Наваколле — новы праект KYKY.ORG, зладжаны пры падтрымцы МТС ды Volkswagen. Мы ездзім па Беларусі ў пошуках самага-самага: 10 вандровак — 10 незвычайных месцаў і сто выпадковых цікавостак, што трапіліся нам па дарозе. Нашае пакаленне адкрывае сваё наваколле! Гарады і вёскі, рэчы і краявіды, гісторыя, славутасці, людзі.
Наша мэта — Кудрычы, вёска ў 27 км на ўсход ад Пінска. Тут, у міжрэччы Ясельды і Прыпяці, яшчэ жывы архаічны ўклад, якім стагоддзямі жыла беларуская вёска. Даўблёныя борці, лодкі з шастамі замест вёслаў (як у Венецыі!), вазы і збруя і, вядома ж, чаротавыя дахі дамоў, складзеных з тоўстага бярвення.Выпраўляючыся ў падарожжа да «самай марской» вёскі Беларусі, уцякаем ад навальніцы. Хмары згушчаюцца то справа, то злева, але мы ляцім па Слуцкай шашы на новым Volkswagen Tiguan, не даючы замачыць сябе раней часу.
Наперадзе — Палессе, край бясконцых балотаў і вялікай вады.
Тутэйшыя любяць называць Кудрычы закінутым светам. Да пачатку 1980-х дабрацца сюды можна было толькі на лодцы. У 1982 годзе гравійка звязала вёску з вялікай зямлёй. Свет «знайшоўся», каб неўзабаве «згубіцца» ізноў: людзі спакусіліся цывілізацыяй і перабраліся хто ў Пінск, хто падалей. Ад 120 двароў засталося 16 жыхароў. Раз на дзень з Пінска прыходзіць аўтобус, тройчы на тыдзень — аўталаўка. І ўсё. Час у Кудрычах спыніўся 400 гадоў таму. Рэзка таргануўся наперад. І спыніўся зноў.
Шлях ад Мінска да Кудрычаў няблізкі. Брэсцкая траса нам надакучыла, таму са сталіцы едзем строга на поўдзень. Маршрут пракладваем з дапамогай 3G-мадэма МТС, сувязь усюды выдатная.
У Шышчыцах, наўпрост каля павароту з шашы, сустракаем вялікі базар з ягадамі, грыбамі і гароднінай. Праз 15 км выходзім з машыны ў Старыцы, каб перадыхнуць на беразе вадасховішча. Потым заязджаем у Капыль, які, як і Рым, стаіць на сямі пагорках. Прынамсі, мясцовыя так кажуць. А пагоркі і праўда тут як тут.
У вёсцы Кіявічы спыняемся каля храма Узнясення гасподняга. Царква цяпер на рэканструкцыі: у гады вайны частку будынку разбурыў снарад, а пасля тут зрабілі склад хімікатаў, таму скрозь тынк да гэтага часу праступаюць жоўтыя плямы. На дзвярах храма абвестка: прыход мае патрэбу ў будматэрыялах. «Па ўсіх хвалюючых пытаннях звяртацца да настаяцеля» (тэлефоны святара Паўла Брагіна для дапамогi ёсць у рэдакцыi KYKY).
На мяжы Мінскай і Брэсцкай абласцей шлях нам нечакана заступае аўтамабіль ДАІ з мігалкамі. За ім цэлая калона легкавушак. Высвятляем, што гэта дэлегацыя Ганцавіцкага раёна сустракае аўтапрабег ў гонар 70-годдзя вызвалення Беларусі. Спыняемся на збочыне і далучаемся да афіцыйных асобаў. Тых, хто сустракае, апынаецца разы ў тры больш, чым спартоўцаў.
Наш шлях ляжыць праз Ганцавічы, месца дзеяння паловы анекдотаў пра няўдалае размеркаванне. Горад акуратны, на сценах пяціпавярховак — вялізныя партрэты беларускіх пісьменнікаў, а на галоўнай вуліцы — помнік тутэйшым літаратарам. На плошчы аркестр з пафасам сустракае ўсё той жа аўтапрабег. Ля ўваходу ў райвыканкам — велапаркоўка, і нават некалькі ровараў. Вось бы ў Мінску так!
