Текст в тему от «Макулатуры». На что вы готовы променять рай?

Культ • Виктор Мартинович
Парк высоких технологий, конечно, не Эдемский сад, но будем честны: многим из нас кажется, что айтишники живут и работают в раю. И как же хрупок оказался этот рай! Одного намёка хватило, чтобы все поняли — неприкасаемых в этой стране нет. Интрига недели: решатся ли программисты на исход из Беларуси? А пока они думают, прочитайте рассказ Виктора Мартиновича о бегстве от обстоятельств. Ведь убежать по-разному можно. И билет на самолёт - не самый надёжный способ.

Дом

Віктар Марціновіч

Нарадзіўся ў 1977 годзе ў Ашмянах, Гарадзенская вобласьць. У 1999 годзе скончыў БДУ, у 2003 годзе — асьпірантуру БДУ (дасьледаваў Віцебскую мастацкую школу). У 2008 годзе абараніў доктарскую дысэртацыю ў Акадэміі мастацтваў у Вільні. Выкладае ў ЭГУ. Дэбютаваў у буйной прозе ў 2010 годзе раманам «Параноя» («Аст», Расія). У 2011 выдаў па-беларуску «Сьцюдзёны вырай» (электроннае выданьне, 34 mag.net). У 2013 годзе ў «Кнігарні пісьменьніка» выйшаў трэці раман, «Сфагнум». Піша па-расейску і па-беларуску. Творы перакладзеныя на ангельскую, фінскую, швэдзкую, польскую мовы.

Каробка ад лядоўні «Атлант» зьявілася ў маладой сям’і Сьнегіровых разам з самой лядоўняй «Атлант» як шлюбны падарунак ад Сашавага дзядзькі, Сямёна. Дзядзьку Сямёну ў гэтай гісторыі наканавана сыграць звышэпізадычную ролю, супастаўляльную з роляй эрц-герцага Франца Фэрдынанда ў Першай сусьветнай вайне: мільгануўшы тут, на самым пачатку, ён зьнікне назаўсёды, зьмяніўшы быт, жыцьцё і нават сьмерць маладзёнаў.

Лядоўня была раскошная, двухкамэрная, палепшанай камплектацыі, з функцыяй BioFresh. На яе франтоне царкоўнаславянскім віхрастым шрыфтам было выведзена экзатычнае, раскошнае, гарэзнае: «Холодильник «Атлант». Модель «Лондон». Гэта рабіла саму лядоўню трохі падобнай да гіганцкіх памераў рускай Бібліі. Зрэшты, ва ўсім астатнім лядоўня «Лёндан» нічым не адрозьнівалася ад іншых лядоўняў «Атлант»: вялікі белы паралелепіпэд без усялякіх непатрэбных упрыгожаньняў.

Шлюб сьвяткавалі дома, бо, як сказала мама Іркі, у рэстарацыях летам можна атруціцца. Сядзелі шчыльна, плячо ў плячо. Ці то пакойчык быў маленькі, ці то родных шмат. Час ад часу хмельны Саша бачком выцісківаўся з-за стала, падыходзіў да лядоўні, забітай пляшкамі з гарэлкай, і казаў гучна, каб чутно было ўсім:

— Вось гэта падарунак! Тут месца столькі, што можна на ўзвод салдат ежы назапасіць!

Выраз павінны быў прадэманстраваць сваякам з боку нявесты, што як быццам бы Саша быў у арміі і ведае, што такое ўзвод салдат і колькі таму патрэбна ежы. Насамрэч адзінай крыніцай Сашавых уяўленьняў пра армію былі кампутарныя гульні. У тым, што адбылося хутка пасьля шлюбу, кожны са сваякоў зразумеў сваё. Адны казалі, што спрацавала тое, што Саша ня быў у арміі. Другія настойвалі на тым, што Сашыны мазгі сапсавалі кампутарныя вірусы з гульняў, у якія ён гуляў, пакуль не сустрэўся з Іркай. Былі і тыя, што першапачаткова бачылі ва ўсім праклён, які ляжаў на лядоўні «Лёндан».

