Глобус Беларусі. Пыл, плесня і крывізна нашай правінцыі

Боль • Адам Глобус
Па думцы знакамітага беларускага пісьменніка і мастака Адама Глобуса, мы робім наш сайт у гонар Джэймса KYKа – вялікага капітана і адкрывальніка новых земляў. Каб падцвердзіць гэтую ідэю, пісьменнік даслаў у KYKY занатоўкі пра некранутыя землі беларускай правінцыі.

Барысаў і лужына

Дзе я толькі не быў… У Пінску не быў, у Кракаве не быў, у Пікіне таксама не быў. І ў Барысаве я ніколі не быў. Там, кажуць краязнаўцы, былі Гітлер і Напаліён, але шчасця ў іх, ты ж ведаеш, не прырасло, ад наведвання беларускага горада на рэчцы Беразіна. Мае дарогі праляталі побач з Барысавам, а ў сам Барысаў так і не завялі. Туды дарога аднойчы завяла маю жонку – Алену. Даўно тое было, вядома – не ў часы Напаліёна і Гітлера, але даўно – за савецкім часам. У той дзень Барысаў гуляў напоўніцу, ішло свята працоўных – Першамай. Барысаў піў, шмат хто пакутваў ад смагі, бо стаяла задушлівае цяпло. Перад тым цяплом па Барысаву пракацілася магутная травеньская грымотная навальніца. На барысаўскіх вуліцах ляжалі вялікія лужыны. Жонка пабачыла, як дзяўчынка гадоў шасці прагна піла ваду проста з бруднай лужыны. Дзяўчынка стала каленьмі на дарожны пясок, рукі апусціла на дно лужыны, нахілілася так, што валасы ажно плавалі па вадзе і хлябтала, не раўнучы сабака. Калі я чую пра Барысаў, адразу згадваецца мурзатае дзіця, што п'е з дарожнай лужыны.

Гомель і мухі

Гомель горад вялікіх і нахабных мух. Яны мне назалялі на тэлебачанні. Я выступаў у прамым эфіры, а мухі лёталі па студыі. Яны спрабавалі сесці на твар якраз у той момант, калі аператар падаваў буйны план з тварам. Як жа я ўзненавідзеў гомельскіх мух! Бліскучыя, тлустыя, злые. Яны круціліся над усім жывым. Ад іх не было паратунку. Спадзяваўся, што яны толькі на тэлебачанні такія гнюсныя. Як жа-ж! І на вуліцах, і ў кватэрах, і нават у самалёціку, які ляцеў з Гомля ў Мінск, іх было поўна. Пасажыры выйшлі з самалёціка, а мухі засталіся. Яны не захацелі выходзіць, яны паляцелі назад у родны Гомель – царства тлустых мух.

Жодзіна і пыл

У Беларусі ёсць час пылу. Калі сыходзіць снег, а травы і лістоты яшчэ няма, ветер пачынае гнаць над сцяжынамі і дарогамі хмары з пяском і пылам. Дзень-два і ўсё навокал зазелянее, і пройдуць дажджы, ці нават пракоцяцца навальніцы, і пыл прыб'ецца. Час пылу трэба перачакаць, хаваючы вочы, каб іх не зацерушыла брудам, каб не падхапіць які гнойны кан'юктывіт. Можна падзякаваць нашай прыродзе, што час пылу ў Беларусі зусім кароткі. Ён кароткі паўсюль, акрамя як у горадзе Жодзіна. У ім вецер ганяе пыл і вясною, і летам, і ўвосень. Жодзіна самы запылены з нашых гарадоў, гарадкоў і мястэчак. Нават людзі ў ім нейкія, нібыта прыпыленыя, нібыта прыцярушаныя незмыўнай шэрасцю. Яны ўвесь час гавораць пра ваду, пра вадаспады, пра купанне. Можна падумаць, што яны і мыюцца больш за астатніх беларусаў, але навідавоку застаецца іх шэрасць, бо ў Жодзіна і з Жодзіна ідуць самыя пыльныя дарогі.