Абед у рэстаране «Цна» абыходзіцца кожнаму з нас у 50 тысяч рублёў. Дарэчы, менавіта тут, у Ганцавічах, адбыўся першы чэкін кіроўцы нашай экспедыцыі ў рэстаранах. Адзначаем гэтую падзею і рухаемся далей.
Праязджаем Лунінец — горад, дзе нарадзіўся Макс Корж. Усё вакол проста крычыць, што тут жыць у кайф, але правяраць няма калі.
На выездзе з горада заўважаем семафор, што сумна глядзіць у лес. Навошта ён тут? У траве знаходзім рэшткі чыгункi — відаць, з «Лунінецэлектрамаша» на авіябазу.
Не праходзіць і паўгадзіны, як новы сюрпрыз: дарога паміж Лунінам і Лобчай выбрукаваная шасціграннай пліткай з кавалачкамі базальту ўнутры. Гэта трылінка, у 1930-я такую выраблялі і выкарыстоўвалі толькі тут, на Палессі. Фантастыка!
Да Пінска застаецца ўсяго-нічога, але перад вёскай Высокае мы паварочваем налева. Вось яна, грунтоўка, па якой у Кудрычы прыйшла цывілізацыя.
Поле справа рассечанае меліяратыўнымі каналамі, на дрэвах злева гняздуюцца сотні птушак. У Кудрычах праз адзін дом, на дахах і на слупах гнёзды буслоў. Тут яны адчуваюць сябе гаспадарамі. Вось гэты бусел доўга не хацеў саступаць нам дарогу, але ўсё ж неахвотна ўзляцеў. У душы, напэўна, абкладаючы нечаканых гасцей апошнімі словамі.
Хоць галоўная вуліца Кудрычаў і называецца Цэнтральнай, нічога цэнтральнага ў гэтай вёсцы няма. Хаты стаяць то тут, то там. Дзе вышэй. Часам здаецца, што вёска скончылася, але з-за кустоў паказваецца яшчэ адзін дом, і яшчэ…
«Раней гэтых курчоў тут не было нідзе. Не было дзе палку высечы, каб кароў пасвіць. Будавалі ўсюды, дзе не даставала вада, хлеў на хляве стаяў, а агароды маленькія былі, — распавядае Майсей Колб, у госці да якога мы напрасіліся па прыездзе. Яму 66 гадоў, ён даўно жыве ў Пінску, а ў Кудрычы прыязджае „на лецішча“. — Вёска была вялікая. У кожным пачаку свае гарманісты былі. Па ўзросце: хто адразу пасля вайны нарадзіўся — адзiн пачак. Другі — да арміі, а трэці — пасля. Усе танцы былі асобна!».
Клуба, крамы і царквы, пра якія прыгадваюць Майсей Мікалаевіч і яго стрыечная сястра Яўгенія Міхайлаўна, і след прастыў. Па словах тутэйшых, вёска пачала пусцець яшчэ ў сярэдзіне 1950-х, калі сяляне падаліся на цаліну. «У 1957-м дзед з'ехаў у Кустанайскую вобласць. Баржу падагналі, і палова вёскі з месца знялася, — распавядае Яўгенія Міхайлаўна.
— Цяжка было тут жыць. Трэба гной — ад хлява да лодкі на насілках, потым у лодцы кіламетра 3–4. На поле трэба лодак 10–12, усё ўручную. Машыны сюды заходзілі толькі ў жніўні, калі спадала вада».
Кудрычане хваляцца, што менавіта адсюль па ўсім поўдні Беларусі разышлася мода на вырошчванне агуркоў. Прыгадваю, што ў Столінскім раёне ёсць вёска Альшаны, гурковая сталіца Беларусі. Мае суразмоўцы махаюць рукамі: «Дык гэта калі стала!» Агуркі вырошчвалі «пад рамкамі» — выкопвалі неглыбокую яміну з плоскім дном, сеялі, а зверху накрывалі шклом. Цяпліцы сталі ставіць нашмат пазней.
Замест курэй, якіх можна ўбачыць у кожнай беларускай вёсцы, тут спакон веку былі гусі і качкі. Што лагічна: хадзіць няма дзе, а плаваць — колькі заўгодна. «Вывела качка штук 12–15 птушанят. Іх адразу пазначалі: хто дзірачку, хто пазногці абрэжа, у кожнага свая пазнака была. І ў кош, у мех, завезлі за раку ў возера. А ўвосень, як холадна робіцца, яна дарогу знойдзе, сама прывядзе», — прыгадвае Майсей Мікалаевіч. Зараз старыя гаспадаркі не трымаюць. Цяжка было даглядаць і чаротавы дах, таму гадоў пяць таму яго перасцялілі. Домік, у якім мы сядзім, стары, дзедаўскі. А дах новы, шыферны.
