Валярына Кустава, паэт і літаратар
У мяне быў такі выпадак, калі мы пайшлі з хлопцам у кавярню. Ён замовіў памаранчавы сок, афіцыянт кажа: «Нет помаранчевого». Хлопец удакладніў: «Мабыць, апельсінавы ёсць?» «Апельсінавы ёсць». Я кажу: «А мне наліце гарбаты». Афіцыянт: «А зачем вам в кривую кружку?» Калі мы хацелі сыходзіць, запыталі: «Прынясіце нам рахунак, калі ласка». Афіцыянт прынёс яшчэ раз тое самае: памаранчавы сок і гарбату. Мы: «Нам не трэба паўтарыць, можаце нас разлічыць?» І ён так глядзіць, глядзіць на нас і кажа: «Ну да: раз, два». А хлопец ужо смяецца: «Ды не, не так разлічыць! Увогуле можаце нас разлічыць?» Афіцыянт: «Наверное, да. Вы - мальчик, а вы - девочка». Вось такая сапраўдная гісторыя, люблю яе расказваць сябрам. А яшчэ вельмі часта бывае, калі гаворыш таксісту: «Спыніце, калі ласка, каля цырульні». І ён не разумее зусім: «Што? Дзе?» Ну нічога, трэба мець моцную вытрымку, і з цягам часу ўсё стане на свае месцы. Ну і класічная гісторыя - пра расіян на вакзале. Яе расказвае Франак Вячорка. Дык вось, расіяне чуюць абвестку: «Цягнік адпраўляецца з другога пуці другой платформы». І яны ў роспачы: «Что? Какой другой? Была же… вторая!»
Аляксей Маневіч, бізнэсоўца
Памятаю, як мы ехалі з Беласточчыны на радзіму, прабыўшы там дзён сем ці дзесяць. Увесь час у крамах, на вуліцах ды і паўсюль нас разумелі па-беларуску: моўных цяжкасцяў не было. Па звычцы, калі вярнуліся ў Беларусь, мы працягнулі размаўляць па-беларуску — гэтак я прыйшоў у касу набыць квіток. Кажу: «Дайце, калі ласка, квіток на цягнік „Гродна-Гомель“ да Калінкавіч». Але ў адказ пачуў вось гэтае: «Гаварыце па-чалавечаскі, я нічаго не панімаю!» Здаецца, вельмі простая фраза, але відавочна, што чалавек ні на адной мове размаўляць не ўмее. Урэшце прыйшлося адказаць, што я па-руску ведаю толькі «Иди на хуй». Усё, выклікалі міліцыянераў. Тыя адвялі мяне ва ўчастак, дзе міліцыянер апынуўся «нормальным пацаном с Урала», як ён казаў, і ўвесь час мяне гнабіў, што мы «калхознікі-лапатнікі» беларусы. Урэшце пабачыў мой гадзіннік на руцэ і кажа: «Добры». А я кажу: «Дык я ж лапатнік беларус, гэта ты чоткі пацан з Уралу, з дручком ходзіш!» Ён пачаў крычаць, што мяне трэба ў абязьяннік садзіць і трымаць да раніцы. Мяне пакінулі на некалькі гадзін, на цягнік я спазніўся. Так выявілася, што ў мяне быў адзіны знаёмы гарадзенец — прыйшлося прасіцца да яго начаваць. Вось так усё і скончылася. Дарэчы, штраф потым прыйшоў.
Алесь Залеўскі, журналіст
Мяне мова па жыцці ад войска ўратавала, калі я без чэргаў прайшоў ваенкамат. Я даўно зразумеў, што калі ты хворы і беларускамоўны, у цябе куды больш шанцаў выздаравець. Бо акурат у нашым грамадстве лекар — не толькі адзіная прафесія, прадстаўнікі якой большыя цынікі за журналістаў, а таму нам вельмі блізкія. Да ўсяго іншага, яны вельмі прыхільна ставяцца да беларускай мовы. Усё ж такі лекар у нас — гэта інтэлігенцкая місія, яна захавалася. І калі ты заходзіш у паліклініку і размаўляеш па-беларуску, адкрыта ўсміхаешся, то ведаеш, што пройдзеш усё без чаргі. У маім выпадку з ваенкаматам лекар яшчэ і ўзяў мяне за руку, і хутка мы прайшлі па ўсіх кабінетах, ён мне нават надаваў кніг, якія сам чытае. Што цікава: гэтае стаўленне тычыцца як рэгіёнаў, напрыклад, Горадні, так і платных клінік у Мінску, напрыклад «Ладэ», куды я хадзіў — лекары паўсюль ідуць насустрач. А я размаўляю па-беларуску з 16 гадоў, сны сню па-беларуску. У мяне жонка ўкраінка, яна па-ўкраінску размаўляе, я па-беларуску, і не адчуваю ніякага дыскамфорту.