Полацк і плесня

Полацк заўсёды пахне плесняю. Тые, хто ў ім жывуць, прызвычаіліся да вільготных водараў плесні, цвілі і бросні. Чужынцу ў Полацку цяжкавата, бо ён адчувае нездароўчасць у полацкім паветры. Гэтая нездароўчасць чымсці нагадвае дух жывёльнай старасці. Полацк даўно састарэў і пазарастаў плесняю. Рэстаўратары спрабуюць пазмываць і пасашкрабаць плесню. Рамонтнікі з малярамі плесню ссякаюць ці зафарбоўваюць. Але плесня мацнейшая і за рэстаўратараў з іх навуковымі ды мастацкімі падыходамі, і за рамонтнікаў з іх радыкальнымі захадамі. Плесня ў Полацу паўсюль і ва ўсім. Полацк нечым нагадвае пеніцылінавы завод, на якім вырабляюць моцны антыбіётык. Усё жывое крыху пабойваецца такога моцнага антыбіётыка. Можа таму, большасць маіх знаёмых паэтаў і мастакоў, што некалі жылі ды працавалі ў Полацку, паўцякалі з яго. Хто ў Мінск, хто Расею, а хто і ў Амерыку. Разумею, яны паўцякалі ад плесні, цвілі і бросні. Гэта я цудоўна разумею, але чаму яны ўсе, як адзін, усё яшчэ працягваюць усхваляць свой кінуты Полацк? Не разумею. Хіба што пагадзіцца з Леанарда і прызнаць, што менавіта плесня – асноўная форма жыцця на зямлі. Ды нешта няма жадання пагаджацца…

Віцебск і мінуўшчына

Фото: Сергей Никоноров

Віцебск абцяжараны мінуўшчынай. Не адзін горад у Беларусі так не пакутуе праз сваё мінулае, як Віцебск. Малевіч, Шагал, Лісіцкі, Чашнік, Хадасевіч, рэвалюцыя, “Чорны квадрат', “Чырвоны квадрат', “Белы квадрат', супрэматызм, экспрэсіянізм, Пэн, Дабужынскі… У Віцебску такая яркая культурная мінуўшчына, што ягоная сучаснасць выглядае бляклай і прэснай. Што ёсць у Віцебску? Дамок, дзе жыў Марк Шагал і ягоная каханая Бэла? Пару дамкоў, якіе некалі разфарбоўваў Казімір Севярынавіч Малевіч? Толькі ні Малевіча, ні Шагала, ні палотнаў з супрэматычнымі кампазіцыямі, ні рэвалюцыйных настрояў у Віцебску зараз няма. Шэрыя масты, над шэрай рэчкаю, шэрыя мікрараёны і шэрыя заводы… Праўда, у шэрых мікрараёнах можна знайсці, калі добра пашукаць, сціплыя бардэлі з правабнымі віцяблянкамі. Пяшчоту і ласкавасць яны падораць, але разам з пяшчотай могуць падаравацца і вошы.

Наваградак і лёд

Некалькі разоў трапляў у Наваградку пад ледзяны дождж. За нейкіх пяць хвілін усё навокал запакоўваецца ў паўпразрысты лёд. Ездзіць па слізгаце... Ды што там ездзіць... Хадзіць па грудах Наваградка робіцца небяспечна. Жыццё ў горадзе спыняецца. Ніхто нікуды не ідзе. Ніхто нікуды не едзе і не ляціць. Гэта лёгка перажыць, калі ты жыхар гэтага самага заледзянелага і слізкага Наваградка. А калі ты не мясцовы і табе тэрмінова трэба ў Наваельню, у Мір ці Мінск? Тады ў бліскучым ад лёду Наваградку робіцца зімна, няўтульна і гадка. Узімку лепей аб'язджаць Наваградак трэцяй дарогай. Улетку па Наваградку можна крыху пагуляць толькі ў сонечны дзень. Ды колькі тых сонечных дзён у нашай Беларусі, каб марнаваць іх на вераломны Наваградак…

