«Могiлкi ёсць пад узгоркам, дзе стаіць кінатэатр «Аўрора». Падарожжа з Сяргеем Харэўскім

Герои • Саша Романова
Дзе ў Мінску трэба будаваць Эйфелеву вежу, які будынак стаіць на «Змеевай гары», ці ёсць падземны ход за вуліцай Ракаўская, дзе ў менчукоў Манмартр, і чаму старажытныя габрэі не сварыліся з мусульманамі — усё гэта ў першай частцы вялікага падарожжа з гісторыкам і культуролагам Сяргеем Харэўскім па старым горадзе, якое пачалося на Юбілейнай плошчы каля кінатэатра «Беларусь».

KYKY: Сяргей, чаму мы з гэтага месца пачынаем?

Сяргей Харэўскі: Гэта адно з самых легендарных мінскіх месц, якое цалкам захавалася да нашага часу. Я маю на ўвазе саму гэту зямлю, дзе нічога не пабудавалі. Месца ў старажытнасці называлі «Змеева гара». Менск, як Рым, стаіць на сямі ўзгорках: вось на адным і ёсць Змеева гара. Існавала паданне, што тут у пяшчоры на гары жыў вялікі цмок. І штогод мінчукі выбіралі адну з дванаццаці прыгажунь яму ў ахвяру. Урэшце з'явіўся асілак, які вырашыў забіць змея з тае прычыны, што наступнай ахвярай мусіла стаць ягоная нарачоная. Доўгі час тут кіпеў люты бой — усе дрэвы былі павалены. З таго часу гэта пустка. А смяротна паранены цмок споўз у Свіслач і там сканаў. І калі ў Менску ўзровень вады ў Свіслачы падаў у сухія гады, то ўсім было відаць рэбрышкі гэтага цмока. Паводле адной з версій падання, смяротна быў паранены і сам герой, яго пахавалі ў труне, таксама ў Свіслачы, у тым месцы, дзе загінуў той цмок.

KYKY: А што з прыгажуняй здарылася?

С. Х.: Яна жыла доўга і шчасліва. Ну, што яшчэ з прыгажунямі здараецца ў жыцці?

KYKY: Знайшла іншага?

С. Х.: Ёсць розныя варыянты. Прыпісваюць, што ў гісторыі быў Мянеск, з якім яны пабраліся шлюбам. Розныя версіі гэтага падання адсылаюць нас, канешне, да антычных часоў і падання пра Пярсея і Андрамеду. Але факт: да канца 19 стагоддзя гэта гара ў Мінску звалася Змеевай. Адна з верагодных прычын — гэта самае сухое месца ў старым горадзе. Невыпадкова адна з самых старажытных вуліц сёння завецца Сухая. Гэта назва дакладна зафіксавана з 19 стагоддзя, а можа і раней.

KYKY: Я ведаю габрэйскі мемарыял на Сухой.

С. Х.: Старажытныя габрэйскія могілкі, якімі сканчваецца вуліца, існуюць тут з 18 стагоддзя, але нам яны сталі вядомыя ў выніку падзей апошняй вайны. На гэтых могілках былі пахаваны не толькі жыхары менскага гета, сюды прывозілі габрэяў з усёй Еўропы. Дзяцей з Брэмена, Аўстрыі, Прагі, з Дзюсельдорфа і Гамбурга невядома чаго прывозілі, каб забіць тут. На могілках ёсць брацкая магіла, дзе ўсталяваны памятныя знакі з розных гарадоў Нямеччыны. Вунь там, бачыце, мемарыяльная таблічка на доме (паказвае на дом на скрыжаванні вуліц Сухой і Кальварыйскай — прым. рэд.) Яна была ўсталявана амбасадай Нямеччыны ў памяць пра тое, што вуліца Сухая была дарогай жалобы, і туды вадзілі на закатаванне габрэяў.

KYKY: Можна ідыёцкае пытанне? Вы гаворыце, што гэта гара, але мы на ёй стаім, і месца зусім не падобнае да гары. Чаму? Яно зраўнялася?