Мне падаецца, што мова — такая справа, якая робіць тваю карму лепшай, бо вельмі часта рускамоўныя беларусы, хоць адзін з іх, у жыцці задумваюцца, чаму мы не размаўляем па-беларуску. Напрыклад, у кампаніі з украінцамі, якія пачынаюць свае песні спяваць, мы думаем: чаму мы ніводнай сваёй песні не ведаем?
Дык вось, на маю думку, беларускамоўныя маюць чысцейшую карму, бо ў іх няма гэтага кампрамісу з сумленнем, і яны адчуваюць сябе больш свабодна па жыцці.
Марыя Русіновіч, журналіст
Сёння ў метро я ішла па эскалатары, перада мной былі дзве дзяўчыны мусульманскай знешнасці. Напэўна, з Бліжняга Ўсходу. Калі я звярнулася да іх: «Калі ласка, дазвольце прайсці», яны ўспрынялі словы «калі ласка» як абразу. Пачалі паміж сабой спрачацца: «Што яна запыталася? Як яна мяне абазвала?» Відавочна было, што людзі не разумеюць беларускай мовы, але гэтае слова напісана амаль на ўсіх дзвярах на ўваходзе! Дзяўчыны былі ў хустках, напэўна, хіджабах, як гэта ў Францыі завецца: было бачна, што яны не разумеюць, што такое ветлівасць. А яшчэ мой сябра, які працаваў у агенцтве «Прайм-ТАСС», расказваў, што калі да яго прыязджалі расійскія калегі, яны рагаталі з назваў на нашых газетных кіёсках «Часопісы». Яны казалі, маўляў, што гэта за часопісы? Ці гэта чыпсы, ці пысы? Літаральна нядобра гэта гучала, калі націск ставіўся на трэці склад. А маю сяброўку з Германіі, таксама журналістку, развесяліла нашае слова «што». Яна казала, што для іншаземцаў пасля рускай мовы вывучаць беларускую вельмі пацешна.
Уладзь Лянкевіч, выкладчык і музыка
Я пісаў дысертацыю наконт білiнгвізму ў Беларусі і рабіў некалькі эксперыментаў. Адзін з іх палягаў у тым, што ў Мінску ў раёне Трактарнага завода і ў раёне ГУМу, а таксама ў Дзяржынску, каб параўнаць маленькі горад з вялікім, мы з калегай, дарэчы з Аленай Пятровіч, падыходзілі да людзей і запытвалі, дзе знаходзіцца найбліжэйшы аб'ект. Дзяржынск — горад маленькі, таму там запытвалі, дзе царква. Маўляў, турысты, хочам сфоткаць. А на Трактарным «шукалі» лазню. Сапраўды, статыстыка дзіўная. Я лічбы сходу не назаву, але выходзіла так, што ў цэнтры Мінска каля 10% людзей адказвалі па-беларуску, прычым даволі добра. Каля Трактарнага працэнт памяншаўся ў два разы. Некаторыя хлопцы, у якіх мы запытвалі, стаялі-стаялі: «Гы-гы, прикольно. Мы просто не понима-а-ем, че такое лазня». Я ім тлумачыў, што лазня — гэта баня, яны адказвалі: «А, ну нармальна». Але тэндэнцыя такая: з лазні смяяліся зусім маладыя людзі. Амаль усе прадстаўнікі старэйшага пакалення выдатна разумеюць самыя мудроныя словы. Маладыя людзі ў раёне Трактарнага завода ці ў Дзяржынску, дзе іх было значна менш (мабыць, у Мінск усе паз'язджалі), разумеюць горш. Таксама мы даследавалі, ці на трасянцы людзі гавораць. Рэальна ў цэнтры горада — пару чалавек, у раёне Трактарнага заводу 15 ці 20% адказваюць на трасянцы, у Дзяржынску даволі шмат. У цэлым мае даследаванні гавораць аб тым, што ў цэнтры, напэўна, ходзіць больш адукаваных людзей, больш студэнтаў. У раёне Трактарнага завода сітуацыя адваротная: старэйшае пакаленне, якое памятае вёску, ведае беларускую мову, а малодшае, якое не пойдзе ва ўніверсітэт, — ужо не. Можна сказаць, што веданне беларускай мовы сёння залежыць ад агульнай адукацыі.