Алесь-Францішак Мышкевіч: «Прыемна, што нас параўноўваюць з Міхалком. Дзякуй богу, што не з Растаргуевым»

Герои • Алексей Шунтов
Алесь-Францішак Мышкевіч – былы бас-гітарыст гурта Trubetskoy, які з 2009 года грае ў «Крамбамбулi», а цяпер заснаваў уласны музычны праект The Superbullz. Іх дэбютны альбом «Хардкор Заходняга Палесся» з’явіўся 18 траўня. Мы сустрэліся з Мышкевічам, каб запытаць яго пра Вольскага, каверы на «Иванушек» і «мяккую беларусізацыю».

Калі ты хочаш пісаць пра музыку ў нашай краіне, ты мусіш быць падрыхтаваным да мізерных праглядаў сваіх тэкстаў. Таму што калі герой інтэрв'ю не Міхалок і не Вольскі, хоць галавой прабі асфальт – гэта будзе цікава абмежаванаму колу людзей. Але ж спыніцца на гэтым і ігнараваць тэму сапраўднай беларускай музыкі нельга. Бо мы вельмі хочам, каб вулічныя музыкі пачалі спяваць штосьці акрамя «Воинов света» і «Трох чарапах». А людзі ведалі ў аблічча не толькі двух мастадонтаў беларускай сцэны. Таму наш герой сёння – Алесь-Францішак Мышкевіч.

The Superbullz і абвінавачанні ў плагіяце

KYKY: Як з'явіўся гурт The Superbullz?

Алесь-Францішак Мышкевіч: Ёсць такі знакаміты беларускі дырэктар і прадзюсер Руслан Старыкоўскі. Ён калісьці адкрыў адну нашу зорку, Серёгу, з яго чорным бумерам. Ну, і безумоўна, у гэтым спісе таксама трэба ўзгадаць J:Морс. Дык вось, мы з Русланам былі ў добрых сяброўскіх стасунках, і ў пэўны момант ён сказаў мне: «Алесь, ты артыст. Ты ўжо працаваў з музыкамі, выконваючы іхнія творы. Зараз табе трэба зрабіць нешта ўласнае». Спачатку мы збіраліся зрабіць кавер-бэнд з нафталінавымі савецкімі песенькамі такіх гуртоў, як «Кар-Мэн» ці «Руки Вверх», толькі ў панк-рокавай апрацоўцы, і выконваць іх на карпаратывах. Гурт назвалі The Superboyz. Але кола павярнулася так, што пачалі пісацца свае ўласныя творы, і яны пераважылі большасць кавераў. Назву гурта мы таксама змянілі. Але каб не было такога, што гурт зваўся «Швабры», а стаў «Шкарпэткі», мы змянілі boyz на bullz. Bullz выбралі, каб паказаць беларускасць – зубры, магутнасць Палесся. Ды мне стала трыццаць гадоў, і я зразумеў, што болей не змагу працаваць дзеля нейкага радыё або тэлебачання. Карацей кажучы, дзеля фармата. Мне гэта нецікава. Няхай гэта будуць не гіганцкія стадыёны, але людзі будуць прыходзіць на мае канцэрты і з задавальненнем слухаць песні. Вось мы вырашылі запісаць альбом, але матэрыялу хапае нават яшчэ на два. У верасні хачу сесці за новы альбом. Калі б атрымалася да канца лістапада выпусціць наступную пласцінку, было б супер. Аднак у тым жа верасні плануем сабраць Чыжоўка-Арэну. А яшчэ ўлетку знімем два кліпы...

The Superbullz

KYKY: Ці не здзівілі Вас шматлікія спробы злавіць на плагіяце?