С. Х.: Гэта гара адносна Менска. У нас жа не скалы, і зараз успрыманню замінаюць дамЫ, але калі мы падыдзем на пешаходны пераход і паглядзім уніз на перспектыву вуліцы Раманаўская слабада ці Мельнікайтэ, вы пабачыце, што насамрэч гэта вельмі высокі ўзгорак. Калі раней ландшафт не быў нівеліраваны будоўлямі і выпростваннямі ландшафту сцежкамі, то гара была больш крутой. Нават зараз у некаторых месцах за гэтымі дамамі крутыя яры — калі хочаце, можам скочыць і паглядзець.

KYKY: А куды цмока кідалі?

C. Х.: А ён папоўз па Мельнікайтэ да Свіслачы, туды (паказвае рукой — прым. рэд.). Доўгі час на гэтым месцы быў рынак Ракаўскі, дзе сёння стаіць самы высокі будынак у Менску, на рагу Ракаўскай і Мельнікайтэ. У ім 23 паверхі: зараз ёсць такія дамы, але дзякуючы таму, што ён стаіць на самай высокай кропцы цэнтра горада, яго геаграфічны ўзровень яшчэ доўга будзе неперазыдзены па сваёй вышыні, калі браць узровень мора.

KYKY: Мабыць, з яго трэба Эйфелеву вежу зрабіць?

С. Х.: О, менавіта! Я даўно пра гэта гаварыў, было б крута. На жаль, там маса офісаў, і можна толькі прыватна дамовіўшыся выйсці на балкон, з якога адкрываецца фантастычная панарама на Мінск з птушынай вышыні. Сапраўды шкада, што ён недаступны для шырокай публікі. Каб ён выкарыстоўваўся як глядзельная пляцоўка, лічу, даходы б ва ўласнікаў былі б проста фантастычныя! Яшчэ тут да 70-х гадоў быў калгасны Юбілейны рынак, і туды, дзе сёння вуліца Максіма Танка, разлягаўся вялікі прыватны сектар, дзе Мінск сканчаўся.

KYKY: Чаму плошча называецца Юбілейнай?

С. Х. Ёсць забытая гісторыя. Гэтая назва з'явілася ў 1885 годзе ў гонар юбілея Нікейскага сабора ў горадзе Нікея, які зараз знайходзіцца у Турцыі. Сабор меў для менчукоў значэнне, бо царква тады яшчэ не была падзеленая на ўсходнюю і заходнюю. Менавіта на гэтым саборы быў прыняты сымбаль веры, які ў хрысціян каталіцкай традыцыі завецца па лаціне Credo. Нягледзячы на тое, што пасля паўстання 1863 года ў Менску былі зачыненыя ўсе касцёлы, каталікам дазволілі як выключэнне, зважаючы на тое, што значыць Нікейскі сабор і для праваслаўных, і для каталікоў, паставіць вось тут, перад цяперашнім уваходам у метро, капліцу ў выглядзе калонны з крыжам. Ёсць нават яе фатаздымкі. Гэтая калонна з крыжам стаяла стралою па сіметрыі з Кальварыйскім касцёлам. І ад гэтай Юбілейнай плошчы, ад капліцы, пачыналася мінская Кальварыя. Слова «кальварыя» ад лацінскага calve — чэрап, гэта дарога страсцей Гасподніх. На ёй былі станцыі па колькасці прыпынкаў Іісуса Хрыста па шляху да Галгофы, а сама дарога была абсаджана ў два рады бярозамі. Пра гэты прыгожы гасцінец на Кальварыі добра напісаў этнограф Павел Шпілеўскі ў сярэдзіне 19 стагоддзя і Ўладзіслаў Сыракомля. Далей шлях па Кальварыі ператвараўся ў адну з дарог, якая вяла альбо на Вільню, альбо на Гродна. Многія падарожнікі бачылі Менск з гэтага боку. Бачылі Кальварыю, старажытныя могілкі і яшчэ адзін з сямі ўзгоркаў Менску.

