Прамова Уладзіслава Ахроменка да «Дванаццаці актаў»
Беларуская літаратура – гэткая дэкаратыўная карлікавая пальма ў дзежцы, неабавязковая дэталь побытавага інтэр'еру. Пол тае пальмы невызначаны, сістэмнага дрэнажу няма, а глеба здзервянелая да стану асфальту. Дзежка стаіць у праходным калідоры, калідор – у казённым доме. Людзтва сноўдаецца з кабінета ў кабінет, нудзіцца ў чэргах, на пальму ніхто асабліва не зважае, бо на курс ці то батанікі, ці то белліту ўсе са школьных часоў забыліся. У чарзе, праўда, можна і прыгадаць пра «расцветали яблони и груши, поплыли туманы над рекой…», і перапаліць па-хуткаму, і па-хабёльску кінуць недапалак у дзежку, а то і накрэмзаць на глянцавым лісце брутальны і абагульняльны мацюк.
Здараецца, аднак, што напаўмёртвая пальма набіраецца цудадзейнымі сокамі, і між пыльнымі лістамі сарамліва прабіваюцца яскравыя краскі. Але ж пладамі тыя краскі абарочваюцца зрэдку: у класічным беларускім пісьменстве заўсёды было зашмат ідэй, патрыятызму і паэзіі чыстае красы, але катастрафічна бракавала фізічнага цела. Традыцыйныя героі беларускай літаратуры заўсёды выглядалі нібы сатканымі з кветкавага пылку, але амаль паўбаўленымі мяса, крыві, касцей, а таксама натуральных фізіялагічных жаданняў. Сексуальнасць, любошчы, нават эротыка – усё гэта сарамліва перахоўвалася пад саламянымі брылямі несцерак, у каламуці трох лыжак заціркі ці ў парослых травою партызанскіх акопах.
Вы можаце ўявіць эрагенныя зоны Ядвісі з коласаўскіх «На ростаннях»? А мінет ці кунілінгус меліжаўскіх Васіля Дзятліка і Ганны Чарнушкі? Быкаўскае «Дажыць да світанку» выклікае у вас адно мілітарныя асацыяцыі, але не думкі пра жарсць, якая знясільвае ненажэрных каханкаў?
Законы прыроды адназначныя, і для прыгожага пісьменства таксама: песцік вымагае тычынкі, Інь – Янь, і без гэтага немажлівае натуральнае апладненне. Калі ў літаратуры нарэшце з'яўляецца фізічнае цела – яе прыўкрасная душа цяжарыць, дэкаратыўныя кветкі саступаюць месца завязі, а краскі на галінках неўзабаве абарочваюцца пладамі.
Макс Шчур. Урывак з апавядання «Нас двое»
Цяжка набываць прэзерватыў упершыню. Але я дам рады. Я ж не нявіннік. Прынамсі, яна так думае. Проста падыду да шапіку, пакладу грошы. Што тут такога. Галоўнае не заікацца ад хвалявання. У найгоршым выпадку можна паказаць пальцам. Абы пра ўзрост не пыталіся. А які гандляру клопат? Цыгарэты ж купляю. Трэба зноў пачак набыць для прыкрыцця. Куру – значыць, дарослы. Пагатоў працую. Свае грошы маю. Толькі б там сядзела не жанчына! Толькі каб мужык! Мужык усё зразумее. А жанчына паглядзіць так, што хоць скрозь зямлю. Хопіць думаць, ідзі й набудзь. Проста зараз. Лёгка, пайду й набуду. Не, не пайду. Там баба! Мужыкі ж па заводах. Сядзіць у акенцы і толькі й чакае, каб узняць мяне на смех. Божа, чаму мне так не шанцуе. Ну і што ты збіраешся рабіць? Вы ж дамовіліся. А першай ночы ля пад'езду. Сымбалічна: першая ноч. Як нэкрарамантыкі. Яна прыйдзе – а ты скажаш: «Выбачай, я не набыў прэзік. Даруй, мая Джульета. Забыўся».
Забыўся? І як пасля верыць такому чалавеку? Які забыўся пра прэзік у першую ж ноч. А, мо, і пра самую ноч? Божа, нашто я ёй схлусіў, што я не нявіннік? З помсты: раз яна не нявінніца. Адступаць не было куды. Хаця нібыта ні з кім не спала. Доўга не хацелася верыць. Маўляў, проста з сяброўкай гуляліся. Убачым. Ага, убачым, ты спярша прэзік набудзь. Не хапала, каб нечым яе заразіў. А чым я такім ужо магу яе заразіць? Ну, хоць каб не зацяжарыла. Ці ты хочаш жаніцца? Няма дурных. Ну то ідзі й набудзь прэзік, маць тваю! Іду, іду... А можа яна яшчэ перадумае? Ці бацькі прачнуцца і яе перастрэнуць? Усё можа быць. Пяцьдзясят на пяцьдзясят. Так што, мо, яшчэ й прэзік не спатрэбіцца. Не, ну во дзе баязлівец! А яшчэ старэйшы на цэлы год за яе! Спакойна, спакойна. Насамрэч, прэзік – гэта гарсон нумар два, першым чынам піўка трэба выпіць для куражу.
