Што будзе з беларускім рублём

Боль • Мiкалай Янкойць
«Трымаць грошы ў беларускіх рублях сёння — нібы гуляць ў „рускую рулетку“ пры тым, што з пяці дзірак у барабане чатыры — з кулямі». Эканамісты Зміцер Крук і Яраслаў Раманчук падзяліліся з KYKY бязрадаснымі сцэнарамі ўплыву абвала расійскай эканомікі на беларусаў: дэвальвацыя, стагнацыя, боль і тлен.

Зміцер Крук, эксперт Беларускага эканамічнага даследча-адукацыйнага цэнтра (BEROC):

Зміцер Крук

Сітуацыя ў Расіі паўплывае на беларусаў негатыўна. У першую чаргу ўплыў будзе на беларускі экспарт, бо знешні гандаль — асноўны канал, праз які мы адчуваем праблемы расійскай эканомікі. Неабходна абясцэньваць наш рубель у адносінах да даляра і да расійскага рубля, каб аднавіць канкурэнтаздольнасць на расійскіх рынках. А гэта абясцэньванне, у сваю чаргу, паўплывае на іншыя паказчыкі.

Дэвальвацыя, хутчэй за ўсё, будзе. Неабходнасць значнага зніжэння курса беларускага рубля да расейскага ўжо саспела. Як мне здаецца, лепшае выйсце — адмовіцца ад любых курсавых інтэрвенцый з боку Нацбанка, адпусціць беларускі рубель у свабоднае плаванне і ўздзейнічаць на курс перш за ўсё працэнтнымі стаўкамі. Не як у 2009 годзе, калі значэнне курса перагледзелі нарматыўна. Трэба давесці курс рубля да рыначнага ўзроўню. Гэта можа адбыцца даволі хутка, дэвальвацыя можа быць рэзкай — але ў дадзеным выпадку гэта найлепшае выйсце.

 


Трэба адпусціць беларускі рубель у свабоднае плаванне.

 

Прадказаць канкрэтныя даты, канешне, немагчыма. Улады могуць прыняць рашэнне як мага даўжэй падтрымліваць той курс рубля, што склаўся сёння, але гэта прывядзе да значных страт эканомікі. Адзінае, на што можна спадзявацца — рэзкі адскок у Расіі ў студзені-лютым, падвышэнне сусветных коштаў на нафту — але такі сцэнар ужо здаецца амаль неверагодным. На мой погляд, рэагаваць трэба сёння.

Негатыўны трэнд расійскай эканомікі абазначыўся даволі даўно, з 2012 года ішло паступовае запавольванне тэмпаў роста, пазыкі расійскіх кампаній ужо тады былі надта вялікімі, пачаўся адток капітала. Санкцыі Захаду ў бок Расіі яшчэ ўскладнілі сітуацыю, а больш за ўсё на становішча паўплывала зніжэнне цэнаў на нафту.

Прагназаваць, як эканамічная сітуацыя адаб’ецца на выбарах у Беларусі ў 2015 годзе, вельмі цяжка. Калі ўлады прымуць неабходнае рашэнне сёння, то да выбараў сітуацыя можа супакоіцца, але калі пік праблемы прыйдзецца менавіта на выбары, то можа адбыцца ўсё, што заўгодна.

Яраслаў Раманчук, кіраўнік Навукова-даследчага цэнтра Мізеса:

Яраслаў Раманчук

Тое, што адбываецца ў Расіі — сапраўдны шок. Залежнасць Беларусі ад Расіі такая, што нават пры значна меншых пагрозах беларуская эканоміка апынулася б у рэцэсіі. Сённяшнія падзеі — сапраўдны ўдар, форс-мажор, нагода разглядаць надзвычайныя становішчы ў эканоміцы.

Без дэвальвацыі не абыдзешся. Але адной дэвальвацыі не хопіць: трэба радыкальна змяняць эканамічную палітыку, неабходна даслаць сігналы для эканомікі, для банкаў, для людзей, якія маюць уклады ў рублях і ў валюце, каб пазбегчы панікі. Цэнтральны Банк Расіі нічога не рабіў, дыялога паміж Крамлём і людзьмі не было — і гэта прывяло да панікі. Калі беларускі ўрад нічога не будзе рабіць, паніка будзе і ў нас. Зараз Урад і Нацбанк прымаюць абсалютна міфічны і ўтапічны бюджэт, асноўныя накірункі сацыяльна-эканамічнага развіцця на наступны год. Спадарыня Ермакова вызначае курс даляра на наступны год — 11.500, мяркуе, што нафта будзе каштаваць 83 даляры за барэль, а даляр — па 47 расійскіх рублёў… А гэта ж не дзеці, якія недзе ў пясочніцы гуляюць, гэта людзі, якія на чале краіны стаяць! Гэта страшэнна, гэта вялікая пагроза для нас усіх. Без грамадска-дзяржаўнага дыялога крызіс будзе толькі паглыбляцца, і яго памеры могуць быць большымі, чым у 2011 годзе.

