Пачатак кар'еры: першыя кулі, выбітае вока і Крыж Вікторыі
Нарадзіўся Адрыян Картон дэ Віарт 5 мая 1880 года ў сям'і арыстакратаў у Брусэлі. Калі маці памерла, хлопчыка адправілі ў каталіцкую школу ў Англіі, пасля заканчэння якой ён паступіў у Оксфард. Аднак атрымаць вышэйшую адукацыю не атрымалася. У 1899 годзе пачалася англа-бурская вайна, якая прымусіла маладога бельгійца кінуць вучобу і запісацца ў брытанскую армію. У адным з першых баёў у Афрыцы Картон дэ Віарт быў цяжка паранены ў жывот. У сваіх мемуарах «Шчаслівая Адысея» будучы ветэран дзвюх сусветных войнаў пісаў: «Вайна была ў маёй крыві. Калі б мяне не ўзялі да сябе брытанцы, я бы пайшоў да бураў». У 1902 годзе бельгіец пераехаў у Індыю. У 1904-м Картону дэ Віарту прысвоілі званне лейтэнанта і зноў перавялі ў Паўночную Афрыку. Ён быў прызначаны ад'ютантам галоўнакамандуючага брытанскіх войскаў у Афрыцы сэра Генры Гіларда. Цікавы факт: праслужыўшы сем гадоў у брытанскай арміі, Адрыян ўвесь гэты час заставаўся грамадзянінам Бельгіі. 13 верасня 1907 года ён, нарэшце, прынёс прысягу на вернасць каралю Эдуарду VII і атрымаў брытанскае падданства. У лютым 1910-га Картону дэ Віарту было прысвоена званне капітана.
Малады вайсковец шмат падарожнічаў па Еўропе, бываў у Аўстра-Венгрыі, Баварыі, безумоўна, у Бельгіі. Дарэчы, двое яго стрыечных братоў зрабілі бліскучую кар'еру на радзіме. Анры Картон дэ Віарт быў абраны ў палату прадстаўнікоў бельгійскага парламента, у 1911 годзе стаў міністрам юстыцыі і, нарэшце, у 1920-м быў абраны на пасаду прэм'ер-міністра Бельгіі. Падчас Другой Сусветнай вайны ён узначальваў бельгійскі ўрад у выгнанні. Другі сваяк будучага генерала, барон Эдмон Картон дэ Віарт, быў палітычным сакратаром караля Бельгіі і дырэктарам кампаніі «Сасьетэ жэнераль Бельгія».
У 1908 годзе Адрыян ажаніўся з графіняй Фрэдэрыкай Фугер фон Бабенхаўзен. У іх нарадзілася дзве дачкі. Пасля пачатку Першай Сусветнай вайны Адрыян Картон дэ Віарт быў накіраваны на службу ў брытанскі Самалі. Мужнасці гэтага афіцэра дзівіліся нават ворагі. Падчас адной з атак на варожы форт Шымбер Бэррыс наш герой быў цяжка паранены (куля выбіла вока і адарвала частку вуха). Але гэта не спыніла яго, і малады афіцэр ўсё роўна павёў сваіх людзей у атаку, выбіўшы ворага з займаемых ім пазіцыі. Адзін з удзельнікаў той бітвы, лорд Ісмэй, у 1964 годзе так апісваў паводзіны бельгійца: «Ён нават не звяртаў увагу на сваё раненне. Не гедзячы на тое, што дэ Віарт быў у агоніі, ён не выйшаў з бою». За гэты подзвіг ў 1915 годзе Адрыян быў узнагароджаны Ордэнам за заслугі.
У лютым таго ж года Картон дэ Віарт вярнуўся на кантынент і ўдзельнічаў у вайсковых дзеяннях на заходнім фронце ў якасці камандуючага пяхотнай брыгадай. Усё той жа лорд Ісмэй пісаў: «дэ Віарт лічыў страту вока дабраславеннем Бога, бо гэта дало яму магчымасць вярнуцца ў Еўропу, дзе, як лічыў будучы генерал, адбываецца сапраўдная вайна». У адным з баёў на Іпры яму адарвала кісць левай рукі. Падчас бітвы на Соме ён быў паранены ў плячо і галаву. Афіцэру адно за другім прысвойвалі чарговыя званні: маёр, падпалкоўнік, палкоўнік, генерал. У сакавіку 1918 года ён быў узнагароджаны бельгійскім Вайсковым крыжам, а таксама брытанскім ордэнам Святога Джорджа і Майкла. Але самай галоўнай узнагародай 36-гадовага бельгійца стаў Крыж Вікторыі, вышэйшая ўзнагарода Брытанскай імперыі, якая ўручаецца за гераізм падчас ваенных дзеянняў. У дакуменце аб узнагароджанні, у прыватнасці адзначалася: «узнагароджваюцца за мужнасць і рашучасць, праяўленыя падчас кровапралітных баёў. Пасля таго, як камандзіры іншых батальёнаў былі забітыя, ён прыняў на сябе камандаванне гэтымі часткамі і ўмела імі камандаваў».
