Аналітык-міжнароднік Аляксей Лявончык бачыў шмат падзенняў улад і ведае, што было потым. Таму менавіта ён напісаў для KYKY калонку пра парламенцкія выбары ў Польшчы — пра тое, што адбываецца з урадам праз восем лет кіравання, і чаму ўсе адно надыходзіць час саступіць (не ў нашай краіне, вядома).
Калі вы не разумееце, што адбываецца, але вельмі цікава, кароткая даведка: у гэтую нядзелю ў Польшчы адбыліся парламенцкія выбары. Фінальных вынікаў яшчэ няма, але, паводле звестак экзітполаў, у гонцы ўпэўнена лідзіруюць апазіцыйныя партыі. «Грамадзянская кааліцыя» (на чале з экс-прэм'ерам Дональдам Тускам), «Трэці шлях» і «Лявіца». Усе яны хочуць аб'яднацца, каб перамагчы пакуль што кіруючую партыю «Права і справядлівасць», якая знаходзіцца ва ўладзе ў Польшчы ўжо восем гадоў. І, здаецца, у іх атрымліваецца.
«БТ на максімалках». Што 8 гадоў рабіла PiS — і чаму шмат беларусаў супраць яе?
Ужо цяпер відаць, што пасля парламенцкіх выбараў у Польшчы правячая «Права і Справядлівасьць» (PiS) губляе ўладу. Гэта азначае канец васьмі год кіравання партыі, якая паспрабавала дэмантаваць польскую судовую сістэму, пастрожыла доступ да абортаў, пры якой навінавы сэрвіс польскага публічнага надаўцы пераўтварыўся на навіны на БТ на максімалках. Я не жартую.
Замашкі PiS шмат дзе нагадваюць Лукашэнкаўскія.
Наезд на суды і спроба іхнага дэмантажу, выкарыстаньне публічных медыяў для цкаваньня апанэнтаў і падобнае.
Але давайце пакрысе. PiS прыйшоў да ўлады ў 2015 годзе на тле стомы і, відаць, пачуцця адарванасці ад народа Грамадзянскай платформы — якая акурат зараз хутчэй за ўсё і стане вядоўнай сілай у будучай кааліцыі пераможцаў. А зараз прайграе менавіта таму ж.
Палітычна PiS знаходзіцца на досыць далёка правым баку палітычнага спэктру; эканамічна — на левым. Такі парадокс. Скарыстаўшыся ляпамі папярэдняга ўраду, PiS дэмантаваў незалежнасць Канстытуцыйнага суда, усадзіўшы на ягоным чале вядомую сваімі эпатажнымі выказваннямі Юлію Пшылэмбску. Калі той пастанавіў, быццам бы законы Эўразвязу ня маюць вяршэнства над польскімі — на гэта амаль ніхто ў Еўропе не завярнуў увагі.
Далей партыя Качынскага паспрабавала падначаліць сабе Вярхоўны суд, затым і шараговыя суды, але тут здарылася неспадзяначка: Эўразвяз нарэшце разгледзеўся, што адбываецца нейкая лажа, і ўключыўся ў той спосаб, у які ўмее лепш за ўсё: фінансавы. Польскія працэсы сталі апошняй саломінкай, якая прымусіла блок завязаць грошы краінам-сябрам (і Польшчы) на датрыманьне дэмакратыі і правоў чалавека. З таго часу Польшча ніяк ня можа займець сабе грашэй ані з кавіднага фонду адбудовы, ані нават з цэнтральнага саюзнага бюджэту. Во гэтая фінансавая кара і прытармазіла далейшую «рэформу» судовай сістэмы.
Далей PiS запомніўся абортамі: Польшча стала другой пасля Мальты краінай па жорсткасьці закона аб абортах. Што спрычынілся да масавых дэманстрацый, а таксама некалькіх рэзанансных выпадкаў, калі цяжарныя жанчыны паміралі ў шпіталях, бо лекары не жадалі выклікаць аборту, баючыся крымінальнага перасьледу.
Сацыяльна PiS перасьледаваў палітыку цалкам сабе левую, раздаючы направа і налева розныя датацыі розным групам насельніцтва. Знакавай з усіх гэтых датацый стала вядомая нават у суседзяў 500+. Па 500 злотых штомесяц на кожнае дзіця. Партыя спадзявалася, што гэта дапаможа падвысіць нараджальнасьць. У выніку да выбараў 2023 года Польшча прыйшла з найгоршымі паказчыкамі скарачэньня насельніцтва за трыццаць год.