Мінск, Цівалі, 1907 год

Перад Кальварыяй знаходілася рэзідэнцыя мінскіх каталіцкіх архіепіскапаў, так званыя Цівалі, як у прадмесці Рыма рэзідэнцыя Пап Рымскіх. Гэта быў шэдэўр сусветнай культуры: там быў вельмі прыгожы фантан, канешне, цалебны, і шэраг вісячых тэрасавых садоў. Вось гэта быў сымбал рая — фантан і сады на тэрасах. Цівалі сталі першай сціплай загараднай рэзідэнцыяй, дарэчы, такая дача мінскага біскупа на тым месца, дзе сёння знаходзіцца кінатэатр «Аўрора». Пасля паўстанняў 1831 ды 1863 гадоў маёмасць мінскіх біскупаў была адабрана, і апошні менскі рыма-каталіцкі архіепіскап быў высланы. Парчок каля рэзідэнцыі прадалі грамадзяніну Прусіі, які зрабіў там ў 19 стагоддзі першы ў Менску парк актыўных атракцыёнаў на ўзор Цівалі ў Капенгагене: тэніс, крыкет, веласіпед, катанне на конях і восліках. Але пасля рэвалюцыі бальшавікі там зрабілі скатабазу, калгасную жывёлагадоўчую ферму.

У 1933-м там расстралялі ўсіх менскіх чыгуначнікаў, якія адмовіліся абслугоўваць цягнікі-цяплушкі з высланымі ды раскулачанымі сялянамі.

KYKY: Былі такія чыгуначнікі, якія адмовіліся абслугоўваць бальшавікоў?

С. Х.: Былі, не ўсе, але расстралялі ўсіх без разбору. I ўсіх менскіх чыгуначнікаў без следства там закапалі. А пасля зрабілі на тым месцы скатамагільнік, каб больш ніхто ніколі гэтае месца не перарываў. Так Цівалі стала трагічнай старонкай ў гісторыі Менска, і старонкай рэзістансу, супраціву бяшчынствам бальшавікоў у эпоху сталіншчыны.

KYKY: А зараз там кінатэатр «Аўрора»? Вось на гэтым самым месцы на могілках?

С. Х.: Ну прыкладна. Там зараз усё перарыта: і метро, і транспарт, але гэта ёсць недзе пад узгоркам, дзе стаіць кінатэатр «Аўрора». Канешне, было б крута, калі б там кіраванне беларускай чыгункі паставіла б сабе сціплы помнічак. Ёсць паэма Сяргея Законнікава «Цівалі», раю пачытаць. Але давайце вернемся на тое месца, дзе мы зараз стаім.

KYKY: А хто тут жыў, каля Юбілейнай плошчы? Бедныя людзі альбо заможныя?

С. Х.: Не, самая розная публіка. Вось гэтае месца служыла мяжой паміж габрэйскім і мусульманскім кварталам, які ішоў уніз. Там з канца 15 стагоддзя жылі татары. Яшчэ ў дакументах значыцца, што татары з аколіц Менска падаравалі князю Вітаўту коней, вярблюдаў і зброю. У другім пакаленні моваю іхняй стала тутэйшая, беларуская, і яны ўтварылі такі спецыфічны субэтнас, такія беларусы-мусульмане.

KYKY: Як татары наогул з'явіліся ў Менску?

