Знакамітая сям'я Гутэн-Чапскіх
120 год таму, у красавіку 1896 года ў Празе, якая на той момант была ў складзе Аўстра-Венгерскай імперыі, нарадзіўся Юзаф Францішак Гутэн-Чапскі. Яго дзедам быў знакаміты нумізмат і былы губернатар Вялікага Ноўгарада і віцэ-губернатар сталіцы Расійскай імперыі Пецярбургу Эмэрык Гутэн-Чапскі, які з 1879 года жыў у Станькава пад Мінскам. У сваю чаргу малады граф Чапскі разам з бацькамі – графам Юрыем Гутэн-Чапскім і маці графіняй Юзафінай Тун-Гагенштайн – усё дзяцінства правёў у маёнтку Прылукі.
У 1894 годзе граф Эмерык вырашыў пераехаць у Кракаў, а свае маёнткі пад Мінскам аддаў сынам. Пры гэтым большасць спраў былы піцерскі віцэ-губернатар перадаў свайму малодшаму сыну Юрыю. Бацькі Юзафа Чапскага паспрыялі росквіту палацу ў Прылуках. З Аўстра-Венгрыі для яго была замоўлена мэбля. Граф Юрый набываў карціны знакамітых тагачасных мастакоў, якія ўпрыгожвалі сцены радавога маёнтка. Дарэчы, Юзаф быў пляменнікам Караля Гутэн-Чапскага, які з 1890 па 1901 быў мінскім губернатарам.
У 1903 годзе графіня Юзафіна памерла. Жанчыну пахавалі ў Ваўковічах, дзе неўзабаве Юрый Чапскі пабудаваў касцёл. Калі пачалася Першая Сусветная вайна, Чапскія перавезлі частку найбольш каштоўных прадметаў з прылуцкага палаца ў Менск і размясцілі іх у банку. Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 года прадстаўнікі знакамітага роду вырашылі пакінуць радавы маёнтак.
У міжваеннай Польшчы: як граф стаў мастаком
Юзаф Чапскі вучыўся на юрыста ў Петраградскім імператарскім універсітэце. У 1917 годзе, пасля заканчэння афіцэрскіх кавалерыйскіх курсаў, ён паступіў на службу ва ўланскі полк Першага польскага корпуса пад камандаваннем генерала Юзафа Доўбар-Мусніцкага, які фарміраваўся ў Дукоры пад Менскам. Пасля аднаўлення польскай дзяржаўнасці малады граф пажадаў паступіць у Акадэмію вытанчаных навук у Варшаве, аднак хутка замест вучобы яму прыйшлося выехаць… у Петраград. Выхадцу са знакамітага шляхецкага роду даверылі пошук уланаў Крэхавецкага палка, якія трапілі ў палон да бальшавікоў. Графу ўдалося выявіць, што палонных расстралялі. Тады, у 1918 годзе Юзаф Чапскі нават не здагадваўся, што падчас Другой Сусветнай вайны яму ізноў прыйдзецца шукаць сляды польскіх вайскоўцаў. Пазней была польска-бальшавіцкая вайна 1919-1921 гадоў, за мужнасць у якой граф з Прылукаў быў узнагароджаны Крыжом Віртуці Мілітары.
Пасля адукацыі ў Акадэміі вытанчаных навук у Кракаве Юзаф Чапскі далучыўся да групы мастакоў-капістаў. Гэты напрамак мастацтва дамінаваў у той час у шматлікіх краінах Еўропы, перадусім у Францыі. Хутка на берагі Сены паехаў і сам граф. Паехаў, каб вучыцца на лепшых узорах французскага імпрэсіянізму і постімпрэсіянізму.
Менавіта з малюнкаў Поля Сезана малады граф з Прылукаў чэрпаў матывы і каларыстыку.
У 1931 годзе Юзаф вярнуўся ў Варшаву і пачаў актыўна займацца мастацкай крытыкай. Яго артыкулы друкаваліся ў буйных тагачасных польскіх выданнях па культуры.