Тагачасныя брытанскія журналісты жартавалі, што Германская имперыя праіграла Першую Сусветную, бо ўсе кулі і аскепкі нямецкіх салдат засталіся ў целе Картона дэ Віарта.
У Другой Рэчы Паспалітай
Пасля заканчэння Вялікай вайны Картон дэ Віарт быў накіраваны ў толькі што адроджаную Польшчу ў якасці сябра Брытанскай вайсковай місіі. Неўзабаве ён узначаліў гэты орган. Варта таксама падкрэсліць, што генерал быў агентам брытанскай выведкі ў Польшчы. Падчас знаходжання ў Варшаве дэ Віарт завязаў цесныя сяброўскія адносіны з Юзафам Пілсудскім, Ігнатам Падэрэўскім, кіраўніком французскай вайсковай місіяй Максімам Вейганам і сябрам гэтай місіі, маладым афіцэрам Шарлем дэ Голем. Вялікай заслугай бельгійца была арганізацыя перамоў паміж польскімі ўладамі і прадстаўнікамі Сымона Пятлюры. Справа была не з лёгкіх, улічваючы, што з 1919 года ў Галіцыі адбываліся баявыя дзеянні паміж украінцамі і палякамі. Аднак былым ворагам удалося дамовіцца, і ў Польшчы з'явіўся яшчэ адзін хаўруснік у барацьбе з бальшавікамі. Дэ Віарт удзельнічаў у досыць рызыкоўнай місіі па кантрабанднай транспартыроўцы зброі з Венгрыю ў Польшчу ў спальных вагонах дыпламатычнага спеццягніка.
Генерал быў адным з нешматлікіх дыпламатаў і членаў замежных місій, хто адмовіўся пакінуць польскую сталіцу падчас Варшаўскай бітвы 1920 года. Аднойчы ён выехаў на фронт, але ў раёне Млавы на цягнік, у якім ён ехаў, напаў атрад чырвоных казакоў. Бельгіец не спалохаўся праціўніка і ўмела арганізаваў абарону. У выніку, бальшавікі вымушаны былі адступіць. За заслугі перад Польшчай Адрыян Картон дэ Віарт быў узнагароджаны вышэйшай польскай узнагародай, крыжам «Віртуці Мілітары». Юзаф Пілсудскі любіў гаварыць пра брытанскага генерала, што той «быў больш польскім, чым самі палякі».
Дом сапраўднага джэнтельмена ў беларускім Палессі
Пасля заканчэння вайны ў 1921 годзе генерал працягваў кіраваць брытанскай вайсковай місіяй, а пасля завяршэння яе працы вырашыў застацца ў краіне, якая стала для яго пасапраўднаму роднай. Тым больш, яго сябра, давідгарадзенскі ардынат Караль Мікалай Радзівіл, атрымаў у спадчыну велізарныя зямельныя ўладанні (250 000 га) у Маньковічах ля Століна і падараваў брытанскаму генералу маёнтак Простынь на Палессі. 50-гадовы генерал з задавальненнем прыняў такі шчодры падарунак. Маёнтак генерала знаходзіўся ў глухой палескай пушчы. Ад яго да савецкай мяжы было ўсяго некалькі міль. Рэзідэнцыя дэ Віарта знаходзілася на востраве, пасярэдзіне якога быў пабудаваны невялікі фальварак, дом для прыслугі і гаспадарчыя пабудовы (у тым ліку стайня, хлеў, куратнік). У распараджэнні генерала было 4 кані, 7 кароў, 3 свінні, некалькі дзясяткаў бараноў і каля 200 курэй. У якасці прыслугі, акрамя некалькіх замежнікаў, тут працавалі звычайныя беларускія сяляне-палешукі. Па ўспамінах некаторых з іх генерал быў ветлівым і шчодрым. І яшчэ ён вельмі любіў беларускае Палессе.
