Выкладчыца Вольга Губская, якая працуе ў адной з дзяржаўных устаноў, распавядае пра прадстаўніка «моладзі, праколатай навушнікамі і асляпëнай айфонамі» — ён проста прызнаўся на занятках, што быў у Чырвоным касцеле на развітанні з Народным паэтам Рыгорам Барадуліным.
Чацвертага сакавіка — самотны дзень у гісторыі Беларусі. І гэта не таму, што братняя Україна так і застаецца ахвярай махляроў, а таму што беларуская зямля прымае да сябе знатнага беларуса Рыгора Барадуліна. Калі я ішла да студэнтаў, безумоўна, думала пра неабходнасць данесці моладзі значнасць страты. Я падбірала словы, шукала трапныя параўнанні. І вось перада мной дзверы аўдыторыі. Са звыклай упэўненасцю адчыняю іх, уваходжу, вітаюся. І, во нечаканасць. З аўдыторыі чуецца голас з дакорам у інтанацыі: «Можа, давайце памянем хвілінай маўчання Дзядзьку Рыгора, паэта Рыгора Барадуліна!» Адразу ўбачыла ўладальніка голасу — гэта быў высокі, шыракаплечы хлопец, апрануты ў чорную вадалазку і чорна-шэры пінжак. Чорны колер вопраткі падкрэсліваў яго блакітныя вочы, трохі пачырванелыя.
Няўжо плакаў? — здзівілася я. — Няўжо ў наш халодны век тэхналогій нехта здольны на шчырыя эмоцыі, тым больш сярод моладзі? Аднагрупнікі злегку зашумелі, здалек пачулася: „Каго памянём?“ Але голас гэты быў слабы, бездапаможны і ўбогі.
Хлопец з блакітнымі вачыма сеў на свае месца і па-мужчынску пацер твар рукамі. Шчыра — ўзнікла засмучэнне: не я ўнесла прапанову. Моладзь апярэдзіла. Па адзін бок, вялікае гора, але на яго фоне і вялікае шчасце — ён, Ягор (так клічуць хлопца), адчувае горыч ад страты „высокага, вялікага, значнага“. На фоне нашай жорсткай, прагматычнай, абыякавай нават да свайго атачэння моладзі, праколатай навушнікамі і асляпëнай айфонамі, ён падаўся істотай з іншага вымярэння. Не змагла пераадолець жаданне паразмаўляць з гэтым прыткім маладым чалавекам, які замест таго, каб рыхтавацца да заняткаў, пайшоў у касцел на развітанне з… Шматкроп’е тут не выпадковае. На гэтым мой маналог заканчваецца. Ёсць больш важны герой — студэнт Ягор, з якім я завяла гаворку.
А хто для цябе Рыгор Барадулін?
Ягор: «Мусіць, у дзяцінстве вершы Дзядзькі Рыгора сталі для мяне адным з найлепшых прыкладаў выкарыстання беларускай мовы. У мяне творчасць Барадуліна стаіць побач з творчасцю Кандрата Крапівы. Напэўна таму, што некаторыя вершы і байкі я і зараз чытаю па памяці. Найбольш падабаецца вось гэты, ён як запавет:
Пакуль жывеш, развітвайся з жыццём
Штогодна, штогадзінна, штохвілінна,
Твой кожны дзень,
Забраны забыццём,
Лічы сваім найбольшым адкрыццём,
Ты — з дрэва часу
Кволая галіна…
Аўдыторыя змоўкла. Студэнт працягваў гаварыць.
...Ведаеце, Дзядзька Рыгор цікавы быў чалавек. Я чытаў некалькі яго інтэрв’ю. Яшчэ зусім нядаўна выдадзена яго кніга. Неяк я сутыкаўся з навіной аб яе выданні і быў узрадаваны, што Барадулін яшчэ не кінуў гэтай справы. Ён заўседы заставаўся беларусам. Памятаю, Глеб Лабадзенка збіраў грошы на дапамогу паэту. Колькі людзей адгукнулася! Дзядька Рыгор не пайшоў на паклон да ўлады. Ен застаўся пры сваіх думках, не змяніў сваіх поглядаў за грошы!
А чаму вырашыў пайсці на развітанне з Дзядзькам Рыгорам?
Насамрэч, я не ведаю. Яшчэ ўчора сумняваўся: ісці ці не. Ведаеце, было цяжка бачыць яго ў труне. Але ен застаўся і там беларусам. Было цяжка ўтрымаць слёзы ў той момант, калі чыталі яго вершы. Ідучы з касцелу я яшчэ бачыў вялікую колькасць людзей, якія ішлі з кветкамі ў руках. Многія выходзілі адтуль са слязьмі, а некаторыя ўжо ішлі з мокрымі вачыма. Пахавалі аднаго з апошніх абаронцаў роднай мовы. Ён яшчэ нядаўна казаў: „Можа, лепш было б, каб забаранілі родную мову“. Але і гэтым выразам дзядзька Рыгор паказаў сваю любоў да яе. Дарэчы, сення кветачніцы зарабілі шмат грошай на белых і чырвоных кветках. Але аддаючы мне ружы, жанчына спытала: „Вы да Барадуліна?“ Мусіць, гэтым усе сказана».
Вось такая размова са студэнтам-негуманітарыем прывяла мяне да важнай, важнай менавіта для сябе, высновы: Беларусь будзе жыць, бо сярод моладзі есць партыёты, прыхільнікі «старых традыцый», не касмапаліты, не людзі свету, а «чалавекі» маленькай зямлі беларускай.
У свой час пасля сустрэчы з Міхасем Міцкевічам (апошнім сынам Якуба Коласа) я вынесла думку: «Сапраўдная беларуская інтэлігенцыя сфарміравалася ў пачатку ХХ стагоддзя са звычайных вясковых хлапцоў, якія ўсімі сіламі імкнуліся адрадзіць родную культуру, даць права беларускаму народу людзьмі звацца. Сталін жа знішчыў яе. Другі раз такой ужо не будзе». Мусіць, Міхась Канстанцінавіч мае рацыю. Але я ўпэўнена, што сёння сустрэла новы тып беларуса-самародка. Не «свядомых», пра якіх з абразай гаворыць прэзідэнт, а звычайнага шчырага добрасумленнага беларуса, які ведае кошт беларускаму слову і вядзе жыцце на свой лад. Прыйшоўшы дадому, я падзялілась сваімі эмоцыямі з блізкімі. У адказ пачула: «Ты какие-то дикие вещи мне говоришь. США обвинили Россию в нарушении прав человека, а ты про Бородулина!» У адказ я толькі ўздыхнула: «Рускія, вы не можаце зразумець наш „малы“, неглабальны боль. Ды ці трэба тут спрачацца. У беларуса заўседы было свае „патаемнае“». Дзякуй табе, студэнт.