У руках НКУС. Чаму камісары лічылі мастака шпіёнам
У верасні 1939 года Юзафу Чапскаму было 45 гадоў. Ён ізноў вымушаны апрануць вайсковы мундзір. На Польшчу напаў Трэці Рэйх, і пачалася Другая Сусветная вайна. У складзе 8-га ўланскага палка (спачатку ў складзе Арміі «Кракаў», пазней Арміі «Люблін» – заўв. І.М.) мастак, у якасці афіцэра рэзерву, змагаўся з нацысцкім агрэсарам. 27 верасня 1939 года у раёне Львова Юзаф Чапскі трапіў у савецкі палон і хутка апынуўся ў лагеры для польскіх вайсковапалонных у Старабельску. Вось як граф апісваў допыты НКУС: «Тым, хто мяне дапытваў, я сказаў, што на працягу васьмі гадоў жыў у Парыжы, як мастак. Ім гэта падалося вельмі падазроным. «Мяркуеце, мы не разумеем, што вы як мастак, маглі намаляваць план Парыжу і прывезці яго ў Варшаву», – казалі нкусаўцы. Я ніяк не мог патлумачыць маім суразмоўцам, што план Парыжу можна там набыць за 40 санцімаў на кожным перакрыжаванні і што польскія мастакі, якія наведвалі Парыж, не былі шпіёнамі. Але тыя, хто мяне дапытваў, так і не паверылі, што магчыма паехаць за мяжу без шпіёнскага задання». Цікавым момантам было тое, што падчас допытаў Юзаф Чапскі не прызнаўся следчым, што да рэвалюцыі жыў на тэрыторыі Расійскай імперыі і вучыўся ў Петраградзе. Сучасныя даследчыкі лічаць, што гэта ўратавала жыццё графу, бо пазбавіла яго абвінавачання ў шпіянажы супраць СССР і вызначэння «вораг народа».
Аднак галоўным фактарам, які паўплываў на лёс графа з Прылукаў, было тое, што за яго ўступіліся нямецкія дыпламаты. Юзаф Чапскі аказаўся ў невялікай групе польскіх афіцэраў-вязняў Старабельска, якіх не расстралялі ў Катыні. З дакументаў НКУС вынікае, што за ўнука Эмерыка Гутэн-Чапскага заступілася Амбасада Трэцяга Рэйха ў Маскве. Яшчэ 30 студзеня 1940 года з просьбай дапамагчы Юзафу Чапскаму да амбасадара нацысцкай Германіі ў Рыме барона Ёгана фон Плесэна звярнуліся граф Фердынанд дэ Кастэль і графіня Палецкая. У выніку гэтага немцы ўключылі прозвішча графа Чапскага ў спіс польскіх вайсковапалонных, якія нарадзіліся на тэрыторыі, якая ўваходзіла на той момант у склад нацысцкай Германіі. Менавіта таму у следчай справе графа, у графе «Прычына пераводу ў іншы лагер» было пазначана: «Амбасада Германіі». Сітуацыя з графам з Прылук вельмі нагадвала «шчаслівае выратаванне» апошняга гаспадара Нясвіжскага замка Лявона Радзівіла і яго брата, алыкскага ардыната Януша Радзівіла, якія ў выніку «вызвольнага паходу Чырвонай Арміі ў Заходнюю Беларусь і Заходнюю Украіну ў верасні 1939 года» тасама апынуліся ў руках НКУС.
Як з лагераў сістэмы ГУЛАГ вызвалялі грамадзян Другой Рэчы Паспалітай
Пасля ўмяшальніцтва немцаў Чапскага не вызвалілі, а перавялі ў лагеры ў Паўлішавым бары, а пазней, у Гразёўцы. Супрацоўнікі НКУС працягвалі цікавіцца асобай графа. У Расійскім дзяржаўным вайсковым архіве захоўваецца Даведка на вайсковапалоннага ротмістра запасу былога польскага войска Чапскага Юзафа Георгіевіча, складзеная ў жніўні 1940 года. Вось што пазначалася ў гэтым дакуменце: «У 1920-1921 гадах служыў у польскім войску ў першым уланскім палку ў званні падпаручніка. За баявыя дзеянні супраць Чырвонай Арміі польскім урадам узнагароджаны крыжом «Віртуці Мілітары» і крыжом «За мужнасць». У лагеры Чапскі праяўляе сябе заўзятым польскім нацыяналістам і прыхільнікам аднаўлення Польшчы. У адносінах да Савецкага Саюза настроены варожа. Калі адміністрацыя Старабельскага лагеру мела намер выкарыстаць Чапскага як мастака, апошні адмовіўся і сказаў: «Не лічу магчымым для сябе супрацоўнічаць у гэтай працы пасля таго, як СССР убіў нож у спіну Польшчы падчас яе вайны з Германіяй».
І ўсё ж граф з Прылукаў аказаўся на волі. Адбылося гэта летам 1941 года пасля заключэння ў Лондане польска-савецкай дамовы, паводле якой Крэмль аб'явіў амністыю для грамадзян Другой Рэчы Паспалітай, якія знаходзіліся у савецкіх турмах і лагерах. Па дадзеных НКУС на той момант у месцах зняволення на тэрыторыі Савецкага Саюзу знаходзілася 26 160 польскіх вайскоўцаў, 132 463 асаднікаў і ляснікоў, 46 597 – асоб асуджаных і тых, хто знаходзіўся пад следствам, 176 000 бежанцаў і членаў сямей рэпрэсаваных. На савецкай тэрыторыі адчыняліся польскія дыпламатычныя прадстаўніцтвы, пачала стварацца картатэка польскіх грамадзян, якія знаходзіліся ў турмах і лагерах сістэмы ГУЛАГ.