Брэст і цэгла

Брэст горад чырвонай цэглы. Той цэглы ў Брэсце не больш, чым у іншых беларускіх гарадах, але ж у ім ёсць чырвоная цагляная крэпасць. Яе часам называюць крэпасць-герой. Яна ніколі нікога не абараніла. Крэпасць спрабавала бараніць сама сябе, але і гэта ў яе не атрымалася. Майстры прапаганды прыдумалі зрабіць з крэпасці ваеннага героя і зрабілі так, што горад Брэст стаў дадаткам да паўразбуранай крэпасці. У савецкай імперыі ў Брэсце акрамя крэпасці з цыклапічнымі выродлівымі скульптурамі дзецям паказвалі замежжа. Савецкіх дзяцей прыводзілі на мост, які злучаў берагі над рэчкаю Буг. З маста можна было пабачыць Захад, замежжа, Польшчу. Прапагандыст казаў, што ў замежжы нічога дзіўнага няма. Сапраўды, там за Бугам я пабачыў звычайнае жыццё, у якім адзін селянін абганяў канём бульбу, а другі пасвіў каровы. Зялёнае замежжа мне спадабалася, яно было рыхтык як жыццё маіх дзеда з бабай у вёсцы Варакомшчына. Крэпасць з яе вайною і чырвонай цэглай я не люблю.

Касцюкоўка і моль

Ёсць пад Гомлям пасёлак Касцюкоўка. Ён некалі вырас вакол шклозавода, па-нашаму – гуты, таму моцна адрозніваецца ад беларускіх мястэчак сваім выразна пралетарскім каларытам. Як дзіця савецкай індустрыалізацыі, Касцюкоўска больш урбаністычная за шмат якія вялікія беларускія гарады, кшталту Гародні ды Баранавічаў. І ўсё адно ў ёй вісіць густы правінцыйны нафталінавы дух. У Касцюкоўцы ўсё наскрозь другаснае, прыпсаванае, пабітае моллю. Сама Касцюкоўка шэрая да мярцьвянасці. Таму на гербе Касцюкоўкі варта намаляваць вялікую шэрую моль.

Лагойск і дождж

Фото из материала

Для мяне Лагойск – самае дажджыстае месца ў Беларусі, менавіта там я шмат разоў вымакаў наскрозь. Летам я трапляў пад навальнічныя залевы, а ўзімку мок пад густымі дажджамі ў час адлігі. Вясною я таксама некалькі разоў прамок пад лагойскім дожджыкам. Калі мокнеш у сваім горадзе, дык ведавеш, што вернешся дамоў, прымеш гарачы душ ці нават гарачую ванну, пап'еш гарбаты з малінавым сочывам, нацягнеш на сябе цёплы швэдар і не захварэеш. Пад дажджом у чужым горадзе неўтульна, золка і маркотна. Ты ідзеш у гатэль, там халодна і змрочна. Ты залазіш пад тонкую коўдру і доўга не можаш сагрэцца. Цябе калоціць ліхаманка. Ты прачынаешся хворы з цяжкай галавою. Хочацца як хутчэй сабраць рэчы і вярнуцца ў Мінск, але справы і дамоўленасці зноў выганяюць цябе пад лагойскі дождж.

Тураў і вада

Фото: Александр Васюкович

У беларусаў з Палесся ёсць дадатковы смяротны грэх. Яны лічаць, што нельга спраўляць малую патрэбу ў ваду. Нават калі вялікая паводка затопіць увесь горад, кшталту якога Турава, дык трэба сядаць у човен, плыць да высокага ды сухога месца і толькі на ім сікаць. Вада для палешукоў – святое, і ў Тураве, і ў Пінску, і ў Драгічыне.

Мазыр і аднабокасць

Мазыр стаіць на адным баку рэчкі, і праз гэта ў ім склалася аднабокасць. Мазыр падобны да прастадушнага чалавека з адной моцнай правай рукой. Аднарукасць і аднабокасць Мазыра праяўляецца ў пэўнай баязлівасці, горад нібыта баіцца спаўзці ў рэчку і там утапіцца. Ён увесь час адступае, адсоўваецца, адпаўзае ад вады. Вакол Мазыра шмат соснаў, але большасць з іх нізкія, крывыя і аднабокія.