Дом яшчэ аднаго жыхара Кудрычаў — Майсея Махнаўца — таксама пакрыты шыферам. «Каб захаваць чаротавыя дахі, трэба іх даглядаць. Праз два-тры гады здымаць калы. Тое, што вышай, касіць і зноў накрываць. Тое, што вышаей, хутка гніе, а астатняе — толькі паправіць, — распавядае Майсей Елісеевіч. — Трэба знайсці чалавека, каб на дах залез. Сам жа не зробіш! Гэта трэба тры чалавекі. Чаротаў накасіць — таксама праца. А тут людзі старыя! Шыферам пакрыў — і больш-менш, менш выдаткаў і менш працы.
Планы былі ў нашых тураператараў, каб пакінуць гэтыя дахі, зрабіць музей пад адкрытым небам у Кудрычах. Але нічога не атрымліваецца. Як я кажу: «Дзядзька грошай не пазычыў!».
Чаротавы дах захаваўся над адрынай. Дом, хлеў, дарога і возера Чэрпала, што прытаілася пад узгоркам, утвараюць прасторны двор-крэпасць. У траве кормяцца куры і гусі, з будкі за намі назірае сабака, а пад нагамі блытаюцца пацешныя кацяняты. Ёсць карова (адна з трох у вёсцы), побач ля дарогі пасецца конь. А пад шклом на верандзе дома шыльда: «Дом старасты вёскі».
Майсей Елісеевіч нарадзіўся ў Кудрычах і пражыў тут усё жыццё. На зіму ён разам з жонкай Вольгай Мікалаеўнай застаецца вёсцы. «Пад чаротам узімку цяплей, а летам — халадней. Улетку вось зайдзі — чаротам была тая хата крытая — што ў лядоўні. А шыфер награецца — ужо зусім другое, у хаце горача, вось у чым праблема», — працягвае Майсей Елісеевіч. І, як стараста вёскі, адразу ж пачынае распавядаць нам пра праблемы. Старых з пінскай паліклінікі перавялі на абслугоўванне ў вясковую, бліжэй. Гэта аказалася вельмі нязручна. У Пінску аўтобус спыняецца ля паліклінікі. А зараз ад прыпынку два кіламетры тупаць. Узімку задача зусім невырашальная.
Палешукі размаўляюць, нібы спяваюць, са сваім, непаўторным акцэнтам. «Не стала людзей, не стала каравей, коней. І ўсё, пайшлі карчы гэтыя, кусты. Прырода пустая ня можа буты, заходыць на нас. Ужо ў агародзе, каб не аралі, вось таке б расло», — Вольга Мікалаеўна адмерае рукой свой рост. З вакенцаў дома выглядаюць ўнукі, якім у Кудрычах раздолле. Толькі гуляць асабліва няма з кім. «Дамашчук, Муга, Канько, Туміловіч, Васкалей… Вось якія ў Кудрычах прозвішчы былі!» — прыгадвае Майсей Елісеевіч. І дадае, што дзявочае прозвішча жонкі — Колб — пайшло з суседніх Тупчычаў: «Колбы гэта калісьці шляхта была».
На вёску імкліва спускаецца змрок, і мы задумваемся пра начлег. У Кудрычах ёсць аграсядзіба «Рака багоў». Яе гасцінны гаспадар Алег паказвае нам свае ўгоддзі і прапануе пракаціцца на лодцы, але пакінуць на ноч не згаджаецца: у доме рамонт.
Таму мы зноў падлучаем да ноўтбука 3G-мадэм, гуглім і пачынаем тэлефанаваць. Ноч у машыне адмяняецца! Нас гатовыя прыняць у аграсядзібе «Ясельда» недалёка ад вёскі Моталь. Пытанне вырашаецца па тэлефоне літаральна за дзве хвіліны. Да дому пад'язджаем ў раёне 23:00, у поўнай цемры. І падаем на ложкі.
Назаўтра нас чакае новае падарожжа — да самага старога жыхара Беларусі. Але гэта ўжо зусім іншая гісторыя.