Калі ты застаесься бяз маці. Фрагмент з рамана Сяргея Календы «Падарожжа на край ложка»

Культ • Сяргей Календа
Пісьменнік Сяргей Календа выпусціў у свет новы кранальны раман аб тым пачуцці, калі «было магчыма зрабіць усё, што хочаш: забіць трохачковы зь сярэдзіны спартовага поля ў кошык, зьлётаць на месяц, напісаць адразу тры кнігі, ня ведаю... выпіць нагбом бутэльку гарэлкі... усё было магчымым, акрамя паляпшэньня здароўя мамы».

Мне здаецца, страта маці для чалавека з'яўляецца найбольшай стратай у сьвеце... што б хто ні казаў пра гэта, але можна перажыць усё абсалютна, толькі ня гэта.

З мамай можна сварыцца, можна ад яе сыходзіць, ляснуўшы дзьвярыма, а можна яе моцна абдымаць і радавацца, калі ляжыш на яе каленах і адчуваеш, як яна гладзіць цябе па галаве... з мамай тваё жыцьцё пэрманэнтна, нават на адлегласьці абароненае і мае сваю лёгіку і сэнс існаваньня.

Калі ў цябе штосьці здараецца ў жыцьці, ты звоніш спачатку маме, а потым сваёй жанчыне... калі ты застаесься бяз маці, твае думкі пачынаюць круціцца вакол адчайных пошукаў сэнсу існаваньня, вартасьці жыцьця і бясконцасьці космасу, і зацягвае гэтае Быцьцё ў чорныя дзіркі мысьленьня, у неабмежаваны абсалют, якому абсалютна по*уй на тое, ці ёсьць у цябе хтосьці, хто можа абараніць, абняць, выслухаць, парадавацца, аспрэчыць альбо пачаць за цябе хвалявацца.

Ведалі б вы, мае шаноўныя, як круцілася мама ў маім безграшовым дзяцінстве, але заўсёды падтрымлівала мяне і майго брата... мы хадзілі ў гурточкі, насілі кімано і малявалі дарагімі фарбамі, гралі на музычных інструмэнтах, а яна толькі рамантавала свой адзіны абутак і перашывала і так ужо перашытую спадніцу. Яе любоў і адчай былі бязьмежнымі, яна спакойна магла закласьці што заўгодна дзеля нас. І мне вельмі крыўдна, і адчайна хочацца забіць самога сябе за той мінімум цеплыні, які я ёй аддаваў... проста, ведаеце, мне падлеткам было ня надта ёмка праяўляць свае пачуцьці...

потым юнаком мне ізноў было неяк няёмка, потым я ўжо дарослым лічыў, што яна і так разумее і ведае, што я яе люблю...

гэта дзіўна, але нават калі я пішу пра гэта, недзе ўнутры, на ўзроўні падсьвядомага, я апраўдваю сваю пазыцыю і свае дзеяньні... недзе там, калісьці даўно, мне быў закладзены код паводзінаў... генэтычны код, які я мог пераняць ад сваёй бабулі, якая заўсёды сварылася на маму, усчыняла вэрхал і рэзрух і была з усімі халодная і сьлізкая, як выкінутая на бераг рыбіна.

Я б не хацеў застацца жыць з такім характарам... я б хацеў быць пяшчотным і шчырым, хацеў бы стаць на шлях мамы і навучыцца прабачаць, але далей за ўсьмешку мінакам я не дакрочыў, я ўсё такі ж пахмурны ў грамадзкім транспарце, такі ж нелюдзімы са сваякамі і такі ж раздражняльны, як і звычайна, і калі мяне потым не атакуе біпалярны разлад, так званы маніякальна-дэпрэсіўны сындром, я, можа быць, стану самым сьціплым бацькам, і не істотна, калі і як – зьявяцца свае дзеці альбо мы з жонкай прывязем яго з дому...

Фото: Chantal Korthout

Але раман не пра гэта, тут я захоўваю сваю маму і спрабую апісаць яе хваробу...

***

Як гэта было... як... хм... вось нават і ня ведаю, з чаго пачаць, бо было гэта непрадказальна і балюча, і адначасова да апошняга ніхто ня верыў.