А-Ф. М.: Нас спрабавалі злавіць і дагэтуль ловяць. Маўляў, вось гэта нагадвае Ляпісаў, тое яшчэ нешта. Мне прыемна, што людзі параўноўваюць нас з Міхалком. Дзякуй богу, што яны не параўноўваюць мяне з Колей Растаргуевым. Сплю спакойна. Усе ведаюць, што маімі кумірамі з'яўляюцца Лявон Вольскі, Сяргей Міхалок і Джэймс Хэтфілд. Таму ўсё добра. Што тычыцца аранжыровак, то яны адрозніваюцца. Зразумела, можна знайсці сотні гуртоў, якія граюць ска-панк і нагадваюць Ляпісаў. Ці наадварот. Але гэта такі стыль. Трэба яшчэ разумець, што кожнае пакаленне выхоўваецца на сваіх асабістых гуртах, слухае падобную музыку. І добра, што слухаюць менавіта музыку, а не абы-што.

У нас жа як? Людзі навучыліся іграць Цоя і «Шызгару» – і адразу ў кабак працаваць.

Неяк мы не можам адчапіцца ад «И снится нам не рокот космодрома». Ужо пакаленне змянілася, а яны ўсё іграюць яе і іграюць.

KYKY: The Superbullz у свой час ўдзельнічалі ў нейкім конкурсе кавераў гурта «Иванушки» і выйгралі яго з песняй «Кукла Маша». Дазвольце працытаваць: «Иванушки лично для меня – это самая позитивная поп-группа всех времен. Я очень надеюсь, что когда буду стоять на одной сцене с легендами, увижу те самые влюбленные глаза девчат». Вы сур'ёзна?

А-Ф. М.: Мы сапраўды бралі ў гэтым удзел. Прыйшлі ў студыю, запісалі на тэлефон кавер і выйгралі конкурс. А што тычыцца цытаты, то гэта не мае словы, яны напісаны за мяне. Так, у мяне спыталі, ці можна што-небудзь напісаць пра надыходзячы канцэрт дзеля прыцягвання ўвагі, і я пагадзіўся. Ну, трошачкі пажартавалі, пішучы гэты салодзенькі тэкстык. Зараз ужо можна пра гэта казаць.

Паміж Trubetskoy и «Крамбамбуляй»

KYKY: Пэўны час Вы ўдзельнічалі ў Trubetskoy і The Superbullz адначасова. Падчас сыходу з Trubetskoy Вы сказалі наступнае: «Я зразумеў, што не магу творча рэалізавацца ў гэтым праекце. І сама ідэя гурта Trubetskoy аказалася не маёй». У той жа час пра сыход паведамілі і музыкі Trubetskoy: «Алесь вырашыў засяродзіцца на сваім уласным праекце – гурце The Superbullz». Што бліжэй да ісціны?

А-Ф. М.: І першая, і другая цытата – праўда. І тут трэба адзначыць, што мне ўжо тады хацелася самарэалізавацца. Але ж яны не маглі сказаць, што мне ў іх некамфортна ці нешта іншае. У той час я задумаўся, ці бачу я сябе ў гэтым гурце праз пяць гадоў? Не, не бачу. Нічога не буду казаць аб стасунках, на якой глебе мы там разышліся. Калі ёсць шанец зрабіць нешта іншае, цікавае і зрабіць зараз, трэба гэта скарыстаць. Я ўвогуле не люблю чакаць, вельмі нястрыманы чалавек. І гэта тычыцца ўсяго: хамства ў тралейбусе, сям'і, творчасці. Мне трэба сёння і зараз.

KYKY: Калі Вы сыходзілі з гурта Trubetskoy, Вы казалі, Трубяцкой Трубяцкім, а з Вольскiм супрацоўнічаць ніколі не перастанеце.

А-Ф. М.: Не перастану. Калі мне было чатырнаццаць год, я заўсёды насіў у кішэні касету «Пашпарт грамадзяніна». Гэта быў нейкі рытуал – а раптам сустрэну Лявона Вольскага і вазьму аўтограф. Калі было шаснаццаць гадоў, прысніўся сон, што я іграю ў N.R.M. І так здзейснілася, што іграю. Але не з N.R.M., а з Лявонам. Ён запрасіў мяне ў Крамбамбулю. І я зразумеў, што Лявон – гэта не проста мой кумір, якога я слухаў, а гэта ўсё для мяне: настаўнік па жыцці, чалавек, на якога можна раўняцца. Здараецца, што прапануюць добрую працу за вялікія грошы, 15 канцэртаў на месяц, ганарары велічэзныя. Але ты павінен рабіць тое, што табе скажуць. То бок, не выеб***цца. А Лявон зробіць па-іншаму. Ён адыграе адзін канцэрт на год, але гэта будзе вельмі шчыра, не падманваючы нікога.

