьянец зазірнуў на кухню.

— Юля з Юрком там весела бавяць час. Заходжу я да іх у пакой, каб забраць свой ноўтбук, а яны перакульваюцца голыя на канапе. Калі я ўбачыў чэляс гэтага тэрмінатара, я ледзь...

— Хопіць. Не хачу нічога слухаць пра чэлясы. Кузьма, я ўчора прызнаўся Юлі ў каханні.

— Сур'ёзна?! Вось дык навіна! І яна пасля таго прыходзіць сюды любіцца з гэтым тэрмінатарам? Нявыхаванае дзяўчо! Seriously, just a rude girl. Ну так нельга было рабіць! Зрэшты, на што яна табе, у яе цыцкі менш за мае кулакі...

— Хопіць, я кажу!

Міця зноў заціснуў вушы і паплёўся ў сваю спалью міма пакою, дзе бавіліся Юля з Юрком. Ён пра сябе казаў так: «Ягоная Юля з гэтым Юрком».

У ложку ўключыў адзіную песню, запісаную на тэлефон. І круціў яе па крузе. «Bam bam dilla, bam bam. Bam bam dilla, bam bam...» Яна грала ў Юліным плэйлісце, калі яны з Кузьмой сядзелі ў яе дома ў першы вечар пасля прыезду ў Марыупаль. Міця тады адчуў нешта такое, нібыта яны з ёй звязаныя разам, як тыя Маша і Віця з музычнай казкі іхняга дзяцінства, што змагаліся супраць Дзікіх гітараў.

Перад вачыма круцілася завіруха вобразаў: жонка, дзеці, Маша і Віця, Дзікія гітары, голыя Юля з Юрком, чырвоны нож на белым стале...

Заметили ошибку в тексте – выделите её и нажмите Ctrl+Enter

«Беларуский» или «белорусский». Борьба за версию написания

Культ • Ангелина Герус

После баталий в комментариях KYKY, где спор о правописании «белорусский/беларусский/беларуский» разгорелся не на шутку, редакция разделилась на два лагеря. Фронт во главе с Павлом Свердловым выбирает вариант «беларусский», директорский состав в лице Агнии Лойка голосует за «беларуский» без ненавистного «СС». Вот так и рвём друг другу глотки, как только в недельном плане появляется текст с роковым и таким родным прилагательным.