Вось як Простынь апісваў польскі мастак Хенрык Узембло: «Стары, паляўнічы, драўляны, тыповы радзівілаўскі дом, але перабудаваны ўнутры пад патрэбы сапраўднага ангельскага джэнтльмена. Перад домам зроблены тратуар, па краях якога пасаджаны пеларгоніі. Чырвоныя, такія, як ля Букінгемскага палацу. А дубы нагадваюць Рычманд ці Хэмптан Корт». А так пра свой маёнтак пісаў сам генерал: «У Простыні было ўсё, пра што я заўсёды марыў: паляванне і пачуццё аддаленасці ад цывілізацыі. Тут было ціха і спакойна».
Бельгіец часта ладзіў паляванні. Вось, як яны апісваліся ў адным з тагачасных выданняў: «Часцей за ўсё генерал палюе на бекасаў, таму, што гэта вельмі хуткая птушка, і забіць яе вельмі цяжка. Радзей палюе на качкі, якія пазней аддае сваім працоўным, бо сам не есць качак. На паляванні заўсёды прысутнічае гаявы, які зараджае стрэльбу». У 1931 годзе дэ Віарт удзельнічаў у паляванні разам з прэзідэнтам Другой Рэчы Паспалітай Ігнаціем Масціцкім. Час ад часу генерал наведваў палац Караля Радзівіла ў Маньковічах, які сваёй вежай нагадваў маёнтак «некаранаваных каралёў Вялікага Княства Літоўскага» ў Нясвіжы.
Узімку бельгіец выязджаў на лячэнне ў Англію і вяртаўся, як толькі на палескіх рэках і азёрах пачынаўся крыгаход. Па ўспамінах сучаснікаў, брытанскі генерал ненавідзеў бальшавікоў. У адной з размоў ён сказаў: «У бальшавікоў моцнае войска, але хай толькі паспрабуюць да нас сунуцца».
Другая Сусветная: куды знікла калекцыя паляўнічых стрэльбаў дэ Віарта
У 1939-м годзе 60-гадоваму Картону дэ Віарту ізноў прыйшлося надзець вайсковы мундзір. Ён узначаліў Брытанскую вайсковую місію ў Варшаве. Праўда, ўзаемадзейнічаць генералу прыйшлося ўжо не з Пілсудскім, а з маршалам Эдвардам Рыдз-Сміглы. У канцы жніўня 1939 года англійскі генерал паспрабаваў давесці да польскага камандавання думку пра неабходнасць арганізацыі абароны польскага войска на рацэ Вісла, але польскія генералы былі настолькі упэўненыя ў сіле свайго войска, што не слухалі старога бельгійца і працягвалі трымаць свае часткі непасрэдна ля мяжы з Трэцім Рэйхам. За некалькі дзён да пачатку вайны ён сустрэўся са сваімі сябрамі, прадстаўнікамі вядомых шляхецкіх родаў і парэкамендаваў ім эвакуіраваць дзяцей з Варшавы.
1 верасня 1939 года пачалася Другая Сусветная вайна. Германскі «бліцкрыг» стаў жорсткім урокам для тых, хто не захацеў паслухаць старога інваліда, які прыехаў з палескіх балот. Брытанскаму генералу ўсё ж удалося настаяць на тым, каб польскі вайсковы флот, размешчаны на Балтыцы, пакінуў сваю базу і не ўступаў у бессэнсоўныя і кровапралітныя баі з германскімі караблямі. У выніку, крэйсеры і падлодкі пад бела-чырвоным сцягам дабраліся да брытанскіх выспаў і ўсю вайну ваявалі супраць нацыстаў у складзе ВМФ Вялікабрытаніі. 17 верасня 1939 года Картон дэ Віарт прыняў рашэнне аб эвакуацыі брытанскай вайсковай місіі з Польшчы. На шляху да румынскай мяжы калона аўтамашын была атакавана немецкімі самалётамі, аднак, у рэшце рэшт эвакуацыя скончылася поспехам.
