Вытокі. Камедыя
Калі не лічыць дзіцячых вершаў, беларуская літаратура шмат для каго пачынаецца з «Камедыі» Марашэўскага. Нас на гэтую п'есу вадзілі ў тэатр усім класам. Сутнасць сюжэта ў тым, што селянін б'ецца аб заклад з чортам, што зможа прамаўчаць гадзіну. І не вытрымлівае! Язык яму развязвае, вядома ж, гарэлка, якую падсоўвае хітраваты карчмар.
П'еса ледзь паспявае пачацца, а мы ўжо даведваемся, што Дзёмка (так завуць селяніна) мае пазыку за гарэлку перад карчмаром. Алкагольныя напоі тады былі не таннымі, і ўжываць іх штодня было па кішэні хіба што шляхце. А сялян непамернае захапленне «гарэліцай» вельмі хутка даводзіла да жабрацтва. Пачытаць хаця б верш Яна Баршчэўскага:
«Ах ты ж, мая гарэліца, мая весялуха,
Цераз усю мяне ночку мучыла сукруха.
Ці мне ж было гэта лоўка, што я усю ночку
Толькі відзеў ува сне парожнюю бочку?
А цяпер жа я даждаўся, вот тут загуляю,
Гуга, гуга! — загукаю і запаклікаю.
Ці мне ж у галаве хатка, ці дзеткі, ці жонка?
Яшчэ ж у мяне з грошыкамі бразгае машонка»
Зусім іншая справа — шляхта. Тут пілі з густам, перавагу аддавалі налівачкам, настоечкам і іншым самаробным напоям, насуперак алкагольнай жарсці, ствараючы сапраўдную культуру ўжывання. У «Аптэчцы прыемнай» — патаемнай шафе ў панскім маёнтку, ключык ад якой мела толькі гаспадыня — захоўваўся і пяршак з хатняй браварні, і завадская гарэлка «прэміюм-класа». Адам Міцкевіч не дасць збрахаць: ужытыя з густам алкаголі дапамагалі шляхцічам пачатку XIX стагоддзя ператвараць жыццё ў казку.
«Польскі літаратуразнаўца Мар'ян Рынкевіч у свой час здзіўляўся, што амаль усіх персанажаў “Пана Тадэвуша' мы сустракаем нападпітку, а некаторых — п'янымі ў дым. І ён задаецца пытаннем, колькі ж пілі ў тыя часы, — распавядае культуролаг Сяргей Харэўскі. — Узяў за ўзор статыстыку Гарадзеншчыны 1814 года. Там на чалавека прыпадае нейкая неверагодная колькасці алкаголю. Рынкевіч нават жартуе, што ў параўнанні з “тымі' палякамі сучасныя — амаль цвярознікі».
Міцкевіч ніякай праблемы ў гарэлцы не бачыць. Вясёлае застолле ён апісвае ў «Пане Тадэвушы» так:
«Хапіліся ў абдымкі ў радасці бяскрайняй
Мужык і граф, крыж з мітрай, карабель з параем.
Забыліся пра ўсё і на'т пра бернардына,
Крычалі весела: 'Гарэлкі! Мёду! Вінаў!'»
І так:
«Кладуць сто вогнішчаў. Вакол дыміць, сквярэцца,
Сталы пад мясам гнуцца і гарэлка льецца».
Любіў Адам Міцкевіч гэтую справу!
«Пі гарэлку, покі п'ецца!»
«П'янства спадарожнічае беларускім пісьменнікам ад пачатку, — пацвярджае нашы здагадкі літаратурны крытык Ціхан Чарнякевіч. — Можна ўзгадаць кватэру Янкі Купалы, дзе лілося ракой цягам 1920-х — 1930-х, ды ягоную прафесію памочніка вінакура на бровары пад Мінскам. Аднак тады ў творах п'янства хутчэй выкрывалася як гібельная звычка».
Сялянскі сын Янка Купала не мог не бачыць татальнага п'янства, якое ахапіла вёску на мяжы стагоддзяў. Адзін з першых вершаў Купалы, датаваных 1905-1907 годам, напісаны ад імя гарэлкі:
«Атрутай маею
Хто стаў залівацца,
Астаўце надзею
Мець шчасьце у хатцы».
Але зусім іншы настрой у «Новай зямлі» Якуба Коласа, якую часта называюць энцыклапедыяй беларускага жыцця. Тут і прымаўкі («Касцей гарэлка не паломіць!») і песенькі:
«Пі гарэлку, мой суседзе,
Покі п'ецца!
Конь дадому сам заедзе,
Не саб'ецца»
— і шматлікія застоллі, падчас якіх жанчыны п'юць не менш за мужыкоў. Але не звычайную гарэлку, а настойку, у якую дадавалася слодыч.
