Заказытаць цыцкамі да смерці. Народная астраномія праграміста Авіліна

Культ • Ася Поплавская
Цімафей Авілін па адукацыі – фізік-ядзершчык, а працуе ў аўтаматызаваным тэставанні. і мае ўнікальнае хоббі: даследуе народныя ўяўленні аб зорках і метэорах. Этнаастраномія – так называецца навука, якую развівае праграміст. KYKY пагутарыў з Цімафеем пра цмока ды русалку і даведаўся, што першы можа прынесці скарб, а другая – заказытаць цыцкамі да смерці.

Летась у лістападзе Цімафей Авілін выдаў кнігу «Паміж небам і зямлёй: этнаастраномія». З яе можна даведацца, што сузор'е «Вялікая мядзведзіца» слушна называць «Іллёў воз» альбо «Воз Іллі», а «Млечны шлях» — гэта «птушыная дарога», па якой ляцяць жураўлі. Гэта выданне – першае і пакуль адзінае грунтоўнае даследванне па народнай астраноміі не толькі ў Беларусі, але на ўсёй постсавецкай прасторы. Неўзабаве свет пабачыць беларускі фальклорны атлас, які Цімафей распрацоўвае разам з аддзелам Цэнтра даследванняў беларускай мовы, культуры і літаратуры Акадэміі навук Беларусі, супрацоўнікам якога з'яўляецца. Атлас будзе складацца з мапаў і каментароў, якія адкажуць на пытанні, адкуль бяруцца дзеці, што зрабіць, каб нябожчык не хадзіў. Атлас таксама распавядзе, дзе і як на Беларусі вытлумачвалі вобразы русалак і ваўкалакаў.

«Адкуль беларусу пра міфалогію даведацца? З серыялаў пра бандытаў і мянтоў?»

Цікавай гісторыі, у выніку якой Цімафей кінуў бы працу ў айці ды сыйшоў у лінгвістыку з этнаграфіяй, у нашага героя няма. Пасля фізфаку БДУ ён скончыў праграму Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта «Ахова і інтэрпрытацыя культурнай спадчыны». Працуе аўтаматызатарам. А зоркамі і народнымі ўяўленнямі пра нябесныя свяцілы захапляецца даўно, яшчэ са школьных часоў, калі пайшоў у гурток па астраноміі пад кіраўніцтвам Канстанціна Цыркуна. Цімафей патраціў шмат часу на вывучэнне зорнага неба, на пошукі народных назваў зорак у беларускай літаратуры, на экспедыцыі па Беларусі ды размовы з тутэйшымі пра зоры і вераванні. Час ад часу ён праводзіць экскурсіі па зорным небе для ўсіх ахвочых, выступае з лекцыямі перад студэнтамі розных ВНУ. «Калі чалавек займаецца нечым доўга, дык натуральным чынам развіваецца. Асабліва нічога не трэба рабіць, проста цікавіцца чымсьці адным. Тады і станеш спецыялістам у гэтай сферы», — кажа суразмоўца.

Збіраць фальклор, звязаны з зоркамі, не так проста. Рэдка нехта можа распавесці, з чым звязваюць нябесныя свяцілы беларусы. Яны наогул, паводле Авіліна, кепска ведаюць беларускую міфалогію, і асабліва паданні, звязаныя з зорамі. «Адкуль ім гэта ведаць? Што па тэлевізары паказваюць? Серыялы пра бандытаў і мянтоў. А ў iнтэрнэце таксама пра гэта не асабліва пішуць – хіба што на нейкіх стараверскіх рэсурсах. Цяпер з маёй кнігі можна даведвацца пра народную астраномію. Там апублікавана 90 адсоткаў інфармацыі, якую мне атрымалася сабраць. Зрэшты, гэта большая частка інфармацыі, якая ёсць у нашай краіне».

Цімафей Авілін

Беларусы асацыявалі з зорамі душы, лічылі, што ў кожнага чалавека ёсць свая зорка. У адметных асобаў яны больш яркія, у звычайных – менш.

У продкаў было багата вераванняў, звязаных з агенчыкамі ў небе. Зрэшты, беларусы і цяпер не губляюць веры ў сілу нябесных целаў, нягледзячы на тое, што збольшага «адасобіліся ад неба: глядзяць на яго, бачаць зоркі, але не разумеюць кантэксту, які быў у нашых продкаў». На гэтых вераваннях мы і засяродзіліся ў гутарцы з навукоўцам, пачаўшы з неба ды спусціўшыся на зямлю.