Пасля далучэння Заходняй Беларусі да СССР фальварак генерала быў нацыяналізаваны, а ўнікальная калекцыя паляўнічых стрэльбаў, прадметаў мэблі, прывезеных у Простынь непасрэдна з Вялікабрытаніі, была вывезена ў Мінск і перададзена ў распараджэнне музеяў сталіцы БССР. Падчас нямецкай акупацыі ўсе гэтыя артэфакты былі разрабаваныя і знішчаныя.
Палонны і перамоўшчык
У красавіку 1940 года Картон дэ Віарт прыняў удзел у баях за Тронхейм ў Нарвегіі. Вось як выпадкое знаёмства з генералам апісваў адзін з афіцэраў польскага карабля: «У ціхім фіордзе я сыйшоў на бераг, каб даведацца, як і дзе будзе праходзіць высадка. На пустым беразе я убачыў брытанскага генерала, які падышоў да мяне. У яго была чорная павязка на воку. Калі я аддаў гонар генералу, той запытаў мяне на чыстай польскай мове пра тое, колькі часу будзе патрэбна, каб высадзіць дэсант. Я падумаў, што нейкага паляка спецыяльна пераапранулі ў ангельскі вайсковы мундзір, каб той заблытаў немцаў». Польскі марскі афіцэр нават не здагадваўся, што яго і іншых польскіх вайскоўцаў сустракаў сам Адрыян Картон дэ Віарт. Затым бельгіец камандаваў 61-й пяхотнай дывізіяй, раскватэраванай у Паўночнай Ірландыі. У красавіку 1941 года генерал быў прызначаны кіраўніком брытанска-югаслаўскай вайсковай місіі. Аднак на шляху у Белград у бамбардзіроўшчыка, на якім ляцеў генерал, адмовілі абодва рухавіка (па іншай версіі ён быў падбіты), і машына ўпала на тэрыторыі, якую кантралявалі жаўнеры Мусаліні.
Картон дэ Віарт выжыў, але быў схоплены італьянскімі салдатамі і змешчаны ў турму для высокапастаўленых вайсковапалонных. 61-гадовы генерал пяць (!) разоў спрабаваў уцячы. У 1943 года італьянцы выкарыстоўвалі палоннага брытанца ў перамовах з саюзнікамі аб выхадзе іх краіны з вайны. У выніку, генерал быў вызвалены і апынуўся ў Вялікабрытаніі. Але і на гэтым яго «адысея» не скончылася. У 1943 годзе генерал адпраўляецца ў Каір, дзе праходзіла сустрэча паміж брытанскім прэм'ер-міністрам Уінстанам Чэрчылем, амерыканскім прэзідэнтам Франклінам Рузвельтам і кітайскім лідарам Чан Кай Шы. Неўзабаве пасля гэтага, Чэрчыль накіроўвае генерала ў якасці свайго асабістага прадстаўніка ў Кітай. Там ветэран дзвух сусветных войнаў неаднаразова сустракаўся з Мао Цзэдунам.
У 1945 годзе Адрыян Картон дэ Віарт быў узнагароджаны Ордэнам Брытанскай імперыі. Толькі ў 1947-м генерал, нарэшце, выходзіць у адстаўку.
Праз два гады памерла яго жонка, а ў 1951-м ён ажаніўся на жанчыне, якая на 23 гады была маладзейшая за яго.
Памёр генерал Адрыян Картон дэ Віарт ў 1963 годзе, ва ўзросце 83 год. Ацэньваючы вайсковы талент гэтага чалавека, брытанскі гісторык, палкоўнік Джэймс Кук, пісаў: «На полі боя ён натхняў сваіх жаўнераў простай фразай «Ідзіце за мной». Гэтыя словы падкрэсліваюць мужнасць гэтага чалавека». Ці напрыканцы жыцця ён узгадваў краявіды беларускага Палесся, паляванне на балотах і маляўнічых азёрах Заходняй Беларусі? Безумоўна, так. У адной з гутарак з журналістамі, на пытанне, ці шкадуе ён пра скрадзеную з Простыні калекцыю паляўнічай зброі, Картон дэ Віарт, уздыхнуўшы, сказаў: «Бальшавікі забралі мае стрэльбы, мэблю, адзенне, але яны не змаглі скрасці мае ўспаміны, якімі я і жыву». Маёнтак англійскага генерала ў Простыні да нашых дзён не захаваўся. У выніку меліярацыйных прац рака Льва змяніла сваё русла і канчаткова паглынула месца, дзе Адрыян Картон дэ Віарт правёў лепшыя гады свайго жыцця.