С. Х.: Гэта былі татары з Арды, якія прымалі ўдзел у баявых паходах на баку Вялікага княства Літоўскага. Былі ў нас і палонныя татары, якіх абралі ў розных сечах, былі найміты, якія ваявалі на нашым баку. Татарская конніца пачынала Грунвальдскую бітву. У выніку межусобіц у Залатой Ардзе вялікі хан Тахтамыш мусіў адтуль уцячы і прыбег да свайго сябра вялікага князя Вітаўта. Пазней татары жылі ў Лідзе, якая была дадзена Тахтамышу, і трыста гадоў была сталіцай татар у эміграцыі. Наогуле, беларускія татары паходзілі з розных народаў: частка з паволжскіх татараў, частка з крымскіх татараў, туркі, нагайцы, прадстаўнікі народаў Каўказу. Вось, напрыклад, прозвішча Адамовічы — гэта даўнія нашчадкі аднаго з першых татараў Каўказа, які прыняў імя першага чалавека Адама. Вуліца Дзімітрава была Вялікай Татарскай, тут былі завулкі Зямячэтныя, Магметанскі завулак. Зараз ад татараў засталася назва невялічкай вуліцы Амуратарскай, ад мусульманскага імя Амурат. Бальшавікі, напэўна, думалі, што гэта нешта авангарднае альбо абрэвіятура. А калі па вуліцы Танка рухацца ўбок, то там быў старажытны мусульманскі мізар, могілкі з 17 стагоддзя. У прававерных мусульман могілкі павінны былі знаходзіцца на адлегласці трох крыкаў пеўня.

KYKY: Чаму менавіта тры крыкі пеўня?

С. Х.: Адлегласць, на якой не чуваць гукаў людскога жыцця. Калісьці на вуліцах Ціміразева і Грыбаедава быў далёкі загарад. Прозвішча Крыніцкія, Канапацкія, Смольскія, Камлюкі, Пазнякі, Дашкевічы маюць татарскае паходжанне ад тутэйшых мусульманаў, якія жылі ў Мінску. У другім пакаленні яны папрасілі дазволу ў вялікага князя Аляксандра браць у жонкі хрысціянак. Ім гэта было дазволена пры ўмове аднажонства, таму другая іх генерацыя была ўжо мяцісамі. З 16 стагоддзя нам вядома каласальная колькасць тэкстаў, напісаных па-беларуску арабскім шрыфтам. Так званыя кітабы, па-арабску «Аль Кітаб» — гэта і краязнаўчая літаратура, і тлумачэнні Карана, і хатнія дзённікі. Унікальныя крыніцы для філолагаў, таму што дзякуючы ім мы можам чуць беларускую мову, абсалютна такую, як сёння, і сачыць, на якім этапе ў межах 17–18 стагоддзяў пачалася паланізацыя. У адрозненні ад кірыліцы і лацініцы, у арабскай графіцы абсалютна фанетычны прынцып. Як чуецца — так і пішацца. І ёсць дадатковыя літары, якімі можна перадаваць беларускія гукі «дж», «шч», «дз». Кітабы напісаныя гутарковай мовай, і можна лёгка, наталдыкаўшыся, гэта чытаць. А ў 1589 годзе стараста менскіх татараў Салейман прасіў князя Аляксандра дазволіць ім забраць зямлю колішняй Успенскай царквы і саму царкву, струхнелую, за непатрэбнасцю, каб прыстасаваць пад мячэць. Так яно і адбылося.

Францішак Багушэвіч

KYKY: А дзе зараз тая мячэць?

С. Х.: Старая мячэць стаяла да 1890 года, то бок паўтысячы гадоў з гакам. Яна не мела мінарэту, і ў 1890 годзе татары атрымалі дазвол на будаўніцтва новай мячэці. Быў пабудаваны раскошны будынак у стылі каірскай маўрытанікі, ў 1902 годзе мясцовыя газеты называлі яго адным з найпрыгажэйшых будынкаў Менска. Мячэць дзейнічала да 1948 года. Нямецкія акупанты не краналі татараў, генацыд іх не крануў, і сярод іх было многа герояў вайны, нават дагэтуль на мізары захавалася адна магіла Хасана Александровіча, героя мінскага падполля. Мячэць зачынілі ў 1948 годзе, да 1962 года яна была клубам працоўнікаў рачнога транспарту, але без прычыны была ўзарвана ў 1962 годзе. Там нічога не збіраліся рабіць, проста так. На Ціміразева, дзе музычнае вучылішча, ёсць сквер, дзе часткова быў сканструіраваны гэты мізар, падняты знойдзеныя камяні з арабскімі малітвамі. У 1969 годзе зрылі той мізар. Таксама без прычыны.

KYKY: Яшчэ цікава: гэтых татар ніхто гвалтоўна ў хрысціянскую веру не пераводзіў?