Калі госьці разьехаліся, а набытую ў крэдыт двухкапаёўку адмылі ад іхніх ванітаў і тых кругоў, якія пакінулі на падлозе трохлітровыя слоікі з саленьнямі (самі салёныя гуркі, памідоркі ды квашаная капустка адправіліся ў сьмецьцеправод яшчэ да сканчэньня вясельля, бо гаспадарам зрабілася зразумелым, што ніхто іх лёсам не заклапоціцца), дык вось, калі орды родных сышлі, пакінуўшы маладых сам насам, Саша кіўнуў позірк на каробку і прапанаваў:

— Давай я каробку вынесу.

— Не. — Няўпэўнена адказала Ірка. — Хай пакуль будзе.

— Навошта? — Зьдзівіўся Саша.

— А раптам лядоўня зламаецца. — Адказала Ірка.

Так велізарны кораб ад двухкамэрнай лядоўні «Атлант. Мадэль «Лёндан» застаўся ў іх кватэры, як труна, якая чакае цяжка хворага, як саркафаг фараона, які паводзіў сябе дрэнна, і таму народ адмовіў дынастыі ў пахаваньні (каб растлумачыць гэтую мэтафару тым, хто не ведае гісторыі Старажытнага Эгіпта, трэба болей месца, чым мы можам адвесьці нязначнаму эпізоду з маўклівым стаяньнем каробкі ў калідоры).

Калі сьледчыя пыталіся ў суседзяў, як жылі маладыя, тыя распавядалі: жылі нармальна.

Усё ў іх было: лядоўня, тэлевізар, мікрахвалёвая печ. Ня біліся. Саша ня піў. Ірына не гістэрыла. Па вечарах глядзелі тэлевізар. На кастрычніцкія запрасілі родных. Калі выпаў першы сьнег, Сьнегіроў дысцыплінавана выбіў кілім, які яшчэ нават не пасьпеў толкам запыліцца.

Удалося ўстанавіць, што прыкладна на трэці месяц сумеснага жыцьця Саша прыйшоў дахаты з офісу, дзе працаваў юрыстам-эканамістам, зьняў гарнітур у спальні, пераапрануўся ў турэцкі банны халат, у якім звычайна хадзіў па кватэры, прайшоў у калідор, перакуліў кораб ад лядоўні так, каб той ляжаў гарызантальна, узяў нажніцы і, ў тым месцы, дзе быў надпіс «Атлант. Лондон» зрабіў надрэз 70 на 25 сантымэтраў, стварыўшы нешта кшталту вакна. У тое «вакно» ён прасунуў невялікую настольную лямпу і некалькі кніжак.

Пасьля гэтага ён расшпіліў кораб з тарца, заслаў коўдрай (на шлюб родныя падарылі шмат коўдраў), паклаў туды падушку (падушак таксама было болей, чым галоў у гэтай кватэры), залез унутр.

Калі Ірка прыйшла з працы (працавала бугальтаркай у сфэры лягістыкі), ён сядзеў у корабе і, як тая пераказвала сяброўцы, «дыхаў». Першыя хвіліны Ірына была настолькі зьбянтэжаная тым, што пабачыла, што нават не загаварыла з мужам: выйшла зь цёмнага калідора, падсьвечанага зіхаткімі прамянямі лямпы, прайшла ў спальню, пераапранулася з офіснага ў хатняе (трыко, спартыўная кофта на «молніі») і пайшла гатаваць каклеты. Яна ўвесь час прыслухоўвалася да гукаў, што ішлі з калідора, але чутно было толькі Сашава гучное дыханьне ды гук гартаемых старонак. Калі каклеты былі гатовыя, яна падышла да корабу, ня ведаючы, як камунікаваць з маладым мужам. За тры месяцы шлюбу яны ня надта зблізіліся адно з адным, пэўныя рэакцыі Сашы на яе словы яшчэ былі для яе таямніцай. Яна стаяла перад кардонным паралелепіпэдам, услыхваючыся ў тое, як дыхае муж. Гук дыханьня быў роўным, час ад часу Саша шморгаў носам, і ёй захацелася запытацца, ці не прастыў ён. Перагарнулася чарговая старонка.