Але PiS дапамагала беларусам?
Правячая партыя была вельмі паслядоўнай у дапамозе беларусам, якія ўцякалі ад рэпрэсіяў, ад самога пачатку. Атрыманне віз на мяжы ў 2020 годзе, выдача гуманітарных візаў тым, хто баяўся арышту, а потым магчымасьць падаўжэньня гумвізы ці атрыманьня ВНЖ на падставе гэтай «гумкі» ўнутры Польшчы — усё гэта польскі ўрад рабіў і робіць вельмі паслядоўна. Калі пачалася вайна ва Ўкраіне афіцыйная Варшава не павялася за літоўцамі, чэхамі і эстонцамі ў абмежаваньні правоў беларусаў, якія жылі ў Польшчы.
Наадварот, усе спрашчэнні з атрыманнем гуманітарных візаў і выдача дакументаў іншаземца і тым беларусам, у якіх канчаецца пашпарт, акурат прыпалі на перыяд пасля пачатку расейскага уварвання.
З апошняга: пасля таго, як Лукашэнка забараніў аднаўляць пашпарты за мяжой, Польшча вырашыла, што ня будзе ставіць пячатак у беларускія пашпарты, каб ашчадзіць старонкі. Міла, праўда?
А як ставілася да Украіны?
Зыходзячы польскі ўрад быў адным з самых паслядоўных лабістаў дапамогі Ўкраіне зброяй і грашыма, каб Пуцін захрас. Польскія топавыя палітыкі былі аднымі зь першых, хто адведваў Кіеў, калі той бамбілі кожны дзень. Польская амбасада ў сталіцы Украіны працягвала працаваць даўжэй за астатнія (апроч брытыйскай). Польшча стварыла для ўкраінцаў асобны эміграцыйны статус, паводле якога яны мелі права на працу проста таму, што ўцеклі падчас вайны.
Праўда, па меры набліжэньня да выбараў стасункі з Кіевам сталі горш. Спачатку PiS стала лабістам забароны імпарту збожжа з Украіны (фермеры — патэнцыйны электарат партыі, iх пільна трэба было ўблажыць). Потым пачаліся абвінавачваньні ў няўдзячнасьці (гэта каб адцягнуць ад Канфыэдэрацыі, краіне правых польскіх нацыкаў, антыўкраінскі электарат). Праўда, фактычна збройная і грашовая падтрымка не спынялася, але рыторыка пераўтварылася на на вельмі кіслотную.
Дык чаму партыя PiS на самой справе прайграла?
Прайграў PiS ад камбінацыі чыннікаў. Па-першае, стома. Па-другое, перманэнтныя скандалы з Эўропай, каторую 85% палякаў любяць і паважаюць. Па-трэцяе, карупцыйныя скандалы, зацісканьне права на аборты, спроба дэмантажу судоў. Па-чацьвертае — візавы скандал. За тры месяцы да выбараў выявілася, што за часам PiS польскія кансуляты выдалі сотні тысяч візаў грамадзянам краінаў, якія PiS афіцыйна ня любіць (я пра Бангладэш, Пакістан, Нігерыю). Мала таго, што атрымальнікі гэтых віз потым расчыніліся за заходняй мяжой у Нямеччыне й Францыі, дык і за саму візу плаціліся тысячы даляраў.
Сумна выйшла, з аднаго боку антымігранцкая рыторыка, з другога — масавая выдача візаў тым краінам, на якія правячая партыя увесь час вербальна нападала.
У жыцьці беларускіх мігрантаў нешта зьменіцца пасьля зьмены ўрада?
Нічога. Падтрымка беларускай грамадзянскай супольнасьці была справай гонару як для PiS, так і апазыцыі (якая цяпер стане ўрадам). У стасунках з Украінай таксама усё застанецца як і было. Мінус кіслотная рыторыка пра няўдзячнасьць і рэгулярныя скандалы з імпартам зерня.
Што датычыць зменаў у Польшчы — спадзяюся, будзе адкачаныя змены з судамі, публічны моўнік зноў стане моўнікам, а не рупарам прапаганды, Ну і Польшча нарэшце выйдзе з лягерку Орбана і далучыцца да галоўных гульцоў Эўразвязу. Там яе чакаюць.