Нясвіж і свежасць

Фото: maloo.livejournal.com

Нясвіж горад не свежы. Як і большасць гарадкоў, у якіх няма чыгункі, Нясвіж вялы і сонны. Такая ж соннасць, вяласць і нясвежасць ёсць у Мсіслаўлі, у Наваградку, у Міры, але ў Нясвіжы ўсе гэтыя хібы ўзорныя. Ад нясвіжскага азярца тхне балотам. Моцна тхне. Некалі я думаў стварыць у Нясвіжы яркае пано на сцяне кінатэатра. Быў зроблены эскіз з вялікімі тэатральнымі маскамі, якія мусілі смяцца і плакаць над шырокім пляцам. Эскіз так і застаўся нерэалізаваны, ён вельмі хутка, як і ўсё ў Нясвіжы страціў свежасць. Яго праплацілі і пакінулі ляжаць да лепшых і свежых часоў.

Івянец і мароз

У Івянцы я быў шмат разоў, і зімой, і летам. Але ў маіх успамінах Івянец існуе выключна зімовым горадам, быццам там стаіць вечны непазбыўны люты, як у замку Снежнай каралевы. Там, у заўсёднай івянецкай марознай зіме ідуць адно за другім пахаванні, на якіх жанчыны ў чорных хустках галосяць і паўтараюць у слёзным плачы: “А ляжыш, ты наш харошы, на марозе ў адным пінжаку...' У час апошняй вайны, у лесе пад Івянцом, савецкія партызаны растрэльвалі нашага сваяка Анатоля. Яны моцна паранілі хлопца і прысыпалі снегам. Ён ачомаўся, выпаўз з яміны і пабег праз лес у Івянец. Партызаны беглі за ім каб дабіць, але ў горад лезці пабаяліся. Анатоль, ці як у нас казалі – Толюсь сканаў на ганку бацькоўскай хаты.

Ворша і крывізна

Фото из паблика

Ворша горад негатыўны. Можа ў некага інакш, а на мяне ад Воршы ідзе суцэльны негатыў. На станцыі там стаіць цёмны, ледзь не чорны помнік Канстанціну Заслонаву, які ўзрываў цягнікі. Ты пад'язджаеш на цягніку да Воршы і бачыш помнік чалавеку, які спраўна вёў рэйкавую вайну. Ты ад'язджаеш на цягнігу з Воршы і зноў бачыш партызана Канстанціна, які вырабляў бомбы. Добра, што тая рэйкавая вайна даўно скончылася, але ж цяпер ёсць іншыя бамбісты, якія падрываюць бомбы ў нашым метро. Можна казаць, што гэта розныя рэйкі і розныя бамбісты. Так, яны сапраўды розныя, але ж усе яны бамбісты, ад якіх тхне крывёю, вайною і тэрорам. Калі бамбісты ў нашых краях сустракаюцца ўсё ж не часта, дык п'янтосаў шмат на кожным кроку. У Воршы іх, як для мяне, і зусім многа. Адзін мяне запрашаў пажыць у доме над Дняпром і выхваляўся новай срайняй. Другі абяцаў пакатаць на Дняпры ў маторнай лодцы і напаіць самай смачнай самагонкай. Не прыняў я запрашэнні. І вось чаму… У Воршы ўсе шпакоўні крывыя. А калі якая і не крывая дык яна крыва павешаная. Уяві сабе – што за людзі жывуць у горадзе, дзе ўсе шпакоўні крывыя і крывапавешаныя.

Заметили ошибку в тексте – выделите её и нажмите Ctrl+Enter

Жестокий Тархун. Как краситель влияет на внимание детей

Боль • Дмитрий Мелеховец

История началась в магазине, когда корреспондент KYKY Дмитрий Мелеховец решил приобрести напиток «Соччи» и прочел этикетку: «Краситель может отрицательно влиять на внимание и активность детей». KYKY разобрался в видах красителей и протестировал на внимание редакционных детей.