— Солнышка, каклеткі гатовыя. — Нарэшце сказала Ірка.

Дыханьне сьціхла, Саша затаіўся.

— Солнышка, ідзі есьці, — зноўку пазвала яна і, каб ён яе лепей чуў, пагрукала пальцам па кардоне. Ёй здавалася, што ў дадзенай сытуацыі такое крананьне будзе цалкам дарэчным, гэта як пастучаць чалавека па плячы. Аднак гук ёй не спадабаўся — ён быў сухім і гулкім.

— Зараз, — адказаў Саша. Ён яшчэ нейкі час сядзеў у корабе, як быццам бы вызначаючыся канчаткова, ці можа чалавек, які жыве ў каробцы ад «Атланта», есьці каклеткі, але хутка вызначыўся і палез на выхад. Ірцы неяк асабліва кінулася ў вочы хударлявасьць ягоных ног і запэцканыя папяровым пылам, якога шмат было ў корабе, шкарпэткі.

Яны елі каклеткі з пюрэ і Ірцы вельмі хацелася спытацца, што гэта здарылася з мужам, што ён пайшоў сядзець у каробку. Але яна ня ведала, як пра такое спытацца і, болей за тое, не была ўпэўненая, што пра рэчы гэтага кшталту ў прынцыпе можна пытацца. А таму проста прапанавала яму дабаўкі, Саша дабаўку паслухмяна стаптаў, што мацавала яе ў думцы, што зь ім ўсё добра, ён ня хворы, калі добра есьць. Пасьля вячэры яна пайшла ў залю і глядзела канцэрт зорак эстрады, усё чакаючы, ці не далучыцца да яе Саша. Але Саша палез у кораб і сядзеў там, гартаў старонкі. Калі канцэрт зорак эстрады скончыўся, Ірка выключыла тэлевізар, зьняла макіяж і накіравалася ў спальню, спадзеючыся, што малады муж далучыцца да яе. Але тут, у калідоры, яна пачула разьмераны Сашаў храп: той, дарэчы, ніколі ня хроп, калі яны спалі побач.

Мабыць, мужчыне патрэбна пабыць нейкі час аднаму, — вырашыла яна для сябе і заснула ў спакоі.

Назаўтра гісторыя паўтарылася: яна зноўку прыйшла пазьней за яго, і Саша ўжо сядзеў у сваім месцы. Іра глядзела тэлевізар даўжэй, чым у папярэдні дзень, бо ня трэба было гатаваць каклеткі, яны яшчэ засталіся ад учора. Пасьнедаўшы і памыўшы посуд за мужам, Іра прапанавала:

— Паглядзім тэлевізар?

— Не, я дадому пайду. — Пахмурна адказаў Саша. — Мне галава баліць. — Так назаўсёды вызначылася, што, акрамя іх агульнага дома, у Сашы ёсьць яшчэ ягоны «дом», які стаіць у калідоры, ці, як яны гэта называлі, «прыхожай».

Пасьлязаўтра была субота і на працу ісьці не спатрэбілася. Пакуль Саша прымаў душ, Ірка ўзяла анучку, якой прыбірала пыл з мэблі, і хуценька працерла Сашаву бэрлогу, вымела адтуль папяровыя камякі, кардонныя скруткі і маленечкія пупырышкі пенапласту. Яна сьпяшалася, ёй здавалася вельмі прынцыповым зрабіць гэта так, каб Саша не даведаўся, але, калі яна ўжо амаль скончыла, ёй раптам падалося, што характар цішыні ў калідоры зьмяніўся. Яна хуценька выпаўзла з кораба, перакуліўшы лямпу і заблытаўшыся ў яе даўгім кордзе, і тут заўважыла, што Саша стаіць над ёй і ўважліва глядзіць на вымецены з кораба папяровы бруд.