Асаблівае значэнне меў пошук і вяртанне афіцэраў Войска Польскага, якія павінны былі ўзмацніць шэрагі польскага войска, фарміраванне ягога пачалося на тэрыторыі Савецкага Саюзу. У жніўні 1941 года ў Гразёўцы, Старабельску, Суздалі і іншых лагерах ужо працавалі савецка-польскія прызыўныя камісіі. У пачатку верасня ім удалося залічыць у новае войска амаль 25 тысяч польскіх грамадзян. Усе гэтыя людзі былі накіраваныя на зборныя пункты ў Бузулуку, Тоцку і Тацішчава. Хутка шыхты польскага войска сталі папаўняць і грамадзянскія асобы з ліку дэпартаваных і асуджаных асаднікаў і ляснікоў. Аднак пры гэтым польскі бок не мог знайсці значную частку афіцэраў даваеннага польскага войска, якія быццам бы растварыліся на тэрыторыі СССР.
Юзаф Чапскі займаецца пошукам польскіх вайсковапалонных
Тады яшчэ ніхто не хацеў верыць у тое, што ўсіх іх знішчылі сталінскія ка́ты ў Катыні і іншых месцах. Пошукам гэтых людзей займаўся ў тым ліку і Юзаф Чапскі. «Цэлымі днямі мы складалі спісы вязняў, збіралі сведчанні людзей, хто вяртаўся з лагераў. Гэтыя спісы мы перасылалі ў штаб і ў амбасаду. Нашыя дыпламаты звярталіся да савецкіх улад з просьбамі аб дапамозе ў пошуку польскіх грамадзян і вайсковапалонных. […] Важнай справай было апытанне кожнага, хто прыходзіў да нас наконт лёсу вязняў Старабельска, Казельска і Асташкава. Тады мы яшчэ верылі, што гэтыя людзі хутка з'явяцца ў месцах нашай дыслакацыі», – адзначаў ва ўспамінах граф Чапскі.
Амбасадар Польшчы ў СССР Станіслаў Кот абмяркоўваў лёс гэтых польскіх вайсковапалонных на сустрэчах з намеснікам наркама замежных спраў СССР Андрэем Вышынскім і самім Іосіфам Сталінам. Гэтую праблему ў размове з «правадыром народаў» уздымаў кіраўнік польскага эмігранцкага ўраду Уладзіслаў Сікорскі 3 снежня 1941 года.
Аднак на заўвагу польскага палітыка пра тое, што шмат палякаў яшчэ знаходзіцца ў савецкіх турмах і лагерах, Сталін адказаў, што ўсе палякі былі вызвалены па амністыі. Пры гэтым ён дадаў, што некаторыя з іх, магчыма, збеглі ў… Манчжурыю.
У гэтай сітуацыі прыходзілася спадзявацца толькі на пошукавую працу, якой, у тым ліку, займаўся і Юзаф Чапскі. Граф ездзіў па тэрыторыі СССР і сустракаўся з чыноўнікамі ГУЛАГу. У шпіталях і на мабілізацыйных пунтах ён запісваў успаміны былых вязняў і дэпартаваных. «Хлопец паходзіў з Вільні. Разам з мамай і малой сястрой ён быў сасланы ў Казахстан. Адтуль збег і хацеў вярнуцца ў Вільню. Удалося яму дабрацца да былой савецка-польскай мяжы. Тую мяжу моцна ахоўвалі да пачатку савецка-нямецкай вайны. Там хлопца і арыштавалі. Пазней яго прысудзілі да некалькі гадоў папраўчых прац і саслалі ў Куйбышаў», – узгадваў адну з сустрэч у сваіх успамінах Чапскі.
Аднойчы ў шпіталі граф з Прылукаў сустрэўся з двума радавымі, якія ўтрымліваліся ў турме ў Вілейцы. Па ўспамінах вязняў, у камерах знаходзілася каля двух тысяч арыштаваных. Былі там чальцы «Стральца», Польскай вайсковай арганізацыі (POW) і іншых «контррэвалюцыйных банд». Па ўспамінах гэтых людзей, у гэты ж час у турме расстралялі жыхароў Ашмянскага павету, у якіх была знойдзена зброя. Пасля нападу Германіі на СССР зняволенных пагналі ў Барысаў, а адтуль далей на Усход. Падчас размовы Юзаф Чапскі запісваў прозвішчы людзей, якіх узгадвалі яго суразмоўцы. Нехта з іх быў забіты падчас «эвакуацыі» Вілейскай турмы (як, напрыклад, вядомы віленскі адвакат Чарнігаў, які да вайны неаднаразова абараняў камуністаў на судовых працэсах, ці настаўнік са Свіру Павал Марчэўскі – заўв. І.М.), а некаторыя маглі яшчэ знаходзіцца ў лагерах і турмах на тэрыторыі СССР. Спрабаваў граф даведацца і пра лёс польскіх вайскоўцаў і супрацоўнікаў Дзяржаўнай паліцыі, якіх, па расповядах некаторых вязняў і сведкаў, утапілі на баржах у Белым моры. Асаблівую ўвагу Чапскага выклікала магчымасць знаходжання польскіх вайсковапалонных на Зямлі Франца-Іосіфа і на Калыме.