Максім Багдановіч

С. Х.: Тут? На пачатку 17 стагоддзя ў Мінску быў абсалютны максімум колькасці мусульманскага насельніцтва, ад 10 да 12%. Пад уздзеяннем магістраў каталіцкіх ордзенаў частка прыняла каталіцтва, і многіх з іх нашчадкаў мы ведаем: Францішак Багушэвіч, Максім Багдановіч і браты Луцкевічы паходзяць вось з такіх сем'яў, якія ў 17 стагоддзі прынялі каталіцызм. Хоць і не трэба быць антраполагам, каб больш пільна разгледзець партрэты Францішка Багушэвіча і Максіма Багдановіча, каб пераканацца, што рысы ў іх, скажам так, не арыйскія.

KYKY: Як вы да гэтага будынка ставіцеся? Я маю на ўвазе кінатэатр «Беларусь»?

С. Х.: Ну, нармальна. Тут стаяў стары кінатэатр «Беларусь», зроблены па тыпавым праекце. Асабіста я яго любіў, бо вучыўся тут у школе № 26 з мастацкім ухілам, і мы, калі сачкавалі заняткі, бегалі ў гэты кінатэатр, але потым ён дваццаць гадоў быў зачынены, знаходзіўся ў лядашчым стане. Некалі быў план зрабіць той стары кінатэатр асновай музея сучаснага мастацтва. Гэта была найлепшая ідэя, улічваючы тое, што тут, у гэтых раёнах, жыве вельмі шмат мастакоў. Сёння вось ў гэтым доме, дзе «Радыётэхніка» жыве мастак Сяргей Рымашэўскі. На вуліцы Танка па верхах былі мастакоўскія майстэрні Міколы Купалы, Бараноўскага, Маркаўца, Куліка, мастака і мастацтвазнаўцы, Раманюка, зараз там ягоныя дзеці, і многіх-многіх іншых. Квартал, дзе мы зараз знаходзімся, быў своеасаблівы менскі Манмартр. Бачыце там шыкоўную мазаіку? Зроблена народным мастаком Беларусі, светлая памяць, Кішчанкам Аляксандрам, аўтарам габелена века, які зараз экспануецца і ўнесены ў кнігу рэкордаў Гінэса. Мазаіка «Вялікі кастрычнік» была зроблена ў 1977 годзе, другой такой у Беларусі не знойдзеш ні па масштабу, ні па майстэрству выканання, нават паводле якасці тэхналагічнай. Гэта смальта, паднятая на бетон.

Канешне, быў бы найлепшы варыянт, каб частку гэтага сквера выкарыставалі для экспазіцыі скульптур сучаснага мастацтва, але ідэю пахавалі і зрабілі кінатэатр. У прынцыпе, я нічога не маю супраць. Новыя тэхналогіі, архітэктура нейтральная, не рве вока, будынак ніжэйшы за дрэвы, зліваецца з ландшафтам. Ён сеў на тую самую пляму. Гораду патрэбна была такая цацка. Дарэчы, вось за гэтым будынкам пракуратуры ў двары ёсць славутая шпалерная фабрыка, якая існуе аж з 60-х гадоў 19 стагоддзя, і там, сярод гэтых карпусоў, уперамешку карпусы і 19 стагоддзя, і пачатку 20, і яшчэ царскіх часоў.

KYKY: Шпалеры — гэта, прабачце, што?

С. Х.: Обоі! Ва мне так і праклюнулася беларуская свядомасць! Там, дзе зараз вы бачыце зялёны будынак, была школа № 26. Мы кожны дзень выбягалі на вуліцу, і ў нас пыталіся: «Ребят, где тут улица Обойная?» Кожны дзень даводзілася тлумачыць, што обои па-беларуску — гэта шпалеры. Ну вось паглядзіце, на якой мы вышыні тут стаім. Бачыце, рэзка ўніз ідзе вуліца Шпалерная, абрываецца, вось, а калі пайсці ў двор, дзе гэты завулак, то там яры і лагчыны засталіся.