— Нічога, што я тут памыла? — спыталася яна.

Саша нічога не сказаў, мяккім, але нейкім зьмярцьвелым жэстам адхіліў яе ад «уваходу» і нырнуў у кораб.

З часам ягоная манера пранікненьня ў «дом» зрабілася болей дасканалай: калі ў першыя дні ён пыхцеў, коўзаў нагамі па сьценках, доўга варочаўся, дык цяпер ён праходзіў унутр адным дакладным рухам: выпростваў рукі, хапаўся за кардон усярэдзіне і хутка прасьлізваў у глыбіні ўласнага жытла. Адзін штуршок і пасьля яшчэ лёгкае шапаценьне закасанай коўдры, якую ён разроўніваў ступнямі ног.

Асвоілася тут, у калідоры, і Ірка: застлала кардонны паралелепіпэд фіранкамі з макрамэ, якія сама і зьвязала, уклаўшы ў іх усю ўласную пяшчоту ды імкненьне да простага жаночага шчасьця. Быў час, ставіла на кораб гаршчкі з кветкамі, але тым не ставала сьвету: папараць скукожылася і пачала асыпацца, архідэя пажоўкла і высахла, фікус зрабіўся падобным да хворага пэнсіянэра.

Калі да іх заходзілі суседзі пазычыць дрыль ці на пляшку водкі, і калі тым суседзям было цікава, дзе ж гэта Саша, яна навучылася спакойна тлумачыць, што Саша — «у Лёндане». Калі тыя пачыналі дзівіцца, што як гэта ў Лёндане, калі толькі з мэтро выходзіў, як з працы ішоў, Ірка мэланхалічна паціскала плячыма і ўздымала вялікія самотныя вочы, пасьля чаго суседзям ужо не хацелася лезьці ў прыватнае жыцьцё, бо яны адчувалі, што на іх можа раптам абваліцца такое цяжкое бабскае няшчасьце, што шыя ня вытрымае. Суседзі сыходзілі, пакідаючы Ірцы тэлевізар ды зіхаткі калідорны сьвет са скупым гартаньнем лістоў. Дыхаць з часам Саша навучыўся вельмі ціха, так што яго было зусім не чутно.

Яшчэ празь некалькі месяцаў малады муж рашыў, што яму ня варта выходзіць «з дома» на вячэру, Ірка ела сама і пакідала каклету на талерцы побач з «вакенцам» у Сашаў кораб. Ежа заўсёды зьнікала да раніцы, што зноўку замацоўвала яе ва ўпэўненасьці, што яе мужык цалкам здаровы. А што трохі разладзілася іх інтымнае жыцьцё — дык у каго не бывае. У туалет і душ Саша выходзіў толькі ўначы, калі яна спала.

Ірка яшчэ таму не панікавала, што на працы ў Сашы ўсё было добра, яго зрабілі намесьнікам начальніка аддзела, аб чым сьведчыла назва новай пасады ў паперцы, што ён пакідаў у дзень заробка побач з усімі грашыма на камодзе ў калідоры. Заробак быў вялікі, значна большы за заробак мужыкоў сябровак, так што час ад часу Ірка знаходзіла ў сабе сілы Сашам ганарыцца. Калі здаралася так, што Саша засынаў раней за момант, калі яна выключала тэлевізар, яна падыходзіла да кораба, услыхалася ў храп і нават час ад часу пяшчотна гладзіла кардон усёй далоньню. Потым яна прасоўвала руку ў дзірку, што вяла ў дзіўны Сашаў мір і хуткім, дакладным рухам выключала сьвятло, каб не паліць электраэнэргію.