Беларускія жаўнеры Андэрса і праўда пра Катынь
Савецкі бок актыўна супраціўляўся залічэнню ў шыхты польскага войска беларусаў і ўкраінцаў. «У савецкім загадзе ад 22 снежня 1941 года адзначалася, што кожны, хто да 29 лістапада 1939 года знаходзіўся на ўсходніх тэрыторыях Рэчы Паспалітай, акупаваных Саветамі, з'яўляўся апрыёры савецкім грамадзянінам і мог уступаць у польскае войска толькі калі быў палякам па нацыянальнасці. Украінцы, беларусы, яўрэі былі гэтага права пазбаўлены і генерал Панфілаў (упаўнаважаны Генеральнага штаба па фарміраванні польскага войска на тэрыторыі СССР генерал-маёр Аляксей Панфілаў – заўв. І.М.) у чэрвені 1942 года на падставе гэтага дэкрэта патрабаваў выдалення з войска жаўнераў гэтых нацыянальнасцяў. Ніхто не браў пад увагу, што яны маглі быць выдатнымі грамадзянамі і патрыётамі Рэчы Паспалітай. Канешне, мы не выдавалі гэтых людзей, але кожнае ўключэнне ў склад польскага войска жаўнера з няпольскім прозвішчам сустракала вялікі супраціў савецкага боку, які трэба было абыходзіць», – адзначаў у ўспамінах Чапскі.
У рэшце рэшт, даведацца пра лёс вязняў Асташкава, Казельска і Старабельска графу так і не ўдалося. У жніўні 1942 года Армія пад камандаванем Уладзіслава Андэрса пакінула СССР і эвакуіравалася ў Іран. У студзені 1943 года Крэмль прыняў афіцыйную пастанову, паводле якой кожны, хто да 1 лістапада 1939 года пражываў на тэрыторыях, далучаных да СССР, аўтаматычна прызнаваўся савецкім грамадзянінам.
Гэты дакумент канчаткова ліквідаваў магчымасць эвакуацыі з Савецкага Саюза ўсіх тых, хто не паспеў эвакуіравацца з Арміяй Андэрса. У красавіку 1943 года немцы выявілі ў Катыні месцы масавых растрэлаў польскіх афіцэраў супрацоўнікамі НКУС. Пасля гэтага ўсім, у тым ліку і Юзафу Чапскаму, канчаткова стала зразумела, куды зніклі грамадзяне Польшчы, інфармацыю пра якіх ён так намагаўся знайсці ў калідорах Лубянкі.
Мемуары і ўспаміны графа з Прылукаў
На Бліжнім Усходзе граф працягваў вайсковую службу ў Аддзеле прапаганды і інфармацыі пры штабе генерала Уладзіслава Андэрса. Разам з падраздзяленнямі Другога польскага корпуса Юзаф Чапскі удзельнічаў у італьянскай кампаніі. У 1944 годзе ў Рыме ён друкуе «Старабельскія ўспаміны». Пазней, у 1949 годзе граф з Прылукаў выдаў успаміны «На бесчалавечнай зямлі», у якіх распавёў пра выпрабаванні польскіх грамадзян, якія апынуліся ў сталінскіх турмах і лагерах у 1939-1941 гадах.
Пасля Другой Суветнай вайны Юзаф Чапскі пасяліўся ў Парыжы, супрацоўнічаў з польскім эмігранцкім часопісам «Культура», рэдактарам якога быў Ежы Гедройц. Акрамя гэтага, граф шмат маляваў. Яго выставы праходзілі ў Францыі, Швейцаріі, Вялікабрытаніі, Бразіліі і іншых краінах.
Ці ўзгадваў Юзаф Чапскі Беларусь і родныя Прылукі? Думаецца, так. Тым больш, што у 1980-я гады ён даслаў у сталіцу БССР сваю гравюру з выявай Менска, зробленую ў 1940-я гады. Памёр граф у студзені 1993 года. Пахаваны ў Францыі побач з сястрой Марыяй.