За дзень да Раства ў мамы ўзялі аналізы на біяпсію... вы ўяўляеце?! За дзень да Раства!!! А дваццаць шостага пазваніў доктар асабіста ёй і сказаў: «аналізы кепскія, рыхтуйцеся да тэрміновай апэрацыі... яна будзе трыццаць першага, гэта найбліжэйшы дзень!»

Спачатку мама проста чакала аналізаў, і мы на Раство былі самі не свае... я сышоў піць з сябрамі... мы сядзелі ў бары гатэля «Плянэта», як на мабільны пазваніў брат і папрасіў вярнуцца дамоў... ён казаў ціха і спакойна, але я разумеў, што ён даводзіць мне інфармацыю далікатна...

Я дома. Мама... яна ў пакоі на ложку, на нашым ё*аным старым засраным парваным ложку! Галавою ў падушках, яна ня плача, яна крычыць, адчайна крычыць, але ізноў жа – робіць гэта так, каб нікога з астатніх не турбаваць, каб з суседняга пакоя гэтага ня чула наша цётка, каб бабка таксама гэтага ня чула... яна не хацела гэтага, яна адчайна не хацела зь імі дзяліцца сваімі сьлязамі, сваім горам, бо яны гэтага зь ёй не падзеляць, яны няздольныя будуць ёй спачуваць... яны ўсе толькі станчаць перад ёй танец дабра і зла, танец шчасьця і безнадзейнасьці... бацька побач на ложку, пахмурны, пануры, працьверазелы... гэта яго Раство, і ён таксама моцна пакутуе...
Я хаджу па пакоі... ну як хаджу... я раблю адзін крок і ўжо апынаюся каля тумбы, паварочваюся, раблю другі крок і адразу апынаюся каля ложка... наш пакой нават ня камэра, наш пакой – будка з чатырма сабакамі... я супакойваю маму як магу, я гутару зь ёй, кажу, што нічога яшчэ не вядома, што ўсё будзе добра, што трэба дачакацца аналізаў. А мама толькі крычыць, плача і стогне і паўтарае «за што, за што, за што, за што!»

Я крочу, як зьвер, туды-сюды, у чорным паліто, у чорным абутку, хаджу і адчуваю, як у мяне сьціскаецца сэрца, як баліць у грудзёх, як увесь гэты сьвет несправядліва накінуўся і катуе маю маму...

А потым надышоў дзень трыццатага сьнежня... мама рыхтавалася да апэрацыі і была ў бальніцы такая маленькая, такая... парцалянавая, усімі кінутая.

Фото: Chantal Korthout

І новы год, я*аны новы год, калі пад звон келіхаў і шум пэтардаў я сядзеў у кватэры, якую нам аддалі бацькі маёй першай жонкі, сядзеў і піў, я ня мог ані легчы спаць, ані нажлукціцца... я сядзеў і піў, а мая цяпер ужо даўно былая жонка спала, пакрыўджаная, што я не дазволіў нават уключыць тэлевізар, што ніякага сьвята новага году.

А я ўжо чакаў наступнага дня, калі можна будзе наведаць маму, я думкамі штохвіліны зьвяртаўся да яе, казаў ёй: «усё будзе добра, ты ня бойся, пройдзе апэрацыя і ўсё адбудзецца як мага найлепей…». Я зь ёй гутарыў, але ў галаве пульсавалі словы доктара, якіх хворыя ніколі ня чуюць, бо гэты цяжар кладзецца спачатку на плечы іх дзецям, мужам, жонкам, братам і сёстрам: «мэтастазы, мэтастазы, мэтастазы, трэцяя ступень, шанцаў амаль няма, будзем спадзявацца на лепшае, усё зробім, што зможам».

Заметили ошибку в тексте – выделите её и нажмите Ctrl+Enter

«Детка, я видел будущее». Главные песни Леонарда Коэна

Культ • редакция KYKY

«С глубокой скорбью сообщаем о том, что легендарный поэт, композитор и художник Леонард Коэн скончался. Церемония прощания пройдет позже в Лос-Анджелесе. Семья просит уважать частную жизнь», – такая запись появилась несколько часов назад на официальной странице музыканта в Facebook.