KYKY: А чаму на гэтым месцы заўсёды пахне булачкамі?

С. Х.: Таму што справа адзін са старэйшых захаваўшыхся ў Менску хлебазаводаў. Сёння гэта завод-аўтамат № 1. Я ў свой час пачынаў там сваю працоўную дзейнасць ва ўзросце 16 гадоў. Мне былі патрэбны грошы на падарожжа, і мае бацькі вельмі педагагічна паступілі, ўладкаваўшы мяне да цёткі на працу ў пекарскі цэх, «машинистом третьего разряда тесторазделочных машин сдобосушечного цеха завода-автомат № 1 головного объединения предприятия Минскхлеб». Два тыдні начных зменаў мне раем не паказаліся — я запомніў, як горад хлебам карміў. З таго часу не ем сушак.

KYKY: Што з імі не так?!

С. Х.: Я стаяў на гэтым канвееры, а таму глядзець на іх па сёння не магу. Гэта сапраўды пякельная праца, бо ўзровень усяго застаўся на ўзроўні 19 стагоддзя. А калі гаворым мы пра мастакоў… Хадзем пераходзіць! (крочыць праз вуліцу Ракаўская — прым. рэд). Вось на рагу вуліцы Дзімітрыева і Шпалернай ёсць дах — там былі вельмі славутыя мастакоўскія майстэрні, адразу пасля вайны ў 1944 годзе. Сярод іншых там працаваў народны мастак СССР Бялыніцкі-Біруля. Бываў Колас Якуб, якога там партрэціравалі. Захажывалі туды многія літаратары, пісьменнікі, дзеячы нашай культуры. Там працаваў Сяргей Дашкевіч, аўтар скульптур, вядомых кожнаму беларусу, дзякуючы нашым рублям. Скульптуры на фасадзе Палаца Прафсаюзаў, на фасадзе прывакзальных вежаў — гэта ягоная праца. Пасля там былі майстэрні Басалыгі, Марачкіна, Маркаўца, Малішэўскага, і гэты будынак быў варварскі зруйнаваны прыкладна дзесяць гадоў таму. Гэта, дарэчы, вялікая страта, бо ён быў у нядрэнным стане. Зараз на яго месцы такія гламурныя пару дамоў.

KYKY: А дзе ваша школа?

С. Х.: Цяпер гэта філіял БДУ. А калісьці была школа № 26, першая агульнаадукацыйная ў Менску з мастацкім ухілам. Калі мы тут лазілі, гара была наскрозь парэзана хадамі. Зараз пад намі маса падземных хадоў ад колішных падвалаў, склепаў, леднікоў-сутарэнняў. Вось пад гэтым асфальтам. Бачыце, за школай сараюшка, дзе гэты нягеглы шыферны дах, ваенкамат цяпер зачынены. Там быў склад макулатуры. Мы неяк улезлі туды, хацелі пазнаходзіць якіх цікавых часопісаў, рыліся, рыліся і ўваліліся. Выйшлі метраў за 15 на вуліцы Замкавая ў дварах.

KYKY: Мабыць, там скарб нейкі ў гэтых катакомбах?

С. Х.: Канешне, але раскопак там не вялося. Вось, глядзіце, цікавы будынак. Рэдкі савецкі, але яшчэ даваенны, якому хутка будзе сто гадоў. Дзіўны ў плане таго, што мае не чатыры куты, а больш. Ён у выглядзе трапецыі, такі пяцікутны дом. Бадай, найстарэйшы будынак на гэтай вуліцы.