Ёй думалася, што Саша будзе ўдзячны.

На гадавіну шлюбу яна запрасіла да сябе аднагодку Алу, зь якой разам працавалі. Яна не тлумачыла, што запрашае яе на гадавіну шлюбу, бо звычайна на гадавіну шлюбу нікога не запрашаюць, праводзяць сам-насам, але яна ведала, што для Сашы гэтае сьвята ня будзе нагодай, каб выйсьці з «дома», а настрой у Іры быў сьвяточны. І таму яна запрасіла Алу, бо тая таксама была замужам. Яны пілі «Савецкае» шампанскае на кухні, Саша далікатна не ўключаў сьвятло ў сваім корабе і наогул паводзіў сябе так, як быццам бы яго не было. І вось, пасьля шампанскага Ірцы захацелася распавесьці хаця б адной жывой душы, хаця б некаму, бо бацькі пасьля іх шлюбу ўехалі да сябе і ня лезьлі ў іх справу, ну, а тут — ну хаця б каму расказаць! Бывае такі эфэкт у шампанскага. Невядома, што дакладна яна пасьпела расказаць на кухні, але, калі яны разам з Алай падышлі да кораба, адбылася такая размова.

— Што, прям тут и живёт? — спыталася Ала і груба пагрукала па кардоне сваім доўгім пазногцем, на якім стразікамі была намаляваная ружачка.

— Ну, так, тут. — Ірцы не спадабалася, як па-свойску Ала абышлася з корабам.

— Што он, вообще на всю голову, что ли? — запыталася сяброўка.

Здаецца, яна не ўсьведамляла, што Іркін муж быў тут і ўсё чуў. Каб дапамагчы гэта ёй зразумець, Саша паварушыўся і запаліў сьвятло лямпы. Ала прыкметна здрыганулася і выцягнула сяброўку на лесьвічную клетку. Падумаўшы, пацягнула яшчэ далей, да сьмецьцеправода, каб «не слышаў».

— Ты вообще понимаешь, что это клиника?! Ирка!

— А што рабіць? — Ірына супакойваючы кранула Алу за руку. — Жыцьцё зараз ведаеш якое?

Ала тады накрычала на яе і зьбегла, а Іра вырашыла, што супрацоўніца проста зайздросьціць таму, што ў Іркі болей пасьпяховы муж, двухпакаёвая кватэра і халадзільнік «Атлант» мадэлі «Лёндан». Ала некалькі дзён не размаўляла зь Ірынай, а пасьля паклікала яе з офісу папаліць на вуліцу (Ала паліла) і прамовіла хуткім шэптам: «Тебе по уму, конечно, психушку надо вызывать. Но если своего любишь, ты эту коробку спали».

Ірына прыслухалася да Алавай парады па-свойму: прыйшла ў царкву і замовіла выклік сьвятога айца на дом, «каб асьвяціць кватэру». Поп прыйшоў, хутка пералічыў грошы спрытнымі пальцамі і гэты вось галёп пальцаў па банкнотах раптам спыніўся, замер, калі Іра растлумачыла, што кватэру сьвяціць ня трэба, што ў яе муж вось у каробцы жыве, што добра было б «намаліць», каб «яго адтуль выйшла». Саша, які сядзеў ціха, раздражнёна паварушыўся і хрыпотна ўдакладніў:

— Усё нармальна тут. Нічога ня трэба, ідзіце!

Сьвятар прастаяў так, нібы саляны слуп, потым адклаў грошы, кінуў на Ірку такі позірк, як быццам бы тая прыйшла сьпяваць панк-малебен у Божы Храм, і гыркнуў, артыкулюючы кожнае слова:

— Экзарцызмам! Руская! Праваслаўная! Царква! Не! Займаецца!

Сьвяшчэньнік сышоў, пакінуўшы па сабе ялейны пах страчанай апошняй надзеі.