Цмок-спакуснік

Калі зорка ляціць, беларусы лічаць, што нехта нарадзіўся ці памёр, а саму знічку ўяўляюць анёлам, які накіроўваецца па чыюсьці душу. Пакуль ён ляціць, беларусы загадваюць жаданні і вераць, што яны здзейсняцца. Часам думаюць, што падаючая зорка – гэта цмок, які ляціць да жанчыны ці нясе скарбы: золата, срэбра альбо жыта. Іначай цмока называлі «змей агністы». Чаму так? Бо зорка, якая падае, вельмі яркая, нібыта лятучы агонь.

Наогул, цмок – не беларускі, а індаеўрапейскі вобраз. «У матэрыялах XIX-XX стагоддзяў, калі пачала развівацца этнаграфія, цмок – гэта хатнік, альбо змей агністы, альбо чорт. Гэта складаны вобраз, нельга сказаць адназначна, што для беларусаў ён значыць нешта адно», – распавядае Цімафей. Вобраз цмока на нашых землях зафіксаваны ў казках і вераваннях. Калі ў першым выпадку гаворка вядзецца пра прыдуманага персанажа (напрыклад, вядомага шматгаловага змея, які любіць лазню), то ў другім – пра з'яву, зафіксаваную людзьмі. «Калі я прыязджаю ў вёску і мне жанчыны распавядаюць, якіх яны цмокаў бачылі і што гэта для іх значыць – гэта вераванне».

Цімафей распавёў некалькі павер'яў, звязаных з цмокам. Першае – пра скарбы. Некаторыя беларусы лічаць, што чараўнік ці вядзьмак можа стаць агністым змеем і за плату пачаць цягаць скарбы. Калі нехта раптоўна пачынаў багацець, значыць, яму цмок срэбра ці золата носіць.

А ў іншых вёсках лічылася, што калі адзін багацее, а іншы, наадварот, бяднее, гэта цмок забірае багацце ў другога ды носіць першаму.

Паводле расповедаў некаторых беларусаў, ён не «падвароўваў», а насіў скарбы з лесу і з курганоў. Змея, каб той пачаў насіць скарбы, трэба было задобрыць. Адзін з варыянтаў «прыкорму»: на страху хаты трэба было паставіць патэльню з яечняй. Прычым яе нельга было крыжаваць і саліць, бо калі ты ежу ахрысціш ці пасоліш, змей агністы не прыляціць. Пакрыўдзіць цмока можа кожны. Для гэтага дастаткова дадаць у яечню гной або соль. За гэта цмок мог раззлавацца і спаліць хату, а потым ператварыцца ў кола і пакаціцца, каб яго ніхто не заўважыў. У некаторых вёсках казалі, што калі ляціць жоўтая зорка, цмок нясе золата, калі белая – срэбра, калі цёмная – збожжа.

Цмок з Лепеля

Іншае павер'е, класічнае, – пра жанчын. Калі над хатай дзяўчыны, муж якой пайшоў на вайну ці на працу, пралятаў цмок, маглі пачаць казаць, што змей агністы яе спакусіў. Маўляў, цмок праз комін трапляў у хату ды ператвараўся ў прыгожага паніча... Дзяўчыне пасля магло рабiцца кепска, яна захворвала. Альбо пасля сувязі з цмокам магла ператварыцца ў вядзьмарку. Ёсць адзінкавыя запісы, што ад такіх сустрэч нараджаліся дзеці, якія маглі стаць ведзьмамі. Цімафей распавёў пра павер'і і ўдакладніў, што ў розных частках краіны розныя інтэрпрытацыі, яны могуць быць падобнымі, але з адрознымі дэталямі.

Чаму нельга рабіць цмока сімвалам Беларусі

Калі размова зайшла пра спробы культурніцкай кампаніі «Будзьма беларусамі!» зрабіць цмока сімвалам сучаснай Беларусі, Цімафей падзяліўся меркаваннем, чаму гэта – бесперспектыўная ідэя. Слова «цмок» сустракаецца ў Бібліі XVI стагоддзя ў значэнні змея Люцыфера. «Тыя, хто прасоўвае ідэю цмока як сімвала нашай краіны, павінны ведаць і разумець, што гэта – амбівалентны вобраз, які мае і станоўчыя, і адмоўныя рысы. Станоўчыя, бо ён нейкія скарбы носіць, але і гэта ён не проста так робіць, чалавек па-сутнасці дамаўляецца з чортам. Цмок, як мы высветлілі вышэй, – яшчэ і спакуснік».