Я думаю, што яшчэ да канца гэтага года беларускі рубель трэба дэвальваваць мінімум на 30%. 

Для ўстойлівасці і гэтага будзе мала, але Нацбанк павінен нейкім чынам паказаць разуменне пагроз, якія выцякаюць з абвалу расійскага рубля. Заробкі, безумоўна, зменшацца ўжо ў бліжэйшы час. Паколькі ў Расіі сярэдні заробак сёння складае каля 450 $, то беларусам трэба рыхтавацца да заробкаў у 250–300 $. Не час думаць пра тое, як людзі будуць успрымаць такія заробкі — 300 даляраў замест 600–700 ці нават 1000, пра якую казаў Пракаповіч. Беларусам, якія маюць крэдыты, трэба думаць пра тое, каб скараціць выдаткі прынамсі напалову, каб перажыць гэты крызіс. Мы робім заначкі на чорныя часы — дык вось гэтыя чорныя часы і наступаюць.

Пад новы год беларус з нашым усё яшчэ дарагім рублём ці з далярам можа прыехаць у Расію і скупіць усё, па сутнасці, за палову кошту: расійцы пакуль не падымаюць цэны. Думаю, праз месяц-два такой магчымасці ўжо не будзе, таму сёння адбываецца актыўнае паломніцтва беларусаў у Расію. У гэтым годзе не расіяне будуць прыязджаць на навагоднія вакацыі ў Беларусь, а наадварот, беларусы паедуць у Расію. Гэта можа крыху зменшыць той боль, які прыйдзе, калі наша ўлада зразумее, што сённяшнюю курсавую палітыку немагчыма падтрымаць нават на працягу квартала.

Цікава, як беларусы будуць успрымаць тое, што адбываецца ў нашай краіне. Відавочна, што беларускі ўрад на чале з Лукашэнка нічога не зрабіў для дэрусіфікацыі эканомікі ў апошнія 10–15 год. Нафтагазавы «грант» зрабіў урад імпатэнтным да эканамічнай палітыкі, нічога не зроблена ні для прыватызацыі, ні для структурных рэформаў, ні для таго, каб наша эканоміка працавала з еўрапейскімі, азіяцкімі і амерыканскімі інвестарамі. Мадэль, якая працавала выключна за кошт Расіі, зараз дэградуе разам з Расіяй.

Той факт, што сёння Лукашэнка прапаноўвае Міністэрству гандлю, Міністэрству аховы здароўя, Міністэрству архітэктуры і будаўніцтва замарозіць цэны, сведчыць, што прэзідэнт не быў гатовы да такога сцэнару. Ён дзейнічае як у савецкія часы: замарозіць, не пушчаць, забараніць…

Гэта не тая мова, якую людзі разумеюць сёння. Таму, думаю, рэагаваць на ўсё яны будуць прадказальна: забіраць грошы з банкаў пад кубышку, пад матрас, і чакаць, пакуль сітуацыя стане больш-менш нармалёвая. Як толькі людзі ўсталююць у галаве прычынна-выніковыя сувязі, яны рынуцца ў абменнікі. Трымаць грошы ў беларускіх рублях у сённяшнім становішчы, калі не ўстойлівыя ні банкаўская сістэма, ні прамысловасць, ні аграрны комплекс — нібы гуляць ў «рускую рулетку» пры тым, што з пяці дзірак у барабане чатыры — з кулямі.

 

Заметили ошибку в тексте – выделите её и нажмите Ctrl+Enter

Котенка жалко

Боль • Дмитрий Мелеховец

Вчера Минторг закрыл три магазина «Гиппо» в минском районе, что вызвало обсуждение в социальных сетях: «А в других магазинах нет нарушений?» — писали минчане. Нарушения есть везде. Только масштаб и последствия разные. Вечером в редакцию обратился рок-музыкант Федор Живалевский, который сообщил, что после покупки корма в «Рублевском» умер его котенок.