Праз два тыдні супрацоўнік бугальтэрыі Сьцёпка падарыў Ірыне Сьнегіровай белую ружу, сылюэт якой настолькі пераклікаўся зь зьзяўшым на пазногцях Алы, што Ірына адразу зразумела: сяброўка ўсур’ёз занялася выратаваньнем яе, Іркі, ад мужа-псыхапата. Яна запрасіла Алу папаліць на вуліцу і ўпэўненым тонам паведаміла, што кораб мужа спаліла, што яны жывуць «як людзі» і плянуюць набыць машыну. Тая машына асабліва моцна пакрыўдзіла Алу, хаця ўсім навокал яна распавяла, што зноў не размаўляе зь Ірай з-за таго, што тая «даже не отблагодарила».

Увечары Ірына прыйшла дахаты і паклала ружу на мужаў «дом». Засынаючы, яна салодка спадзявалася на гучны скандал з раніцы, але муж нічога не сказаў, а можа нават і не заўважыў. У прамянях ранішняга сонца ружа на корабе выглядала дакладнай мэтафарай магілы яе шлюбу, і таму Ірына патэлефанавала на працу, сказала, што бярэ адгул, дачакалася, пакуль муж сыдзе ў свой офіс, узяла нажніцы і меней, чым за поўгадзіны акуратна разрэзала кораб на спачатку вялікія, а потым маленькія і ўсё меншыя і меншыя лісты-лісточачкі. Пасьля гэтага ёй раптам зрабілася так страшна, што яна зноўку патэлефанавала на працу і сказала, што бярэ адгул на другую частку дня. Тут на яе напала санлівасьць — дакладна тая санлівасьць, што можа апантаць чалавека ў час вялікага смутку ці вялікага страху, і яна правалялася ў ложку аж да вечара.

Яна ня ведала, як Саша сустрэне зьнішчэньне «дома», і на ўсялякі выпадак паклала ў лядоўню палоўнік — прыкладаць да сінякветаў на твары, калі муж раптам вырашыць яе біць. Саша прыйшоў у свой звычайны час, пастаяў моўчкі ля парэшткаў разварочанага, зьнішчанага корабу, а потым — гэтакжа моўчкі — пачаў выносіць яго і піхаць касматыя рэшткі кардона ў сьмецьцеправод, старанна іх зьмінаючы. Ірына ў такой Сашавай актыўнасьці пабачыла добрую прыкмету, надзею на абуджэньне, а таму хутка нафарбавалася, апранула дзёрзкую сукенку, што яшчэ ні разу не наважвалася апрануць, і пайшла ў залю, глядзець тэлевізар. Тут яе і сустрэў Саша, калі скончыў выносіць парэшткі свайго «дома».

Што і ў якой пасьлядоўнасьці адбылося далей, яшчэ толькі належыць высьветліць сьледзтву. Аднак дакладна вядома, што ў прамежак часу паміж 19.00 і 21.00 Аляксандр Сьнегіроў моўчкі прайшоў на кухню, зьняў усе палічкі з халадзільнай камэры лядоўні «Атлант. Лёндан» і некаторы час выносіў прадукты харчаваньня, якія займалі гэтыя палічкі, у сьмецьцеправод.

Ірына Сьнегірова ў той час глядзела тэлевізар.

Пасьля гэтага Аляксандр Сьнегіроў прыбраў паддоны, у якіх захоўвалася гародніна, машынальна з’еў два памідоры, кінуўшы іх хвосьцікі ў сьметніцу.

Ірына Сьнегірова ў той час глядзела тэлевізар.