Апошнія словы Караткевіча
Шмат п'юць героі Уладзіміра Караткевіча — ці не таму, што вельмі любіў гэтую справу і сам пісьменнік. Адам Глобус у апавяданні «Алькаголь», прысвечаным якраз таму, як і навошта п'юць беларускія літаратары, распавядае пра показку, якая аднойчы прыйшла ў «паштовую скрыню» газеты «Наша Ніва»:
«Памiрае Караткевiч. Ляжыць непрытомны. Вакол сядзяць сябры-таварышы й чакаюць апошняга слова прарока. Усiм цiкава, якое яно, запаветнае слова.
— Беларусь! — кажа Мальдзiс.
— Бацькаўшчына! — запэўнiвае Кiсялёў.
— Чарка! — мармыча Невядомы.
— Радзiма! — выказвае вэрсiю Барадулiн.
— Айчына! — гаворыць Брыль.
Тут да Караткевiча вяртаецца сьвядомасьць. Усе схiляюцца, каб толькi не прапусьцiць СЛОВА.
— Адам Глёбус, — прашаптаў Караткевiч i памёр.
Пераказаў мне показку Сяргей Харэўскi й не прамiнуў спытацца, цi ня я сам склаў анэкдот.
— Не. Бо ведаю сапраўднае апошняе слова Караткевiча.
Дактары забаранiлi дзядзьку Ўладзiмеру пiць. Ён паабяцаў. А хто з нас не абяцаў кiнуць пiць! Паабяцаў i вырашыў паехаць у вандроўку ў Палесьсе. Вандраваў Караткевiч зазвычай з найлепшымi сябрамi: Валянцiнам Ждановiчам i Пятром Драчовым. У вандроўцы Караткевiч не стрымаўся й выпiў. Яму стала кепска, i сябры прывезьлi яго дамоў. А тут яму зрабiлася яшчэ горш. Сястра выклiкала хуткую дапамогу. А два санiтары папрасiлi мяне з братам, як найблiжэйшых суседзяў, дапамагчы iм зьнесьцi дзядзьку Ўладзiмера да машыны й з машыны выгрузiць на бальнiчную каталку. У Караткевiча адкрыўся крывацёк у страўнiку. Ён пакутаваў i паўтараў толькi адно слова: “Пячэ'. Празь некалькi дзён дзядзька Ўладзiмер пакiнуў наш п'яны сьвет».
«Спосаб прасвятлення запалошнага духу»
«Цяпер жа п'янства ў творах выводзіцца выключна ў пазітыўным ключы, як спосаб прасвятлення запалошнага духу альбо ў настальгічна-мемуарным кшталце, — працягвае Ціхан Чарнякевіч. — П'янства можа быць абумоўлена сітуацыяй у краіне, як у вершы Уладзіміра Някляева, але найчасцей прычына ў класічным брутале, анале і фрактале.
Найбольшую прыхільнасць персанажы адчуваюць да напояў высокага градусу. У рамане 'Шклатара' Артура Клінава філосафы і выдаўцы ва 'Ўгарні' ужываюць шмат каньяку. Нястомна п'юць усё, што можна, героі 'Дэгенератыўнага слоўніка' Сірошкі Пістончыка, аддаючы даніну павагі і нетрадыцыйным самапальным напоям. У вершах Уладзіміра Арлова ня раз згадваецца сухое чырвонае, а насуперак яму Андруша Лазуткін залівае старонкі сваёй другой кнігі 'Паліталогія' пладова-ягадным бырлам».
Зусім іншае стаўленне да алкаголю ў лірычных герояў Андрэя Хадановіча. На маю просьбу паэт прыгадвае некалькі сваіх твораў, героі якіх «ужываюць». Тут знаходзіцца месца і бельгійскім манахам-трапістам, і чароўнаму напою з Ірландыі, і бурбону аднекуль з прастораў штата Кентукі. А п'юць людзі самых розных нацыянальнасцяў і прафесіяў, у тым ліку і сам аўтар.