«Крамбамбуля»

«Падымі зад і зрабі што-небудзь»

KYKY: Як вы ставіцеся да таго, што зараз адбываецца ў краіне. Ці адлюстроўваецца гэта ў творчасці?

А-Ф. М.: Уласнай творчасці гэта, зразумела, кранаецца. Немагчыма пра гэта не пісаць. Нажаль, ужо шмат гадоў становішча такое, што адбываецца забарона на прафесію, прафесіянальныя ўмовы. Кавер-бэнды, якім не трэба плаціць за аўтарскія правы, могуць іграць. А калі сваю музыку выконваеш і трошачкі не так штосьці праспяваў ці сказаў, то ўсё – праблемы. Вось наконт Крамбамбулі ўвогуле дзіўна было. «Госці-госці» гучалі на карпаратывах для чыноўнікаў, для тых, хто шмат гадоў пры ўладзе. А тут – забарона. Але калі-небудзь становішча памяняецца. І мы павінны рабіць усё для гэтага, прабіваць гэтую сцяну. Хто б ні быў, ты заўсёды павінен несці пратэст, нейкую анархічную рысу.

Натуральна, былі думкі з'ехаць. Але ты павінен неяк падняцца над сваімі праблемамі. Устань! Падымі зад і зрабі што-небудзь. Цяжка? Так! Упаў? Падыміся і яшчэ раз паспрабуй!

Пройдуць дзесяць тысяч гадзінаў, і тады будзе поспех. Я ў гэтым упэўнены. Хачу так жыць і буду жыць.

KYKY: Яшчэ нядаўна бясконца казалі пра так званую адлігу, пра лёгкую беларусізацыю і пераасэнсаванне каштоўнасцяў пэўных колаў. Скептычна на гэта глядзелі ці жыла надзея?


А-Ф. М.: Безумоўна скептычна. Усё гэта казкі. Ні пра якую мяккую/падмяккую беларусізацыю/ лібералізацыю ты ўжо не дамовішся. Ну, дазволілі з Пагоняй на майках хадзіць. Што гэта, дасягненне? У любой краіне свету такую нацыянальную каштоўнасць, прычым зарэгістраваную, паважаюць. І што ў выніку адбылося? Такі каравул пасля вашай беларусізацыі, што жах.

KYKY: І галоўнае пытанне. Што рабіць?

А-Ф. М.: Далей імкнуцца да лепшага. Не кідаць гэтую справу. Творчыя людзі павінны займацца творчасцю, сваімі песнямі, каб іх пасылы дайшлі да народа. А народу трэба падтрымліваць тых, хто займаецца творчасцю, прыходзіць на канцэрты, не жалець часу. Музыкам заўсёды прыемна, калі залы поўныя. Дзякуй усім прыхільнікам The Superbullz за неймаверна крутую падтрымку. І назад у мяне ўжо шляху няма.

Заметили ошибку в тексте – выделите её и нажмите Ctrl+Enter

Зміцер Дашкевіч. «Калі я сядзеў, мая жонка казала дачцэ, што я на працы»

Герои • Ирина Михно

Зміцера Дашкевіча ведаюць як чалавека, які «адціснуў» у забудоўшчыкаў Курапаты і прапагандуе бела-чырвона-белы сцяг, таму яго і завуць другім Пазняком. Лідар «Маладога фронту» перыядычна трапляе ў турму, таму KYKY вылавіў Змітра, пакуль гэта яшчэ магчыма. Але гаварыць мы будзем не пра палітыку, а пра легалайз наркотыкаў, выхаванне дзяцей, беларускі бізнэс і Янку Купалу.