Зрабіўшы гэта, Аляксандр Сьнегіроў уключыў рэжым BioFresh, устанавіў тэмпэратуру ў халадзільнай камэры на 0 градусаў, прайшоў у пакой, дзе Ірына Сьнегірова глядзела тэлевізар, моўчкі ўзяў Ірыну Сьнегірову за шыю (левая рука) і за ногі (правая далонь, пад калені) і панёс яе да лядоўні. Ірына Сьнегірова пачала крычаць і Аляксандру Сьнегірову прыйшлося спыніцца, узяць яе левай рукой пад сьпіну, правай рукой закрыць ёй рот (шматлікія пракусы). Паколькі Ірына Сьнегірова не спыняла крычаць, ён ударыў яе галавой аб вугал сьцяны, пасьля чаго тая страціла прытомнасьць. Ён зьмясьціў цела Ірыны Сьнегіровай у лядоўні, уздоўж задняй сьценкі, закрыў, прыціснуў дверцу, забясьпечыўшы яе поўную гермэтычнасьць і абматаў кораб халадзільніка «Атлант» шнурам ад настольнай лямпы, завязаўшы на моцны двайны вузел. Праз 7 хвілін Ірына Сьнегірова ачуняла і пачала калаціць па дзьверцы і прасіць выпусьціць, але гук быў ціхім, бо яго скрадала цеплаізаляцыя лядоўні (суседзі ня чулі). Аляксандру Сьнегірову падалося, што ахвяра можа перакуліць лядоўню і тады ён падпёр дзьверы плячыма.

Паказаньні на першым, другім і чацьвёртым допытах падазраванага разыходзяцца: так, спачатку ён казаў, што ён проста моўчкі стаяў ля «Атланта», потым пачаў сьцьвярджаць, што нібыта гаварыў зь Ірынай Сьнегіровай, прасіў яе «трохі пацярпець», пакуль «падзейнічае замарозка». На пытаньне, навошта ён зьмясьціў сваю жонку ў лядоўні, ён патлумачыў, што хацеў увесьці яе ў стан тэмпэратурнага анабіёзу, каб яе разбудзілі ў дваццаць другім стагодзьдзі (насамрэч сьмерць наступіла празь недахоп паветра і атручваньня CO2).

Праз сорак хвілін лядоўня перастала «калаціцца» і ён вырашыў, што Ірына Сьнегірова «заснула» (насамрэч — страта прытомнасьці праз гіперкапнію, пасьля, прыкладна праз гадзіну, — наступленьне стану сьмерці). Аляксандр Сьнегіроў прайшоў у свой пакой і рэшту вечара праглядаў тэлеканалы. Ён працягваў хадзіць на працу і не выяўляў там ніякіх прыкметаў псыхічнага адхіленьня. Вяртаючыся да хаты, вячэраў: спачатку разагрэтымі каклетамі, потым — сасіскамі, якія набываў у гастраноме. Родным Ірыны Сьнегіровай сказаў, што тая ўехала «ў Лёндан».

Апэратыўную групу выклікаў сам праз дванаццаць дзён пасьля забойства, з другога разу. У першы раз, дачакаўшыся адказу апэратара «02», паклаў слухаўку, але набраў зноў праз тры хвіліны і пачаў, румзаючы і задыхаючыся ад сьлёз, захлынаючыся ад незразумелых пачуцьцяў, якія першапачаткова былі прынятыя за стан шоку з-за гвалтоўнага нападу, лямантаваць дзяўчыне-апэратару, што ў яго «скралі дом», што яму «зьнішчылі дом», і як гэта страшна і безвыходна — назаўсёды застацца «бяз дома».

Заметили ошибку в тексте – выделите её и нажмите Ctrl+Enter

Кому вручили награды 65-го Берлинского кинофестиваля

Культ

В 2010 году за участие в оппозиционном движении против политики Махмуда Ахмадинежада иранские власти вынесли режиссеру Джафару Панахи жестокий приговор – запрет на профессию и выезд из страны на 20 лет. Пять лет спустя, в минувшую субботу, директор Берлинале Дитер Косслик и председатель жюри Даррен Аронофски, стоя на сцене Berlinale Palast, объявили Джафару еще один «приговор». На этот раз — «Золотой медведь» за его новый фильм TAXI.