Боскі нектар. Жыгулёўскае. Незабыўны смак дня нашага з ёю знаёмства. Бляха, каторая гадзіна? Шапік праз дзесяць хвілін зачыняецца! Зараз або ніколі! Падумай, што важней – баба ў шапіку ці каханая дзяўчына! Якой ты даў абяцанне! Што за пытанне? Піўко ж падзейнічала, то ўсё будзе нішцяк. Дык прастуй да шапіку, ёлуп!
Ура! Нават слова не сказала! Ты проста круты, Рамэо. У цябе ёсць прэзік! І не адзін, а цэлы пакунак! З прысмакам! Якім? А табе не ўсё адно? Дарэчы, ты надзяваць яго ўмееш? Умею. А надзяваў ужо? Чытаў інструкцыю. Чытач, мля! Было б на што надзяваць. Кажуць, першы раз палова не здольная. То на халеру тады ўся гэтая муць? Бо закон прыроды. Ага, паводле закону прыроды ўсё павінна быць спантанна, а не арганізоўвацца, як ледзь не замах. Тады сапраўды палова не здольная. Лёгка казаць спантанна. Спантанна толькі ў сне бывае. Не, я сабе загадаў, што сёння – значыць сёння. Слова даў. Сваёй найлепшай частцы. Мая воля – закон, а не нейкая там прырода. Пагатоў прэзік ужо набыў. Застаецца прыдумаць, што рабіць да першай ночы. Люблю двухсэнсоўнасці. Дадому не пайду, адтуль потым не выпусцяць. Да сяброў, па дабраславенне?
Далекавата. Дый зноў накідаемся. Спазнюся яшчэ, а то й насамрэч забуду. Па п'яні нічога не выйдзе. Як там было ў Бродскага? На матрацы ў падвале... У нас усё будзе цывільна. Бязь свечак, але на канапе. Бляха, і ўсё-ткі як страшна. Раптам нехта заўважыць. Ну хто заўважыць? Пусты офіс... Хутка ж з працы сыходзіць. Больш такой магчымасці не будзе. Не бядуй, ты ж не адзін. Удваіх лягчэй і бацьку біць. На ёй таксама адказнасць. Яна ж пагадзілася. Думаеш, ёй проста было? Але дзяўчына адчайная. Таму й закахаўся. Ну, не толькі. Красуня, і хэві-мэтал...
Дык што рабіць да першай? Паехаць да найлепшай сяброўкі – былой настаўніцы? Паспавядацца? Няёмка. Лепш потым, як усё здарыцца. Пайду бадзяцца. Толькі не па раёне, яшчэ гапата зловіць. Як тады ў скверы. З'езджу ў цэнтр. Вярнуся, як сцямнее.
Вярнуўся. Гадзіну таму. Палова на другую. Яе няма. Думаў – палегчае. Дзе там. Сумна, хоць вешайся. Перадумала. Памру нявіннікам. А ты на што спадзяваўся? Мы ж знаёмыя ўсяго месяц. У верасні з'язджаць. У дарослае жыццё. Ага, дарослае. Не бяды, прыязджаць буду. Я яе ніколі не кіну. Такую дзяўчыну не кінеш, і каб хацеў. Цыгарэт яшчэ на паўгадзіны хопіць, а там дамоў. Ключы ўзяў? Ад працы ўзяў. А ад дому? Бляха, цягнуцца дадому... Ужо не прыйдзе. Яшчэ ёй піва прынёс. Ну, сам вып'ю з гора. Нехта ідзе. Даўно нікога не было. Дзверы рыпяць. Ну, хто на гэты раз? Ты! Быць не можа! А палове на другую! І ўсё-ткі прыйшла! Хочаш мяне! Нават вусны падфарбавала. З завушніцамі. Ведала б ты, як я рады, мілая, што ты прыйшла! Што мне не трэба ісці дамоў... Не, штосьці не так. Пазірае неяк адсутна. Крыху дрыжыць – няўжо ёй холадна?
–Ты ведаеш... Ты не крыўдуй, але... Я перадумала...
На табе!
–Я баюся. У першы раз... Давай пазней.
Не, я сказаў сёння – значыць сёння. Хопіць таго, што сам ледзь не перадумаў. Цяпер ужо не перадумаю. Зашмат адрэналіну ў крыві. Трэба ісці. Давай, любая, давай. Мы тут сапраўды змерзнем. Думаеш, я не баюся? Хопіць баяцца. Нас двое.
Замовіць зборнічак можна тут.