Лепш, лічыць Цімафей, звярнуцца да традыцыйнага бусла: «Гэта насмрэч вельмі добры вобраз, які пайшоў ад цікаўнага чалавека. Яму Бог даў мех і загадаў не зазіраць у яго, але той аслухаўся, развязаў мех, з яго павыскоквалі гады і распаўзліся па зямлі. Тады Бог зрабіў чалавека буслом, каб той усё жыццё збіраў гадаў. Вельмі добры вобраз. Пошук новага сімвала – гэта што, рэбрэндынг Беларусі? Навошта? Людзі не разумеюць, што яны яшчэ больш падзяляюць людзяй: адны – за цмока, іншыя – за бусла ці зубра… Гэта мне бачыцца творчым праектам, не больш за тое. Нічога сур'ёзнага з яго не атрымаецца».

Русалка з каменнымі цыцкамі

«Калі хочаце адысці ад бусла ды зубра, вазьміце русалку, зрабіце яе сімвалам Беларусі. Але не тую з хвастом, якую мы ў мульціках бачым, ці пра якую ў Пушкіна чытаем, а нашу, беларускую, дзяўчыну-утопленіцу, – разважае далей суразмоўца і дадае жартам: А чаму б і не? Мы ж таксама – утапісты, хай у нас будзе сімвалам утопленіца!» Распавядаючы пра вобраз русалкі, Цімафей падзяліўся некалькімі павер'ямі, звязанымі з ім. Вобраз дзяўчыны з рыбіным хвастом, якая сядзіць на дрэве і расчэсвае валасы, у нас сустракаецца зрэдчас, але ён нехарактэрны для Беларусі. Адзін з асноўных варыянтаў – гэта маладая дзяўчына, якая з'яўляецца на Троіцу, «бо хто ж будзе голым узімку бегаць?»

Юліус Гюбнер. Малады рыбак і русалка

Хаця ў іншых месцах русалкі ўяўляюцца не толькі аголенымі, але і ў белых сукенках. Розныя людзі гавораць, што ў памерлых дзяўчат розны колер валасоў: светлы, зялёны ці нават ружовы. Русалкі не толькі ў вадзе жывуць, але ў лесе і жыце. У жытнёвых палях яны выконвалі функцыю ахоўніц, таму дзецям бацькі часта казалі: «Не хадзі ў жыта, там русалка цябе заб'е». Ахоўны вобраз русалкі дапамагаў зберагчы жыта ад дзяцей, якія ў ім гуляліся і псавалі яго.

Ёсць яшчэ адзін вобраз русалкі. На Палессі кажуць, што гэта старая жанчына, у якой вялікія каменныя ці шкляныя цыцкі. Яна імі можа заказытаць да смерці таго, хто ў жыта пойдзе. Такіх жанчын нават называлі «цыцохамі». А ёсць вобраз крышку інфернальны, звязаны з нечым нячыстым. Казалі, што русалка – птушка, альбо нейкая істота з крыламі ды капытамі.

«Калі чалавек ведае беларускія павер'і, ён ніколі не скажа, што у нас недзе цмокі лётаюць і агнём дыхаюць ды русалкі з хвастамі на дрэвах сядзяць. Вобразы ў нашых продкаў існавалі не проста так. Яны выконвалі розныя функцыі: прыносілі, зберагалі, ахоўвалі нешта, альбо выконвалі дыдактычныя функцыі. Людзям падабаецца нешта містычнае, незразумелае, таму яны і пераробліваюць старыя вобразы на новы лад», – падсумоўвае Цімафей. На прыканцы гутарцы ён, смеючыся, падкінуў цікавую ідэю.

Прыспеў час, кажа, русалку ўяўляць не рыбінай на дрэве, а дзяўчынай, якая сядзіць у кавярні з ноўтбукам, чаціцца з вадзянніком ці цмокам, які, у сваю чаргу, ездзіць на «мэрсе».

Заметили ошибку в тексте – выделите её и нажмите Ctrl+Enter

Почему мова – это круто. Международному Дню родного языка посвящается

Культ • Ангелина Герус

Все мы с детства билингвы – люди, имеющие в своем распоряжении как минимум два языка: русский и беларуский. В честь Международного дня родного языка, учрежденного ЮНЕСКО 21 февраля, KYKY рассказывает о преимуществах мовы: лексика латинского происхождения, сочные безэквивалетные термины и времена, аналогичные английскому перфекту. В конце концов, у белорусов есть своя «Илиада» – и не одна, а целых три беларуских национальных эпоса.