Журналістка «Нашай Нівы» зрабіла прыкметны артыкул «Як мужчыну апрануцца прыгожа (на прыкладзе вядомых беларускiх дзеячоў). Артыкул уяўляе з сабе спробу свецкай хронікі. Як водзіцца ў Мінску, героі артыкула пакрыўдзіліся, і артыкул быў зняты. Вольга Гарапучык расказала KYKY, чаму публічныя асобы цураюцца крытыкі.
Я працую ў «Нашай Ніве». Мы з Антонам Раднянковым, чалавекам, які добра разбіраецца ў мужчынскім стылi, зрабілі разгромны матэрыял пра моду і знешні выгляд нашых вядомых дзеячоў. Героі былі абраны па найбольш лёгкаму шляху. Усе яны так ці інакш маюць свой адметны стыль. Героі вылучаюцца, яны вельмі вядомыя не толькі ў сваёй сферы, але і за яе межамі. Напрыклад, Усевалада Сцебураку называлі нават «беларускім сэкс-сімвалам». Яго абмінуць было немагчыма.
Так і заўсёды стылёвага музыку Вінсента ці скандальнага Адама Глобуса, знешні выгляд якога таксама часта вылучаецца. Мы дадалі Аляксея Янукевіча, як чалавека з прэтэнзіяй на палітычную значнасць, ну і журналіста Віталя Цыганкова, які заслугоўвае павагі ўжо ў тым, што не баіцца колераў і іх рознага спалучэння. Казаць пра Віктара Марціновіча ўвогуле не варта, ад яго дзяўчыны проста ніякавеюць, самі ведаеце. На іх прыкладзе мы напісалі, як апранацца не трэба. Артыкул быў выстаўлены на сайт, пачаўся вялікі халівар, Марціновіч пакрыўдзіўся, пачаў пісаць пасты, што ён апранаецца правільна, Вінсент пайшоў такім жа шляхам.
Артыкул разнесся па інтэрнэце, атрымаў лайкі, абурэнне, і ў той жа час людзям вельмі спадабалася. Мне пісалі і дзякавалі. І тут «Наша Ніва» артыкул здымае, бо мы, нібыта, пакрыўдзілі людзей. Сітуацыя такая: беларусы абсалютна не ўспрымаюць крытыку ў свой бок. Я не чакала, што будзе такая рэакцыя. Людзі публічныя мусяць быць прыкладам, бо да іх цягнуцца.
Да і я лічу, што калі ты абраў шлях публічнасці, ты ужо адказны за тое, што ты і як падаеш людзям, будзь то творчасць ці свой знешні выгляд.
Што тычыцца Антона Раднянкова, які крытыкаваў стыль мужчынаў, гэты чалавек непублічны. Яго месца працы ці занятак не мае ніякага значэння. Чалавек ці ведае стыль ці не. Бяру на сябе адказнасць і кажу, што ён ведае пра мужчынскую моду ўсё, пачынаючы ад складак на кальштуках, якія аказваецца там мусяць быць, сканчаючы гузікамі, пятліцамі і каляровымі шкарпэткамі. Я не кажу ўжо пра банальныя азы стылю, па якіх мы прайшліся.