«Блукаючы ў тропіках ракаў нябёсны экватар
з бляшанкаю miller'а перасякаеш бамжом
і два сузор'і вялікі й малы экскаватар
на знак старога знаёмства матляюць табе каўшом». («Папрыка зорак»)
У вершы гарэлка робіцца архітыповай спадарожніцай беларуса:
«Кожны трэці п'е піва, другі кожны трэці — гарэлку, а трэці трэці
разумее: гарэлка бязь піва — грошы на вецер». («Песьня пра беларускіх мужчын»)
А іншаму алкагольнаму напою не вельмі-та пашанцавала. Але нічога асабістага:
«Яны насыпаюць нам лёд
у пісуары,
каб мы яшчэ доўга
не маглі нават падумаць
пра віскі». («Вершык для Ігара Коцюха»)
«Пісьменнікі сталі на шлях выпраўлення»
На думку літаратурнага крытыка Ганны Кісліцынай, сучасныя літаратары амаль не п'юць. Асабліва калі параўноўваць іх з папярэднікамі. «Падлеткам мне пашанцавала бачыць беларускі культурны бамонд, таму аўтарытэтна заяўляю — пісьменнікі сталі на шлях выпраўлення. Але перад тым стварылі доўгую алкагольную гісторыю, якую проста ўзнавіць па кнізе 'Сіняя кніга беларускага алкаголіка' Антона Кулона (псеўданім Анатоля Астапенкі).
Кніга падзелена на дзве часткі — 'да' і 'пасля'. 'Да..' — гэта вясёлыя гісторыі пра п'янкі, бойкі, авантуры, смешныя сітуацыі ў цікавай кампаніі вядомых у Беларусі творчых людзей, сярод якіх Міхась Стральцоў, Мікола Капыловіч, Кім Хадзееў.. 'Пасля' — маралізатарскі пафас, павучанні, расказы пра вельмі правільных і харошых святароў і дактароў. Скажу шчыра, другую частку кнігі чытаць зусім не цікава, і асабліва з-за таго ментарскага тону, які дазваляе сабе пісьменнік у дачыненні да сваіх былых сяброў-сабутэльнікаў. Што ж датычыць першай — угарнай — дык чытаць яе надзіва цікава, і нават не столькі з-за таго, што многіх дзеячаў культуры, пра якіх тут ідзе размова, ведаем па падручніках літаратуры, але, у першую чаргу, таму, што пісьменнік здолеў перадаць атмасферу 70-х гадоў мінулага стагоддзя.
Вось здавалася б: што рамантычнага ў папойках на кухнях, у скверах, кацельных? А чытаеш — і адчуваеш тую радасць адзінства, сяброўства, зацікаўленасці адно адным, якая цяпер амаль знікла з чалавечых адносін. Так, пілі многа! Але і гаварылі шчыра, душэўна, і падтрымлівалі адно аднаго, і ў госці хадзілі не толькі па святах.
Цяпер п'юць па-іншаму. Што таксама выдатна апісана. Маю на ўвазе кнігу “Шклатара' Артура Клінава, дзе пісьменнік выводзіць культавае месца сучаснай багемы – кнігарню “Шклатара' (яна ж называецца “Ўгарня'). Пры гэтым, гэтак жа як і Астапеня, Клінаў старанна фіксуе, хто што п'е. Адна цытата: “У гэту суботу ў кнігарні таксама было свята. Зрэшты, свята здаралася тут ледзь не штодня. Проста прыходзіў у “Шклотару' філёсаф Баброў, ставіў на канвеер пляшку каньяку “Версаль'. Такі да? Паўнюткую будзем здаваць? Ясна, што не. Трэба спаражніць. А тут яшчэ Адамовіч, таксама філёзаф і таксама з кан'яком, увогуле неяк вабіць філёзафаў каньяк. Прысядуць яны ў кабінеце Сцёпіна, гаспадара “Ўгарні' і на трох спусташаюць'. Аднак, пры ўсім тым, што Клінаў сцэна за сцэнай паказвае пітушчых творцаў, усё ж варта адзначыць, што цяпер п'юць і менш, і слабейшае. Вунь герой апошняй кнігі Віктара Марціновіча “Мова' ўжо ў першым сказе штурхае кухаль піва…
Чым цікавыя згаданыя кнігі? А тым, што даюць выразны мэсідж: колькасць выпітага напрамкі звязаная з надзеяй, з грамадскімі перспектывамі. Нішто так не правакуе п'янства, як зацяжная стагнацыя. З другога боку, самім пісьменнікам піць ужо няма калі. П'юць хіба графаманы, пісьменнікі другога эшалону. У добрых пісьменнікаў няма часу. Яны альбо ў чарговай замежнай, альбо крапаюць чарговую штотыднёвую калонку. У іх графікі і абавязкі…»
Замест высновы
Падаецца, што ў беларускай літаратуры, як і ў самога жыцця, заўжды было два алкагольныя вымярэнні. Першае — эканом-клас з неўтаймаванай прагай і жахлівымі наступствамі. Другое — прэміюм, з элітнымі брэндамі і эстэцтвам. Вельмі шкада, што беларускую гарэлку нашы пісьменнікі пакуль што асацыююць выключна з першым вымярэннем. Але часы змяняюцца. Чым менш бязглуздага алка-трэшу — тым больш добрай беларускай гарэлкі! Як у літаратуры, так і ў жыцці.