Зразумела, каб яго прыгожа рэстаўрыраваць, дадаць нейкія элементы, вярнуць мансардны дах, думаю, гэта было б цікава. Дарэчы, мы з вамі ўжо на вуліцы Ракаўскай (выходзіць з-забудынку-трапецыі на вуліцу — прым. рэд.). З 16 стагоддзя адсюль быў Ракаўскі тракт, шлях да мястэчка Ракаў на паўдарозе да Вільні. Да сярэдзіны 19 стагоддзя большасць будынкаў тут была драўляная, і пераважна гэта быў габрэйскі квартал. І ў сярэдзіне 19 стагоддзя яго пачынаюць забудоўваць рознымі фабрыкамі. Абутковыя фабрыкі, шпалерныя цэха. Што дзіўна, гэтыя дамы да савецкага часу былі нежылыя — вось па якім мы ідзем. Праз дарогу, дзе знаходзіцца славуты хлебазавод, была сінагога, пабудаваная сямействам Зальцманаў у 1870-я гады, адна з самых прэстыжных, як бы сёння сказалі, папулярных сінагог. Наогуле ў квартале Ракаўскага прадмесця было чатыры сінагогі, семінарыя, хедэры (гэта школы для хлопчыкаў) і габрэйскі дом урачыстасці. Не ўсе габрэі мелі такія дамы альбо кватэры, каб, скажам, прыняць людзей на вяселле. Таму кагал ці абшчына будавала спецыяльны дом урачыстасці. Давайце зойдзем папіць кавы.

KYKY: Вы хадзілі ў гэтую кавярню?

С. Х.: Увесь час! Самы прыкол: тут засталася ўся гэтая афармілаўка з 1982 года. Сёння вось такая разьба па дрэву, цуд народнай творчасці, была б страшна дарагая цацка. Я сенціментальны, але ж нічога не змянілася за дваццаць з нечым гадоў. Натуральна! Калі ласка, мне адну каву без цукру і мінеральнай вады (звяртаецца да буфетчыцы — прым. рэд).

KYKY: А што вы тут набывалі, калі забягалі сюды школьнікам?

С. Х.: Што і ўсе дзеці — сочнікі, нейкія смятаннікі. Але асабліва тут класна было зімой забегчы на пах гарачага хлеба з цынамонам і гваздзіком. Бачыце, афармленне 70-х гадоў перажыло ўсе. Ладна, хадзем на вуліцу. Тут хораша зімой, але душнавата летам.

KYKY: Ведаеце, што яшчэ цікава: габрэяў было больш за мусульманаў у Менску, так? А яны не сварыліся паміж сабой? Не было «ізраіле-палесцінскага» канфлікту?

С. Х.: Не. Справа ў тым, што большасць нашых мусульманаў былі шляхтай, прывілегірованым саслоўем. Па саслоўнай іерархіі яны былі вышэй за сялян і габрэяў. У іх было выбарчае права, свае прывілеі, і, зразумела, габрэям ці іншым не выпадала сварыцца з дробнай, хай сабе і небагатай, шляхтай-мусульманамі. Потым у мусульманаў бытавыя звычкі і традыцыі, падобныя да габрэйскіх. Не есці свініну, класціся спаць з захадам сонца, не крычаць, не шумець — вось на такой нейтральнай тэрыторыі, як Беларусь, яны добра ладзілі. Гэта не рэдкі прыклад. У нас ёсць мястэчка Іўе ў Гродзенскай вобласці, дзе трэць насельніцтва складаюць мусульмане. І нічога, жывуць.

У Смілавічах ў Чэрвеньскім раёне, адкуль родам Хаім Суцін, дзейнічае мячэць. Там трэць насельніцтва таксама складаюць мусульмане. Менавіта бытавыя звычкі, забарона ўжываць алкаголь і трымацца кошару, які ў мусульманаў завецца халялем, іх хутчэй збліжалі. У 20 стагоддзі было нямала шлюбаў паміж габрэямі і мусульманамі. Гэта ж горад.

Заметили ошибку в тексте – выделите её и нажмите Ctrl+Enter

Скулы, тонкая талия и «Аливария». Что запомнилось иностранным гостям в Минске

Герои • Ирина Михно
«Как-то я сидел с друзьями в баре, и к нам подошла странная, сумасшедшая русская девушка. Начала кричать, мол, это мы виноваты, что на Евровидении победила Кончита Вурст. Это было очень смешно», - англичане, канадец и швед рассказывают, о каких девушках, марках пива и городских местах они будут скучать по возвращении домой из Минска.
Популярное